– А дэклярацыю на прадмет культу ўсё ж раю запоўніць. Ці мала калі і дзе яна вам спатрэбіцца. Раптам вас міліцыянэр на вуліцы спыніць, западозрыўшы, што вы шалом з музэю скралі?
Сямён Іванавіч з важным выглядам разьвярнуўся і хацеў быў ужо сыходзіць, але нешта яго спыніла. Ён зноў зірнуў на Андрэ і нечакана сказаў:
– А ну зірнему, што там у гэтага служыцеля культу яшчэ прыхавана!
Андрэ, агаломшаны весткай, што цяпер ніколі ня зможа пакінуць прасторы радзімы, пачаў з асуджаным выглядам выцягваць з заплечніка іншыя рэчы.
– О! А гэта што? – Сямён Іванавіч трымаў у руках паранджу.
– Аа… гэта? Паранджа для маёй жонкі!
– Яна ў вас што, мусульманка?
– Ды не! Я ж вам казаў, у нашай сэкце вельмі строгія парадкі! Жонкі не павінны выходзіць на вуліцу без паранджы!
– А яна, у сэнсе, жонка, пра гэта ўжо ведае?
– Шчыра кажучы, пакуль не! Я яшчэ не пасьпеў паведаміць ёй, што прыняў абрад.
– Ха-ха-ха! – Сямён Іванавіч зусім павесялеў. – Вось, мусіць, узрадуецца! Але – увогуле ў гэтым пытаньні я вас падтрымліваю. Правільна! А то ўшчэнт распусьціліся, далей няма куды! А гэта што за палена?
– Адмысловая насадка на шалом. А то, разумееце, калі ў легкавую машыну саджуся, абіўку шпілем псую. Таксама пажадана пад час сэксуальнага акту выкарыстоўваць. А то незнарок можна дзірку ў шафе альбо перагародку да суседзяў прабіць! У нас, ведаеце, кватэрка маленькая, і сьценкі ў ёй тонкія.
– Ааа… Так, карысная штука! А гэта што? – Сямён Іванавіч са зьдзіўленьнем разглядаў цешчын бот.
– Як што! Вы ж бачыце! Бот!
– А другі дзе?
– Навошта мне другі? Мая цешча ўсё адно аднаногая! Яе пару гадоў таму трамвай пераехаў.
– Вай, няшчасьце якое! А маю цешчу ні адна бля… вой, прабачце, пераехаць ня можа! Як жа вы купілі бот бяз пары?
– Элемэнтарна! Знайшоў у Бэрліне сымэтрычную старую і прапанаваў ёй купіць адну пару на дваіх. Вялікая, ведаеце, эканомія!
– Так, аднаногім з абуткам прасьцей. Ну добра! Пакуйце свае манаткі і шчасьлівай дарогі! Толькі дэклярацыю не забудзьцеся запоўніць! А жонцы прывітаньне перадавайце! Скажыце, Сямён Іванавіч такую строгасьць ухваляе!
Андрэ выйшаў з мытнай залі на Маскоўскі бок вакзалу. Ягоны арганізм бунтаваў і патрабаваў неадкладна прыняць зьверскую, нечалавечую дозу нікатыну. Трэба было супакоіць нэрвы і знайсьці нейкі выхад зь непрыемнага становішча. Запаліўшы, ён зрабіў колькі глыбокіх зацяжак і задуменна паплёўся па пэроне. Дайшоўшы да краю плятформы, абярнуўся. Проста перад ім стаяў яшчэ адзін брат-блізьнюк – пампэзны, пабудаваны ў імпэрскім стылі будынак берасьцейскага вакзалу, вянчаны самотным высокім шпілем зь пяціканцовай зоркай. Праўда, у адрозьненьне ад папярэдніх, гэты брат быў зусім маленькага росту. Хутчэй здавалася, што на паверхні тырчыць адно сплюшчаная галава. Іншыя часткі цела або хаваліся пад зямлёй, або былі ампутаваныя і вывезеныя немавед кім немавед куды.
«Ну, Фатэрлянд, дзякуй! – буркаталі пад шаломам трывожныя думкі. – Ну, парадаваў! Любіш ты пацешыць добрымі навінамі! Любой гадасьці ад цябе чакаў! Але такога! Меў рацыю Хведар! Да Магілёва я, вядома, даеду, а вось назад хрэн выпусьцяць! Сволачы! Ды што ж гэта такое! Гэты прадмет – ваша ўласнасьць, але ён належыць дзяржаве! Крэтынізм нейкі! Што ж, цяпер рэшту жыцьця ў балотах гніць? Не. Павінна ж быць нейкае выйсьце! Пануры горад! Нават выходзіць у яго ня хочацца. А калісьці такі прыгажун быў! Адзін з самых-самых у Рэчы Паспалітай! Але пасьля маскалёў нічога, апроч цытадэлі, не засталося, ды й тую немцы расьфігачылі! Добра! Куплю квіток – і на Менск! Чорт! Павінна ж быць нейкае выйсьце!»
Андрэ кінуў цыгарэту і накіраваўся да галавы з зоркай на шпілі. Ля дзьвярэй ён нечакана нос у нос сутыкнуўся з тым самым маладым мытнікам, які надглядаў яго першы.
– Чакайце, чакайце, паважаны! Я вельмі занепакоены сваім становішчам! Скажыце, павінна ж быць нейкае выйсьце!
– Ды вы не хвалюйцеся, грамадзянін! – хлопец прыязна паглядзеў на Андрэ і, выцягнуўшы пачак «Мальбара», запаліў. – Зрэшты, вам жа можна здымаць шалом у суботы, значыць, у суботы і будзеце пакідаць межы рэспублікі.
– А як жа нядзеля?
– Што нядзеля? Ах, у гэтым сэнсе! Ну, у нядзелю надзенеце другі шалом. Таму вам трэба мець два шаломы. Адзін тут, іншы там, за кардонам!
– А можа, ёсьць яшчэ варыянт?
– На што гэта вы намякаеце?
– Не, не! Ня ў гэтым сэнсе! Я маю на ўвазе афіцыйны варыянт!
– Ааа… Так, паспрабуйце зьвярнуцца ў міністэрства па справах рэлігіяў і ў міністэрства культуры. Калі яны выдадуць даведку, што гэты прадмет культу можна часова вывезьці за межы краіны, мы вас прапусьцім. Але мая вам парада: кіньце вы гэтую сэкту! Не маглі штосьці прасьцейшае падабраць? Царква шостага дня нейкая… Запішыцеся лепш у адвэнтысты сёмага!