Грудзям ейным і сапраўды магла пазайздросціць кожная какетлівая паненка.
– То чым жа я пані Эмілі магу дапамагчы?
– Схадзіце разам са мною на першы сеанс. Калі ён вам не спанаравіцца, то я адразу ж разарву з ім кожныя стасункі. Хай тады prostituée малюе, mauvais subject! – пасля неспадзяванай прапановы зняцейку рэзка закончыла свае словы пансіянарка.
Я скрывіла носік:
– Фі, як паненцы не сорамна так выслаўляцца? – і, загнаўшы Эмілю ў барвізну, пагадзілася з ёй.
Насамрэч мяне радавала тое, што яна знайшла сабе кавалера. Узрост там быў абсалютова негалоўнай акалічнасцю, бо нярэдка розніца між жонкай і мужам складала ад пятнаццацёх да трыццацёх гадоў. Цешылася ж я таму, што пансіянарка нарэшце перастала касіць свае блакітныя вачаняты на майго нарачэнага.
Па словах закаханай пансіянаркі спадар Крушэўскі – такім прозвішчам ён назваўся Эмілі пры знаёмстве – наймаў кватэру на Паліцэйскай вуліцы. Увечары мы туды з ёй і адправіліся. Адрас паненка завучыла напамяць і згадвала па дарозе разоў колькі ў самых разнастайных кантэкстах. Мяне гэта крышку злавала, бо дзяўчына ў тыя моманты прыпадабнялася да папугі. Шлях нашага падарожжа быў нянадта даўгім. На скрыжаванні Захараўскай і Паліцэйскай мы збочылі направа. Я ледзьве дыбала за вучаніцай, якая ўвачавідкі неслася на крылах кахання, якія перасталі трымцець ад ранейшай боязі. Эміля пагрукала падвесным малаточкам у патрэбныя дзверы. Пазней я сцяміла, што стаяла вустарань ад дзвярэй і візітанткі – такім чынам, што знутры дома агледзіць мяне было немагчыма. Таму і спадар, каторы неўзабаве выйшаў, быў пэўны, што «Дыяна з пансіёна» прыйшла згодна з запросінамі адна.
– Рады вітаць Вас, о святло маіх вачэй, – ялейна прапяяў мастак.
– Вечар добры. Калі будзе дазволена Вамі, я тут не адна, – дзяўчына дала мне нарэшце магчымасць ступіць да ўвахода і зірнуць на спакмень ейных уздыханняў. Зграбная пастаць. Модны еўрапейскі гарнітур, з якім жудасна кантраставала бязлепая турэцкая шапка. Я ацаніла ўсё гэта ў дзве секунды, а на трэцюю дапяла, што твар, каторы ладна хаваўся за чорнаю з просінню барадой, быў на сто адсоткаў знаёмым.
– Ты-ы?! – з глупым парсючым візгатам выкрыкнула ваша пакорлівая слуга, пазнаўшы ў барадатым спадары свайго мілага Паўла Аляксандрава.
Я чакала адпіранняў, вужыных звіванняў і беспардоннае хлусні напару з яхерыстымі і бязглуздымі апраўданнямі заспетага мала не на гарачанькім нарачэнага. Чаканні былі вельмі кароткімі – Павел без аніякіх словаў чыста знянацку зрабіў злева бліскавічны ўдар кулаком мне ў сківіцу. Пасля дзённага паўночнага ззяння ў кабінеце спадарыні Шрэйдар цяпер ледзьве не фігуральна давялося пабачыць Вялікую Мядзведзіцу з усімі ейнымі мядзведзяняткамі, якія мерна рассыпалі вакол сябе шматкаляровыя пярлінкі.
Апрытомнела я хвілін празь пятнаццаць, літаральна плачучы ад немага болю і невымернай крыўды. Аціраючы гэтыя (ужо мае ўласныя) салёныя пярлінкі, зайшла ў дом. Усе, як адзін, пакоі былі пустымі, а сцены абшарпаныя, пакрытыя дзе-нідзе цвіллю. І толькі ў найдалейшым куце ляжалі іржавыя ланцугі. Ні Паўла, ні Эмілі не было. Я хуценька выбегла вонкі. Балазе новы снег за час маёй непрытомнасці не пайшоў, дык быў шанец агледзіць на старым снежным покрыве знакі. Папросту – сляды. Яны сведчылі: Павел адключыў пансіянарку і бяспамятную павалок кудысь у бок Садовай. Надта вусцішна было думаць, што мой нарачэны займаўся ўсёй гэтай плюгой і брыдотай. Хваляваў мяне і канкрэтны лёс глупенькае цыцохі, бо ейная прапажа аўтаматычна рабілася маёй вялікаю віной. Ды такою віной, што лепш было мне са снега не ўставаць…
Сляды былі надзіва выразнымі, што лёгкім ставалася не проста ісці, а подбегам бегчы, маючы ў сабе раскроенае сэрца, чуючы ўнутры сто мяхоў заклапочанасці. Нездарма я разы два-тры ўпала і ў нейкі з іх набіла сабе калена. Мабыць не так балюча, бо жвава працягвала пераслед, аж покуль не спрыкмеціла долу цела пані Самбук. Што я магла тады падумаць? Падумала, што смерць напаткала юную мраенніцу аб чыстым каханні. І хоць раней я ніколі не мела справаў з мерцьвякамі (апроч загіблых птушак і нашай гомельскай котачкі Кіці), я кінулася да Эмілі, як той каралевіч да спячай прыгажуні. Каралевіч з мяне, канечне, быў нікудышны, а вось прыгажуня сапраўды спала і сном не такім ужо і вечным, як гэта мне здалося спачатку. Відаць, зладзюга чагось перапужаўся і не схацеў цягнуць паненку далей праз Садовую да Свіслачы (ці куды?). Гучнымі і важкімі поўхамі я разгоўтала няшчасную Беласнежку. Тая лыпала з неўразуменнем сваім веснімі вочкамі, а потым, падобна мне, зарумзала ажно morve пацякло.
– Ты жывая здаравенькая? – спыталася я з нечаканым панібрацтвам і яшчэ больш неспадзяваным крывіцкім дыялектам.
– Que? – пачала па-французску паненка, а працёршы вочы, кінулася мне на шыю з пасіленым перапёлкавым плачам. – Ай, цётачка Наталечка, за што ён так мяне? Завошта ён цябе так трэснуў? Я ж мысліла чалавек, а то поскудзь шалудзівая…
Мяне прыглуздзіла.
– Стой, хіба гэта не Павел Аляксандравіч Аляксандраў?
– Ой, што Вы, – адкаснулася ад наслання пансіянарка. – Ён мо’ і падобны. En effet. Але гэта не Ваш будучы époux. Я адразу бачыла, што падобны, то і падумала…
– Сцішся, – даволі рэзка я перапыніла ейныя тлумачэнні. – Ты скажы лепш, ці цэлая?
Тая замоўкла, напэўна сумеўшыся ад няслушна зразуметага пытання.
– Ну во зараз гэны твой любіснік не набіў цябе? Рэбры ці пашчакі не паламаў? – удакладніла я.
– Не, здаецца, – працямумліла дзяўчына.
– Знаеш, дзеванька, не смей ты пра гэты казус нікому шверкаць, а злашча спадарыні Шрэйдар. А то я асабіста абраблю цябе так, як божанька чарапаху. Ясна?
– А-га… – скуголячы, выціснула з сябе тая і па-дзіцячы дадала. – А да чаго тут чарапаха?
Я зноў не пазнавала сябе і сваіх словаў. У мяне троху ныў крыж: верагодна, няёмка ўпала. Мяне ў жыцці так білі толькі двойчы: вось у гэты памянёны толькі што раз і колькі гадоў пазней – у 1863-м. Змрочна. Пра 63-ці, дык увогуле згадваць страшна, бо тут у Беларусі чварылася чортвед што, і я надта сумняваюся, каб нехта гэта змог калісьці асягнуць розумам і праўдзіва апісаць. Калі ўжо пра Каўказ і горцаў даводзіцца ўсялякую лухту чытаць і чуць, то што тады прыдворныя пэцкалі папераў пра нашу Беларусь накрамзоляць?! Зірнуць, напрыклад, у «Крывавы пуф» Усевалада Крастоўскага і плявацца, плявацца, плявацца. Сумленны чалавек, які застаўся пасля той вайны, інакш на падобны гатунак літаратуры рэагаваць не можа. Усё гэта вельмі а вельмі смярдзіць, калі, канечне, твой нос не заткнуты бязглуздым ура-патрыятызмам, калі ты сам не ачмурэлы ад гарэлкі настаўнік ці чыноўнік, што прыехаў сюдых з Тульскае ці Сімбірскае губерні, уцякаючы ад картачных даўгоў. А гэткіх тут зараз многа, і якія-заўгодна спробы аднаўлення беларускае дзяржаўнасці ў будучым сустрэнуць вялікі супраціў з боку адпітых заезных мазгоў.
Пасля ўсяго адбытага я рушыла да Паўла, які – зразумелася мне – фізічна не мог трэснуць мяне па твару сваёй прастрэленай левай рукой. Аднак у галаве завярцелася яшчэ нешта страшна неадчэпнае. Кінуўшыся дадому на Койданаўскую, я хацела спраўдзіць або спраставаць узніклыя туманныя няўцямкі. Давялося зноў звярнуцца да раману Фадзея Булгарына і адшукаць разгорнутую калісь старонку. На кніжных паліцах хроснай па-ранейшаму валадарыў гармідар, але на ўдачу «Іван Выжыгін» заставаўся на ранейшым сваім месцы між францускага выдання Карана і ўспамінамі нейкага нямецкага манаха. З пэўнымі цяжкасцямі знайшлася патрэбная бачына, і я прачытала тую фразу цалком: «– Пакіньце, мілая, калі ласка, не трэба цырымоніяў, – абвесціў Мілавідзін. – Памятай, што гэта іншы я». Хросная мела рацыю. Кніга не хлусіла. Кніга сказала ўсё адразу, але дурненькая настаўніца музыкі не спрамаглася гэтай праўды абачыць…
Было досыць позна, каб учыняць яшчэ адзін шпацыр па небяспечных, як выяўлялася, вуліцах Менску. Тэлефонаў тады мы яшчэ не ведалі. Спаслаўшыся на стому і нястачу апетыту, я аддалілася ў свой пакой ды легла спаць. Спання, аднак, ніякога не атрымалася, бо недадуманыя думкі адганялі ад мяне сон. Раніцою я пачувалася разбітым карытам. Маючы jour de repos, я збіралася вылавіць па абедзе Паўла, каб урэшце высветліць усё з той брыдотнай падзейнай каляіны. Аднак у часе снедання прынеслі цыдулачку ад Ірэны Галавацкай. Яна запрашала завітаць як мага хутчэй да сябе, бо прыйсці туды ж меўся і спадар Ляхоўскі з раскрытымі таямніцамі забойстваў мянчанак. Паляцела, нават не дакрануўшыся да omelette.
Спадар Ляхоўскі не быў шматслоўным, але ўсё ж патлумачыў, што мо’ і не дадумаўся б да вызначэння агульнага падабенства злачынстваў, каб не кніга, якую ён тады акурат чытаў. Во, ён любіў і давяраў кнігам, а кнігі, здавалася, адказвалі яму тым самым.
– У адным еўрапейскім сярэднявечным рамане, я сутыкнуўся з гісторыяй чаргаваных забойстваў. І там яны ўсе сімвалізавалі пэўны знак з Уз’яўлення Яна Багаслова. Супаставіўшы тое-сёе біблейскае, мяркую, што наш забойца…
– Які ён наш? – двохспевам перабілі мы.