— Не толькі дзеці, але і дарослыя, — сказала Наташа. — У тэхнікумах, у інстытутах, у акадэміях, ва універсітэтах. Такіх дарослых студэнтамі называюць. А летам мы працуем, адпачываем. У піянерскіх лагерах. Такіх лагераў у нас многа-многа.
— Дзіўна, — прамовіў Кляйн.
— А што ж тут дзіўнага? У нас і дарослыя адпачываюць. У вялікіх-вялікіх дамах. Такія дамы дамамі адпачынку называюцца, санаторыямі.
Апельсін некалькі хвілін маўчаў. Сядзеў, апусціўшы галаву. Відаць, думаў пра тое, што Наташа расказала.
— А вы Кока-Колу бачылі? — запытаўся ён нарэшце.
— Як цябе цяпер, — хуценька сказаў я. — Кока-Кола папрасіў, каб дапамаглі вам, каб Кляйнаву лабараторыю знішчылі. Мы з ім на «Яшчарцы» прыляцелі. Банан і Кальмар здагадаліся, што мы з Савецкага Саюза. І тады Кока-Кола ўзарваў «Яшчарку». А мы на парашутах спусціліся.
Апельсін паківаў галавою:
— Кока-Кола быў смелы. Яго Кляйн не любіў. Кока-Кола хацеў нашым суседзям дапамагчы.
— Дык у вас і суседзі ёсць? — спытаўся Міхась.
— Ёсць, але мы з імі ніколі не сустракаліся. Чулі пра краіны Лацінскай Амерыкі?
— Канечне, — сказаў Міхась. — Ім цяпер нясоладка. Яны многа грошай багатым капіталістычным краінам павінны. Ніяк не выплацяць.
— Не выплацяць. А ў нас багацце: каштоўныя камяні, золата.
— І вы дапамаглі ім? — запыталася Наташа. Хмурынка прабегла па твары індзейца.
— Кока-Кола Кляйну сказаў, што трэба дапамагчы. Кляйн быццам згадзіўся. Загадаў золата і каштоўныя камяні на адну паляну пазносіць. Ніхто не пярэчыў. Пазносілі мы багацце, а Кляйн так зрабіў, што яно ў камяні ператварылася. Цяпер сочым, каб паляна лесам не зарастала.
— Хлопчыкі, дык мы спусціліся на той паляне! — усклікнула Наташа. — Гэта «Паляна валуноў». Здагадаліся?
— Здагадаліся. А што з таго? — прагаварыў Міхась.
— Бяда нас заўтра чакае, — паціху сказаў Апельсін. — Сённяшняю ноччу многія ад Кляйна паўцякалі. Ен хоча зранку павука-людаеда на паляванне выпусціць. Некаторыя там, у лабараторыі, ужо загінулі…
Я вырашыў супакоіць Апельсіна.
— Палохае вас Кляйн. Няма ў яго павука-людаеда. Яму шымпанзэ Мікі жывот суком прапароў.
— Другога людаеда Кляйн вырасціў. Яшчэ страшнейшага. У яго нюх, як у крата.
«Нюх як у крата…» Сапраўды, ад такога павука і пад зямлёю не схаваешся. Крот чуе пах дажджавых чарвей нават праз паўтараметровую тоўшчу зямлі. Але крот чарвямі харчуецца. А павук-людаед… Ен, вядома, не чарвей будзе шукаць. Ен і нас у гэтай зямлянцы знойдзе. Што ж рабіць?
— Калі ў нас на градах крот завёўся, — кажу, — мама ў яго нару паклала галаву ад селядца. Крот рэзкіх пахаў не церпіць. А калі і нам селядцамі павука-людаеда адагнаць?
— Няма селядцоў у Эльдарада, — развяла рукамі Наташа.
Кепска. Вельмі кепска, што няма. Але неяк трэба людзей ратаваць і самім ратавацца. Дык што ж зрабіць? Што яшчэ можна прыдумаць? Я глянуў на газніцу.
— Апельсін, дзе ты гэтую газніцу ўзяў?
— У Кляйна яна стаяла. Кляйн прывёз яе, калі ў лабараторыі электрычнасці не было. Ну а пасля я яе сюды прынёс. Тут мой брат жыў, пакуль павук-людаед яго…
Апельсін не даказаў да канца, нагнуўся і выцягнуў з-пад нараў ёмістую каністру.
— Я і газу ў Кляйна ўзяў. Бачыце: цэлая каністра засталася.
Я адкрыў каністру, панюхаў газу.
— Фу, якая смярдзючая!