А яшчэ мама намовіла, каб ты ў лёгкае пераапрануўся, а я каб прасачыла. Давай, пераапранайся.
ДЗЕД. Ох, ох, спіна баліць... Сярэдзіна ные... Плячо круціць...
УНУЧКА. Хітры ты, дзядуля.
ДЗЕД. Жыццё ўсяму навучыць, унучачка. І хітрым быць, і злосным, і ліслівым...
УНУЧКА. Чакай... (Пабегла ў хату і вярнулася з белай кашуляй.)
Во, апрані.
ДЗЕД. А? Апрану, а як жа. Як аладкі з’ем. А ты бяжы сабе, бяжы...
УНУЧКА. Не пайду, пакуль не надзенеш. Праз цябе з мяне дзеці на вуліцы смяюцца.
ДЗЕД. Смяюцца? То ж не кепска. Кепска, калі плачуць... Маме скажы дзякуй. Бяжы.
Унучка пайшла. Дзед разглядае прынесеную кашулю, быццам думае – надзець ці не.
Ідуць два х л о п ц ы.
1-ы ХЛОПЕЦ (2-му). Паглядзі на дзеда. Ну як пудзіла ў гэтым кажусе. Хоць на агарод стаў!
ДЗЕД. А? Якое пудзіла? Які агарод? Ото як задам табе, галадранцу! (Размахвае кульбай.)
2-і ХЛОПЕЦ. Не гарачыся, дзед! Мы кажам: ці не пара табе кажух памяняць.
ДЗЕД. Не ваша справа! Мой кажух – мне і насіць. Такіх ва ўсёй ваколіцы няма.
1-ы ХЛОПЕЦ (з іроніяй). Што няма, то няма. Твая праўда!
ДЗЕД (буркліва). Ведаю я цяперашнюю моду. Зробяць стрынгаля і бегай, як кот з апечаным задам...
1-ы ХЛОПЕЦ (2-ому). Яшчэ заразу якую развядзе... Кажуць, у яго прусакоў – поўная хата.
2-і ХЛОПЕЦ. І чаму людзі так старое любяць, аджыўшае?
1-ы ХЛОПЕЦ. Бо новага баяцца.
Хлопцы адышліся, шэпчуцца.
1-ы ХЛОПЕЦ. А давай украдзем дзедаў кажух ды спалім.
2-і ХЛОПЕЦ. Як ты яго ўкрадзеш?
1-ы ХЛОПЕЦ. А так. Як засне, мы ціха падкрадземся, злаўчымся – і сцягнем.
2-і ХЛОПЕЦ. Згодзен.
1-ы ХЛОПЕЦ. Дай пяць! (Цісне руку таварыша.)
ВЯДУЧЫ. Выбралі хлопцы зручную часіну і завіталі неяк у дзедаву хату. Дзед Анісім моцна спаў на палацях – адпачываў пасля абеду. Але апраткі не зняў. Так шанаваў ён свой кажух, так з ім зжыўся.
Чуваць храп дзеда.
2-і ХЛОПЕЦ. Во дзіва: ён і спіць апрануты!
1-ы ХЛОПЕЦ. Паспрабуй цяпер зняць...