2-і ХЛОПЕЦ. А мы паціхеньку. (Асцярожна здымае з дзеда папружку.)
1-ы ХЛОПЕЦ. Хаця б не прачнуўся...
2-і ХЛОПЕЦ. Паднімецца дзед, а яго старой апраткі як не было!
1-ы ХЛОПЕЦ. Уяўляю: што пачнецца!.. (Смяюцца.)
ДЗЕД (прачнуўшыся). А? Хто тут? (Усхапіўся.) Людзі, ратуйце!
Злодзеі! (Агледзеўся.) А, гэта вы, гіцалі! Абармоты! А во вам!
Дзед замахваецца кульбай, хлопцы са смехам разбягаюцца.
Дзед гоніцца следам.
ВЯДУЧЫ. Толькі і паспелі хлопцы, што адзін рукаў адарваць. Бяда ў Анісіма: замахнулася моладзь на самае святое! Няўжо дзед задумаецца, няўжо паслухае людзей?
Дзед сядзіць ля хаты ў кажусе без аднаго рукава, прамень асвятляе яго сагнутую постаць.
ДЗЕД. Лёгка ім гаварыць: “Купі новы”. Прыдбай на базары новую аўчыну – раз. Знайдзі краўца, і не абы-якога – два. Гузікі, зноў жа... Тры. Прымеркі. А яшчэ як не падыдзе... Як фасон не спадабаецца... А тады бойся, каб не ўкралі. Не, адзін клопат з гэтымі абновамі. А тут – сваё, звыклае, роднае можна сказаць! Даражэнькі мой кажушок! Верны мой таварыш і спадарожнік!
Ідзе дзяўчына ў вышытай вопратцы, з доўгай касою.
Гэта В я с н а.
ВЯСНА. Дзень добры, дзед Анісім!
ДЗЕД. Ды які ён добры! Во, рукаў адарвалі гіцалі. (Прыгледзеўся.) А ты чыя будзеш?
ВЯСНА. І не сястра нікому, і не дачка, але ўсім людзям мілая.
ДЗЕД. А? Чамусь я раней цябе не бачыў.
ВЯСНА. Бо пад ногі глядзіш толькі. (Паўза.) Табе, дзядуля, не горача?
ДЗЕД. Скажаш яшчэ – горача! З дня на дзень пахаладнее.
Замаразкі пачнуцца.
ВЯСНА. І пачнуцца, як зімовую вопратку не здымеш. Ты ж лета пужаеш!
ДЗЕД. Ага, напужаеш яго... Кожны год у час прыходзіць.
ВЯСНА. Ты купіў бы сабе новую апратку, дзядуля. Латаны-пералатаны твой кажух, жывога месца не засталося.
ДЗЕД. І ты пра тое ж! Ідзі, красуня, сваёй дарогай, а мне трэба за справу брацца.
ВЯСНА. Не буду замінаць табе. Але напомню: пакуль ад старога не збавішся – новае не прыйдзе.
ДЗЕД (задумаўся). Як гэта?
ВЯСНА. А так. Месца для новага не будзе. Занятае яно. Ну, бывай, дзядуля! (Адыходзіць.)
ДЗЕД. Як завуць, дзяўчына?
ВЯСНА (зводдаль). Вясна! Вясна мяне завуць.
ДЗЕД. А? Якая вясна? У нашай вёсцы такіх няма. (Разглядае кажух.) Ай-яй-яй... Як згаварыліся ўсе! І чаго прысталі? Чаго ад мяне, старога, хочуць?