Нельга сказаць, як упершыню гэтая ідэя прыйшла мне ў галаву, але, прычапіўшыся аднаго разу, яна не пакідала мяне ні ўдзень, ні ўночы. Тут не было ні намеру, ні абвостранае жарсці. Я любіў гэтага старога. Ён аніводнага разу не зрабіў мне нічога кепскага, не пакрыўдзіў мяне. Я не зважаў на ягонае золата. Здаецца, прычынаю ўсяго было ягонае вока, менавіта яно! Вока, бледнае й блакітнае, зацягненае плеўкаю, было падобнае да вока грыфа. Калі ж яно натыкалася на мяне, мая кроў халадзела; гэтак спакваля я надумаў забіць старога, каб назаўжды пазбавіцца гэтага вока.
Вось і ўся рахуба. Мяркуеце, я — вар'ят? Вар'яты нічога не цямяць. Каб жа вы бачылі мяне, бачылі, як адмыслова я ўсё рабіў — з якою перасцярогай, з якою прадбачлівасцю, з якім удаваннем распачаў я работу! Ніколі я не ставіўся да старога так добра, як за тыдзень перад забойствам. I штоночы, блізу дванаццатае, я падымаў клямку ягоных дзвярэй і прачыняў іх — ціха-ціха! А пасля, зрабіўшы дастатковую для свае галавы шчыліну, я скіроўваў туды добра зачынены, каб не бліснула святло, зацемнены ліхтар, а ўслед ужо засоўваў галаву. Вас ахапіў бы смех, калі б пабачылі, як умела я прасоўваў яе. Я сунуў яе паволі, зусім паволі, каб не патурбаваць старога ў сне. Цэлая гадзіна ішла на тое, каб памясціць маю галаву ў шчыліне так, што я мог бачыць старога на ложку. Га!.. Хіба ж мог вар'ят дзеяць так разважліва? А калі мая галава трапляла ў пакой, я з асцярожнасцю расчыняў ліхтар, надзвычай асцярожна (абы не рыпнулі петлі) расчыняў яго, каб просты ценькі праменьчык спадаў на хіжае вока. I гэта я рабіў сем доўгіх начэй — акурат апоўначы, — але вока, здавалася мне, заўсёды было заплюшчанае, чаму й не выпадала здзейсніць задуму, бо ж дадзяваў мне не сам стары, але ягонае Паганае Вока. I штораніцы, калі бралася ўжо на дзень, я смела ішоў у спачывальню й гучна гаманіў з ім, па-прыяцельску называючы яго па імені й дазнаючыся, як прамінула ноч. Гэткім парадкам, бачыце, яму належала быць вельмі праніклівым чалавекам, каб запасочыць, што кожнае ночы, рыхтык а дванаццатай, я зазіраў да яго, пакуль ён спаў.
На восьмую ноч я быў асабліва пільны, прачыняючы дзверы. Хвілінная стрэлка гадзінніка рухалася нашмат хутчэй, чымсьці мая рука. Ніколі дасюль я не адчуваў настолькі свае патужнасці, свае празорлівасці. Я ледзьве стрымліваў пачуццё трыюмфу. Адно падумаць, што я прыходзіў, спакваля расчыняў дзверы, а стары нават у сне не бачыў маіх таемных учынкаў ды задумаў. Уявіўшы гэта, я ажно пырснуў смехам, а ён, магчыма, пачуў мяне, бо раптам заварушыўся, нібы злякаўся нечага. Цяпер, мабыць, падумаеце, што я адступіўся — але зусім не так. Апраметная цемра ахінала ягоны пакой (ён баяўся зладзеяў і шчыльна зачыняў аканіцы), таму я ведаў што ён не ўгледзіць шчылінкі ў дзвярох, і патроху налягаў на іх.
Я прасунуў у спачывальню сваю галаву і важыўся ўжо адчыніць ліхтар, але калі мой вялікі палец праслізнуў па бляшанай засаўцы, стары ўскочыў у ложку, выгукнуўшы: «Хто тут?»
Я застаўся нерухомы й маўчаў. Цэлую гадзіну я не варушыўся, але не пачуў тым часам, як ён зноўку лёг. Ён усё яшчэ сядзеў на ложку, услухоўваўся, дакладна гэтаксама як я ноч у ноч прыслухоўваўся да магільнае цішыні пакоя.
Трохі пазней я пачуў стогн, я ведаў, што гэты стогн спароджаны бязлітасным страхам. Гэта не быў енк пакуты або скрухі — ох, не! — гэта быў ціхі прыдушаны енк, што падымаецца з глыбіні душы, прасякнутай жахам. Я добра ведаў той гук. Часта ўночы, акурат апоўначы, калі ўсё спіць, ён вырываўся з маіх грудзей, паглыбляючы сваім смяротным рэхам тыя страхі, што шкуматалі мяне. Я ўяўляў, што адчувае стары, і спачуваў яму, хаця й пасмейваўся ў душы. Я ведаў, што ён не спаў ужо пасля першага нязначнага шуму, які змусіў яго заварушыцца ў пасцелі. Жахі ўсё мацней сціскалі яго ў сваіх абцугох. Ён стараўся думаць пра іх: «Гэта не што іншае, як вецер у коміне, гэта адно мыш праскочыла па падлозе», — або: «гэта проста цвыркун крыху пасакатаў». Ведама, ён сіліўся суцешыць сябе гэткімі дапушчэннямі, але ўсё дарма. Усё дарма, бо Смерць, набліжаючыся да яго, падбіралася чорным ценем і ахінала сваю ахвяру. I якраз немінучае ўздзеянне бесцялеснага ценю прычынілася да адчування ім (хоць ён не чуў і не бачыў), да адчування таго, што мая галава тут, у пакоі.
Доўга й цярпліва прачакаўшы, я так і не пачуў, ці лёг ён зноўку; тады й наважыўся прачыніць ліхтар — зрабіць ценькую-найценькую шчылінку. I я прачыніў яго — спакойна, настолькі спакойна, што ў гэта цяжка паверыць, — і нарэшце шпурнуўся з шчылінкі нязыркі, бы павучыная ніць, праменьчык і апынуўся на хіжым воку.
Яно было расплюшчанае, шырока-найшырока расплюшчанае, і я шалеў, пазіраючы на яго. Я надзвычай добра бачыў яго — невыразна блакітнае, зацягненае агіднай плеўкаю, якая ледзяніла мяне да глыбіні душы; але праз цемру я не мог пабачыць ні твару, ні цела старога, бо нясведама скіраваў прамень дакладна на тое клятае месца.
Хіба ж я не казаў вам, што прыманае за вар’яцтва ёсць проста празмернай праніклівасцю? Я пачуў увушшу ціхі, прыглушаны, прудкі зык, гэткі, што робіць гадзіннік, загорнуты ў вату. Безумоўна, я ведаў гэты гук — білася сэрца старога. Тахканне распаліла ўва мне лютасць — падобна да таго, як пошчак бубнаў абуджае жаўнераву адвагу.
Але я ўсё яшчэ стрымліваў сябе й не варушыўся. Я ледзьве дыхаў, трымаючы застыглы ў руцэ ліхтар, і сіліўся не зводзіць праменю з вока. Тым часам агіднае тахканне пачасцілася. Яно ўсё нарастала й нарастала, рабілася штосекунды прудчэйшае й гучнейшае. Страх старога, пэўне, стаў надзвычайны. Біццё гучнела, паслухайце, гучнела з кожным імгненнем! Ці зважаеце вы на гэта? Я казаў, што я нервовы, гэта сапраўды так. I тады, глыбокай ноччу, спасярод вусцішнае цішы старога дому, гэты дзіўны шум пазбавіў мяне змогі кантраляваць страх. I ўсё ж колькі хвілінаў я таймаваў сябе. Але біццё гучнела й гучнела! Мне здавалася, што сэрца можа разарвацца. I цяпер новая трывога ахапіла мяне — гук маглі пачуць суседзі! Прабіў час старога! З пранізлівым крыкам я расчыніў ліхтар і ўскочыў у пакой! Стары выгукнуў адзін, толькі адзін раз. Вокамгненна я сцягнуў яго на падлогу й прыдушыў цяжкім ложкам. Пасля я весела смяяўся, уважаючы, што ўсё ўрэшце зроблена. Але доўгія хвіліны сэрца яшчэ глуха тахкала. Гэта, тым не менш, не турбавала мяне; біцця не пачулі б за сцяной. Нарэшце яно сціхла. Стары быў мёртвы. Я адсунуў ложак і агледзеў труп. У ім зусім не было жыцця. Я прыклаў руку да ягонага сэрца й трымаў яе так колькі хвілінаў. Кроў не пульсавала. Ён быў назаўжды пазбаўлены жыцця. Ягонае вока больш не патрывожыць мяне.
Калі вы ўсё яшчэ лічыце мяне вар'ятам, дык пераканаецеся ў сваёй памылцы, дазнаўшыся пра мудрыя перасцярогі, выкарыстаныя мною, каб схаваць цела. Ноч сыходзіла, і я хапатліва, але без шуму, працаваў. Перадусім я разабраў труп: адрэзаў галаву, рукі й ногі.
Пасля я выняў з падлогі тры маснічыны й паклаў парэшткі паміж брусоў. А тады ўставіў дошкі назад так разумна й вынаходліва, што ніякае чалавечае вока, нават ягонае вока, не выявіла б нечага падазронага. Не трэ было нічога вымываць — нідзе ніводнае плямкі, ніводнае кропелькі крыві. Я быў вельмі акуратны. Усё засталося ў місе!
Калі я скончыў работу, была чацвертая — цямнота стаяла, як апоўначы. Адразу па тым, як звон прабіў чацвертую, пачуўся стук у парадныя дзверы. Я спусціўся адчыніць з спакоем у душы — чаго мне цяпер было баяцца? Увайшлі тры мужчыны і з бездакорнай ветлівасцю адрэкамендаваліся афіцэрамі паліцыі. Крык уначы пачуў сусед; вынікла запасочанне, што здарылася злачынства; інфармацыю перадалі ў пастарунак, і іх (афіцэраў) паслалі абшукаць дом.
Я ўсміхнуўся — чаго мне было баяцца? Я павітаў іх. Сказаў, што сам выгукнуў у сне. Стары, дадаў я між іншым, паехаў на вёску. Я паказаў ім увесь дом. Я прасіў іх агледзець — агледзець як след. Я прывёў іх нарэшце ў ягоны пакой. Я паказаў ім усе ягоныя каштоўнасці, цэлыя й нечапаныя. У захапленні ад свае ўпэўненасці я прынёсу пакой крэслы й папрасіў афіцэраў адпачыць, а сам з шалёнай смеласцю ад поўнага трыюмфу паставіў сваё крэсла якраз там, дзе спачываў труп ахвяры.
Афіцэры былі задаволеныя. Мае дзеянні пераканалі іх. Я паводзіў сябе зусім нязмушана. Яны сядзелі й гаманілі пра нешта звычайнае, і я таксама штосьці бадзёра казаў ім. Але неўзабаве я адчуў, што бляднею, і захацеў, каб яны як мага хутчэй пайшлі. У мяне балела галава і, здаецца, стаяў звон увушшу; а яны ўсё сядзелі й гаманілі. Звон зрабіўся выразнейшы; ён не знікаў, не, ён большаў. Я пачаў гаварыць развязней, каб пазбыцца хвалявання, але ён не сціх, а праявіўся яшчэ болей — і нарэшце я зразумеў, што шум быў не ў маіх вушох.
Няма сумневу, цяпер я надта спалатнеў, але гаварыў безупынку й павысіў голас. Аднак гук нарастаў — што я мог зрабіць? Гэта быў ціхі, прыглушаны, прудкі зык, вельмі падобны да зыку, што робіць гадзіннік, загорнуты ў вату. Я цяжка дыхаў, але афіцэры яшчэ нічога не чулі. Я гаварыў больш напорыста й заўзята, але шум няўхільна нарастаў. Я падняўся і ўсчаў нейкую пустую спрэчку, голасна вёрз лухту й раз'юшана махаў рукамі; але шум няўхільна нарастаў. Чаму б ім не пайсці? Я хадзіў тупаючы, узад і ўперад, нібы раззлаваны іх заўвагамі, але шум няўхільна нарастаў. О, Божа! Што я мог зрабіць? Я шалеў — я халераваў — я лаяўся! Я круціў крэсла, на якім перад тым сядзеў, і соўгаў яго па дошках, але шум перабіваў усё і нарастаў няспынна. Ён гучнеў — гучнеў — гучнеў! А тыя людзі па-ранейшаму з прыемнасцю гаманілі і ўсміхаліся. Ці маглі яны не чуць? Божа ўсёмагутны!.. Не, не! Яны чулі!.. яны падазравалі!.. яны ведалі!.. яны смяяліся з майго страху!.. — так я думаў і так я думаю дасюль. Не магло быць нічога горшага за гэтую пакуту! Больш я не мог трываць іх крывадушных усмешак! Я адчуваў, што мушу або закрычаць, або памерці! Во цяпер зноўку!.. Гучней! Гучней! Гучней! Гучней!..
— Паганцы! — залямантаваў я. — Годзе ўдаваць! Я прызнаюся! Адарвіце маснічыны! Тут, вось тут!.. Гэта б'ецца яго агіднае сэрца!
Пераклаў Юрась Бушлякоў
Д’ябал пярэчання
Падчас вызначэння здольнасцяў і пабуджэнняў, prima mobila [19] чалавечай душы, фрэнолагі* абмінулі схільнасць, якая, без сумневаў, заўсёды была адным з асноўных, першапачатковых і неад'емных пачуццяў, але тым не менш заставалася па-за ўвагай ранейшых маралістаў. Мы прагледзелі яе праз звычайную пыхлівасць розуму. Мы дазволілі ёй існаваць па-за межамі нашага асэнсавання выключна праз недахоп веры — ці то ў Апакаліпсіс, ці то ў Кабалу. Само ўяўленне пра яе ніколі не прыходзіла нам у галаву проста таму, што ў гэтым не было патрэбы. Мы не бачылі ніякай неабходнасці ў такім пабуджэнні, у такой схільнасці. Мы не ўсведамляем яе важнасці. Мы не разумеем, дый не здолелі б зразумець, калі б уяўленне пра гэтую primum mobile само прыйшло да нас; мы б не здолелі зразумець, якім чынам яна можа паслужыць мэтам чалавецтва, часовым ці вечным. Немагчыма адмаўляць таго факту, што фрэналогія, ды ў вялікай ступені і метафізіка, былі зляпаныя a priori [20]. Выдумляць схемы, дыктаваць Богу яго мэты пачаў не чалавек, што назірае і ўспрымае, а чалавек інтэлекту ды логікі. Даследаваўшы такім чынам глыбіні намераў Еговы, ён, задаволены сабою, пабудаваў на іх аснове незлічоную колькасць сістэмаў мыслення. Напрыклад, у дачыненні да фрэналогіі мы спачатку самым натуральным чынам вызначылі, што ў адпаведнасці з боскай задумай чалавек павінен есці. Тады мы прызначылі чалавеку орган харчавання, кару боскую, якая вымушае нас есці, хочам мы гэтага ці не. Затым, вызначыўшы, што па волі Бога чалавек павінен працягваць свой род, мы тут жа адкрылі орган юрлівасці. Гэтаксама адбылося і з ваяўнічасцю, уяўленнем, прычыннасцю, творчасцю — карацей кажучы, з кожным органам, які служыць нейкай схільнасці, маральнаму пачуццю ці здольнасці чыста інтэлектуальнага характару. Пры такім размеркаванні principia [21] чалавечай актыўнасці паслядоўнікі Шпурцгайма* ўсяго толькі ішлі — правільна ці не, часткова ці ў цэлым — па слядох сваіх папярэднікаў, і ўсё ў іх вызначалася ды вынікала з перадвызначанасці чалавечага лёсу і задумаў Творцы.
Было б разумней, было б бяспечней, калі б нашая класіфікацыя (калі мы ўжо мусім класіфікаваць) зыходзіла з таго, што чалавек робіць звычайна ці час ад часу, чым з таго, што, паводле нашых уяўленняў, загадала яму рабіць боская воля. Калі мы не можам ахапіць розумам Бога ў яго бачных дзеяннях, то як можам мы спасцігнуць Ягоныя неспасцігальныя задумы, якія ўвасабляюцца ў гэтых дзеяннях? Калі мы не можам спасцігнуць Бога ў выніках працы рук яго, то як мы спасцігнем таямніцы Ягонае волі і фазы тварэння?
Індукцыя, а posteriori [22], прымусіла б фрэналогію прызнаць прыроджаным і першапачатковым стымулам чалавечай дзейнасці парадаксальнае нешта, якое можна было б назваць, не маючы больш удалага тэрміну, духам пярэчання. Я вызначаю яго як mobile [23] без матывацыі, як матыў не motivirt [24]. Праз яго падбухторванне мы пачынаем кіравацца неспасцігальнымі мэтамі, ці, калі гэта падаецца супярэчнасцю ў тэрмінах, мы можам перафармуляваць выказванне і сказаць, што праз яго падбухторванне мы робім штосьці менавіта таму, што рабіць гэтага катэгарычна нельга. Тэарэтычна няма для ўчынку падставы больш беспадстаўнай, але фактычна няма падставы мацнейшай. Для адпаведнага складу розуму ды пры адпаведных умовах дух пярэчання робіцца абсалютна неадольным. Гэтаксама, як у тым, што я дыхаю, я ўпэўнены, што ўсведамленне памылковасці і няправільнасці ўчынку часта бывае непераможнай сілай; яна — і толькі яна — змушае нас да гэтага ўчынку. Усёпаглынальная прага ўчыняць шкоду выключна дзеля шкоды не паддаецца ні аналізу, ні прэпараванню. Гэта асноўны, першапачатковы, прыроджаны імпульс. Упэўнены, мне запярэчаць, што калі мы ўпарта робім нешта толькі таму, што ведаем: рабіць гэтага нельга, — то такія паводзіны ёсць не больш чым разнавіднасцю таго, што фрэналогія акрэслівае як ваяўнічасць. Але самы першы погляд абвергне гэтае меркаванне. Фрэналагічная ваяўнічасць грунтуецца на неабходнасці самаабароны. Яна ахоўвае нас ад цялесных пашкоджанняў. Яе сутнасць — забяспечанне нашага дабрабыту, і таму ваяўнічасць павялічваецца адначасова з яго ростам. З гэтага вынікае, што імкненне да дабрабыту павіннае ўзрастаць адначасова з любой разнавіднасцю ваяўнічасці, але ў выпадку таго, што я называю духам пярэчання, не толькі не ўзнікае імкнення да дабрабыту, але намі кіруе пачуццё цалкам супрацьлеглае.
Зварот да ўласнага сэрца выявіцца ўрэшце найлепшым адказам на выказаную вышэй сафістыку. Кожны, хто шчыра і ўважліва зазірне ў сваю душу, упэўніцца, што гэтая схільнасць сапраўды найасноўнейшая. Яна настолькі ж відавочная, наколькі неспасцігальная. Няма на свеце чалавека, які хоць раз не пакутаваў бы, напрыклад, ад неадольнага жадання закатаваць слухача сваёй шматслоўнасцю. Моўца ведае, што ён невыносны, адзінае яго жаданне — дагадзіць. Звычайна ён гаворыць каротка, дакладна і ясна, на языку ў яго толькі самыя лаканічныя і зразумелыя фразы, і толькі з вялізнымі высілкамі ён іх не вымаўляе. Ён баіцца гневу суразмоўцы, і ўсё ж яго б'е маланкаю думка, што пастаянныя адступленні і мудрагелістасць ягоных прамоваў гэты гнеў дакладна выклічуць. Адной гэтай думкі дастаткова. Імпульс перарастае ў жаданне, жаданне — у памкненне, памкненне — у нястрымную прагу, і прага гэтая (на вялікі жаль і засмучэнне моўцы і насуперак здароваму сэнсу) наталяецца.
Перад намі стаіць задача, якая патрабуе неадкладнага развязання. Мы ведаем, любая затрымка ўсё зруйнуе. У жыцці наступае пераломны момант, труба кліча дзейнічаць зараз жа. Мы палаем рашучасцю, мы паміраем ад жадання схапіцца за працу — і прадчуванне слаўных вынікаў узбуджае нашую душу. Яе варта, яе неабходна зрабіць сёння, і ўсё ж мы адкладаем яе на заўтра, але чаму? Адказу няма, апроч таго, што мы адчуваем жаданне зрабіць наадварот, самі не ведаючы чаму. Надыходзіць заўтра, і прага дзейнасці ўзмацняецца, але разам з ёй — і гэтае безназоўнае, проста-такі жудаснае, бо невытлумачальнае, жаданне марудзіць. I з кожным імгненнем яно толькі ўзрастае. Сплываюць апошнія гадзіны. Мы скаланаемся ад жорсткай барацьбы ўнутры нас, ад змагання рацыянальнага з ірацыянальным, матэрыі з ценем. Але калі барацьба заходзіць так далёка, то цень бярэ верх — мы змагаемся дарэмна. Гадзіннік б'е, адпяваючы наш дабрабыт. У той жа час гэта крык пеўня для прывіда, што валодаў намі. Ён адлятае, знікае — мы вольныя. Запал вяртаецца. Цяпер мы гатовыя працаваць. На жаль, запозна!
Мы стаім на краі бездані. Мы заглядаем у яе, ніякавеем, нам робіцца млосна. Нашае першае памкненне — збегчы ад небяспекі. Але невядома чаму мы застаемся. Паступова жах, моташнасць і млосць згушчаюцца ў воблака безназоўнага пачуцця. Паціху, яшчэ менш заўважна, гэтае воблака набывае пэўныя абрысы, як той дым з бутэлькі, што ператвараецца ў джына з «Тысячы і адной ночы». Але з нашага воблака на краі бездані матэрыялізуецца нешта нашмат больш жахлівае за любога казачнага джына ці дэмана. I тым не менш гэта толькі думка, хоць і вусцішная, якая працінае да самых костак, захапляючы сваёй жудасцю. Гэта толькі прадчуванне тых пачуццяў, што ахапілі б нас падчас падзення ў бездань з такой вышыні. I гэтае падзенне, гэтая вокамгненная пагібель, менавіта таму, што побач лунае найстрашнейшы і найагіднейшы з усіх найстрашнейшых і найагіднейшых вобразаў смерці і пакуты, якія калі-небудзь нараджала нашая фантазія, — менавіта таму яны такія жаданыя нам. I толькі таму, што наш розум з усяе моцы імкнецца ўтрымаць нас на краі бездані, мы з усё большым імпэтам ірвемся да яе. Няма ў прыродзе жарсці больш дэманічна прыцягальнай, чым тая, што валодае чалавекам, які ў трымценні стаіць над безданню і ўяўляе скачок. Паспрабаваць думаць у такі момант — значыць непазбежна загінуць, бо роздум змушае нас адысці, і менавіта таму мы гэтага зрабіць не можам. Калі побач не будзе сяброўскае рукі, каб затрымаць нас, ці калі ў апошні момант на самым краі бездані нам не ўдасца раптоўна кінуцца прэч, мы скокнем, мы загінем.
Аналізуючы гэтыя і падобныя дзеянні, мы разумеем, што ўсе яны народжаныя выключна духам пярэчання. Мы ажыццяўляем іх толькі таму, што разумеем, што гэтага рабіць не трэба. Гэтае імкненне не грунтуецца ні на якім уцямным прынцыпе, і мы насамрэч маглі б палічыць яго падгаворам ворага роду чалавечага, калі б часам яно не служыла дабру.
Я расказаў усё гэта, каб хоць у нейкай ступені адказаць на вашае пытанне і растлумачыць, чаму я тут, каб прадставіць вам хоць нейкае падабенства прычыны таго, што я закаваны ў кайданы і сяджу ў камеры смяротнікаў. Калі б я не быў такім шматслоўным, вы б альбо зусім мяне не зразумелі, альбо разам з натоўпам залічылі мяне да вар'ятаў. А так вы з лёгкасцю ўбачыце, што я — адна са шматлікіх ахвяраў Д'ябла Пярэчання.
Ніякі ўчынак ніколі не прадумваўся больш старанна. Тыднямі, месяцамі я шукаў спосаб забойства. Я адрынуў тысячы планаў, бо іх ажыццяўленне пакідала мажлівасць выпадковага раскрыцця. Урэшце ў нейкіх французскіх мемуарах я знайшоў апісанне хваробы, якая ледзь не прывяла да смерці мадам Піло, атручанай з дапамогай свечкі. Гэтая ідэя адразу завалодала маім уяўленнем. Я ведаў пра звычку маёй ахвяры чытаць на сон. Я таксама ведаў, што ягоная спальня цесная і кепска праветрываецца. Але не бачу сэнсу назаляць вам лішнімі падрабязнасцямі. Няма патрэбы апісваць тыя немудрагелістыя дзеянні, дзякуючы якім я замяніў васковую свечку ў ягоным кандэлябры на іншую, зробленую мною. На наступную раніцу яго знайшлі ў ложку мёртвым, і заключэнне каранёра гаварыла: «Смерць ад рукі Божай».
Атрымаўшы ягоную спадчыну, я гадамі жыў цалкам някепска. Думка пра выкрыццё ніколі не прыходзіла мне ў галаву. Я старанна знішчыў атручаную свечку. Я не пакінуў ні ценю ўлікі, з дапамогай якой мяне можна было б асудзіць ці хаця б запасочыць у злачынстве. Немагчыма перадаць, як я быў задаволены сабою, калі думаў пра сваю поўную бяспеку. Доўгі час я адчуваў незвычайную асалоду, якая прыносіла мне больш задавальнення, чым усе матэрыяльныя даброты, якія даў мне мой грэх. Але нарэшце надышоў час, калі гэтае прыемнае пачуццё паступова і ледзь заўважна перарасло ў неадчэпную і гнятлівую думку. Менавіта яе неадчэпнасць і прыгнятала. Я ледзьве мог адагнаць яе на імгненне. Гэтаксама нас, бывае, раздражняе надакучлівы матыў нейкай пошлай песенькі ці пасрэдны ўрывак з оперы, што гучыць увушшу ці, хутчэй, у памяці. I пакуты не зменшацца, калі песня будзе добрая, а опера — вартая ўхвалы. Так і я ўрэшце пачаў лавіць сябе на тым, што ўвесь час думаю пра ўласную бяспеку і ціха сам сабе мармычу: «Мне не пагражае».
Аднаго дня, шпацыруючы па вуліцы, я заўважыў, што мармычу гэтыя звыклыя словы напаўголасу. У свавольным парыве я перайначыў іх такім чынам: «Мне нішто не пагражае, мне не пагражае... калі толькі я сам здуру не прызнаюся!»
[19] Першарухальнік (лац.).
[20] Раней за досвед і па-за ім (лац.).
[21] Першапрычынаў (лац.).
[22] Пасля, на падставе досведу (лац.).
[23] Пабуджэнне (фр.).
[24] Матываваны (скаж. ням.).