іх знайшлі толькі праз суткі, праз крыкі ўнучкі аб дапамозе. знайшоў сусед.
каб дастаць з абдымкаў нябожчыцы дзяўчо, давялося ламаць памерлай бабулі рукі.
сусед унучку забраў да сябе і разам са сваімі дачуркамі і старэйшым сынам здолеў нейкім магічным чынам адаслаць іх зь Леніграду да сваякоў у Магілёў. сам сусед да дзяцей не вярнуўся, а дзяўчынка пасьля вайны адправілася вучыцца ў Менск на настаўніцу, там і знайшла сваё каханьне, нарадзіла дачку, а тая ў сваю чаргу нарадзіла ёй унучку.
гэтая ўнучка два тыдні таму яшчэ сядзела са мною ў двары, перад вогнішчам, мы елі смажаныя курыныя крылцы, пілі піва й віно, гутарылі, яна распавядала мне пра сваю бабулю, цуд, выратаваньне, лёс, а на наступную раніцу зьехала зваротна ў Менск разам зь сяброўкаю й сябрамі.
ня ведаю, ці пабачымся мы зь ёю яшчэ раз.
галяграма
адно з маіх улюбёных заняткаў, калі хочацца разьмяць мозг, – разгляданьне прац Босха. гэта адзіны мастак, карціны якога мяне натхняюць, кожны ягоны пэрсанаж – гэта свая асобная гісторыя, якая вельмі лёгка можа памнажацца на дзясяткі іншых гісторый. мая мара – напісаць на кожную істоту Босха асобную мініяцюру, стварыць свой уласны Сад Істотаў, пераасэнсаваць сутнасьць існаваньня кожнае зь іх, паглыбіцца ў нэтры пачатку сьвету. гэта як дайвінг уласнага падсьвядомага, глыбей, глыбей – ціск падвышаецца, вось і кіслароду не стае, але ўсё роўна паглыбляесься. гэта як калі пачынаеш разважаць пра сэнс свайго жыцьця, калі думкамі даходзіш да той самай мяжы, дзе ўяўленьне ўласнага цела ў прасторы, што завецца атмасфэра, падаецца цалкам вар’яцкім і ненатуральным, быццам бы ты ня ёсьць сапраўднай жывой істотай і ўвесь гэты жыцьцёвы побыт, ня мае нічога агульнага з запачаткаваным жыцьцём.
пару дзён таму я даведаўся, што ўсе нашыя электроны і пратоны даўно ня самыя дробныя часьціцы, зь якіх складаецца сьвет, што ёсьць элемэнты, якія ўзьнікаюць пасьля сутыкненьня пратонаў, гэтыя часьціцы як іскры – ляцяць у розныя бакія, і склад у іх іншы, і падабенства незвычайнае, і вось сьвет складзены ўжо інакш, чым я ўяўляў, і вось гэтыя часьціцы ўжо запісаныя ў адмысловую табліцу, якая мае агулам 9 элемэнтаў, якія атрымалася ўбачыць, сутыкнуўшы трыльёны пратонаў у Вялікім адронным каляйдэры ў Швайцарыі, стварыўшы сіксьцільёны новых элемэнтаў.
а далей распачала сваё існаваньне новая тэорыя сьвету – тэорыя Галяграмы. увесь наш сьвет ёсьць аднамерным, але праз тое, якім чынам рухаюцца пратоны, мы яго бачым як трохмерны, і гэты сьвет рухаецца, але насамрэч мы ёсьць адбіткам рэальнага сьвету. экспэрымэнт даказаў, што, калі пратон праходзіць празь любы танэль, любы прадмет, які мае скразную дзірку, – пратон на выхадзе дзеліцца, то-бок увесь наш сьвет мае яшчэ адзін падобны сьвет, у якім я таксама сяджу за кампутарам, але пішу крыху інакш, і, магчыма, у мяне іншы колер вачэй, а можа быць, у мяне пішацца ня гэты тэкст, але саната. такім чынам вынікае, што наша сутнасьць неверагодна далёкая ад нас й неспасьцігальная, як і спроба ўявіць самога сябе галяграмаю.
і вось што яшчэ дзіўна – калі чалавек назірае за пратонамі, яны паводзяць сябе інакш, ніж калі за імі назірае кампутар, сам чалавек са сваімі ўласнымі малекуламі ўносіць у працэс дасьледаваньня збой – гэта мне здаецца самым прыўкрасным: калі мы хочам дазнацца пра існасьць сьвету, сьвет хавае ад нас сваю існасьць.
што тычыцца Босха, сёньня я прачытаў апавяданьне Эла Сарантоніё «Сэкта насатых» і ўпэўніўся, што гэты амэрыканскі пісьменьнік дакладна скарыстаўся Босхам, вельмі дакладна.
нагода
сёньняшняй ноччу так атрымалася, што я ўспомніў адну старую нагоду, каб выпіць. нагода ня самая вясёлая, але вельмі блізкая і незваротная. як цяпер памятаю свае дзевятнаццаць год і другі прыезд Ханны. зь ёй я пазнаёміўся ўзімку, выпадкова, у кавярні Лёндан, я тады вучыўся на першым курсе.
Ханна сама з Польшчы, прыехала ў Менск да кузыны. нашае знаёмства й далейшыя тры тыдні адносінаў я магу назваць першым буйным каханьнем, якое сталася для мяне каштоўным, калі мінула пяць год.
калі мы толькі пазнаёміліся і закахаліся, я жыў быццам бы ў сьне: усе пачуцьці й успаміны знаходзіліся пад мяккім летнім пледам, я інтуітыўна жыў, кахаўся, назіраў за Ханнаю. я не да канца ўсьведамляў, што са мною адбывалася, усё навокал падавалася такім лёгкім, натуральным і што жыцьцё ёсьць такім, якім ёсьць. мы хадзілі ў кнт. «Пабеда», былі аматарамі аўтарскага кіно, падалі ў гурбы, сьмяяліся, у нас зусім не было грошай, але мы елі крабавыя палачкі з маянэзам і нам хапала.
і вось Ханна зьехала і вярнулася толькі ў канцы жніўня, я акурат пасьпеў прыехаць у Менск і засяліцца ў інтэрнат. з вахцёрамі была дамова, з суседзямі па пакоі – таксама. у нас быў тыдзень на ўсё, што мы заплянавалі, але за гэты тыдзень мы толькі тройчы пакідалі пакой.
а потым Ханна ізноў зьехала, і я яе ня бачыў тры гады. яна пісала мне лісты, малявала сама паштоўкі – кожны раз былі выявы рыбаў, пісала такія рэчы, што ў мяне да гэтага часу сьціскаецца сэрца: ты маё каханьне, мой пачатак і канец, мой сапраўдны першы мужчына, мой, мой, мой.
мне варта было ехаць да яе ў Польшчу, тым больш, яна зьбіралася адвучыцца ў Кракаве й пераехаць у Бэрлін, а мне было вусьцішна, і я ня ведаў, якім чынам пераехаць да яе. а потым, яшчэ праз два гады, яна зьехала ў Бэрлін і да гэтага часу там жыве – у яе муж немец, уладальнік невялікай кнайпы ў раёне Ной Кёльн, яе сыну Андрэасу, напэўна, ужо больш за чатыры гады.
апошні раз яна мне пісала ў Фэйсбуку месяц таму, паказвала фота яе з мужам, сына.
я, між іншым, абраў зусім іншы шлях, і ўжо другі год жыву на старой сялібе.
было далёка за дванаццаць, я сядзеў каля вогнішча, піў самагон, разважаў пра сваё жыцьцё і ўспамінаў Ханну, калі мяне да непрытомнасьці напалохаў сабака. проста для ўяўленьня: ноч, цёмная, зораў няшмат, цьмяна сьвеціць месяц, навокал нікога, і тут каля маёй левай нагі зьяўляецца чорная аўчарка, сядае і кладзе мне на калена галаву. я адразу падумаў: усё, мяне сёньня зьядуць, але ж не, сабака, паклаўшы галаву, глядзеў на мяне з-пад ілба, сумны такі. я даў яму смажанай на вагні рыбы, ён пад’еў, пасядзеў яшчэ са мною хвілінак дзесяць і зьнік у цемры так жа раптоўна, як і зьявіўся.
і я вось думаю, можа быць, мне гэты сабака сасьніўся, можа быць, маё падсьвядомае дало мне крыху ласкі праз тое, што я ізноў засумаваў па мінулым каханьні?
трусочкі
год таму я наўмысна набыў дзесяць маленькіх трусочкаў, цудоўных пухнатых трусікаў, некалькі зь іх нечакана апынуліся з прыгожымі шэра-блакітнымі пералівамі.
плян быў такі: адгадаваць кожнага трусіка ў дзесяцікіляграмовых монстраў, каб потым зарабіць на іхным мясе й поўсьці.
сур’ёзна, каб жыць у сялібе, не дастаткова гародзікі вырошчваць, трэба даволі спрытна варушыцца, налівачку гатаваць, мяска прапаноўваць у продаж, сыры, масла.
я вырашыў, што мяса трусоў – дыетычнае, само па сабе экалягічнае, здаровае, ну і нарэшце – дарагое.
сёньня раніцай паклікаў таго мужыка, які самы дасьведчаны сярод навакольных жыхароў, маўляў, замова ёсьць, бяром аднаго трусочка, якога ўжо цяжка памяньшальна-ласкальна называць – амаль дзевяць кіляграмаў чысьцейшага мяса й ані граму тлушчу, – забіваем яго і прадаем.
мужык выконвае мокрую справу, я даю яму два літры адборнай моцнай малінавай наліўкі, якая настойваеццца ажно з мінулага году.
я, скажу шчыра, ня надта рэальна ўяўляў, як гэта адбываецца – забойства труса, але адначасова ўсьведамляў, што мы жывем не ў Эўропе і што ў нас жывёла забіваецца ня так гуманна.