— Ты будзеш суддзёй.
Такую гульню я знарок прыдумаў. Каб Кляйн пазлаваў. Я ведаў, што ён падслухоўвае нас.
— Пачынай, — сказаў Міхась.
— Камары п’юць кроў,— пачаў я.
— Адзін — нуль, — адкрыла лік Наташа.
— Кроў п’юць толькі самкі,— не згадзіўся са мною Міхась. — Самцы п’юць сок кветак. У іх хабаток не такі, як у самак. Ім яны не могуць пракалоць скуру.
— Адзін — адзін, — сказала Наташа.
— Ад камарынага ўкусу свярбіць і баліць цела, — кажу.
— Два — адзін.
— Не заўсёды, — прагаварыў Міхась, — Калі камар утыкае хабаток у скуру, болю мы не адчуваем, бо ў ядавітай сліне камара ёсць анестызуючае рэчыва. Так бывае ў час аперацыі.
— Два — два.
Што ж яшчэ пра камароў сказаць? Ага.
— Камары баяцца холаду.
— Тры — два.
Я задаволена ўсміхнуўся. «Выйграў», — думаю. А Міхась, як сапраўдная хадзячая энцыклапедыя:
— Не ўсе. Ёсць на зямлі камар, які не баіцца холаду. Вучоныя нядаўна даведаліся пра яго. Ён у Гімалаях жыве. Нават пры тэмпературы мінус шаснаццаць градусаў ён выдатна сябе адчувае. А лічынкі гэтага камара жывуць у ледзяной вадзе.
— Тры — тры, — паведаміла Наташа.
Відаць, прайграю. Не, не хочацца прайграваць.
— Камары жывуць нядоўга. Усяго некалькі дзён. І Міхась не здаецца:
— Гімалайскі камар жыве з вясны да позняй восені.
— Чатыры — чатыры.
— Камар у прыродзе не патрэбны. Ен назаляе чалавеку і жывёлам.
— Пяць — чатыры.
— Патрэбны, — не згаджаецца Міхась. — Лічынкі камара выводзяцца ў вадзе, і імі кормяцца рыбы. А яшчэ камары — корм для птушак.
— Пяць — пяць.
Я наморшчыў лоб. Што ж яшчэ пра гэтага праклятага камара прыдумаць?
— Здаешся? — пытаецца Міхась.
— Надакучыла, — кажу. — Спаць хочацца. Вочы зліпаюцца. Хопіць.
— Не, не хопіць, — пачуўся Кляйнаў голас. — Хутка вы пагуляеце. З камарыкамі пагуляеце.
У пакоі патухла святло. Стала цёмна-цёмна.