ВАВЁРКА.
Каб здурнеў ад вершанят?
ВОЖЫК.
Ой, газета, глас народа…
ВАВЁРКА. Памаўчаў бы. Што за мода!
ЗАЯЦ.
Лесапілкі у бары…
ВОЖЫК.
Сумна штосьці, спадары…
Стары кажух
(Абразок паводле “Казак жыцця” Якуба Коласа)
Дзейнічаюць:
ДЗЕД АНІСІМ
УНУЧКА
1-ы ХЛОПЕЦ
2-і ХЛОПЕЦ
ВЯСНА
ВЯДУЧЫ
ВЯДУЧЫ. Калі вы скажаце, што гэта не праўда, а байка, дык я запытаюся: а дзе тая мяжа, што аддзяляе праўду ад выдумкі? І ці не бывае так, што выдумка ходзіць за праўду, а чыстую праўду лічаць выдумкай? А калі так, то прашу слухаць уважна.
Дзед Анісім на прызбе ў старым, латаным-пералатаным кажусе. За яго спіной – такая ж старая, перакошаная хата. Ціўкаюць птушкі, лезуць калівы з глебы – вясна ў разгары.
ВЯДУЧЫ. Хто ведаў дзеда Анісіма, той ведаў і яго паношаны кажух. Ніколі ён з ім не расставаўся – ні летам, ні зімою. Такі ўжо быў звычай у старога Анісіма. Мужыкі жартавалі з гэтага кажуха, дзеці дзівіліся, тыцкалі пальцамі, а дзед і вухам не вёў.
ДЗЕД (сабе). Зноў мой кажух падраўся. Цікава, а якога ён быў колеру? Ці то белага, ці то чырвонага? Сам не памятаю. Зашыю адну дзірку – у другім месцы разлазіцца. А сонца прыпякае, халера... (Зняў шапку.)
Ідзе У н у ч к а.
УНУЧКА. Дзядуля, табе мама аладак прыслала. (Падае міску.)
ДЗЕД. Прыслала, то добра. Пастаў. (Унучка ставіць міску на прызбу.)
УНУЧКА. Мама сказала цябе накарміць і ў хаце падмесці.
ДЗЕД. А? Куды адвесці?
УНУЧКА. Дзедка, ты добра чуеш, ой добра! Дзе твая мятла?
ДЗЕД. Мая мятла з дому сышла, мой савок збег у лясок.
УНУЧКА. Пайду пашукаю. (Пайшла ў хату і хутка вярнулася.)