Асабліва ў цяжкім становішчы апынуліся сёння беларускі перыядычны друк і беларуская кніга. Тое, што рынак імгненна наступіць на горла беларускаму друкаванаму слову, — нам было ясна з самага пачатку. Так і здарылася. І паперы, і паліграфічных магутнасцей раптоўна стала не хапаць перш за ўсё для беларускіх газет, часопісаў, кніг. Кааператары, прадпрымальнікі развілі такую бурную дзейнасць — што адно падзівіцца. За год-два накапілі прыбытку дзесяткі мільёнаў рублёў — на тым, што не мае ніякага дачынення да беларускай культуры і часам наогул да культуры. А тыражы беларускіх выданняў — маленькія, аб прыбытках і гаворкі не можа быць. Чаму такія тыражы нашых выданняў — мы ведаем: гэта вынікі пэўнай палітыкі, згубнай для беларускай мовы і культуры, — палітыкі, якая праводзілася жалезнымі людзьмі жалезна.
Ужо колькі месяцаў не выходзіць «Вясёлка» — адзіны любімы дзятвой часопіс для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў... Няма афсетнай паперы! і дзяржава глядзіць праз пальцы! Выбачайце, але гэта толькі ў нас магчыма такое... — каб дзеці засталіся без адзінага свайго часопіса.
Вось у мяне ў руках зварот калектыву рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» да Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, у якім мы чытаем: «Чырвоная змена» — старэйшая беларуская маладзёжная газета перажывае сёння, як і іншыя беларускамоўныя выданні, цяжкі крызіс. Прычынай таму — «моўная» сітуацыя ў рэспубліцы, камерцыйны бум пры разбуранай эканоміцы (у тым ліку ў газетна-выдавецкай дзейнасці), агульная нестабільнасць грамадства.
Наша «Чырвонка» не памкнулася за спакуслівым двухмоўем, пры якім у некаторых двухмоўных выданнях ад іхняй беларускасці засталіся толькі назвы».
Вакол газеты гуртуецца творчая моладзь. Духоўная выхаваўчая дзейнасць штотыднёвіка — сапраўднае падзвіжніцтва. Пры рэдакцыі створана аб'яднанне маладых літаратараў «Крыніца», якое параўноўваюць з колішнім «Маладняком». Ну а просьба газеты — крык душы калектыву — дапамажыце!
Шаноўныя дэпутаты! Патрэбна гарантаваная дзяржаўная падтрымка ўсім беларускім перыядычным выданням і беларускай кнізе — і мастацкай, і навуковай, і беларускім падручнікам, вучэбным дапаможнікам і іншым!
Горкая ісціна, але ісціна: Камуністычная партыя Беларусі слаба падтрымлівала беларускае друкаванае слова і гэтае ж слова на радыё і тэлебачанні. Ну а што ж цяпер — калі КПБ не дыктуе сваю волю, калі прыняты дэмакратычны Закон аб друку і многія іншыя дэмакратычныя законы? А цяпер стала непараўнана горш! Мала таго, што Дзяржаўная праграма па беларускай мове амаль не выконваецца, дык выстаўляюцца патрабаванні перагледзець сам Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. І хто ж патрабуе? Як ні парадаксальна — дэмакраты! Днямі адбыўся чарговы з'езд АДПБ (Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі), дэлегаты якога патрабавалі прыняць пастанову — каб Вярхоўны Савет абвясціў дзяржаўнымі ў Рэспубліцы Беларусь дзве мовы — і беларускую і рускую. Раней, калі прымаўся Закон аб мовах, на такіх пазіцыях стаялі некаторыя найбольш рэакцыйныя партакраты, цяпер іх пераемнікамі з'яўляюцца аб'яднаныя дэмакраты — г. зн. ворагі партакратаў. Так змыкаюцца нібыта правыя і нібыта левыя. Як толькі даходзіць да вырашэння лёсу беларускай мовы, імгненна аб'ядноўваюцца непрымірымыя ворагі! Вось хто, аказваецца, самы страшны для ўсіх — наша няшчасная родная мова!
Паважаныя дэпутаты! Зразумела, на падтрыманне далейшай жыццядзейнасці беларускага друкаванага слова, як і слова на тэлебачанні і радыё, патрабуюцца дадатковыя грошы. Думаю, не так многа, як напісалі нам з некаторых міністэрстваў і ведамстваў. Рэч аб тым, што ўсе беларускія выданні, за выключэннем двух-трох, і раней увесь час карысталіся датацыяй дзяржавы. Натуральна, зараз гэта датацыя мусіць быць большай. Але іншага выйсця няма. Калі не прадугледзець першачарговае і поўнае забеспячэнне паперай перыядычных выданняў на беларускай мове — яны проста спыняць сваё існаванне. Калі гэта ж самае не прадугледзець да выдання мастацкай, грамадска-палітычнай, навукова-тэхнічнай, вучэбнай і навукова-пазнавальнай літаратуры на беларускай мове — кніжны рынак на Беларусі можа канчаткова страціць нацыянальнае беларускае аблічча. Небяспека гэта да жудасці рэальная. Але мала забяспечыць выданне газет, часопісаў, кніг і іншай друкаванай прадукцыі на беларускай мове — не менш важна забяспечыць прыярытэтныя ўмовы для гандлю і рэкламы, а таксама льготныя тарыфы па аплаце за экспедзіраванне і распаўсюджванне і інш. І тут у Савеце Міністраў павінны быць зроблены дакладныя падлікі, бо не выключана, што якое-небудзь міністэрства ці ведамства захоча і пажывіцца трохі за кошт беларускіх выданняў. Цяпер жа амаль ніхто не саромеецца, калі справа заходзіць пра грошы!
Не здзіўлюся, калі і сёння хто-небудзь скажа, што мы абмяркоўваем малаважнае, другараднае пытанне. Пагадзіцца з гэтым я нізашто не магу. Пытанне гэта надзвычай важнае — бо гэта пытанне будучыні самой беларускай нацыі, і даводзіцца горка шкадаваць, што далёка не ўсе дзяржаўныя мужы гэта разумеюць. Пытанне гэта, шаноўныя дэпутаты, заўсёды важнае — і калі чалавек сыты, і калі галодны. Вядома, не ў лепшы, не ў спрыяльны час выпадае ставіць у парламенце пытанне аб мове. Але што ж рабіць? Мы хочам, каб нас прызналі ў свеце. Дык вось, нас прызнаюць і стануць паважаць толькі тады, калі мы будзем мець пачуццё ўласнай годнасці, калі мы навучымся паважаць самі сябе. Мяркуючы па колькасці беларускіх выданняў — газет, часопісаў, кніг, па тым, колькі гучыць наша слова на тэлебачанні і радыё, — мы не нацыя, а нацыянальная меншасць. Нам адведзена невялічкая частачка — як крошкі з панскага стала. Хаця — чаму адведзена? Гэта мы самі адвялі сабе столькі. Што ж гэта, скажыце, за нацыя, калі яна нават не можа абараніць сваю ўласную мову? Зрэшты, мова абараняе сябе сама. Ужо амаль паўтысячы гадоў нядобразычліўцы нашы стараюцца не даць ёй ходу, не даць ёй жыцця, — а яна ўсё-такі жыве, не загінула. І будзе жыць, шаноўныя, абавязкова будзе! Толькі будзе крыўдна, калі мы, ад каго сёння так многа залежыць, не дапаможам ёй. Вельмі хацеў бы спадзявацца, што мы, без вялікіх і гарачых дыскусій, прымем пастанову, якая абавяжа ўрад паклапаціцца пра лёс беларускіх выданняў, Беларускага тэлебачання і радыё, пра беларускае слова ў сродках масавай інфармацыі — ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі, у вельмі цяжкі і неспрыяльны для культуры, для духоўнага росту чалавека час.
НАША ТРЫВОГА НАРАСТАЕ З КОЖНЫМ ДНЁМ
Выступленне на VII сесіі Вярхоўнага Савета БССР 10 снежня 1991 г.
Паважаны прэзідыум, шаноўныя калегі народныя дэпутаты! Калі б за гэту работу, якую мы пачалі рабіць сёлета, мы ўзяліся пяць гадоў назад, і ў краіне, і ў рэспубліцы сёння былі б відавочныя вынікі. Але што цяпер пра гэта гаварыць, час упушчаны, і трэба рабіць тое, што мы яшчэ здольны зрабіць.
Агульная выснова Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны — праект Дзяржаўнай праграмы пераходу да рыначнай эканомікі трэба дапрацоўваць з улікам таго, што запісана ў абвешчанай Дэкларацыі аб поўным суверэнітэце БССР, і з улікам прыярытэтнай увагі праблемам адукацыі і культуры. Наша трывога за стан адукацыі і культуры нарастае з кожным днём. Вельмі прывабна гучаць лозунгі і тэзісы пераходу да рыначнай эканомікі, але што чакае ва ўмовах пераходу і пасля — ва ўмовах ўсталявання рыначных адносін — адукацыю і культуру? І паводле праграмы, і паводле ўсіх выступленняў, адукацыя і культура не ставяцца ў цэнтр, не кладуцца ў аснову, а застаюцца пабочным дадаткам, нейкім даважкам. Тое, што было і заўсёды дагэтуль. Вось, маўляў, галоўнае, самае важнае, ну а там яшчэ ёсць адукацыя і культура, сёе-тое з нашай увагі ўдзелім і ім. На маё перакананне, гэта памылка з катастрафічнымі вынікамі. Недаравальная наіўнасць спадзявацца на ўздым эканомікі, гаспадаркі, дабрабыту ў неадукаванай, цёмнай краіне. А ўзровень адукацыі, культуры, духоўнасці, маралі ў нас працягвае падаць. Нас абганяюць нават слабаразвітыя краіны. Пра якія сучасныя тэхналогіі можа быць гаворка? Як мы забяспечым развіццё рынку, такога рынку, каб з ім, гэта значыць з намі, лічыліся высокаразвітыя, эканамічна моцныя краіны?
Падмурак усёй эканомікі — адукаваны і культурны чалавек, яго інтэлектуальная сіла. Рынак сёння — гэта рынак розуму, рынак інтэлектуальнай працы. Можна здзіўляцца, як мы не хочам зразумець тое, што разумеюць у цэлым свеце і што ў цывілізаваных краінах з'яўляецца даўно рэальнасцю. Там сярэдняя заработная плата настаўніка і работніка культуры вышэй сярэдняй заработнай платы ў краіне. Спецыяліст, талент павінен каштаваць удвая-утрая даражэй, Гэта галоўны рэзерв у развіцці эканомікі. Яго сярэдняя зарплата павінна ў нас быць вышэй сярэдняй агульнай заработнай платы. Яна ў нас намнога ніжэй. Зразумеем жа нарэшце, што самы дарагі тавар — інтэлект, розум чалавечы, веды і ўменне, талент. Дык паклапоцімся, каб гэты тавар не сыходзіў за бясцэнак. Патрэбна гарантаваная датацыя дзяржавы на адукацыю і культуру, патрэбны не лічбы ў мільёнах, а цвёрдая доля нацыянальнага бюджэту, і такая доля, як у высокаразвітых краінах свету. Датацыя дзяржавы — гэта адно. У новых умовах гэтага, аднак, недастаткова. Трэба знайсці механізм, каб кожны гаспадарнік быў зацікаўлены падтрымліваць адукацыю і культуру. Якія гэта могуць быць механізмы? Напрыклад, ільготнае падаткаабкладанне прадпрыемства, прыярытэтнае матэрыяльнае забеспячэнне і, відавочна, многа што іншае. На думку камісіі, трэба стварыць нацыянальны фонд адукацыі і культуры і разумна ім распараджацца. У высновах камісіі шмат канкрэтных прапаноў, як, напрыклад, адмена абавязковай усеагульнай сярэдняй адукацыі, запрашэнне на працу ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы замежных спецыялістаў, падрыхтоўка спецыялістаў рыначнай эканомікі. Самастойнасць адукацыі і культуры ў расходаванні бюджэту, стварэнне шэрага прадпрыемстваў, такіх, як завод грампласцінак, студый гуказапісу і інш., якія забяспечаць развіццё пэўных галін культуры і дадуць фінансавыя сродкі.
Паважаныя таварышы! Калі мы перавядзём культуру цалкам на рэйкі камерцыі, мы даб'ём, даканаем і тыя рэшткі духоўнасці, маральнасці, якія ў нашым грамадстве яшчэ засталіся, на якіх яно яшчэ трымаецца. Фактаў, якія сведчаць, што можа чакаць нашу асвету і культуру ва ўмовах пераходу да рыначных адносін, калі дзяржава не паклапоціцца, не возьме пад абарону гэтыя сферы, ужо многа. Напрыклад, у два разы паднялі цэны на часопісы і газеты. І вось бібліятэкі, і школы, і школьныя кабінеты застаюцца на 1992 год без жыццёва неабходнай літаратуры, бо грошы ж былі выдзелены без уліку павышэння цэн. І ў першую чаргу гэта б'е па беларускіх выданнях, якія апынаюцца літаральна ў катастрафічным становішчы. Нават партыйныя выданні, спасылаючыся на новыя эканамічна-фінансавыя ўмовы, тыя выданні, што 50, 60 і нават 70 гадоў выходзілі на беларускай мове, пачынаюць пераходзіць на двухмоўе, аб'яўляюць сябе руска-беларускімі. Дарэчы, дазвольце не паверыць, што наша магутная партыя раптам так абяднела, што рашыла сэканоміць і паправіць свае фінансавыя справы за кошт беларускай мовы, яе выцяснення з ужытку ў партыйных выданнях. Значыць, прычыны ці матывы іншыя. Проста вялікія патрыёты рэспублікі выкарыстоўваюць магчымасць, каб аслабіць працэс нацыянальнага адраджэння Беларусі, яе мовы і культуры. І гэта, заўважце, тады, калі Вярхоўны Савет абвясціў Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі, калі прыняты Закон аб дзяржаўным статусе беларускай мовы і Савет Міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму ажыццяўлення Закона аб мовах у БССР. Я прашу прабачэння, можа быць, за залішне рэзкія словы, але мне асабіста бачыцца ў гэтым нешта вельмі непрыгожае, як бы чыніцца нейкае адступніцтва, нейкая здрада, адным словам, нешта з гэтага роду, паўтараю, вельмі непрыгожае. Што ж чакаць ад гаспадарнікаў, калі тэарэтыкі, ідэолагі ідуць на такое? Сёння я атрымаў ліст трох рэдактараў беларускіх часопісаў — «Полымя», «Нёмана» і «Беларусі». Гэта трагічны дакумент, таварышы, гэта суцэльны боль і крык, але гэта і прысуд дзяржаве, грамадству, якія не клапоцяцца пра будучыню нацыі, такія абыякавыя да лёсу нацыянальнай культуры. Выснова аўтараў пісьма: мы не можам глядзець на культуру вачыма недальнабачных фінансістаў. Рэдакцыйныя калектывы гэтых часопісаў пад пагрозай распаду. Часопісы могуць перастаць існаваць, зусім рэальная перспектыва на самы бліжэйшы час.
Хачу закончыць тым, з чаго пачаў. Калі дзяржава не стварае ўмоў для развіцця інтэлекту нацыі, гэта, выбачайце, не мудрая дзяржава, яна асуджана на заняпад.
І зусім на заканчэнне — аб некаторых прапановах.
Давайце, таварышы, спакойна і больш разважліва ўсе рашаць пытанні, дзеля чаго мы сабраліся. Калі мы прымем некаторыя зробленыя гут прапановы, калі мы іх прымем сёння, рэзка наблізім хаос, і толькі. Што значыць, напрыклад, сёння прымусіць Урад рэспублікі пайсці ў адстаўку? Хіба ў нас дастаткова падстаў, каб выказаць яму недавер? Хіба мы пераканаліся ўжо ў гэтым? Што значыць сёння, ці заўтра, ці нават паслязаўтра аб'явіць у рэспубліцы новыя выбары? Хоць трохі рэальна мы ўяўляем гэта ці не? Народ пойдзе на гэта ці не? Ці ён зойдзе ў поўны адчай і роспач ад нашай бездапаможнасці і ад таго, што не ведае, што ж рабіць і як быць? І пачнецца нечуваны хаос. Няўжо мы ўсе не здолеем паразумецца, з'яднаць усё лепшае, разумнае, плённае, што напрацавана ўсімі намі? Ці помнім мы, што рынку ў нас такога, пра які гаворым, яшчэ няма? Што мы толькі ўступаем у паласу пераходу да рыначных адносін? І гэты пераход не будзе марш-кідок. Жыццё будзе падказваць новыя рашэнні, а Вярхоўны Савет павінен будзе заканадаўча рэгуляваць. Таму яшчэ і яшчэ раз я заклікаю ўсіх вас, вельмі паважаныя таварышы, да ўзгодненай, разумнай працы, верачы, што ўсе мы ўсведамляем адказнасць перад народам і ўсе мы хочам зрабіць так, каб нашым людзям стала лепш.
ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ НАС НЕ ПАКІНЕ
Адказы на пытанні журналісткі Д. Чаркасавай «Голас Радзімы» за 2 студзеня 1992 г.
Як вы ставіцеся да пагаднення, падпісанага кіраўнікамі трох славянскіх дзяржаў у Белавежскай пушчы?
Да сустрэчы пад Брэстам і рашэнняў, прынятых на ёй, стаўлюся станоўча, з разуменнем, што такі крок быў неабходны і зроблены ён у выніку аналізу рэальнага становішча ў краіне. Саюз, які існаваў дзесяцігоддзі, разваліўся, развальваюцца эканамічныя і іншыя сувязі. Атрымалася тупіковая сітуацыя.
А ці дапаможа нам з яе выйсці стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў?
Я думаю, што рэальная самастойнасць, незалежнасць кожнай з рэспублік проста дапамогуць узняць настрой людзей, дух народа, паверыць у свае сілы і магчымасці. Я не падзяляю той трывогі і страхаў, што ахапілі многіх. Так, парваліся старыя сувязі, але хто каму можа перашкодзіць аднавіць іх — культурныя, эканамічныя. Усё гэта мы будзем развіваць, але ўжо з новым імкненнем, з пачуццём уласнай годнасці. Будзем гаварыць на роўных з усімі сваімі парт нёрамі, вызначаючы, што можам даць мы і што атрымаем узамен.
Я цалкам згодная з вамі, што, стаўшы незалежнымі, мы не прападзём фізічна. Але ці не адбылося ў нашай свядомасці нейкай дэфармацыі, ці не развучыліся мы адрозніваць дабро і зло? Учора я была на вечары Максіма Багдановіча. Добры, урачысты вечар, выступленні ад сэрца. Але ці не занадта ён быў палітызаваны? І яшчэ падалося мне, што заклікі прадстаўнікоў Ноўгарада і Яраслаўля да дружбы не знайшлі адпаведнага водгуку ў зале.
Можа, заклікі былі занадта эмацыянальныя? Калі нехта крычыць «я галодны», а яды, здаецца, хапае, то міжволі задумваешся: можа, і сапраўды ў нас няма чаго есці? Адбывалася, мусіць, нешта падобнае. І адна госця з Расіі нават сказала, што адчувае гарчынку, бо будзе жыць цяпер за мяжой. Гэта ўяўленне спрошчанае, неразуменне таго, як мы збіраемся жыць. Я магу толькі іранічна ўсміхнуцца, калі нехта ўсур'ёз дапускае, што з таго дня, калі перастане існаваць Саюз у ранейшай форме, мы атрымаем поўную незалежнасць, што з гэтага дня ў мяне хоць на ёту паменшае цікавасці і павагі да Пушкіна, Талстога, Лермантава, Глінкі, Чайкоўскага, да ўсёй вялікай рускай культуры, літаратуры. За каго ж тады мяне як прадстаўніка народа і ўвесь мой народ мець? Няўжо мы такія недаразвітыя, што пойдзем на такі духоўны разрыў?
Лозунгі і заклікі да дружбы ў свой час нарабілі шмат шкоды. Пад гэтымі лозунгамі ў беларускіх гарадах не засталося ніводнай беларускай школы. Пачалі знікаць яны і ў вёсках, тыражы беларускіх кніг падалі і падалі, засталося на ўсю рэспубліку толькі тры беларускія тэатры.
Таму, можа, і добра, што ўчора гаварылі пра Багдановіча, пра яго паэзію і ў той жа час — пра апошнія палітычныя падзеі. Яны адпавядалі тым грамадскім, дзяржаўным, палітычным ідэалам Багдановіча, за якія ён змагаўся ўсё сваё нядоўгае жыццё.
Але ж вы прыйшлі ў Камісію па культуры, а мы яшчэ і не пачалі пра яе гаварыць. Дык вось, тут праблем столькі, што іншы раз даходзіш да роспачы. Я ўжо казаў вам, што на сесіі не прайшла прапанова нашай камісіі аб беларускай мове ў сродках масавай інфармацыі.
А якія меркаванні супраць гэтай прапановы?