– Дзе твая накладная барада? – быццам абухом ляпнула, спыталася найперш я.
– Якая барада? Пакіньце, мілая, такія жартачкі строіць…
Я сапраўды сябе крышачку паўстрымала і растлумачыла ўсё чыста. Аляксандраў пачырванеў, нібы ліпеньская суніца. Ён цяжка дыхаў. Арэлі сэнсавай раўнавагі ў ягонай галаве пахіснуліся. Здавалася, ён хацеў стацца няўгледкаю і шмыгнуць ад нас і нашых пытанняў прэч.
– Чаму ён такі падобны на цябе? – наступала я.
– Я не магу, не магу… Я не знаў… Не знаў, што гэта ён. Здагадваўся толькі… Яна ж нічога… Толькі намёкі…
– Хто ён?! – не сунімалася я, ажно Ірэна, якая стаяла наўзбоч, уздрыгвала ад неспадзеўкі.
– Ён… Ён… Ён мой брат-блізнюк, – ледзьве выціснуў з сябе Павел. Мяне ўжо нічога не здзіўляла, пагатоў пасля «падказкі Булгарына».
– Хто? Хто рабіў намёкі? Што за яна? – набірала імпэту я.
Мой нарачэны ўжо мала не плакаў, і абсалютова нясвомым яму голасам сказаў:
– Яна – тая, што нас нарадзіла. Спадарыня Матыльда Шрэйдар.
Нават гэты ўдар мною быў стрываны без ваганняў. А вось Ірэна была ўражаная. Яна колькі хвіляў гучна ўдыхала ротам паветра, а потым задала сваё зласліва-іранічнае пытаннейка:
– А спадар Боўт, мабыць, ваш тата?
– Пры чым тут Боўт? Ледзьве што, дык Боўт! – раз’юшыўся Павел.
Я сцішыла ягоную гарачнасць, і тады мы ўсё пачулі па парадку. Расповяд узрушваў.
Мама Матыльды Шрэйдар была малароскаю, але зусім нямнога прабавілася ў сваім родным Нежыне. Яшчэ дзяўчынкай яна пэўным на той час спосабам апынулася ў Канстанцінопалі. Адтуль трапіла ў Егіпет. Ведама для чаго – у sarai, цібо harem, да нейкага тамтэйшага князіка. І была яго суложніцаю гадоў пятнаццаць-дваццаць. Аднак дзяцей не займела. А потым у Егіпет французы прыйшлі, і адзін капітан вырашыў абцяжарыць сваё жыццё жонкаю з такім няпэўным радаводам і гэткаю няслаўнай reputation. Гэта ўсё радзімыя плямы францускай рэвалюцыі пра сябе знаць давалі.
Monsiur Leroux пасяліў сваю жонку Marguerite ў Ліможы. А сам матляўся па справах службы. Матыльда (тады яе звалі Jeanne) нарадзілася ў самым канцы ХVIII стагоддзя. Бацька імкнуўся даць дзяўчынцы добрую адукацыю. Ужо ў чатыры годзікі яна пачала чытаць, зналася ў лічбах і вучыла напамяць песенькі. Але на яе шостае лета мама пры цяжкіх родах пакінула гэты тленны свет. Бацька быў забіты не толькі горам, але і шведскай куляй пад Ульмам, дзе Напалеон перамог. Jeanne засталася зусім адна, а крэўнікі Leroux, якія дамагліся правоў на спадчыну ў Ліможы, выправілі яе ў швейцарскі пансіён. Там на яе, не па гадах спелую, палажыў вока польскі афіцэр (дакланей, афіцэр-паляк) і ў лепшых традыцыях даўняй шляхецкай дэмакратыі ўчыніў першы і апошні zajazd у Гельвецыі, скраўшы Jeanne з пансіёну. Скраў не для хвілёвае ўцехі, а для жанімства. Дык неўвамнозе mademoiselle Jeanne Leroux ператварылася ў pani Joannu Spychalsku. Як толькі Напалеон увайшоў у Вільню, муж Тадэвуш перавёз туды сваю маладую жонку, бо быў перакананы, што Расея больш на нашы землі не вернецца. У Вільні ягоныя продкі колісь мелі дом, каторы давялося выслабаняць ад прыхадняў. Пан вельмі хацеў сына, але Joanna ніяк не магла панесці. Тады ён суцяшаў сваю «францужанку», абяцаючы схапіць тую шчаслівую птушку апасля. «Апасля» не наступіла. Дакладней наступіла не такім. Пан Тадэвуш застаўся на Барадзінскім полі. Маладзенькая ўдава, асцерагаючыся за сваё жыццё, вырашыла пакінуць з мужавымі грашыма Беларусь і адправілася ў родную старонку сваёй матулі – у Маларосію (цяпер усё часцей гэны край гукаюць Украйнай). У Кіеве яна дбала аб паглыбленні сваёй адукацыі. Мясцовыя ж мужчыны падбалі пра тое, каб спадарыня не засталася адзінотніцаю. Прыехаўшы туды ў 1812 годзе пад імем Матыльда Шатырнік, да 1831-га яна паспела пабываць спадарыняй Віннічэнка, спадарыняй Розэнблат, спадарыняй Даўгапаравай, спадарыняй Ямко-Кісліцкай. Прозвішчы змяняліся, змянялася ў лепшы бок і яе financial situation. У 1818 годзе яна паспрабавала нарадзіць, але адбыўся нейкі казус, які спавадаваў страту плода. Адале, ці мужчыны былі не зусім здаровыя, ці то яна пасля avortement займела жаночую немач, дзетак так і не з’явілася. Пабраўшыся пасля вайны 1831-га з купцом Іванам Хрысціянавічам Шрэйдарам, яна перабралася ў Менск. Акурат у Менску Матыльда пазнаёмілася з Аляксандрам Аляксандравым (бацькам майго нарачэнага), і пасля колькіх вельмі шчыльных сустрэчаў з ім зацяжарыла. Стары Шрэйдар быў нечувана рады, бо ж думаў, што чакаецца з’яўленне на свет роднага дзіцёнка, для якога ўжо стаў пісаць тэстамент. Але на восьмым месяцы жончынай цяжарнасці купец нечакана сканаў. Матыльда нарадзіла двойню хлапцоў, і ейны каханак, хоць і быў чалавек жанаты, запатрабаваў аднаго дзіцёнка сабе. Яшчэ не агоўтаўшыся ад post-natal shock, тая падпісала ўсе належныя для гэтага паперы. Хто ж тады мог ведаць, што другое дзіцё – брацік Паўла – будзе адставаць ў душэўным развіцці! На выгляд быў ён зусім здаровенькім, прынамсі навочных pathologies не выяўлялася. Праз колькі год выявіліся. І малы мусіў быць заўжды пры маці ці з найманай нянькаю. Якраз тады Матыльда Шрэйдар адкрыла свой жаночы пансіён, цяжка мірачыся з сынавай маўклівасцю – маўклівасцю, якая не заўсёды, аднак жа выбухала жахлівымі прыпадкамі слёз і крыкотаў.
– І што цяпер? – нецярпліва спыталася я, разумеючы ўрэшце многае ў ранейшых паводзінах майго нарачэнага.
– Не ведаю, – адказаў той. – Няўжо мама яго выпускае для ўсіх гэтых зладзействаў?
– Вы мне, Паўле, скажыце, – умяшалася Ірэна, – што за маскарад ён учыніў, чакаючы да сябе пансіянарку?
– Што вы маеце на ўвазе?
Турэцкую шапачку, – сказала яна і наўмысля зрабіла вялікія вочы.
Павел пачырванеў, як ліцьвін пад бацвіннем, а потым няголасна вымавіў:
– Не зусім маскарад.
– То бок?
Ён вельмі трудліва дыхаў, пазіраў то на Ірэну, то на мяне і ўрэшце наважыўся:
– Гістарычна па бацькавай лініі мы магаметане.
Пачуўшы гэта, я ўсё ж пачала губляць развагу. У маёй галаве замільгацелі размаітыя карцінкі і словы: Татарскі канец, мячэт, Бабай, пятніца, «Мы ў Азіі», бараніна па-татарску, Каран у французскім перакладзе Альбіна дэ Бібэрштэйна-Казімірскага…
Знепрытомнела.
А калі ачуняла, то адразу ў лоб спытала:
– Што значыць «гістарычна»?