мы, людзі, самыя што ні ёсьць дзікія жывёлы, і мне гэта падабаецца.
ва ўнівэрсытэце, я кожны год на лекцыях па літаратуры сядзеў на адным і тым жа месцы, побач зь дзяўчынай, якую нават не прыкмячаў, акрамя трох зімовых тыдняў, калі амаль кожны дзень я сядзеў узбуджаны, і кожную хвіліну мне хацелася цалаваць аднагрупніцу, яна падавалася самым прывабным на зямлі анёлам. і што гэта было, калі ня пах, спэцыфічны, танюткі, крыху мускусны, але заўсёды вар’яцкі, юрлівы.
калі зазірнуць крыху глыбей, магчыма пабачыць маю родную школу, дзявятую клясу й дзяўчынку Леру, якая аднойчы на цэлых два тыдні ператварылася ў Вэнэру. кожны аднаклясьнік глядзеў на яе і бачыў толькі сэкс, яна, калі ішла ў школу, была аточаная хлопцамі, якія ўсе як адзін прыдуркавата лыбіліся, а пасьля школы Лера ішла з заплечнікам, напампаваным паштоўкамі з прызнаньнямі ў каханьні. усе навокал на працягу двух тыдняў кахалі й жадалі кахацца толькі зь ёй. і гэта таксама – пах, падлеткавы юр.
калі я выходзіў з маршруткі, у мяне было толькі адзінае жаданьне, толькі б дзяўчына ня ўбачыла. я, левай рукой трымаючы заплечнік перад сабою на ўзроўні паху, правай рукою адчыніўшы дзьверы, сышоў на прыпынак, і мяне нарэшце адпусьціла.
алькаголь
у мяне ёсьць сябра, які раней піў са мною як фанатык, піў шмат, і нашмат болей за мяне, нават дзяўчына, зь якой ён пазнаёміўся і пражыў пяць год, зьявілася зь ім праз пітво, і яны разам у першы дзень знаёмства напіліся да такога стану, што палівалі адзін аднаго півам з бутэлек, ну амаль як гэта робяць гоншчыкі на п’едэсталах. потым на другі дзень яны раніцай прачнуліся ў цалкам залітым і сьмярдзючым пакоі і пайшлі па піва, у шапіку набылі чатырнаццаць літровых «Аліварыя Дзесяць». а потым мой сябра перастаў піць, рашуча паставіў кропку, і пачаў піць пігулкі для пячонкі і шмат паліць, зь дзяўчынай ён разышоўся, кнігі кінуў чытаць, больш ня слухае нашу любімую музыку, схуднеў і ператварыўся ў змрочны прывід, і ўсё па тым чыньніку, што ён ані грама, ані каліва сьпіртнога не ўжывае, і гэта ў яго даходзіць да вар’яцкай фобіі.
усё шкодна: шмат піць і ня піць увогуле, шкодна, калі градус алькаголю высокі, і шкодна, калі градус нізкі, але па аб’ёмах чалавек заліты па самае нёба.
сусед мой – чалавек адэкватны, калі цьвярозы, але цьвярозым ён бывае толькі раніцамі па сьвятах, калі трэба быць чыстым і прыгожым, да абеду, скажам так. увесь астатні час ён п’е, а жонка ягоная, жанчына ўва ўзросьце сарака з паловаю год, толькі і робіць, што вые на яго і б’е рыдлёўкаю альбо, там, граблямі альбо яшчэ чым-небудзь, што трапляе пад руку.
я сам п’ю, часам злоўжываю. сам гатую сідр і некаторыя наліўкі, якія лепей за ўсё ў мяне атрымліваюцца. але гатую толькі слабыя напоі, бо моцнае заўсёды падводзіць да мяжы несьвядомага эгаізму, незразумелага вычварэньня, да гнюснага стану шалёнага парсюка.
раней як было: налівачкі, пітны мёд ужывалі, квас хмяльны пілі. пакуль Мендзялееў не зьявіўся. але ў дадзеным выпадку хімік не вінаваты, і не вінаваты нават праз тое, што ён рускі. так, кепска й прыкра, што ў нас зьявілася гарэлка, але яна б зьявілася ў любым выпадку ў працэсе эвалюцыі. гаворачы пра алькаголь, варта зьвярнуць увагу на тое, што больш шкоды прыносіць злоўжываньне, і, вядома, самае гнюсная на сьвеце рэч – пладова-ягаднае віно, пасьля якога на раніцу чалавека адольвае неверагодна пачварнае і жудаснае пахмельле, такое моцнае й балючае, што іншага жаданьня, як яшчэ раз выпіць, няма. чарніла робіць чалавека жывёлаю, тупою нязграбнаю жывёлаю, але, здаецца, гэта пасуе сучаснаму грамадзтву.
я таксама, гатуючы наліўкі і сідр, трымаю дома колькі фляшак гарэлкі і чарніла, бо трэба час ад часу камунікаваць з асяродзьдзем, хаця б і па справах, і мне зусім ня хочацца, каб маё пітво называлі «бабскім пойлам». падавай ім сапраўднага, моцнага, мужчынскага.
і хто гэта выдамаў, пра гарэлку для мужыкоў?
некаторыя мае сябры вельмі хутка й лёгка адрубаліся ад якаснай наліўкі.
але я тут пра тое, што раней, да таго як зьявілася гарэлка, у нас, беларусаў, сьвяты праходзілі весела і яскрава, з танцамі й песьнямі, але цяпер сьвяты падобныя да змрочных вечароў, калі акуратна і чыста апранутыя госьці накідваюцца да адурэньня гнюсным пітвом, пасьля чаго становяцца як скот, быдла.
парсючкі
калі аднойчы зайшла гутарка пра забойства жывёл, то яна ўжо ніколі ня скончыцца, бо дадзеная дылема ўласьціва цалкам усім і кожнаму.
людзі, натуральна, ня так часта кранаюцца пытаньняў этыкі забойства, і тут не істотна каго: жывёлы, рыбы, жабы, смаўжа. кожная жывая істота мае права памерці абсалютна натуральна, чыста й бясьпечна, нават зь лёгкім адценьнем гонару. гэта тычыцца кожнага, але часта этычныя межы далей за чалавечую істоту не пераходзяць, і калі юдэі й мусульмане маюць наўмысна дзеля забойства чалавека дасьведчанага, адукаванага й веруючага, так і ў нас, беларусаў, павінныя быць такія людзі. бо забойства жывёлы цалкам і наўпрост зьвязанае зь ягонай душою, з рэлігіяй, і абсалютна нармальна, калі ў Эўропе пастаўленыя на канвэерны паток каровы забіваюцца высокім разрадам току, каб яны не пасьпелі нават за сэкунду ўцяміць, што зь імі адбудзецца. прынамсі, калі разважаць у гэтым накірунку, вядома, зьявіцца й такая ідэя, і яна высьветліцца рэальнаю, што любая жывёла, нават калі яе хутка забіваеш электрычным токам, перадсьмяротны момант добра разумее, бо ёй дастаткова толькі ўдыхнуць паветра, насычанае электрычнасьцю і фэрамонам сьмерці.
апошні раз я ўдзельнічаў у працэсе забойства сьвіньні, упершыню, заўважце, ад самага пачатку.
і я дакладна вырашыў, што, калі б быў жывы Міхась Стральцоў, я б яго адшукаў і проста ў вочы выказаў яму наконт усіх ягоных рамантычных памкненьняў «Смаленьня вепрука».
сьвіньні, дзікі, вепрукі, усе яны даволі блізка стяць да чалавека па генатыпічным кодзе, па групах крыві. на маладых сьвінках ня проста правяраюць касмэтыку, але нават вучацца біць татуіроўкі.
і вось якая карціна мне адкрылася: вялікага парсючка на павадку прывязваюць да слупа, перад пярэднімі капытамі ставяць вялікі таз і адным махам па горле – бац! і далей парсюк стаіць, раве не сваім голасам, хрыпіць, кроў з шыі густым струменем спачатку цурбэніць па сьценках таза, потым пачынае пляскаць па паверхні набеглай крыві. на гэта глядзець немагчыма, парсючок памірае доўга, і яго нельга дабіваць, бо як мага болей крыві мусіць быць зьлітаю. на гэтым я спынюся.
зьлітую кроў адразу пускаюць на такую рэч, як крывянка, альбо крывяная кіўбаса, якая гарачаю падаецца на накрыты ў двары стол.
як? скажыце мне, як магчыма есьці такую ганебную і забароненую любой рэлігіяй рэч, як смажаную кроў? для нас, як мы ўсе кажам, «праваслаўных», а на любой іншай мове праваслаўны перакладаецца як «артадаксальны», як гэта для нас стасуецца зь Бібліяй? Калі, паводле Пісаньня, душа жывога стварэньня – гэта яго кроў?
такога мне ніколі не зразумець, але я дапушчаю адну думку, якая ўскосна можа быць апраўданьнем: такім чынам на Беларусі вымушаныя былі выжываць у больш цяжкія часы, калі не хапала ежы. але мы жывем у іншыя часы…
выхвальства
адзін мой далёкі сваяк, якога я з натугаю называю сваяком, месяц таму быў, як і я, на вясельлі. маладому чалавеку дваццаць адзін год, але позірк у яго – бы ў ваўка, бровы як у арла, зрок гостры, нібыта лязо, і халодны, як раніца ўзімку, шыя доўгая, як у грыфа, і такім жа чынам падагнутая, плечы – роўна пад лінейку, пінжак на ягоным целе вісіць, быццам на вешалцы, нагавіцы адпрасаваныя да гострых стрэлак, лякаваныя чаравікі.
раней хлопец быў сумленьным юнаком, ахвотна гутарыў са мною, пераходзячы на беларускую, цікавіўся машынамі й добра цяміў у мэханіцы. у васямнаццаць год ён пайшоў, мінуўшы войска й ваенныя зборы, з тэхнічна-мэханічнага каледжу проста ў акадэмію ДАІ, і я ня ведаю, што зь ім здарылася, можа быць, трохгадовае выкладаньне «ідэалёгіі белоруссіі», але ён кардынальна зьмяніўся. са мною нават не вітаецца, дзяўчына, зь якой ён быў, распавядала гісторыю пра тое, як іх пад Менскам спынілі даішнікі і «нават майго Андрэйку аштрафавалалі!» ейнае «нават» гучала з такім патасам, быццам бы ехалі яны ў карэце й нікога не чапалі, усе навокал кланяліся долу, а тут штраф.
малады чалавек зарана атрымаў уладу кіраваць, штрафаваць, вырашаць чыйсьці лёс. юнак, мінуўшы інтэлектуальны рост і разумовае сталеньне, адразу ў нашай краіне трапіў у кампанію апошніх ваўкалакаў, якія з рамантычнага дзіцёнка ператварылі яго ў выхвальнага, грэблівага зносінамі, патаснага й ідэалягічна згвалтаванага чалавека, які цяпер працуе ў «органах». перамену ў маладым чалавеку на вясельлі заўважылі ўсе, акрамя ягоных бацькоў і роднай сястры (тая, дарэчы, перабралася ў Менск і працуе судовым надзіральнікам), яны ўвесь час толькі й распавядалі, ях іхны нашчадак выкараскаўся з лайна і цяпер жыве на ўскраіне «сярабранкі» і ўжо нават жыгуль прыдбаў і бабу завёў, і праз два гады яму абяцаюць старэйшага, і, напэўна, ён будзе рухацца вышэй, па лесьвіцы «органаў».
я чамусьці ўспомніў сэрыю з Саўс Парка, дзе людзі настолькі паглыбіліся ў свой патас і выхвальства, што пачалі размаўляць з заплюшчванымі вачыма, строіць грымасы і нават нюхаць пахі ад свайго пярдзяжа, бо гэта ж іхнае, самае каштоўнае й сапраўднае.
наглядчык