— Ластаўкі ў Эльдарада? — здзівіўся я. — Яны жывуць толькі ў нас, у Еўропе, а на зіму ў Афрыку адлятаюць.
Міхась не згадзіўся са мною:
— Ёсць і такія, якія заўсёды ў Паўночнай Афрыцы жывуць. У іх нават крыло на чатырнаццаць міліметраў меншае, чым у нашых ластавак. Афрыканскім ластаўкам, дзе клімат сухі і гарачы, лятаць лягчэй. Таму і крыло ў іх карацейшае.
— Але чаму ў Эльдарада ластаўкі? Як яны сюды трапілі?
— Не здзіўляйцеся, — сказаў Апельсін. — Іх прывёз сюды Кляйн. Яны тут і прыжыліся. Вось так. А вы, напэўна, стаміліся? Пацярпіце крыху. Хутка «Ластаўчын тунель»…
Зноў падышлі да лесу. І тут, на ўскрайку, я ўбачыў незвычайнае: магутныя дрэвы высока над зямлёю пераплялі галіны, утварыўшы доўгі зялёны тунель.
Мы ўвайшлі ў гэты створаны прыродаю тунель — напэўна, адзіны ў свеце. І тут на нас накінуліся камары… А вакол, ледзь не чапляючы нас крыламі, ляталі ластаўкі, глытаючы камароў.
Вось калі я здагадаўся, чаму гэты тунель назвалі «ластаўчыным тунелем».
Вузкая сцяжынка вяла на ўзгорак. Адмахваючыся ад камароў, мы абагналі Апельсіна і падняліся на ўзгорак. На ўзгорку была роўная расчышчаная пляцоўка.
— Самалёт! — закрычала Наташа. — Глядзіце, самалёт!
— Не, гэта планёр, — сказаў Міхась.
Так, на ўзгорку стаяў двухкрылы планёр, за хвост прымацаваны да зямлі. На насавым круку планёра мы ўбачылі два доўгія гумовыя шнуры.
Наташа пакратала іх рукою.
— Навошта яны?
— Стартавая каманда гэтыя шнуры нацягвае. Пяць — восем чалавек. Пілот адчапляе хвост планёра ад зямлі, і планёр, крыху прабегшы, як камень з рагаткі, вылятае ўперад, — растлумачыў Міхась.
— І мы на ім паляцім?
— Не ведаю. Самастойна падняцца вышэй месца старта планёр не можа. А гэты ўзгорак не вельмі высокі. Дый трэба, каб яшчэ надвор’е спрыяла. Чытала пра лунаючы палёт птушак? Буйныя драпежныя птушкі гадзінамі кружацца ў небе, не варушачы крыллямі, а толькі пагойдваючы імі то ў адзін, то ў другі бок. Яны выкарыстоўваюць струмені цёплага паветра, якія ўзнімаюцца ад нагрэтай сонцам зямлі. Такім спосабам і планёр ляціць.
Да нас падышоў Апельсін.
— Гэты планёр адрозніваецца ад тых планёраў, якія ёсць у вас, — сказаў ён. — Тут матор стаіць. І яго кабіна цяплейшая. Я дапамагаў Кляйну яго рабіць. Разам з Кока-Колам.
— Значыць, мы даляцім дамоў? — абрадавалася Наташа.
— Абавязкова, — усміхнуўся Апельсін. — А спачатку навучу вас кіраваць планёрам.
Не, не думайце, што праз паўгадзіны мы селі і паляцелі. Мы хацелі так зрабіць, ды Апельсін не дазволіў.
Спачатку ён паказаў, як кіраваць планёрам. Амаль не да вечара нас трэніраваў. А потым мы начавалі на ўзгорку. Усю ноч не спалі, размаўлялі. Тады Апельсін і сказаў нам:
— Кока-Кола не хацеў так жыць, як мы жывем. Хацеў з суседзямі пазнаёміцца. Мы ім дапамагалі б, а яны нам. Я пра гэта нашым людзям раскажу.
А на другі дзень, зранку, Апельсін прывёў «стартавую каманду»— сваіх сяброў-індзейцаў. Мы селі ў планёр, індзейцы нацягнулі гумовыя шнуры. Планёр, прабегшы метраў дзесяць, адарваўся ад узгорка.
Мы не крычалі «ура!». Мы разумелі, што многа цяжкасцей чакае нас наперадзе. Але кожны з нас верыў, што адолее іх. Жаданне трапіць дамоў, на Радзіму, верылі, дапаможа адолець гэтыя цяжкасці.
А пакуль планёр бясшумна ляцеў над Эльдарада.
ВЫПРАБАВАННЕ, альбо БАБА ЯГА НА ЎРОКУ ЗААЛОГІІ