— Што ты лічыш?
— Трафеі. Можаш і ты свае шчокі падстаўляць. У мяне рука натрэніравалася.
— Цішэй, — прашаптала Наташа. — Хтосьці ў шыбу стукае.
Мы глянулі ў акно і ўбачылі на шыбіне чыйсьці расплюснуты нос.
— Вось гэта падаруначак! — усклікнуў я. — Нейкі чорт да нас лезе.
Наташа тарганула мяне за рукаў:
— Ён кліча нас. Чуеш?
Мы з Міхасём падышлі да акна.
— Я Апельсін, Апельсін, — данеслася глуха, як з-пад вады.
Апельсін… Неяк смешна мне стала. Апельсін… Нашым камарам толькі апельсінаў і не хапае. Цікава: чаго гэты Апельсін так упёрся носам у шыбіну, чаго ён хоча ад нас? Няўжо Кляйн яшчэ адзін сюрпрыз падрыхтаваў?
— Я індзеец. Апельсін — маё імя, яго мне Кляйн даў. Вы мяне бачылі. Я мост вартаваў.
Значыць, гэта той вартаўнік. Мы за яго заступіліся, а ён, відаць, хоча дапамагчы нам.
— Адчыніце. Акно адчыніце.
Адчыніце… Гэтае акно і з гарматы не праб’еш.
— Адчыніце. Пад падаконнікам ёсць кнопка. Націсніце на яе.
Я ўкленчыў, пачаў хутка-хутка мацаць абедзвюма рукамі, шукаючы нябачную кнопку. Здаецца, намацаў, знайшоў. Хвалюючыся, націснуў. Акно бясшумна расчынілася.
Апельсін прасунуў галаву ў акно.
— Спускайцеся за мною. Тут лесвіца. Спачатку Наташа, потым я і нарэшце Міхась злезлі па лесвіцы на зямлю.
— Ідзіце за мною. Я вас выведу адгэтуль, — сказаў Апельсін.
ЦІ МОЖНА ВЫРАТАВАЦЦА АД ПАВУКА-ЛЮДАЕДА?
Апельсін прывёў нас у зямлянку. У зямлянцы стаяў стол, збіты з дошак, гарэла газніца. Гэткія газніцы ў наш школьны музей вучні прыносілі.
А яшчэ паўз сцен цягнуліся драўляныя нары. На нарах ляжала трава.
Апельсін паказаў нам на нары.
— Тут будзеце спаць. Так цяпер усе жыхары Эльдарада жывуць.
Я пазіраў на гэтыя нары і не верыў, што нарэшце вырваліся з учэпістых лап Кляйна.
— Як ты даведаўся, што мы ў камарыным пакоі сядзім? — запытаўся Міхась у Апельсіна.
Апельсін прысеў на нары.
— Кляйн за намі сочыць, а мы за Кляйнам. Я ўсё пра вас ведаю: і як сабаку адчапілі, і як з Кляйнам спрачаліся, і як вас пчолы пакусалі, і чаму ў камарыны пакой трапілі. Скажыце, праўда, што вы з Савецкага Саюза прыляцелі?
— З Савецкага Саюза. З Беларусі,— з гонарам адказала Наташа.
— Мне Кока-Кола пра Савецкі Саюз расказваў,— усхвалявана прагаварыў Апельсін. — Мы з ім раней у лабараторыі працавалі. Я і чытаць, і пісаць, і чарціць умею. Але неяк не дагадзіў Кляйну. Яму цяжка дагадзіць. Вось і паставіў мост вартаваць. А праўда, што ў Савецкім Саюзе ўсе дзеці вучацца?