мужык прыйшоў, дастаў майго трусочка, шэранькага, са скураным носікам, ёбнуў яго па галаве нейкім паленам, менавіта ёбнуў! я ажно на нагах ледзь утрымаўся ад такога. потым гэты скуралуп нажом прайшоўся па лапках і хвосьціку, падвесіў тушку дагары нагамі і амаль за хвіліну сьцягнуў зь яшчэ цёплага і, напэўна, жывога, скуру з поўсьцю, нават з галавы яе зьняў, пакінуўшы толькі павекі й скураны носік. такі трус нагадвае мокрую котку.
я быў напаўжывы ад такога бачаньня, перад вачыма да гэтага часу стаіць чырвоная заслона і чорны носік.
мужык сказаў, што гэтак рабілі заўсёды, гэта так трэба, каб поўсьць лёгка адышла, каб трусік цёплым быў, каб яна, поўсьць гэтая, цэлая была, без парэзаў ад нажа і іншага.
такім чынам я вырашыў, што зь мяне хопіць аднаго трусочка, дзякуй, астатніх павыпускаю, няхай сабе вольна жывуць.
ікра
калі я вучыўся ў БДУ, першы год пражыў у інтэрнаце, але потым перабраўся ў здымную кватэру, якую зь пераменным посьпехам здаваў па пакоях іншым студэнтам, а ў лепшыя часы жыў адзін і з дзяўчынаю.
была ў мяне на другім курсе такая дзяўчына, сьмешная, вясёлая, бацькі яе былі заможныя, ня роўня маім, ды й брат у яе быў спартсмэн – веславаньне, месцы займаў у сусьветных спаборніцтвах. зразумела, што я ёй мог даць толькі самае шчырае каханьне і больш нічога, бо ўсё астатняе ў яе было, нават жыла яна ў цэнтры Менску, акурат па-над крамаю «Панарама», у доме, што каля Сьвіслачы.
і вось адной дажджыстай восеньскай раніцай сталася так, што яна прачнулася ў маёй кватэры цалкам прастуджаная, але я ўжо быў на лекцыі і пасьля вучобы мусіў ехаць на другую зьмену на працу, падпрацоўваў афіцыянтам-бармэнам не скажу дзе.
звоніць яна мне, хрыпіць у слухаўку, кажа, што дадому не паедзе, вельмі далёка, тэмпэратура ў яе, будзе ачуньваць у мяне, і першае, самае неабходнае, што я абавязаны набыць і ўвечары прывезьці, – бляшанка чырвонай ікры, чатыры пакеты Тэрафлю, асобна анальгін і што-небудзь зь мятна-мэнтолявых пігулак для горла.
ладна, я нічому не зьдзівіўся, нават бляшанка ікры неяк прайшла праз маё разуменьне. прывёз я ўсё гэта дадому, аддаў ёй, і, перш чым распакаваць усё, яна адразу адкрыла ікру й лыжкай пачала яе есьці і распавядаць, што ў ейнай сям’і такая завядзёнка – калі хтосьці хварэе, абавязкова набываюць яму бляшаную кансэрву чырвонай ікры, такім чынам хвораму чалавеку нашмат лягчэй перанесьці хваробу.
я ёй не сказаў, што за сваё жыцьцё тройчы каштаваў гэты дэлікатэс, і гэтыя моманты адбываліся акурат на Новы год, калі назьбіраных грошай хапала, каб адну баначку ікры размазаць па нарэзаным багеце альбо вельмі тонка парэзаным батоне з маслам, і на кожнага хапала роўна па паўтара бутэрброда. і я ёй не сказаў, што пазычыў грошы ў свайго зьменшчыка, каб набыць ёй ікру. яна, як дзяўчына, у якой зь дзяцінства ёсьць усё, што трэба, ніякім чынам не ацэньвала мае паступкі, мае ўчынкі, для яе ўсё было натуральным, як мае быць.
празь некалькі тыдняў я атрымаў разьлік, пайшоў у краму, набыў кансэрву чырвонай ікры і, пакуль нікога не было дома, зьеў яе лыжкаю, запіваючы півам. было салёна, але неверагодна смачна.
прайшло ня так шмат часу пасьля тых першых уражаньняў вакол ікры, як я знайшоў рэцэпт, які ня толькі замяняе смак чырвонай ікры, але страва пасапраўднаму вельмі смачная і даволі эканомная. фаршмак: адзін слабасалёны селядзец, тры морквы, чатыры плаўленыя сыркі «Дружба», 250 г. сьметанковага масла – усё гэта перакручваецца ў старой, вельмі старой мясарубцы, перамешваецца і падаецца намазаным тонкім слоем на белым хлебе.
час
у прасторы час мае сваю гнуткасьць і кожнай жывой істотай успрымаецца па-рознаму. як нам немагчыма ўявіць сабе, што звычайная пладовая мушка дразафіла жыве пяць дзён і за гэты час нават двойчы ліняе, а гэта значыцца – пераходзіць розныя стадыі сталеньня, так немагчыма ўявіць і галапагоскіх чарапах, якія жывуць настолькі доўга, што нават перасоўваюцца ў прасторы й часе такім жа чынам, павольна, бо іхны тэмп жыцьця, калі нам і падаецца, быццам яны нікуды не сьпяшаюцца, насамрэч – хуткі і гарманічна супадае з жыцьцёвым рытмам.
мне цяжка ўявіць жыцьцё птушкі калібры, але для яе я – галапагоская чарапаха, якая амаль не перасоўваецца ў прасторы за той час, што яна пасьпявае праляцець ад адной кветкі да другой.
людзі прыдумалі час, бо так зручней пасьпяшаць куды-небудзь, спазьняцца й дамаўляцца на сустрэчу, адмяраць дзень, месяц, год, але векавы дуб адмярае свой час праз нарост новага слою дрэва, праз новую галінку, праз колазварот сонца на небе, а дразафіла за дзень пражывае сваё дарослае жыцьцё, адкладае лічынкі нашчадкаў, і на наступны дзень яна ўжо старая і, павольна назіраючы за тым, як абрыкос ператвараецца ў гной, разважае пра сутнасьць усяго на зямлі, калі горы, падобныя да волатаў, за дзень мяняюць свой стан, так і жыцьцё, павольна, але няўхільна, падводзіць сваю мяжу.
я б хацеў дасканала прачуць жыцьцё дразафілы, і я б хацеў прачуць жыцьцё чарапахі, але толькі аднойчы, бо мой час, час чалавека, мне бліжэйшы, нягледзячы нават, што зь яго можа пасьмяяцца любое векавое дрэва і любая мудрая чарапаха скажа, што жыў я як пладовая мушка, толькі пасьпеў нарадзіцца, а ўжо й паміраць час прыйшоў, а я як быў летуценьнікам, так нічому й не навучыўся.
сквапнасьць
жыла адна дзяўчына, якая была вельмі сквапная, такая сквапная, што нават чорную гарбату запарвала па тры разы ў адным кубку, такая сквапная, што нават старыя панчохі перакройвала і рабіла марлю альбо некалькі падсітачкаў, такая сквапная, што брала старыя чаравічкі, ламала іх і выразала сьпераду дзіркі, і яны ўжо пасавалі быць басаножкамі, калі яна дачытвала кнігу, то абавязкова адкладала яе на паперкі для прыбіральні, альбо каб выцерці шкло, альбо, напрыклад, каб распаліць вогнішча, бо дзяліцца кнігаю яна не магла, таму што самі кнігі брала ў сяброў і сябровак, проста прасіла ў іх непатрэбныя.
выпаў мне лёс зь ёю спаткацца на адной агульнай тусоўцы. я, вядома, пра яе шмат ведаў і не аднойчы сутыкаўся, некалькі разоў мы нават цалаваліся, бо мне яна падабалася, прыгожая, курва.
такім чынам выпаў мне лёс зь ёю на хмяльную галаву дамовіца на сапраўднае спатканьне, рамантыка і за ёю, рамантыкай, усё астатняе.
дамовіліся сустрэцца праз два дні.
сяджу я каля ракі, прыхапіў з сабою два пледы, тры сьвечкі, тры бутэлькі віна, бо сам пью больш, ніж усе абвыклі лічыць нормаю, нават захапіў сыр і прыдбаў вінаград. сяджу, карацей, чакаю. яна нармальна так спазьняецца, але што такое спазьненьне для сапраўднага мужчыны, які чакае сваё палымяне жаданьне (каханьне).
яна пазваніла. сказала, што ў нас нічога не атрымаецца, і нашае каханьне – лухта, і нам лепей ня бачыцца больш ніколі. я нават зьмерз ад такіх словаў, па ўсім целе скразьняк прайшоў.
і трэба ж было так скласьціся лёсу, што ў мяне ў сябрах зьявіўся выдатны чалавек, цудоўны доктар, дэрматоляг-вэнэроляг, зь якім я не адну пляшку выпіў. аднойчы даведаўся, што неяк да яго трапляла наша агульная знаёмая, зь вельмі складанай праблемаю: набыла яна за вельмі танна ў сяброўкі памаду, якая ў сваю чаргу была набытая ў крамеканфіскаце, што на Машэрава ў Менску, і дзяўчына тая, мая, можна так сказаць, былая, прыйшла да доктара з вуснамі, якія амаль ляжалі на ейным падбародзьдзі, сінія, вільготныя, тлустыя, апухлыя вусны, спрэс аточаныя й згвалтаваныя герпэсам невядома якой ступені й пароды. сябра-доктар казаў, што яна ледзь рот адкрывала, прамаўляла нешта кшталту «ня ведаю нават, што і казаць». лячылі яе ў бальніцы, туды яна трапіла на наступны дзень пасьля таго самага вечара, калі я яе чакаў са сьвечкамі й пледам.
цікава, і колькі яна зэканоміла, калі набыла ў сяброўкі за танна памаду з канфіскату?
пах
ехаў ад сяброў на маршрутцы, насупраць сядзела дзяўчына, сымпатычная, мне такія падабаюцца, ехала яна апранутая цёпла, бо раніцай нашае верасьнёвае надвор’е пакідае жадаць лепшага. едзем, а ў мяне ўсю дарогу эрэкцыя, я хаваю яе, то бок эрэкцыю, скураным заплечнікам, але ўсё роўна няёмка, такое адчуваньне, быццам бы кожны ведае, што я еду як нейкі маньяк.
маршрутка ўсё едзе і едзе, яе на калдобінах трасе й падкідвае, а для мяне гэта ўсё роўна, што дадатковая стымуляцыя, і вось ну нікога ў салёне, акрамя гэтай дзяўчыны, каб мяне ўвогуле зацікавалі, і дзяўчына тая сама па сабе едзе ў навушніках і на дарогу глядзіць, і я разумею, што маё ўзбуджэньне проста зьвязанае з пахам, з тымі самымі фэрамонамі, якія зыходзяць ад жаночага цела, яе ўлоньня, якія наш нос ня чуе, але мозг добра ведае, чым пахне, а пахне – сэксам.