Так, творчыя, навуковыя, грамадскія сілы, безумоўна, ужо зрабілі нямала. Што з дасягнутага я адзначыў бы найперш? Тое, што адбыўся пэўны зрух у самой свядомасці насельніцтва. Але ўдакладняю: зрух невялікі. Зроблены толькі першыя крокі. Што называецца, маем пакуль вельмі сціплыя дасягненні. Толькі не трэба кідацца ў адчай: маўляў, вынікаў амаль няма. Не, вынікі ёсць. Але, паўтараю, — пакуль сціплыя. Ці ж не дасягненне тое, што людзі ўсё больш натуральна ўспрымаюць гутарку па-беларуску і самі патрошку перастаюць саромецца гаварыць на роднай мове? Памятаеце ранейшую рэакцыю на тое, што чалавек размаўляе па-беларуску? Гэта ж ячшэ зусім нядаўна было: глядзелі на цябе, як на замежніка або як на чалавека, які хоча такім чынам вылучыцца... Дык вось пачынаем пазбаўляцца такога рэагавання. Мова ў Беларусі, асабліва ў нашай сталіцы, пачынае гучаць. Праўда, да вялікага пералому пакуль далёка. Усім нам яшчэ належыць пераадолець псіхалагічны бар'ер, які «ўзводзіўся» так доўга. І трэба дабівацца, каб менавіта ў шырокіх масах насельніцтва адбыўся гэты пералом. Трэба, каб чалавек перастаў меркаваць так: «Калі я гавару па-беларуску, дык выгляджу малакультурным або паводжу сябе нясціпла». Трэба, каб мова гучала натуральна. І — паўсюдна.
На жаль, не толькі рускамоўнае, як цяпер гавораць, насельніцтва, але і самі беларусы (і такіх нямала!) выказваюць даволі актыўную незадаволенасць Законам аб мовах. Якія таму галоўныя прычыны, на вашу думку?
Самая галоўная з іх — гэта выхаваны намаганнямі партыі і ўрада вялікай дзяржавы нацыянальны нігілізм. Непаважлівае стаўленне да сябе як да нацыі. Нацыянальная і гістарычная несвядомасць. Будзем гаварыць шчыра: усё пачалося з тэарэтычнай устаноўкі дзяржаўных вярхоў на тое, што склалася новая гістарычная супольнасць людзей — савецкі народ. Але савецкі народ — гэта мноства розных народаў. І кожны з іх са сваёй гісторыяй, культурай — са сваім абліччам.
Здавалася б, ёсць усе спрыяльныя фактары для росквіту нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа: БССР — член-заснавальнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, прадстаўлена ў ЮНЕСКА. Але ў гэтым і парадокс! На міжнароднай арэне мы — дзяржава, а ў сябе дома... нішто! Дзесяцігоддзямі ў нас ішла бязлітасная русіфікацыя. І не трэба шукаць іншых слоў... Няўхільна пераводзіліся на рускую мову школы, ВНУ, міністэрствы, нават друк. І самі беларусы пачалі ўсё больш і больш саромецца роднай мовы, менш і менш карыстацца ёю. Любую краіну свету возьмем для прыкладу — і нідзе не ўбачым, каб яе жыхары саромеліся сваёй мовы. Такое проста немагчыма! А ў нас нейкай недарэчнай нормай стала далучаць сябе да іншай культуры, выракаючыся роднай. Гэта ненатуральна і ў чыста чалавечым плане. Гэта — разбурэнне і нявечанне душы чалавечай. Ад культурных набыткаў іншых народаў трэба браць, але ў меру і дзеля росквіту нашай уласнай, беларускай культуры. Так робяць у свеце ўсе.
Яшчэ прычына незайздроснага становішча нашай мовы ў недастатковым узроўні агульнай культуры. Калі б мы клапаціліся аб гэтым... Сапраўды культурны чалавек ніколі не зможа быць абыякавым, а тым больш — непаважлівым да гісторыі свайго народа, да ўсёй яго духоўнай спадчыны. Ён проста не дазволіць сабе гэтага! Настойліва паўтараю: наш найпершы клопат — клопат пра агульны стан культуры. І пачынаць неабходна з гэтага — з выхавання чалавека, з пастаяннага клопату пра яго культурны ўзровень.
У рэспубліцы, у прыватнасці ў Мінску, працуюць ужо і адкрываюцца новыя дзіцячыя садкі, вучэбныя класы, цэлыя школы, дзе выхоўваюць, вучаць дзяцей на роднай мове. І дзеці ставяцца да гэтага са шчырай радасцю! А прыходзяць яны дамоў, выходзяць на вуліцу, пачынаюць размаўляць па-беларуску і сустракаюць, мякка кажучы, неразуменне. Адкуль гэта, мы ўжо ведаем. А вось як гэтаму процістаяць?
Па-першае, хачу пагадзіцца: нашы дзеці ў садках і школах ахвотна, з вялікім жаданнем вучаць беларускую мову. Дзіцячая душа не памыляецца ў сваіх адчуваннях. Значыць, і ў адчуваннях роднага. І гэтае дзіця апынаецца ў іншамоўным асяроддзі. Што рабіць? Выйсце ўсё тое ж: мова павінна гучаць паўсюдна і натуральна. Гэтак жа, як і руская, калі такою можна назваць мову, на якой зараз гаворыць большасць нашага насельніцтва.
А найперш родная мова павінна загучаць у дзяржаўных установах, пачынаючы з самых высокіх. Пакуль гэтага не здарыцца, пакуль беларуская мова на практыцы не набудзе статус дзяржаўнай, усё застанецца на ўзроўні самадзейнасці. Атрымліваецца, што мы свой духоўны храм рамантуем не капітальна, а «касметычка» — прыхарошваем звонку — і толькі. Што называецца, на нізах нешта робіцца, зрушваецца з мёртвай кропкі, а вярхі... Не хапае прыкладаў зверху. І першая, і другая, і трэцяя, і пятая, і дзесятая асобы кіраўніцтва рэспублікі не лічаць абавязковым для сябе выконваць Закон аб мовах. Мала таго, нават проста размаўляць па-беларуску або не жадаюць, або не ўмеюць. Хутка ўжо год, як уступіў у сілу Закон аб мовах, а ўлады зусім не спяшаюцца ажыццяўляць яго. Мяне гэта вельмі засмучае. А час ідзе. І трэба сказаць, што кіраўніцтва з-за такіх адносін да Закона, да мовы свайго народа вельмі шмат траціць у вачах грамадскасці. Праўда, яна і сама пакуль не поўнасцю актывізавалася. Але ж ці не таму, што большасць па-ранейшаму ўсё пазірае ў бок кіраўніцтва?
Вам даводзіцца шмат ездзіць па рэспубліцы, сустракацца з самымі рознымі людзьмі і як пісьменніку, і як народнаму дэпутату. Што вы сказалі б пра адносіны да беларускай мовы, да Закона аб мовах вясковых людзей і гараджан?
Тут неабходна звярнуцца да гісторыі нашай Беларусі. Перажыты і росквіт мовы — калі яна была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім, і заняпад, і гібенне — пад прыгнётам спачатку польскіх феадалаў, а затым — расійскага царызму. Сітуацыя акрэслівалася дакладна: горад пачаў гаварыць часткова на польскай, часткова на рускай і ўсё менш і менш — на беларускай. Вёска ж доўгі час заставалася захавальніцай і носьбітам роднай мовы. На вялікі жаль, за апошнія гады яна таксама змянілася. Маладыя інтэлігенты, спецыялісты самых розных прафесій, прыходзячы ў вёску з горада, прыносяць з сабою і «гарадскую» мову. Вось паслухае даярка ці механізатар заатэхніка або інжынера, які гаворыць «па-гарадскому», і самі ўжо стараюцца размаўляць на новы лад. Распаўсюджаны прыклад: карэспандэнт радыё звяртаецца да вясковага чалавека па-беларуску, а той стараецца адказваць яму па-руску, як умее, вядома. Ну ці ж натуральна гэта?
Таму сёння і ў горадзе, і ў вёсцы нараджаюцца сілы, якія становяцца ўжо нацыянальна свядомымі, якія імкнуцца вярнуць народу яго найкаштоўную нацыянальную спадчыну. Асабліва адчуваецца гэта ў Мінску. Усё больш людзей вітаюць з'яўленне Закона аб мовах і хочуць яго ажыццяўлення. Лічу, што ў нашай дзейнасці трэба трымаць курс найперш на горад. Ён вінаваты перад вёскай за тое, што, убіраючы ў сябе яе людзей, пазбаўляе іх звыклага гучання мовы. З яго і трэба пачынаць вяртанне ўсім нам пачуцця нацыянальнай годнасці.
Як вы ўспрынялі з'яўленне ў Мінску двухмоўных перыядычных выданняў? Як ставіцеся да гэтай з’явы цяпер?
І спачатку ўспрыняў, і цяпер гляджу на гэтую з'яву адмоўна. Нават калі гэта толькі часовае выйсце. Кажуць, што прычына такога дзіўнага суіснавання дзвюх моў у адным выданні — недахоп журналісцкіх кадраў і няштатных аўтараў, якія свабодна валодаюць беларускай мовай, а галоўная — вялікая колькасць чытачоў, якія не ўмеюць або не жадаюць чытаць па-беларуску (па ўжо вядомых прычынах). Наконт апошняга пагадзіцца не магу. У Беларусі напісанае па-беларуску разумеюць амаль усе. Таму і лічу ненармальнай гагу з'яву — руска-беларускія выданні на Беларусі.
І мірыцца з такім становішчам нельга. Пакрысе гэтым выданням неабходна пераходзіць цалкам на дзяржаўную мову. А выданняў на расійскай мове ў нас хапае. Трэба ж думаць і пра духоўны суверэнітэт нацыі...
Якія надзеі, планы звязваеце вы з маючым адбыцца ІІ заездам Таварыства беларускай мовы?
Спадзяюся, што другі з'езд ТБМ дапаможа мабілізаваць патрыятычныя сілы на вялікую працу па адраджэнню беларускай культуры і нашай роднай мовы ва ўсіх сферах грамадства. Веру, што з'езд паслужыць таму, каб усе грамадзяне як мага мацней пераканаліся ў неабходнасці такой работы. Гэта грамадзянскі, ды і проста чалавечы абавязак кожнага жыхара рэспублікі. Бо гэта ў інтарэсах нашага беларускага народа, яго шматвяковай культуры. Гэта ў інтарэсах і ўсяго чалавецтва. Падкрэсліваю: захаванне духоўнасці нацыі, яе культуры, мовы — у інтарэсах усяго чалавецтва. Чым больш у адной агульнай палітры фарбаў, тым ярчэйшай і багацейшай робіцца яна. Няцяжка ўявіць, як бы мы збяднелі, калі б раптам на ўсю планету — адна культура, адна мова. У самой прыродзе чалавека закладзены паважлівыя адносіны і да сваёй нацыянальнай культуры, і да культуры іншых народаў. Адсюль — незлічонае багацце культур, мастацтваў, моў — тое, што называюць «гармоніяй адрозненняў». У гэтым — агульначалавечая мудрасць, разумная арганізацыя супольнага жыцця на планеце.
ІІ.
«ПАКУЛЬ МАЁ ДЗІЦЯ ПРЫБЯГАЕ Ў СЛЯЗАХ...»
У лістападзе 1965 года ў Мінску праходзіла Усесаюзная канферэнцыя па мастацкаму перакладу, у якой удзельнічалі многія вядомыя паэты і пісьменнікі бадай што з усіх рэспублік Саюза, у прыватнасці — Мікалай Ушакоў, Дзмітрый Кавалёў, Грэгор Віеру, Юлій Ванаг, Рыгор Кочур, Якаў Хелемскі, Олеў Йнгі, Мікалай Любімаў, Вільгельм Левік, Яўген Мазалькоў, Вагаб Рузіматаў, Арсеній Астроўскі, Агей Батаў і іншыя. На канферэнцыі ўзялі слова і беларускія пісьменнікі, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў. Запомнілася: калі пасля выступлення я выйшаў на падворак Саюза пісьменнікаў, адзін з маіх добрых знаёмых, які ўсё жыццё дакладна арыентаваўся, дзе можна голасна, а дзе лепей пусціць шэптам, сунуў свае пальцы ў маю чупрыну і спагадліва сказаў: «Пашкадуй гэту сваю кучаравую, у цябе ж усё-такі сям'я...»
Захавалася стэнаграма маёй прамовы, копію якой мне тады ж перадала кансультант СП БССР Т. К. Іваніцкая. На фоне сучасных размоў пра лёс нашай мовы і культуры ў маім тагачасным выступленні няма нічога «страшнага». Але гэта з вышыні нашага сёння. А тады, дваццаць пяць гадоў назад, праўдзівае слова пра стан беларускае мовы, беларускае школы, беларускае кнігі ўспрымалася як страшная палітычная крамола, што я і адчуваў на сабе цягам доўгага-доўгага часу. Тым больш, што і далей я зусім не прыслухоўваўся да парад грамадзян добранамерных...
Прапаную ўвазе чытачоў стэнаграму — у перакладзе на беларускую мову — майго выступлення на Усесаюзнай канферэнцыі, з якога ў апублікаваную тады ж справаздачу трапіла толькі некалькі радкоў (гл. «Літаратура і мастацтва» за 23 лістапада 1965 г.).
Маё выступленне крыху «скараціў» Агей Рыгоравіч Гатаў, таму што я хацеў прывесці лічбы, якія назваў ён, і цяпер ужо няма сэнсу іх паўтараць. Але без некаторых лічбаў мне ўсё ж не абысціся.
Вядома, у нас у Беларусі ёсць поспехі ў развіцці мастацкага перакладу, перш за ўсё — у плане культуры перакладчыцкай працы. Так, у гэтых адносінах прагрэс відавочны. Асабіста я, напрыклад, ганаруся тым, што працую ў адным атрадзе з такімі адмысловымі майстрамі мастацкага перакладу, як Аркадзь Куляшоў, Юрка Гаўрук, Язэп Семяжон, Максім Танк, Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін і іншыя нашы выдатныя паэты-перакладчыкі. Аднак, таварышы, я хачу завастрыць увагу на адным балючым пытанні, якое мяне асабіста і, я ведаю, усіх нас, беларускіх пісьменнікаў, вельмі хвалюе.
Агей Рыгоравіч пытаецца, што ж здарылася ў Беларусі, чаму ў параўнанні з іншымі рэспублікамі і наогул з лічбамі, сярэднімі па Савецкаму Саюзу, у нас гэтыя лічбы больш чым дзіўна мізэрныя? Сапраўды, я таксама чытаў той даведнік, на які спасылаўся Татаў. Паводле гэтага даведніка, у сярэднім па Саюзу кнігі замежных пісьменнікаў складаюць 11 працэнтаў ад ўсёй мастацкай літаратуры, а ў нас у Беларусі — толькі 3-4 працэнты. Вельмі дзіўна, чаму ж гэта ў Беларусі ўсяго толькі 3-4 працэнты? Каб адказаць на гэта пытанне, я пастараюся сёе-тое растлумачыць нашым гасцям, якія здзіўляюцца, чаму ў Беларусі такое становішча з мастацкай перакладной літаратурай.
У Беларусі такія класічныя творы сусветнай літаратуры, без якіх немажліва ўявіць існаванне нацыянальнай культуры, у апошні раз выдаваліся 30-35 гадоў таму назад. Напрыклад, кнігі Бальзака на беларускай у апошні раз выдаваліся ў 1938 годзе, Сэрвантэса — у 1938-м, Скота — ў 1934-м, Стывенсана — у 1938-м, Дэфо — у 1934-м, Войніч — у 1937 годзе і г. д. і г. д. Знакамітыя кнігі Жуля Верна, як і Фенімора Купера, і Майна Рыда, і Марка Твэна, у апошні раз былі выдадзены па-беларуску перад вайной. Адным словам, пералічваць можна вельмі доўга. Усе найлепшыя кнігі гэтых пісьменнікаў я прачытаў у дзяцінстве на сваёй роднай мове і быў бясконца шчаслівы ад гэтага. А цяпер іх на беларускай мове няма. Шэсць раманаў Жуля Верна былі выдадзены да вайны на беларускай, а пасля вайны не было надрукавана ні радка! Гэтаксама быў я шчаслівы ў той далёкі час, чытаючы на сваёй роднай мове шматтомны збор твораў Максіма Горкага, кнігі Шолахава, Фадзеева, Астроўскага... Усё гэта тады выдавалася ў нас у перакладзе на беларускую. І я вам скажу, што маё пакаленне — гэта тое пакаленне, якое дало шмат піянераў-герояў, такіх, як Марат Казей, і памаглі выхаваць гэта пакаленне патрыятычныя кнігі, якія мы чыталі на сваёй роднай мове.
Што ж здарылася пасля? Гэта сапраўды горка: за дваццаць пасляваенных гадоў у нас выдадзена каля сотні назваў кніг замежных пісьменнікаў, — прыкладна столькі, колькі за адзін 1934 год. Здарылася штосьці невясёлае.
Што ў нас цяпер у перакладах выдаецца? Або рэчы выпадковыя, або юбілейныя. Прыязджаў балгарскі пісьменнік Стаян Даскалоў, пабываў у выдавецтве ў Матузава, дамовіўся аб выданні яго рамана. І хоць я лічу, што з балгарскай літаратуры трэба перакладаць больш цікавыя рэчы, але справа зроблена, ёсць дамоўленасць, і раман у нас выйшаў. Гэта — прыклад выдання выпадковага. З нагоды юбілею пасля вайны ў нас былі выдадзены Байран, Шэкспір, Гейнэ, Міцкевіч, Славацкі... Так, гэта — дзякуючы юбілеям. Што такое юбілейнае выданне? Мне асабіста здаецца, што гэта ў пэўнай ступені паказуха. У нас яна вельмі распаўсюджана, і хоць Камуністычная партыя ўвесь час змагаецца з ёю, з пусканнем пылу ў вочы, але ў Беларусі ў кнігавыдавецкіх справах паказуха жыве. Перакладчыкі, вельмі паважаныя людзі, працуюць сумленна, але як толькі справа даходзіць да выдавецтва — паяўляецца паказуха. Учора за гэтай трыбунай абураліся, чаму такі маленькі тыраж кнігі Шэкспіра на беларускай мове — 1500 экземпляраў. Для паказухі — дастаткова. Хопіць, каб звазіць у Лейпцыг на кірмаш, у Маскву на ВДНГ... Але хіба можна гаварыць, што дзякуючы такому тыражу гэта выданне з'явілася сур'ёзным укладам у справу развіцця беларускай нацыянальнай культуры? Яно можа стаць такім укладам, калі пойдзе шырока ў масы. А для гэтага тыраж павінен быць не менш 60 тысяч экземпляраў — з разліку: у рэспубліцы 20 тысяч бібліятэк і кожная з іх павінна мець тры экземпляры кнігі Шэкспіра на беларускай мове.
Кажуць аб тым, што ўсё ўпіраецца ў Кнігагандаль. Няма, ці бачыце, галавы, разумнейшай за Кнігагандаль, каб растлумачыць, што кожная наша бібліятэка павінна мець кнігі, якія з'яўляюцца гордасцю чалавецтва і павінны быць на мове нашага народа.
Што ж здарылася? Чым усё гэта растлумачыць?
Галоўная прычына, пра якую трэба гаварыць на ўвесь голас, — гэта грэблівыя адносіны да беларускай мовы і культуры, якія назіраюцца ў рэспубліцы, і перш за ўсё — у школах рэспублікі. Што адбываецца ў нас у школах Беларусі? Беларускім таварышам гэта вядома, але, напэўна, не ўсё вядома нашым гасцям з іншых братніх рэспублік.