– …што менскі забойца дзейнічае, імітуючы сімволіку дзесяцёх каранняў егіпецкіх. З дазволу спадарыняў прыточвацьму тут асобныя цытаткі са Старога Запавету і мае з’ясненні ў звязку з канкрэтным трупам мянчанкі.
Ён быў у тое імгненне, як шастак у кірмашовы дзень – спраўны ды абароцісты.
– “І абраціся вада ў кроў… І вазсмярдзела рака, і не можаху егіпцяне піці з нея вады, і была ест кроў па ўсей зямлі егіпецкай”.[6] Першую менскую гаротніцу утапілі галавой у смярдзючай жыжцы. Колеравая гама той жыжкі неістотная, істотна, што труп быў каля Нямігі, якая здавён завецца крывавай. Забойца без праліцця крыві абвясціў аб пачатку свайго крывавага шляху па зямлі менскай.
– Божачкі, – толькі і прашаптала Ірэна.
– “І працягнуў ест Аарон руку сваю на воды егіпецкія, і выйшлі суць жабы і прыкрылі зямлю егіпецкую”. Другую забітую, Крэйну Шыфэр, як ведаеце, знайшлі з жабамі ў роце.
– Але чаму ў роце? У «Выйсці» ж нічога пра рот не сказана, – уварвалася са сваімі сумневамі я. – Да таго ж у Крэйны там былі не цэлыя жабы, а толькі жабіны галовы.
– Спадарыня Наталля, гэта не вельмі істотна, – кісламалочнаю развагай доўжыў свой тлумачальны цуг разгадчык. – Забойца, імаверна, душэўнахворы і трактуе Біблію, каб яму зручней было.
– А ці вы, не трактуеце забойствы, каб падагнаць іх пад вашыя высновы? – неўпрыкмет зласлівае атрымалася пытанне ў Ірэнкі.
– Не думаю, – пракашляўся Ляхоўскі і вярнуўся да біблейскага. – “І быша блашчыцы ва чалавецэх і ва скацех. Весь прах зямлі абрачэн ест у блашчыцы па ўсех странах егіпецкіх”. Трэцяя ахвяра мела ў роце цэлую калекцыю беларускай жамяры. Каментары тут залішнія. І ўрэшце: “І прыйдоша мухі прэцяжкія ва двары фараонавы і рабоў яго і на ўсю зямлю эгіпецкую, і пагібе зямля ад таковых мух”. Кхе-кхе. Phthirus pubis чацвёртай забітай тут іграе ролю біблейскіх “мух прэцяжкіх”…
– Гэта вам што? Бальшой тэатар? – рэзала праўду-матку Галавацкая.
Але тлумачальніка гэта не пераймала.
– Ведаеце, гэта ў забойцы гумар такі апрычоны, як і ў кожнага з такога кшталту злачынцаў.
– Але ў апошняй жанчыны да ўсяго быў твар абгарэлы. Чаму вы гэта не з’ясняеце? – зноў падала свой голас я.
– Не «абгарэлы», а «абпечаны». У паперах менавіта «абпечаны». Аднак там не тлумачыцца якім чынам, ад чаго. Магчыма гэта проста сонечны загар, які дужа дызгарманізаваў з аголеным белым целам. Калі забітая, была вулічнай гандляркай, то падобнае ёсць зусім верагодным.
– Дык вы мяркуеце, што мардэрца сам ёй phthirus pubis развёў? – без граму стыдання працягвала Ірэна.
– Так, – прашаптаў Людвік, уздыхаючы. – Я вось толькі не ведаю, ці варта пятым улучаць у спіс ахвяраў спадара Аляксандрава. Параненая рука і “мор прэцяжкі” слаба суадносяцца. А вось параненую руку ды “балячкі і прышчове пухнушчыя” суаднесці можна. У такім разе паліцыя не знайшла яшчэ адзін труп.
– Хіба вы пра Вайніслава Баўта кажаце? – занепакоена папытала я.
– Мне вельмі шкада, але хутчэй за ўсё гэта так.
– Вы памыляецеся, – ірванулася Ірэна. – Вашы высновы ўсе граблямі па вадзе пісаныя. Малапераканаўчыя. Бяздоказныя. Слава жыве. Ён не можа не жыць. Я гэта адчуваю.
На дэманстрацыю такіх пачуццяў я занамерыцца не магла, пацікавілася іншым:
– Скажыце, а як мог бы ўвасобіць забойца сёмую кару эгіпецкую – “град прэвялікі”?
– Па-рознаму. Напрыклад, кавалачкі лёду ў рот ці…
– Іn vagina? – з несціханай злосцю крэкнула мая супорка-хаўрусніца. – Усё гэта чаўпяжня. Хто? Хто ўсіх гэтых дзеўчынак забівае?
– Цыгане, – нечакана адказаў на здавалася б рытарычнае пытанне Ляхоўскі.
– Можа егіпцяне? – дражніла Ірэна.
– Вы маеце рацыю. Акурат егіпцянамі, толькі не простымі, а чырвонымі, даўней у нас называлі цыганяў. Вось маем, быццам бы помсту за тыя ўсе каранні, апісаныя ў старазапаветным «Выйсці».
– То што ж выходзіць, усе забітыя габрэі? – не ўстрымалася я.
Спадар Ляхоўскі замяўся. Ён упершыню не патрапіў што-небудзь адказаць. З гэтай прычыны Людвік паспрабаваў змяніць тэму, заўважыўшы, добра замазаны пудрай сіняк на маёй ланіце. Я хуценька паднялася і, падыйшоўшы да Ірэны, папрасіла яе на вушка, каб тая гнала к чортавай матары гэтага змышляча. Гаспадыня досыць далікатна зрабіла гэта. Было троху роспачна, што надзеі апынуліся пустапарожнымі, як рэшата са свянцонай вадою. Лепш бы мы звярнуліся да старога Легатовіча.
Між тым я нарэшце распавяла апантанай спадарыні пра ўчорашні incident. Тая ўскінулася і, наракаючы на маю марудлівасць, прамовіла: «Мастак пэўна ўжо скокнуў у заменскія каноплі. Хрэн адышчаш!». Яна нярэдка дазваляла сабе ўсялякія непрыстойныя слоўцы, і прыточанае тут злучэнне не з самых крэпкіх. Мы без забаваў сабраліся і рушылі да Паўла.
Бацькоў ягоных дома не было, а сам мой нарачэны займаўся з тугаватай пансіянаркай у сваім працоўным кабінеце. Вучаніца была настолькі худзюшчай і да таго ж рудою з неімаверным лікам рабацінак на твары і нават на руках, што я не ўзялася тут праяўляць гарлівасці. Тупіцу гэтую мы (ці я?) адправілі nach Hause, і прыступілі да роспытаў з прыдзіркамі.
[6] У Клыкоўскай Біблія цытуецца па-стараславянску. Мы палічылі мэтазгодным выкарыстаць тут адпаведныя фрагменты з перакладу Францішка Скарыны (зацем С. Б.).