— Я навучу вас, як павука-людаеда перамагчы, — звярнуўся Міхась да Апельсіна. — Галоўнае — праз мост яго не прапусціць. Вазьміце якія-небудзь анучкі, намачыце ў газу і закапайце перад мостам. Павук абавязкова газу знюхае. Тады і на вяроўцы яго праз мост не перацягнеш. Толькі так закапайце, каб Кляйн не заўважыў.
Хітры Міхась. Я здагадаўся пра газу, а ён вучыць… Прафес-сар! Ну і хай вучыць. Хіба будзеш сварыцца?
Апельсін узяў каністру.
— Кладзіцеся спаць. А я пайду. Мы ўсё-ўсё зробім. Не хвалюйцеся.
Ішла трэцяя ноч, як мы прыляцелі ў Эльдарада.
УЛЬТЫМАТУМ
Спаў я гэтую ноч як пшаніцу прадаўшы. А вось пад раніцу мая родная вёска Парэчча прыснілася. Снілася, як па прыгуменнях скачуць няўрымслівыя вераб’і, шукаючы спажывы, як весела перасвістваюцца ў садах шпакі, як паважна бусел ляціць над агародамі, кіруючыся на балота…
Я ляжаў і, здаецца, плакаў. А магчыма, гэта проста быў такі сон? Як вы лічыце: ці можа чалавек сплючы плакаць?
Так мне саснілася. А калі прачнуўся, Міхась і Наташа пачалі смяяцца з мяне.
— Ну ты і хроп! — першым пачаў Міхась. — Я думаў, што зямлянка разваліцца.
А Наташа:
— Калі б павук-людаед пачуў, то набраўся б страху.
— Уцякаў бы, як ад газы ці ад селядца, — падтрымаў яе Міхась.
Слухаў я іх, слухаў, ды надакучыла.
— Я не хроп, а размаўляў,— кажу.
Міхась ажно за жывот схапіўся, як пачуў гэткае.
— Не магу. Ой, не магу…
— Чаго качаешся, як кот на печцы? — кажу. — Вучоныя даказалі, што людзі размаўляюць у час сну. Нямецкі вучоны Фрытц Хелд так сцвярджае. Пачытаў бы. Такая мова агульная для ўсіх людзей планеты. Калі чалавек моцна храпе, то ён як бы вызваляецца ад нервовага напружання. Вось і я вызваляўся. Ведаеш, як дасталося мне ў камарыным пакоі?
— Ой, не магу! — яшчэ мацней засмяяўся Міхась. — Наш Андрэй з Фрытцам Хелдам у сне размаўляў! А я думаў: чаго ён так стараецца?
— Дасмяешся. Як тады, на востраве, — буркнуў я і выйшаў з зямлянкі. Думаў, што нарэшце адчэпяцца ад мяне. А яны таксама з зямлянкі вылезлі, рагочуць.
— Марозік, што табе Хелд перадаў? — заходзіцца Міхась.
— Андрэй, болей не будзеш ад нервовага напружання вызваляцца? — збыткуе Наташа.
Я, мабыць, ад іх на возера ўцёк бы ці на дрэва схаваўся б. Лепей з ілістымі скакунамі сядзець, чым з імі. Уцёк бы, калі б не прыйшоў Апельсін.
Ен выцер узмакрэлы лоб, здзіўлена паглядзеў на нас:
— Чаго вы так развесяліліся?
— Так сабе, — сказаў Міхась. — А вы ўсё зрабілі?
— Зрабілі. Не пройдзе праз мост павук-людаед. Але я вось што знайшоў.— Апельсін выняў з кішэні аркуш паперы, падаў Міхасю. Міхась узяў аркуш, пачаў чытаць: «Ультыматум! Калі вы, галубкі-вундэркінды, да паўдня не вернецеся ў мой дом, то я знішчу ўсіх жыхароў Эльдарада. Кляйн».
— Што рабіць? — спытаўся Апельсін. — Такіх папер шмат паразвешвана.
Што рабіць? І мы пра гэта думалі. Ісці да Кляйна? Зноў у камарыны пакой пасадзіць. А можа, яшчэ што горшае прыдумае. Не пайсці? Сваіх слоў Кляйн на вецер не кідае. Знойдзе спосаб, як жыхароў Эльдарада пакараць, калі нават павук яго не паслухаецца.
Вось пачвара! Пашчасціла нам трапіць да такога! Думалі, што жыхарам Эльдарада дапаможам, а выйшла наадварот: з-за нас яны загінуць. Загінуць, калі да Кляйна не прыйдзем.