Міхась разарваў лісток і кінуў яго на зямлю.
— Вядомыя штучкі,— прагаварыў.— Фашысцкія.
— Пра што ты? — не зразумела Наташа.
— Пра ультыматум. Чытала ў кнігах? Так фашысты і ў вайну рабілі. Невінаватых заложнікамі бралі… Трэба ісці да яго.
— Не iдзіце! — кінуўся да нас Апельсін. — Цяпер Кляйн як ашалеў. Я не ведаю, што ён з вамі зробіць!
— Пойдзем, — сказала Наташа. — Нам усё роўна трэба сустрэцца з ім. Інакш лабараторыю не знішчыш.
— Пойдзем, — уздыхнуў я. — Апельсін, пакажы нам дарогу. Толькі да ўзлеску давядзеш.
І Апельсін павёў нас да Кляйна. Не стану расказваць, што было ў нас на душы. Дый вы самі гэта адчуваеце.
А Кляйн, відаць, чакаў нас. Ен стаяў каля моста і ўсміхаўся.
— Што, з’явіліся?
Мы маўчалі.
— Піф-Піф, — паклікаў Кляйн. З-за будкі выскачыў Піф-Піф.
— Вартуй іх. Не паслухаюцца — страляй. Адразу. Зразумела?
Піф-Піф махнуў галавою.
— Доктар Кляйн, куды гэта вы? — спытаўся Міхась. — Вы стрымаеце сваё слова?
— Гм, за індзейцаў заступаецеся? — хмыкнуў Кляйн. — Зараз я вас пацешу! Свайго павука на паляванне выведу. Ен сюды індзейца прывалачэ.
Я заўважыў, як збялеў Міхась з твару. Ен памкнуўся наперад.
— Але ж вы пісалі…
— Мала што я пісаў,— перабіў Міхася Кляйн. — А ты, хлопчык, не бойся. Пакуль павук цябе і тваіх спадарожнікаў не кране. Ен па зададзенай праграме працуе. Сёння на белых ён не нападае. Толькі на індзейцаў. З вамі я пасля пагавару. Вы ў мяне…
Кляйн павярнуўся і хутка пакрочыў па дарожцы. Мы кінуліся за ім.
— Стаяць! — крыкнуў Піф-Піф, наставіўшы лук. — Яшчэ крок — і страляю.
Мы бездапаможна сціснулі кулакі.
Селі на траву, пазіраючы на пасыпаную жоўтым пяском дарожку. Мы чакалі. Чакалі Кляйна і яго павука. Чакалі, спадзяваліся…
Час цягнуўся марудна. І вось мы ўбачылі іх. Павук-людаед ішоў наперадзе. Ен, як кропля вады, быў падобны на таго першага павука-крыжавіка, які каля возера гнаўся за індзейцам. Гэткія ж доўгія ногі, адвіслае брушка, пукатыя вочы…
Мы ўсе як здранцвелі.
Павук спыніўся перад мостам.
— Ідзі! — крыкнуў Кляйн. — За індзейцам ідзі. Індзейцы смачныя!
Павук адступаўся назад.
— Ідзі!.. Наперад!..
Кляйн, упёршыся рукамі, стаў пхаць павука.