Андрэ ўвайшоў у пакойчык, спрэс застаўлены вялізарнымі палотнамі і такімі ж велізарнымі, але пакуль пустымі падрамнікамі. Яцэк, як сапраўдны вялікі мастак, аддаваў перавагу жывапісу буйных фарматаў. Яго палотны несьлі экспрэсію, дзікасьць, неўтаймаваную моц, пасіянарную энэргію, якой так бракавала Буяну зь яго дэкадэнцкімі мандавошкамі. Праўда, апошнімі гадамі Яцэк, паддаўшыся модзе, маляваў у асноўным эратычныя сцэны – голых баб, мужыкоў, што трахаюць адно аднаго: сэкс у трамваі, у лесе, на пляжы. Але выглядала гэта няпошла, без ружова-малочнай сьлінявасьці. Ягоныя трахальшчыкі поўніліся плоцьцю, разьляталіся ў экстазе, кідалі выклік, нібыта крычалі гледачу: хочаш сэксу ў мастацтве? – На! Атрымай! Нажарыся гэтым месівам эўфарыі, аргазмам фарбаў, шалёным савакупленьнем колераў, формаў, лініяў!
– Ооо! Анджэй! Ня ведаю, якім ветрам цябе занесла, але галоўнае – вельмі своечасова!
– Прывітаньне, даражэнькі! Я тут праездам, усяго на адну ноч. Можна ў цябе сёньня застацца?
– Ясна! Здымай паліто, праходзь! Капялюшык таксама можаш зьняць! Ня бойся, вушы не застудзіш! У мяне тут добра топяць.
– Гэты капялюшык – мой мір! Здымаецца толькі разам з галавою!
– Ну, як хочаш! Але не пратыкні сваім мірам тут што-небудзь. А то ведаеш, мае карціны зараз добра каштуюць, – аджартаваўся Яцэк і пацягнуў госьця ў вялікі пакой.
– Ты не ўяўляеш, якая важная цётка ў мяне сёньня, – працягваў ён. – Вельмі крутая куратарша! Езьдзіць акурат па Эўропе, адбірае мастакоў для наступнай Маніфэсты. Зь ёй яшчэ дзьве дзяўчыны, але калібрам паменей. Я вечарыну адмыслова для іх зладзіў. Табе абавязкова трэба зь імі пазнаёміцца!
Майстэрню Яцэк меў даволі прасторную, але з такой колькасьцю народу вялікая заля выглядала нашмат меншай.
– Што будзеш піць? – гаспадар падвёў Андрэ да стала з мноствам штофаў разнастайных кшталтаў, памераў, колераў і цэтлікаў.
– А крупнік ёсьць?
– А то! З таго часу, як ты падсадзіў мяне на гэтую старарэжымную заразу, ён заўсёды ў маім бары! Добра, баўся! Перакулі кілішак, а я пакуль займуся гасьцямі!
Андрэ знайшоў на стале добра знаёмую квадратную бутэльку і наліў сабе паўшклянкі. Ён заўважыў яго выпадкова, гадоў пятнаццаць таму на прылаўку маленькай крамы ў прадмесьці Варшавы. Гэта быў старалітоўскі крупнік, моцная і смачная, настоеная на мёдзе гарэлка – напой, калісьці папулярны за Бугам, ва ўсходняй частцы Рэчы Паспалітай. Пазьней там на яго рэцэптуру забыліся, не перасталі яго вырабляць толькі ў Польшчы. І кожнага разу, калі Андрэ вяртаўся на каронныя землі, з усіх напояў ён аддаваў перавагу менавіта крупніку. Кожны яго глыток здаваўся яму прывітаньнем з таго салодкага часу, калі іх краіна магутнела і цягнулася ад мора да мора, а ў гарадах, замках і мястэчках квітнеў смачны, як мёд, залаты век сармацкай культуры.
Прышпорыўшы каня двума вялікімі глыткамі сармацкай культуры, Андрэ паскакаў па пакоі вачыма, разглядаючы гасьцей, якія ў ім знаходзіліся. Некалькі чалавек падаліся яму знаёмымі. Мабыць, раней яны сустракаліся на нейкіх вэрнісажах. Важных цётак ён таксама адразу прыкмеціў.
«Дзіўна, чаму ўсе куратаршы так любяць апранацца ў чорнае? – з раздражненьнем падумаў Андрэ. – Калі б мяне папрасілі намаляваць іх тыповы партрэт, я б сказаў: сярэдняга росту, хударлявая, зь невялікай, цалкам сэксапільнай задніцай, магчыма, у акулярах і абавязкова ва ўсім чорным. Вось і цяпер ня трэба мець шмат мазгоў, каб зразумець, што гэта менавіта яны. Чорныя капэляны войска, камісаршы з маўзэрам у галаве, інквізыцыя, што дае мастаку патэнт на жыцьцё пасьля сьмерці».
Аднак наагул атмасфэра ў майстэрні стаяла даволі расслабленая. Верагодна, госьці круціліся вакол стала са штофамі ўжо ня першую гадзіну, таму некаторыя нават пасьпелі заснуць. Вялізарны, абсалютна лысы чувак спаў, седзячы на гаспадарскай канапе, з запракінутай галавой. Вакол цётак у чорным вілося некалькі чалавек. Уводзячы іх у нейкія канцэпцыі, яны гарталі свае партфоліё.
«А гэта, мабыць, мастакі. Салдафоны! Напінаюцца, імкнуцца зьвярнуць на сябе ўвагу. Хочуць спадабацца, каб іх запрасілі на крутую выставу, – з кожным новым глытком мёду сармацкі конь уносіў Андрэ ўсё далей у стэп раздражненьня. – Цікава, чаму гэтыя фэі ў чорным ніколі не дабіраюцца да нас? Быццам мы запаведнік для лузэраў, ня варты іх каштоўнага часу й увагі! Заўсёды, даехаўшы да Буга, яны ўскокваюць на свае куратарскія мётлы й лятуць прамой наводкай аж да Масквы. Хрэнавы ведзьмы! Ня памятаю ніводнага выпадку, каб кагосьці з нашых запрасілі на сапраўды сур’ёзны праект. Чорт! Калі думаю пра непрыемнае, галава пачынае страшэнна часацца! Паспрабую сёньня яе памыць. Трэба прыдумаць, як зрабіць гэта, не здымаючы шалома».
– Анджэй! Прывітаньне! Нешта даўно цябе не відаць у Варшаве! – перад Андрэ стаяла мілая чароўная Магдалена, таксама куратарша, але з маладых, можа, таму яна яшчэ не пасьпела ўбрацца ў чорныя гарнітуры. Яна служыла на велізарнай фабрыцы-кухні, гіганцкім заводзе найноўшай артыстычнай думкі ў Замку Ўяздоўскім, дзе некалькі гадоў таму Андрэ браў удзел у шумнай і шматлюднай сумеснай выставе.
– Што ты тут робіш? Надоўга?
– Не, не надоўга. Бягу ад пагоні.
– Ад літоўскай? – Магда шматзначна паглядзела на шалом.
Андрэ зрабіў яшчэ глыток залатога веку і, на імгненьне ўявіўшы, як добра глядзеліся б зараз на вытанчаным азадку Магдалены чорныя куратарскія нагавіцы, адказаў:
– Добры калямбур! Але літоўская Пагоня заўсёды нясецца на захад. Я ж скачу на ўсход. Ведаеш, у свой час Ілжэдзьмітры Другі….
– Анджэй! Прабач, Магда! – раптоўна абарваў размову Яцэк. – Пайшлі, я цябе прадстаўлю!.. Паспрабуй ёй спадабацца! Яна, калі захоча, можа зрабіць зь цябе чалавека! – Ён пляснуў сабе ў шклянку віна і пацягнуў госьця знаёміцца з фэяй у чорным.
– Знаёмцеся, гэта Анджэй, мой прыяцель зь Беларусі! Цудоўны мастак! Адзін з найлепшых! А гэта… – далей ён назваў фэяў у чорным па імёнах, якія Андрэ ўсе роўна не запомніў. Нешта накшталт Бастында, Брузгільда і Ляўра.
Засяродзіўшы погляды на шаломе, усе тры фэі нейкі час зачаравана вывучалі яго, пакуль, нарэшце, галоўная зь іх не прамовіла на ламанай нямецкай:
– Вы зь Беларусі! Зэр інтэрэсант! Ніколі не даводзілася там бываць. Мусіць, у вас зараз нялёгка, дыктацюр…
– Так! Так! Так! Вельмі нялёгка! Дыктацюр! Няшчасная краіна! Бедны народ! – Андрэ крыху разьвязана перабіў яе. – Мужыкі з маўзэрамі і шклянымі вачыма! А яшчэ з апошніх навінаў: усе мядзьведзі з Масквы да нас перабраліся! Цяпер па вуліцах ходзяць! Вы не ўяўляеце! Неяк мінулай зімою ўвечары выходжу ў Менску на Кастрычніцкі пляц да Палацу Рэспублікі – гэтае такое цэнтравое месца, там штогод перад калядамі каток заліваюць – і вачам ня веру! На катку мядзьведзі на каньках гойсаюць! Уяўляеце, самыя сапраўдныя, бурыя, касматыя мядзьведзі, на каньках, перад Палацам Рэспублікі! А ў руках, то бок у лапах, – бляшанкі зь півам! А два самыя агромністыя забраліся на дах Палацу Прафсаюзаў і трахаюцца тамака на вачох ува ўсёй публікі! Толькі падумайце, лапы раскарачылі і трахаюцца!
Андрэ замоўк. Фэі ў чорным са зьдзіўленьнем глядзелі то на яго, то на шалом. Яцэк, які таксама крыху зьбянтэжыўся ад такога нечаканага выступу, нарэшце перапыніў паўзу:
– Андрэй робіць вельмі цікавыя праекты з саломы! Велізарныя інсталяцыі! Я бачыў адну з апошніх у Нямеччыне. Ён збудаваў цэлы алтар! Уяўляеце, высачэзны барочны алтар! З расьпяцьцем, калюмнамі, скульптурамі, анёламі. І ўсё, усё, усё з саломы!
Фэі ў чорным крыху ажылі. Адна зь іх, маладзейшая, прасакатала птушыным галаском: