– Так, так, я падумаю! Дзякуй, вы мяне крыху супакоілі!
Разьвітаўшыся, Андрэ накіраваўся да касаў, дзе даведаўся, што менскі цягнік акурат адправіўся, а наступны будзе толькі праз тры гадзіны. Набыўшы квіток, ён падумаў, што тырчаць на вакзале ня мае сэнсу, да таго ж, някепска чаго-небудзь зьесьці, і выйшаў у горад пашукаць недарагую кнайпу.
Неўзабаве ён угледзеў напаўпадвальную ўстанову з непрэтэнцыёзнай шыльдай, на якой простымі трафарэтнымі літарамі было напісана: «Пяльменная». Андрэ накіраваўся да ўваходу, ледзь разьмінуўшыся па дарозе з двума моцна п'янымі, пажаванымі пяльменямі, якія вываліліся з падвалу і, хістаючыся ды лаючы адзін аднога, сталі падымацца па сходах.
Унутры ўстанова аказалася зусім сьціплага выгляду расьпівачнай. Пяльменяў у ёй, што праўда, не падавалі, замест іх на стойцы бару ляжалі чорныя сухары да піва, канапкі зь вялай ужо, ня першай сьвежасьці чырвонай рыбай, вараныя ўкрутую яйкі і нешта яшчэ незразумелае з выгляду.
Наведнікаў у гэты час заставалася няшмат. У невялікім паўцёмным памяшканьні стаялі высокія ды ліпкія ад піва сталы. На кожным мелася пустая сурвэтніца і маленькі сподачак з шэрай сольлю буйнога памолу. За стойкай нудзілася маладая дзяўчына ў белым халаце. Другая кельнэрка – старэйшая і, мабыць, галоўная тут, час ад часу выходзіла з бакавога пакойчыка за барам. Яна мела даволі значны дыямэтар, таму, каб праціснуцца ў залю, ёй даводзілася крыху паварочвацца бокам.
Узяўшы вялікі плястыкавы куфаль піва, пару яек і дзьве вараныя сасіскі, Андрэ ўладкаваўся за адным са столікаў. Адпіўшы палову, ён адразу пачуўся лепей. Трывожныя думкі пачалі адступаць, сьвет па-за шаломам зрабіўся больш ветлым, а, зьеўшы сасіску, ён і ўвогуле падумаў, што ня ўсё так дрэнна… Напэўна, ён знойдзе спосаб займець тую канцылярскую даведку ад міністэрства, і яго зьняволеньне ня будзе вечным. Адпіўшы яшчэ піва, ён агледзеўся.
У расьпівачнай, акрамя дзьвюх бабаў за стойкай, знаходзілася яшчэ некалькі чалавек. Праз столік стаяў высокі худы мужык з куфлем піва і дурнавата лыбіўся на шалом. Ягоны сусед па сподачку шэрай солі быў ужо дужа п’яны, а таму ні на каго глядзець ня мог. Схіліўшы галаву над плястыкавым кубкам, ён упёрся ў яго вачыма і рабіў тэлескапічныя рухі ўверх-уніз, быццам спрабаваў навесьці рэзкасьць на муху, што трапіла ў піва. Бабы ля стойкі таксама паглядалі на прускі шалом. Таўсьцейшая, каб лішняга разу не шчаміцца ў дзьверы, час ад часу высоўвала галаву з бакоўкі і, зіркнуўшы, зноўку зьнікала.
Насупраць стаяла яшчэ зусім не старая і калісьці сымпатычная дама зь вялікім лілёвым гузаком пад правым вокам. На выгляд ёй было гадоў трыццаць пяць, а можа і менш, але празь відавочную любоў да чаркі вызначыць яе ўзрост было складана. З моманту зьяўленьня Андрэ дама засяродзіла на ім свой лілёвы позірк і, відаць па ўсім, вельмі хацела завязаць размову зь нязвыклым наведвальнікам установы. Мабыць, астатнія людзі тут былі ёй даўно і добра вядомыя, а таму малацікавыя.
– Дазвольце, малады чалавек, уступіць з вамі ў дыялёг, – нарэшце ня вытрымала асоба. – Не, вы не падумайце, я з самымі чыстымі, добрымі намерамі. Я бачу ў вас чалавека нашага кола, інтэлігентнага і, мусіць, не з тутэйшых. Па ўсім відаць, вы праездам у нашым горадзе.
– Так, я чакаю цягніка на ўсход, – Андрэ зьдзівіла манера асобы мудрагеліста выказваць свае думкі. І, хоць ён быў цяпер ня схільны да размоваў, усё ж дазволіў даме працягваць.
– Ці далёка, васпане, шлях трымаеце? Дазвольце, я да вас… – дама прыхапіла недапіты штоф з чырвоным і, верагодна, недарагім віном і перамясьцілася за столік Андрэ. – А то з гэтымі мутантамі і пагаварыць няма пра што. О, зірніце, як гэтая жардзіна лядашчая на вас лыбіцца. Адно слова – ідыёт! Альбо вунь тыя дзьве курыцы за стойкай!
– Прыкруці фіцілёк! – тоўстая бармэнка высунула галаву з праёму. – На сябе паглядзі, Баба Яга!
Андрэ зрабіў глыток піва і адказаў:
– Я еду з адмысловым заданьнем з Бэрліна ў Магілёў.
– А я здагадалася, што вы немец, зь Яўропаў шлях трымаеце. Толькі мова ў вас крыху дзіўная, і ня пруская, і ня руская. Я б нават падумала, што вы палячышка, калі б ня гэты капялюшык з вэнзэлямі й паліто скураное да каленяў. Васпане, вы не падумайце, я таксама калісьці нішто сабе была. Зь першым мужам па каханьні шлюб узяла. Ён таксама, як вы, афіцэрам служыў. Трох дзетак яму нарадзіла. Але ведаеце, жарсьць ён заганную меў. Азартныя гульні. Спачатку карты, потым казыно. У такі кураж увайшоў, што ўсе пачаў спускаць. Аванс атрымае і – туды. Прайграецца, а раніцай прыходзіць абадраны ўвесь, п’яны, а вочы жаласьлівыя, як у сабакі. Але гэта б яшчэ палова бяды была. Пачаў ён грошы ў маклераў пад працэнты займаць. У такія пазыкі ўлез, што сталі нейкія людзі да яго прыходзіць, пагражаць. Білі яго бясконца. Бывала, адкалашмацяць, а ён да мяне прыпаўзе бездапаможны, брыдкі такі – і вачанятамі лясь, лясь. Кажа, прабач, Кацярына, мяне, скаціну! А, дарэчы, мяне Кацяй завуць! Нічога, кажа, не магу зрабіць з гэтай жарсьцю заганнай. А пакойчык, ведаеце, у нас маленькі, мы яго тады ў Ліпэрвехзіліхі здымалі. Ды трое дзяцей – мал мала меншы. Ды галодныя ўсе. Грошай, знаеце, няма. Дзеткі суткамі някормленыя сядзяць. А малодшы ўвесь час з галадухі раве. Так нэрвы ў мяне здаваць сталі. А ён, паскуда, укленчыць і зыркае на мяне, як загнаная ў кут скаціна. А я ўжо стрымліваць сябе ня ў сілах, як закрычу на яго – дзе грошы, падла? Што ж ты, сволач, зноў усё прасадзіў? – і за валасы яго, і па пакоі цягаць, а ён гэтаму толькі рады, рачкуе за мной, бяжыць ды раве:
«І гэта мне асалода! І гэта мне асалода»!
– Вы, васпане, спадзяюся карцішкамі ня балуецеся? – дама, наліўшы сабе шклянку, выпіла, узяла варанае яйка з талеркі Андрэ, і ачысьціўшы, макнула ў сальніцу.
– Сука Лебязятнікаў! Прыбіў мяне месяц назад! Ну, дык вось, – працягнула яна, – зьвёў ён мяне, змучыў ушчэнт, а аднаго дня ўзяў ды зьнік. То бок, зусім! Згінуў! Раніцай сышоў на службу й не вярнуўся! Я да начальніка часткі. Не, не да Лебязятнікава. Тады ў іх заставай камандаваў палкоўнік Клапшток, Іван Іванавіч. Я яму так і так, дзе мой муж? А ён кажа – ну як жа? Учора быў, зьмену здаў і сышоў, а сёньня яшчэ не прыходзіў. Ну, дык ён і ў наступны дзень не прыйшоў, і ў наступны. І ніколі больш не прыйшоў! Вы, васпане, на цягнік не спазьняецеся?
– Ды не! У мяне яшчэ дзьве гадзіны!
– Вось і цудоўна! Другі муж мяне з трыма дзеткамі ўзяў. Прыстойны чалавек! Таксама служывы – тутака на мытні працуе. Старэйшы за мяне, праўда, нашмат, але хто ж яшчэ з трыма возьме? А ў маім становішчы выбіраць не даводзіцца. Ён прапанаваў, я і пайшла. Не, не, вы не падумайце! Вельмі добры чалавек! Але ж і я, ведаеце, калісьці была! У Пецярбурзе гімназію з чырвоным дыплёмам скончыла! Рускую літаратуру ў школе выкладала. Але, знаеце, ад першага мужа звычку нядобрую я займела. Не, ня карты! Пачала гарэліцу папіваць. Ну, разумееце, безграшоўе, галеча, на нэрвах усё. Так я перакулю шкляначку, бач – ужо і лягчэй. Адным словам, прыліпла я да гэтай заразы! І ведаю, што дрэнна гэта, але нічога не магу з сабою зрабіць! Нібыта чарвяк, які мяне знутры згрызае! Вось бачыце, як зьеў паразыт – зусім схуднела!
– Ты й раней як швабра была! – данеслася з бакоўкі.
– Бач ты, ведзьма! Вы глядзіце, як яе разьнесла. Ды яна ж у дзьверы пралезьці ня можа. А ўсё таму, што сумленьня ў яе няма! Бо сумленьне і ёсьць той чарвяк, што зьядае чалавека. Калі ён унутры сядзіць і граху на табе многа, то ён жарэ цябе, жарэ, жарэ, пакуль адно пустая абалонка не застаецца. А гэтая шалава, бач ты, штодня дзьве сеткі адсюль прэ, ды яшчэ калыміць. Надоечы гадзіньнік ёй заклала. Дык што вы думаеце, колькі яна мне дала? На тры штофы «Радзівіла» нават не хапіла. А яе ўсё прэ і прэ! Хутка ўжо і бокам у дзьверы не пралезе! Трэба будзе праз акно яе адсюль выцягваць!
Дама, наліўшы яшчэ паўшклянкі чырвонага, выпіла, узяла сасіску з талеркі Андрэ і, макнуўшы ў сальніцу, адкусіла палову. Толькі цяпер ён заўважыў, што на штофе мудрагелістай каліграфічнай вязьзю было напісана: «Скарб Радзівілаў».
– Ну, сука Лебязятнікаў! Дык вось, ваша мосьць, што я скажу! Спачатку другі муж мне грошы даваў. Самі разумееце, сям’я. Ён на службу, а я па гаспадарцы – у краму схадзіць, абед яму і дзецям прыгатаваць… А сама па дарозе зайду ў шынок… адзін раз, на зваротным шляху – яшчэ раз. Далей болей. Дайшло да таго, што стала я заробак ягоны ўвесь прапіваць. Ён прынясе са службы, а праз колькі дзён глядзіць – нічога няма. Зразумеў ён гэтую праблему, пачаў сам усё купляць. А мне так, драбязу нейкую кіне. А потым і зусім перастаў даваць. А я ж нідзе не працую. Самі разумееце – трое малых. Дык стала я пакрыху рэчы з хаты выносіць. Бывае, прыйдзе ён з працы, сядзе на канапу і кажа: «Каця, а дзе гэтая вазачка, што тут учора стаяла?» А вазачкі, васпане, ужо даўно нямашака! Дык ён мяне па воку – хрась! Іншым разам прыйдзе ды запытае: «А дзе гэта наш прас падзеўся?» І тут жа бэмсь! – кулаком мне ў нос! Адным словам, шаноўны, стаў ён біць мяне. І слушна! Я ж разумею, што сука я няўдзячная. Але нічога не магу з сабою зрабіць. А аднойчы прыйшоў ён са службы, сеў на канапу тэлевізар паглядзець, зірнуў – а тэлевізара і няма!
Каця паклала ў рот другую палову сасіскі і, уздыхнуўшы, прамовіла:
– Карацей, стала я ўсё з кватэры выносіць. Кнігі, бялізну, сэрвізы, Дастаеўскага поўны збор твораў, фіранкі з вокнаў зьняла, нават чаравікі ягоныя прапіла. А часам, васпане, ён б’е мяне ды прыгаворвае: «Вось табе, сабака маскальская, за вазачку! Вось табе за прас! Вось табе за галадамор! А гэта табе за Хведара Міхайлавіча!» А муж мой другі таксама, ведаеце, ня з простых. І прозвішча ў яго – Сапегаў. У Менску на ўнівэрсытэце вучыўся. А калі межы зьявіліся, яго на мытню працаваць запрасілі. А часы цяпер самі ўяўляеце якія. Так ён на службе і выгляду не падае. А з працы прыйдзе, радыё да вуха прысуне, ды ўвесь вечар на кухні «Свабоду» слухае ды прыгаворвае: ну маскалі, ну акупанты паганыя, прыйдзе час – зраблю я вам другую Оршу! А радыё тое ён кожны раз з сабой на службу забірае, баіцца, што і «Свабоду» ягоную з дому зьнясу.
Дама замоўкла, узяла ў Андрэ цыгарэту і, запаліўшы, спытала:
– Скажыце, васпане, а ці даводзілася вам пяць содняў начаваць на брэсцкім вакзале?
– Неяк Бог літаваў!
– А я вось пятыя содні! Адным словам, вынесла я з кватэры ўсё! Так што выносіць ужо не было чаго. А пятага дня пайшоў ён на працу ў канцылярыю, а я апошняе, што заставалася, – парадны віцэ-мундзір ягоны зь вешалкі зьняла й заклала! Не, вы не падумайце, ня тут! У іншай пяльменнай, на Краснафлоцкай. Гэтая мандавошка мне за яго столькі б не дала.