працягваючы аповед пра далёкіх сваякоў, узгадаю маю сваячку, якая акурат зьяўляецца сястрою таго самага недарослага выхвальнага даішніка. сястра даішніка зь дзяцінства марыла ўладарыць, і, вядома, у нашай краіне ёй наканавана было трапіць вучыцца на пракурора. ад самага пачатку яна, як і ўсе дзеці, была гульліваю, вясёлаю і вельмі любіла ўсіх на сьвеце, асабліва маму й тату. у пятнаццаць яна пайшла ў юрыдычны каледж у Слуцку, і вось на дадзены момант ёй сямнаццаць, і ёй прапанавалі практыку ў сталіцы! практыка – судовы наглядчык. уяўляем цяпер: 17 год, падлетак, можа быць, яшчэ ані разу не кахаў, з больш-менш сьветлымі пачуцьцямі, але безнадзейнаю мараю аб пракуратуры, трапляе на працу, дзе будзе вымушаны хадзіць па кватэрах і караць злосных неплацельшчыкаў і аліментшчыкаў, сачыць за тым, якія каштоўныя рэчы канфіскоўваць, і станавіцца ўсё больш зачыненым у сабе, пакуль не надыдзе той момант, калі сэрца цалкам замуруецца ў сьвінцовай вежы непаразуменьня й нежаданьня ісьці людзям на дапамогу, і не істотна якім людзям: алькаголікам, няздольным плаціць за кватэру, шматдзетным мамам, якія засталіся без кармільца, людзям, якія нахапалі крэдытаў і ня могуць іх аплаціць, інвалідам. здаецца, пасада судовага наглядчыка – жудасная пасада, ад яе шмат хто адмаўляецца, і ідуць на такую працу толькі людзі са схільнасьцямі кантралёраў, паліцаяў і заўзятых бээрсээмшчыкаў.
рот
жывуць у горадзе дзьве дзяўчыны, даўнія сяброўкі, аматаркі піва й дыскатэк. жывуць яны разам вельмі ладна, ніколі ня сварацца, у здымнай двухпакаёўцы завялі котку, прыдбалі вялікі тэлевізар, па вечарох хлопцаў дадому водзяць, па чарзе ванны пакой займаюць, у моманты жарсьцяў музыку гучней уключаюць, потым усе разам глядзяць фільм, п’юць піва, гутараць, сьмяюцца, жартуюць. абедзьве дзяўчыны вельмі мілыя, адна, праўда, крыху прыгажэйшая, затое другая разумнейшая. яны ўвасабляюць сабою маладое пакаленьне беларусаў, якія ня маюць недасяжных мараў, плянаў і яшчэ чагосьці такога, на што трэба будзе выдаткаваць звыш дадзеных сіл. галоўнае, каб быў стабільны заробак, каб хлопец быў нармальны, бо апошні хлопец тую, што прыгажэйшая, пабіў і паставіў на цэлы месяц пад вокам сіняк, ёй было вельмі крыўдна праз гэта, але яна ўсё роўна не магла хлопца кінуць, пакуль той сам ня зьнік.
дзяўчаты доўга рыхтаваліся да гэтага вясёлага дня – дня нараджэньня, які яны адзначаць у адзін дзень, бо розьніца між іхнымі нараджэньнямі – тры дні.
зьнялі невялікі катэдж, запрасілі роўна дванаццаць гасьцей, з каторых ведалі толькі чатырох, бо астатнія восем – гэта сябры гасьцей. такім чынам атрымліваліся чатыры дзяўчыны, запрошаныя разам са сваімі хлопцамі, у дадатак два вольныя хлопцы і плюс яшчэ два, на ўсялякі выпадак, бо сяброўкі ж надта вясёлыя, і ім хацелася б сапраўднага сьвята.
ну вось, госьці сабраліся, перазнаёміліся, вядучы, ён жа й дыджэй, разварушыў і напаіў, прыгажосьць сьвеціць у вокны, прыгажосьць сьвеціць праз вокны, прыгажосьць паўсюль.
першаю вырашыла праявіць ініцыятыву сяброўка разумнейшая, яна адразу адзначыла для сябе трох хлопцаў і вырашыла прамацаць глебу, хто зь іх ёй цікавейшы і каму яна больш даспадобы.
дзяўчына прыгажэйшая засталася з адным хлопцам, які падаваўся ёй незразумелым і ня надта прывабным, але пасьля выпітага і ён падыдзе. прыйшла дзяўчына, села побач з незразумелым барадатым хлопцам, і ня ведае, як бы так адкрыць рот, каб адразу пагутарыць нармальна.
і тут трэба заўважыць, што дзяўчаты, а на тое яны й сяброўкі, былі падобныя адна да адной праз тое, што калі хваляваліся альбо ня ведалі, як сябе паводзіць, замест дзявочага какецтва ці цнатлівай чырвані на шчочках, пачыналі мацюкацца праз кожнае слова, чуць такое было нясьцерпным, асабліва для маладога чалавека.
і вось, сьвята, вечар, усе выпілі й пачуваюцца як мае быць, сяброўкі з хлопцамі разьбегліся па цёмных куточках і пакойчыках на другім паверсе, вось свабодныя хлопцы, усе яны жадаюць камунікаваць ня проста так, і нават гутарку на дадзены момант успрымаюць як штосьці ўводнае, як прадмову да кнігі.
дзяўчына, што прыгажэйшая, паварочваецца да хлопца тварам, усьміхаецца, пацягваецца і кажа:
«ну, блядзь, я сёньня заябалася гэтае паці хуярыць!» дзяўчына, што разумнейшая, седзячы, аточаная трыма хлопцамі, нічога больш разумнага не знайшла, як прамовіць: «ну што, пацаны, ахуенны вечар? вадзяра нармальна заходзіць?»
хлопец адразу крыху працьверазеў і прамовіў прыгажэйшай: «а ты ведаеш, што ў цябе вельмі брудны рот? бруднейшы за любую сьметніцу!» і застаўся сядзець, пакурваючы цыгарылку.
тры хлопцы ня мелі эстэтычных густаў, і проста ўтрох засьмяяліся, зарагаталі і пачалі шчупаць разумнейшую.
прыгажэйшая адразу пакрыўдзілася, і нават, упершыню ў жыцьці па-сапраўднаму засмуцілася, але ненадоўга, бо пераключылася на кампанію, якая рагатала.
на наступны дзень разумнейшая сяброўка, стоячы пад душам разам з прыгажэйшаю, казала: «а я табе што гаварыла, стромны ён, барадаты нейкі і з гальштукам, выдае на нейкага інтэлігента, нахуй такія патрэбны, вунь з нармальнымі хлопцамі пазнаёміліся, а той увесь вечар так і прасядзеў з сухастоем, напэўна! ха-ха-ха!»
барадаты хлопец зь дзяцінства выхоўваўся бабуляю, якая казала: «унучак, хто б што табе ні казаў, але калі ад дзяўчыны чуеш мацюкі, ведай, што рот у яе брудны, у такі рот ані ежы не пакладзеш, ані пацалалуеш у вусны».
і сапраўды, думаў хлопец, можна шмат разоў сказаць дзяўчынцы, што яны мацюкаецца і гэта кепска, але крыўдуюць усе толькі на «брудны рот», бо вельмі яскрава яго ўяўляюць, свой рот, які яны так даглядаюць, чысьцяць у ім зубы, наносяць на вусны памаду, усьміхаюцца ім, а ён аднойчы аказваецца брудным.
вушы
мае вушы нічым асобным не вылучаюцца ад шараговых вушэй людзей, яны маюць падобныя завіхрэньні, такія ж самыя храшчы, і нават мочкі анічым не адрозьніваюцца ад іншых мочак, але адно маё вуха зайздросьціць вуху Ван Гога, а другое вуха марыла б быць вухам Бэтховэна. кожную раніцу я прачынаюся і разумею, што я не мастак, і кожную другую раніцу я прачынаюся і разумею, што я не кампазытар і нават не музыка, але кожную трэцюю раніцу я прачынаюся ўзрадаваны, бо маю шанец – яшчэ адзін дзень на тое, каб працягнуць пісаць і графаманіць, і гэтаму радуюцца абодва вуха, бо ў гэты дзень ад самай раніцы пачынае гучаць цудоўная музыка, перад вачыма зьяўляецца процьма выяваў, карцін і відзяжоў, якія настройваюць на свой асабісты, рамантычна-грэблівы лад да рэчаіснасьці, і анічога не чуваць, акрамя пустэчы звонку і шматгалосься знутры, і анічога не чуваць, акрамя пульсацыі вэн, акрамя трымценьня пад скураю, калі падсьвядомасьць перакручвае ў галаве процьму думак, і ўжо сасьпетая гісторыя, сасьпеты працяг раману, сасьпетае словазлучэньне, якое няўпэўненым парасткам прабівалася скрозь процьму думак і, нарэшце, дасягнула аднолькавага росту з астатнімі парасткамі, і праз вушы пачынаюць прабівацца ліяны пачутых знутры галавы словаў, якія кладуцца акурат на што заўгодна: паперу, Майкрасофт Ворд альбо адчыненае вакно жж. гэты момант настаў, і ён нікуды не падзенецца, пакуль не паставіць апошнюю кропку. і тут пальцы, якія ўвесь час сьпяшаліся як мага хутчэй і дакладней перакласьці тое, што дыктуюць вушы вуснам, возьмуць адпачынак і выправяцца за гарбатным брэндзі, і настане вечар, і прыйдзе ноч, і хутка будзе новы дзень, і па падліках ён мусіць быць першым, а гэта азначае, што адно з вушэй пачне енчыць і прасіцца ў мастацкую акадэмію, але я ведаю, як яго суцешыць, ведаю, бо дастаткова толькі паказаць ёй кроў, як яно страціць прытомнасьць і зноў цэлы дзень будзе моўчкі назіраць і прыслухоўвацца да асяродзьдзя, чакаючы таго самага моманту, калі настане магчымасьць яскрава праявіць свае здольнасьці, але ўжо ня ў пары са мною.
лічбы
сёньня такі настрой, настрой такі, хочацца гаварыць пра прыўкраснае, тым болей што ўчора была пятніца 13-га, і гэта, паводле ўсходніх традыцыяў, вельмі шчасьлівы й спрыяльны да ўсяго сьветлага час. і вось што я скажу, я люблю пятніцу 13-га, я яе люблю так жа цёпла, як і любую іншую пятніцу, нават люблю такую пятніцу, на якую выпадае дзень нараджэньня гітлера, сталіна альбо мікі маўса, для мяне куды больш вартыя іншыя лічбы, напрыклад 15, 7, 9. я даўно прыкмячаю, што зь імі я зьвязаны вельмі шчыльна і нават магу адзначыць некаторыя стасункі зь імі ж, напрыклад мая 15 – гэта мая каханка, бо столькі разоў я трапляў на лічбу 15 і на каханьне, што даўно абвык у такія пятнаццатыя дні спатыкаць штосьці рамантычнае, а часам нават з колерам жарсьці й пахам сэксу. мая 7 – гэта мая вучоба, бо вышэй за 7 мала што адбывалася, але й ніжэй я не атрымліваў. 9 – гэта мой закон і правапарадак, я 9 разоў па 9 з 9 выпадкаў трапляў на 9-ы дзень у малпоўню, бо толькі праз 9 бутэлек піва магчыма трапіць на 9 сутак, альбо пасьля намётаў на плошчы – таксама атрымалася 9-ка, таму я стараюся ня надта часта мець зносіны з лічбаю 9. але з усіх лічбаў і выпадкаў я буду памятаць лічбы 27 і 29, бо 27 – гэта дзень нараджэньня маёй мамы, а 29 – лічбаўвасабленьне майго першага зьліцьця з жанчынаю. і на апошняе я ўсё-ткі назаву яшчэ лічбу 3, пра якую ніколі нікому нічога не распавяду.
пахі
Гаспар К. вельмі баяўся, што канцэнтравана пахне потам, баяўся так моцна, што нават валасы на грудзях галіў, а са сьпіны выдаляў іх пінцэтам, бо яму падавалася, што сам пот хаваецца пад валасамі, падпахі ён ня толькі галіў раз на тры дні, але выдаляў дэпілятарам, каб з каранямі, потым мазаў цела талькам, так бы мовіць абястлушчваў, потым тонкай плёнкаў пакрываў грудзі, падапах й жывот дэадарантам Олд Спайз, які пад новым стыкерам быў новага зьместу і настолькі плотна пакрываў цела, што ніводная пора скуры не прасочвала вільгаць. але Гаспару К. гэтага было мала, яму падавалася, што ўсе тыя солі й мачавіна, якія праступаюць праз залозы, канцэнтруюцца цяпер на твары, і спадар К. пачаў мазаць спэцыяльным талькам твар, пагаліў галаву, пагаліў бровы, выдаліў усё валосьсе нават на руках і нагах, ззаду таксама ладна папрацаваў, і потавыя залозы спынілі сваю працу, арганізм пачаў выводзіць вадкасьць толькі праз ныркі й мачавы пухір. і калі пан К. хадзіў у прыбіральню, ён роўна трыццаць пяць разоў страсаў апошнія кроплі мачы і выдаткоўваў дзесяць квадратаў туалетнай паперы, чатырохслаёвай, абціраючы галоўку ад вільгаці, потым пырскаў асьвяжальнікам у паветра, не істотна пасьля якой справы ў прыбіральні, роўна восем разоў і выходзіў вонкі, мыў рукі тры разы мылам, два разы гарачаю вадою і адзін раз халоднаю, мазаў рукі пахучым крэмам, пырскаў на твар адэкалёнам, паголеную галаву праціраў хусткаю й наносіў тальк колеру скуры. яму заўсёды падавалася, што яго мача пахне ня толькі потам, але й тым, што ён зьеў альбо выпіў, і ён больш не ўжываў каву, ня еў часнык, пасьля рыбы яму здавалася, што ўсё цела, а ня толькі мача, пачынаюць пахнуць рыбаю. з вадкасьці засталіся толькі вада, а зь ежы кабачкі, прыгатаваныя ў хуткаварцы. і аднойчы Гаспар К. на ноч нанёс столькі тальку й дэадаранту, бо назаўтра рыхтаваўся на спатканьне, што наўпрост задыхнуўся.
гамлет
вось і закончылася мая эпапея з трусочкамі, кожны зь іх нарэшце знайшоў сабе новы дом і, ува што я ахвотна й аптымістычна веру, – ня страўнік, але кватэру, дах над галавою.
адзін белы з чорнай плямкаю дастаўся майму сябру, цяпер трус жыве ў трохпакаёўцы разам з гаспадаром, трыма дзецьмі, жонкаю і сабакам Чакам. адзін белы з трыма чорнымі плямкамі на сьпіне выправіўся ў падарожжа ў сталіцу і будзе замест шчанюка хлопцу Антону.
адзін шэры, амаль блакітна-шэры, па памерах самы вялікі, быў набыты незнаёмцам на кірмашы ў суботу, дзе я наўмысна гандляваў раніцаю, даехаўшы ажно да Нясьвіжа. незнаёмец сказаў, што трус будзе галоўным асемяняльнікам у ягонай гаспадарцы.
два попельнага колеру трусочкі дасталіся дзяўчынца Віцы, якая ўсчыніла цэлую гістэрыку мамцы. спадзяюся, трусочкі будуць жыць у якім доме ў горадзе і іх будуць любіць.
трох трусоў набыў дзіўны мужчына, які вельмі доўга іх мацаў, напэўна, гэтым не пашчасьціла, пойдуць яны на стол камусьці ў добрай рэстарацыі.