– Што дэкляраваць? – Андрэ застыў перад пустым сталом. Зь іншага боку стаяў мытнік і зь цікаўнасьцю глядзеў на шалом.
– Прадмет, які знаходзіцца ў вас на галаве.
– Пачакайце, пачакайце, там няма ніякага прадмета! Вось, зірніце, – Андрэ адкрыў заплечнік, – тут няма ніводнага кіляграму каўбасы! Дык навошта мне хаваць яе там?
– Ну як жа, а гэтая каска? Відаць па ўсім, рэч дарагая.
– Ах, каска! А што, яе трэба дэкляраваць?
– Я дакладна ня ведаю. У маёй практыцы яшчэ не было такога прэцэдэнту. Але я раіў бы вам на ўсялякі выпадак задэкляраваць. Усё ж рэч эксклюзіўная. Хаця, дайце-ка яе сюды. Пайду запытаюся ў начальніка зьмены.
– Прабачце, я не магу вам яе даць, – Андрэ адчуў, як ліпкі нэрвовы пот ізноў праступіў на скронях пад шаломам.
– Гэта чаму?
– Ну, разумееце… як вам растлумачыць… Мне рэлігія не дазваляе, – Андрэ крыху сьцішыўся, азірнуўся і напаўголасу, каб ня чулі віетнамцы наўкола, вымавіў:
– Сёньня панядзелак, а мы маем права здымаць шалом толькі ў суботу, усе астатнія дні мы абавязаныя насіць яго на галаве. Вы, мусіць, чулі альбо чыталі ў газэтах пра таталітарныя сэкты. У нашай вельмі строгія парадкі. Калі ласка! Ці нельга начальніка зьмены запрасіць сюды?
Хлопец у блакітным строі спачувальна зірнуў на Андрэ і, прамармытаўшы нешта пра тое, што кожны зьяжджае з глузду па-свойму, рушыў па начальніка.
– Вось, Сямён Іванавіч, паглядзіце, – праз хвіліну ўжо два джэнтэльмэны ў мундзірах мытнікаў стаялі перад Андрэ, у чатыры вокі вывучаючы тое, што знаходзілася на ягонай галаве. – Таварыш з таталітарнай сэкты. А на ім прадмет культу. Ён мае права здымаць яго толькі па суботах. Дык грамадзянін цікавіцца, ці трэба гэты прадмет дэкляраваць?
– Цішэй! Цішэй! Што ж вы на ўвесь вакзал крычыце? Гэта не таталітарная сэкта, а Царква Ўзьнясеньня Шостага Дня. Таталітарнай яе толькі ў тэлевізары абзываюць! Але гэта няпраўда! – Андрэ азірнуўся па бакох. Людзі ў мундзірах за суседнімі столікамі прыпынілі дагляд клятчастых цюкоў і зь цікаўнасьцю вылупіліся на яго. Грамадзяне зь віетнамскімі торбамі, атрымаўшы нечаканы перадых, растапырылі вушы шырэй, таксама прыслухоўваючыся да размовы.
– Мы верым у адзінага Бога і молімся за збавеньне сусьвету на Страшным Судзе, які хутка адбудзецца. Канец сьвету здарыцца на шосты дзень. Але калі вы пакаецеся ў грахох сваіх, надзенеце вось такі шалом і прыйдзеце да нас, то ўратуецеся!
– Добра, добра, тут вам не багадзельня – казані чытаць, – спыніў Андрэ Сямён Іванавіч, – лепш адкажыце, ці даўно вы ўступілі ў гэтую таталітар… альбо як яе там, шостага дня сэкту?
– Не, нядаўна. А што?
– На захадзе, мабыць, завэрбавалі?
– Ну, ведаеце, я б папрасіў цэтлікі не навешваць!
– Грамадзянін, не нэрвуйцеся! Я проста спрабую вам дапамагчы!
– Ну, дапусьцім, на захадзе! Хто ж вам у Беларусі такі шалом выдасьць?
– Зразумела, я так і думаў! Уся зараза да нас з захаду паўзе!
– Ну, ведаеце! Я, у рэшце рэшт, грамадзянін…
– Пачакайце, грамадзянін, – перабіў Сямён Іванавіч, – лепш скажыце, вы ўпершыню ўяжджаеце на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у гэтым шаломе?
– Ну, увогуле так. А што?
– Я так і думаў, толькі што завэрбавалі. А тое, што гэта быў першы і апошні раз! З гэтым шаломам вы больш ня зможаце пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь!
– Чаму гэта я не змагу пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з маім шаломам? – Андрэ пачынаў прыходзіць у ціхае абурэньне.
– Таму што паводле закону прадметы даўніны й мастацтва паходжаньнем да тысяча дзевяцьсот сорак дзявятага году забароненыя да вывазу за межы Рэспублікі Беларусь! А гэты прадмет культу, як бачна няўзброеным вокам, адносіцца да пэрыяду да сорак дзявятага году. Вунь, якія львы на ім антыкварныя! Таму, хоць ён і ваша прыватная маёмасьць, але ў той жа час зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Гэта значыць, вы можаце выехаць асабіста, але шалом мусіце пакінуць дома. А калі паедзеце зь ім, то мы нікуды вас ня выпусьцім!
Наступіла глыбокая цішыня. Андрэ ліхаманкава спрабаваў асэнсаваць тое, што цяпер паведаміў яму Сямён Іванавіч.
– Пачакайце, пачакайце, паважаны! Што ж выходзіць? Я цяпер уяжджаю ў краіну і ніколі больш не змагу пакінуць яе?
– Ну чаму ніколі? Здыміце шалом і паедзеце на зьлёт вашай сэкты! А калі ня можаце, то тады няхай яны да вас! Ха-ха-ха! Праўда, назад у шаломах мы іх таксама ня выпусьцім, але, зрэшты, могуць пакінуць у вас на захоўваньне да наступнага прыезду. – Сямён Іванавіч быў відавочна задаволены сваім адказам. Ня кожны дзень яму выпадала ўдача асадзіць такога нахабнага сэктанта, што прэцца з захаду празь мяжу ледзь не на белым кані, ды яшчэ ў тэўтонскіх дасьпехах. Аднак, заўважыўшы непадробны жах на твары Андрэ, ён крыху памягчэў і дадаў: