А яшчэ, калі перада мною людзі пажылога веку, прыгнутыя цяжарам пражытага і перажытага, з заскарузлымі далонямі, з невясёлымі вачыма, я думаю пра тое, як у нас у прэсе, на тэлебачанні, на розных форумах асвятляецца, падаецца гісторыя краіны і народа. Як ацэньваецца ўсё тое, чым жылі некалькі пакаленняў людзей? Вельмі шмат было цяжкага, змрочнага, нават жахлівага? Так, вельмі шмат. Трагічнай аказалася гэта наша гісторыя. Боль не заціхне яшчэ доўга — можа, і праз дзесяцігоддзі. І што ж — ведаючы ўсё гэта, абліваць гісторыю свайго народа, сваёй дзяржавы граззю? Думаю: чаго ж хочуць аўтары, апантаныя ядавітай злосцю? Каб ім паверылі, што мільёны людзей — сялян, рабочых, настаўнікаў, урачоў, інжынераў, навукоўцаў — жылі хлуснёй і няпраўдай, кіраваліся ў сваім штодзённым побыце, ва ўчынках і паводзінах не цвярозым розумам, не адвечнай народнай мараллю, не чалавечым сумленнем, а д'ябальшчынай? Хто ім даў права гэтак глядзець на жыццё цэлых пакаленняў? Хто ў гэтых людзей спытаў і пачуў адказ, што ім сорамна за пражытае? Хто мае права закрэсліць, абвясціць марна, упустую, бяздарна патрачаным іх жыццё? Да якой жа бездані цынізму і святатацтва трэба апусціцца, каб дазволіць сабе такое!
Людзі, якія яшчэ і сёння — хай сабе і не так сытна, як хацелася б, — кормяць краіну, вартыя куды большай і павагі, і сардэчнай удзячнасці, і галоўнае — чалавечага клопату пра іх. У гэтыя дні яны зноў выходзяць на поле — сеяць. Каб было што сабраць восенню. Каб не давялося паміраць ад голаду. Чым дапаможам ім? Пустымі амбіцыйнымі спрэчкамі ў зале пасяджэнняў? Мітынгаваннем на люднай плошчы? Вось пра што з горыччу думаю, збіраючыся да сваіх выбаршчыкаў.
«КАБ НЕ ЎМЕРЛІ...»
Слова на адкрыцці першага Міжнароднага кангрэса беларусістаў 25 мая 1991 г.
Мы, што сабраліся сёння ў гэтай зале, з'яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі падзеі сапраўды незвычайнай у гісторыі беларускага народа. Упершыню, нарэшце, мы здзяйсняем намер зрабіць тое, што іншыя славянскія народы зрабілі даўно: мы ўтвараем міжнародную асацыяцыю беларусістаў, дзеля чаго і склікалі гэты ўстаноўчы кангрэс. Тое, што мы парупіліся пазней за іншых, у саміх нас, беларусаў, напэўна, выкліча, як і заўсёды, гаркавата-іранічную ўсмешку: маўляў, а калі і дзе мы паспяшаліся раней за іншых, хіба такое магчыма? Адкажу без іроніі: магчыма! І ў нашай адзінаццацівяковай гісторыі здаралася не раз. Прыгадайма навуковы і творчы подзвіг, здзейснены ўсходнеславянскім першадрукаром беларусам Францішкам Скарынай. Прыгадайма Статут Вялікага княства — гэты мудры звод законаў, роўнага якому ў сэнсе гуманнасці і справядлівасці, бадай, не знала ў тагачаснай Еўропе ніводная іншая дзяржава. Не сумняваюся, што з трыбуны кангрэса будзе нагадана і пра многія іншыя факты і падзеі, якія, стаўшы нашай гісторыяй, пацвярджаюць творчы геній беларускага народа, якія працавалі і працуюць на яго аўтарытэт у свеце, дапамагаючы набыць яму ўсё больш і больш сяброў. Мы шчыра радуемся і ганарымся, што колькасць прыхільнікаў беларускай мовы, літаратуры, культуры за межамі рэспублікі расце, што ў многіх і блізкіх і далёкіх краінах створаны або ствараюцца асацыяцыі беларусістаў, што ўклад Беларусі ў агульначалавечую духоўную скарбніцу будзе такім чынам прызнавацца на ўсё шырэйшых абсягах планеты. Мы гэтак жа шчыра ўдзячныя нашым шчырым і верным сябрам за іх павагу і клопат — тым больш удзячныя, што яны добра ведаюць, гаворачы словамі Багушэвіча, «аб нашай долі-нядолі», аб няпростым, пакутлівым і трагічным лёсе народа, з якім звязалі свае навуковыя і творчыя інтарэсы. Мушу наўмысна падкрэсліць гэты момант — наконт нашай асаблівай удзячнасці — таму, што прадмет іх даследчыцкай або іншай цікавасці — так бы мовіць, нявыйгрышны, нявыгадны. Трэба мець мужнасць, каб займацца народам і яго духоўнай культурай, яго мовай, калі гэтаму народу, пачаўшы колькі стагоддзяў назад і да гэтага часу, і сёння адмаўляюць у праве на самастойнае існаванне, прарочаць страту свайго ўласнага аблічча і не абяцаюць ніякай гістарычнай перспектывы пасля Чарнобыля. Кожны дзень нам вырысоўвае яе, гэту перспектыву, усё больш выразна. Можа, сённяшнія нашы дабрадзеі якраз гэта і маюць на ўвазе? Наўрад ці можна назваць яшчэ якую-небудзь цывілізаваную, з больш як тысячагадовай гісторыяй нацыю, якой бы столькі разоў прадказвалі гібель і зыход з гістарычнай арэны, як нам, беларусам. І не толькі зацятыя ворагі-асімілятары, але і тыя, якія былі настроены да беларускага народа зусім дружалюбна, глядзелі на нас са спагадай і спачуваннем. Нагадаю толькі адзін прыклад. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі царскі ўрад забараніў карыстацца беларускай мовай у касцёлах, вядомы беларуска-польскі навуковец і грамадскі дзеяч Адам Кіркор са шкадаваннем пісаў: «Беларускаму народу больш не зазвініць яго родная мова, і сам ён, як народ, прапаў». Гэта — роспачнае пачуццё сябра. А колькі прароцтваў зларадных! Нямала іх робіцца і сёння, нават з яшчэ большым раздражненнем і азлобленасцю ад таго, што прароцтвы ніяк не здзяйсняюцца. Нямудрыя, зусім нямудрыя гэтыя чорныя крумкачы-«прарокі»: маглі б ужо і зразумець, што іх прадказанні не здзейсняцца ніколі. Ніколі! З асаблівай упэўненасцю гэта хочацца падкрэсліць сёння, калі надзея на свой лёс, як бы цяжка яна ні ішла, акрыліла і падмацавала нашы адвечныя запаветныя спадзяванні, наш непазбыўны, наш найгарачы клопат. Міжволі ўспамінаюцца словы, якія, неўзабаве пасля першай рэвалюцыі ў Расіі, з адчуваннем вялікага абнаўлення, вялікага пералому ў гістарычным лёсе беларусаў, сказаў наш выдатны этнограф Мікалай Нікіфароўскі: «Не з'елі нас раней, цяпер і падаўна не з'ядуць, калі мы дакрануліся да матухны-зямлі». Так, можам спакойна паўтарыць услед за гэтым слаўным сынам Бацькаўшчыны: цяпер, калі мы зноў дакрануліся да роднай матухны-зямлі, мы будзем жыць! І натуральна, што мы хочам, каб усе нашы сябры, беларусісты з іншых краін і зямель, і тыя, што прыехалі на кангрэс, і тыя, каму не выпала прыехаць, таксама пранікнуліся гэтым нашым настроем, гэтаю нашай верай, гэтым нашым энтузіязмам, — хочам, бо ўпэўнены, што гэта і ім надасць сілы і натхнення ў працы. Беларусь уступае ў новую паласу свайго гістарычнага развіцця,— гэта неадменны факт, усведамленне якога, не сумняваюся, хутка стане ўсенародным тут, у самой рэспубліцы, і ўсеагульным у свеце.
Аднак жа вернемся да пытання аб нашай удзячнасці тым, хто звязаў сябе, свой творчы лёс з Беларуссю. Паважаныя калегі, пытанне гэта зусім не другараднае, і я хацеў бы, каб мы, гаспадары сённяшняй сустрэчы, усёю душою яго адчулі і глыбока прадумалі. І каб яшчэ раз успалыхнулі ад сораму, што нас, надзеленых ад прыроды пачуццём удзячнасці, нярэдка прымушалі быць няўдзячнымі, апынацца ў становішчы людзей элементарна нявыхаваных і што мы мірыліся з гэтаю ганьбай і цярпелі яе. Адкуль ішоў гэты гвалт над нашымі прыроднымі чалавечымі пачуццямі, хто пазбаўляў нас нават права сказаць добрым людзям «дзякуй» — вядома: узаконеная і ўвасобленая ў дзяржаўных чынах нянавісць да беларускай мовы і культуры. Мы, старэйшыя з ліку нацыянальна свядомых працаўнікоў, усё жыццё пражылі ў акружэнні гэтай нянавісці, гэтай хамскай пагарды, гэтых цынічных насмешак і здзекаў. Незайздросная, прызнаемся, доля, нялюдскі і жорсткі час!
Якраз у тую пару Пімен Панчанка, паглядзеўшы і паслухаўшы аднойчы нашых высокачыноўных дзяржаўнікаў, сказаў прыкладна так: цяпер я ведаю, што трэба, каб стаць у Беларусі вялікім начальнікам, — апрача іншых спецыфічных якасцей, абавязкова трэба мець яшчэ і лютую нянавісць да беларускай мовы. Вядома, начальнікі мяняюцца, многія ўжо набываюць і павагу да роднага слова. Будзем спадзявацца, што само жыццё давядзе гэтыя прыемныя перамены да таго становішча, калі ўсе нашы дзяржаўныя асобы будуць адчуваць сябе адказнымі за лёс беларускай мовы і культуры як перад законам, так і перад уласным сумленнем. Але гэта здарыцца тады, калі Беларусь стане сапраўды суверэннай дзяржавай. Сёння яе суверэнітэт фіктыўны, папяровы, і яе ўрад таксама папяровы, пазбаўлены рэальнай самастойнай улады, і нават пры вялікім жаданні ён не можа стварыць умоў, якія б забяспечылі свабоднае развіццё беларускай мовы і культуры. Каб такія ўмовы сталі рэальнымі — трэба, каб стала рэальнай наша дзяржаўная самастойнасць.
Разам з тым, нават і ў сённяшніх умовах, ва ўмовах залежнасці, урад мог бы больш рашуча праводзіць моўную палітыку ў рэспубліцы ў інтарэсах народа, імем якога рэспубліка названа. І калі гэтага не відна, то вінаваты не толькі ўрад, але і ўсе мы таксама, бо недарэмна ж было некім разумным сказана: кожны народ мае той урад, якога ён заслугоўвае.
Мы ўсё плачамся і плачамся на сваю горкую долю, а трэба не плакацца, а дзейнічаць, трэба змагацца, трэба актыўна ісці ў наступ, расшыраць заваёвы, замацоўваць і абараняць дасягнутыя рубяжы.
Мы марым і летуценім, што нешта зробіцца само собой, пры дапамозе нейкай чароўнай палачкі, — а трэба не летуценіць, а дзейнічаць, трэба самааддана і самаахвярна, не шкадуючы сіл і часу, працаваць і выкладвацца ў гэтай працы даастатку.
Мы клюём на прынаду падкінутых нам хітрых, падступных ідэй і тэорый, а трэба перш за ўсё думаць самім, думаць цвяроза і глыбока аб тым, хто мы і што мы на гэтай планеце і якім павінен быць наш уласны шлях з увагай на асаблівасці нашай гісторыі, нашага нацыянальнага характару і менталітэту.
Мы займаемся ганебным самаедствам, мы прадаём — як гэта было ў час выбараў народных дэпутатаў — самых лепшых, свядомых сыноў і дачок нацыі, — замест таго, каб усяляк дапамагаць ім, падтрымліваць, гуртавацца вакол іх і ісці да аднае вялікае мэты побач, плячо да пляча, локаць да локця.
Мы нярэдка хвалімся нашай прыроднай беларускай талерантнасцю, дэмакратычнасцю, верацярпімасцю, але сённяшняя атмасфера нашага грамадска-палітычнага жыцця, на вялікі жаль, не сведчыць на карысць гэтага,— наадварот: і дэмакратычнасці, і цярпімасці нам не хапае, нават у дачыненні да патэнцыяльных спадарожнікаў і аднадумцаў. Мы не хочам лічыцца з тым, што ідзе нялёгкі і балючы працэс перавыхавання многіх і многіх, можа соцень тысяч і мільёнаў людзей, у тым ліку і нашай намінальна беларускай, а на самой справе толькі прапісанай у Беларусі, інтэлігенцыі. Ідзе працэс пакаяння, і гэта пакаянне адбываецца не абавязкова на люднай плошчы і са стуканнем кулаком у грудзі, яно можа мець месца і ў начной цішыні, калі чалавек сам-насам думае пра свой лёс глыбока і шчыра. Трэба верыць у пакаянне чалавека і не адрынуць нікога, хто сёння хоча і здольны сумленна паслужыць беларускай навуцы і культуры.
Паважаныя калегі!
Наш абавязак — шанаваць, цаніць і падтрымліваць усіх сяброў Беларусі, беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры — дзе б яны ні былі, ведаць і не забываць кожнага з іх, памагаць ім у іх вялікай самаахвярнай рабоце па прапагандзе і папулярызацыі духоўных скарбаў нашага народа, помнячы, што і ад кожнага з іх залежыць, як паспяхова будзе адбывацца наш выхад у вялікі свет, а значыць — і як паспяхова будзе ісці працэс нашага нацыянальнага адраджэння.
Пры гэтым будзем помніць, што самая лепшая наша дапамога замежным сябрам-беларусістам — гэта паспяховае вырашэнне нашых нацыянальна-культурных праблем тут, у Беларусі, гэта далейшае нарошчванне і яднанне нацыянальна-патрыятычных сіл у рэспубліцы, гэта наша плённая праца на ніве беларускай асветы і навукі, мастацтва і культуры. Ёсць пільная неабходнасць гаварыць пра павышэнне прафесійнага ўзроўню ўсёй гэтай нашай працы. Прафесійнага і, я дадаў бы, дзяржаўнага. Многае ў нас, будзем казаць шчыра, робіцца яшчэ на самадзейным узроўні, многае яшчэ гаворыць аб тым, што не пераадолена псіхалогія духоўнай правінцыі, культурна-мастацкай перыферыі. Шырокім колам нашай грамадскасці, у тым ліку і навуковай і творчай, яшчэ вельмі не хапае пачуцця нацыянальнай годнасці, усведамлення, што мы, беларусы, беларускі народ — гэта асобны духоўны свет і што цэнтр гэтага духоўнага свету — тут, на нашай роднай зямлі, а не дзе-небудзь на ўсход ці на захад, на поўдзень ці на поўнач ад яе. Трэба рашуча пазбаўляцца гібельнай для нас псіхалогіі жыхароў «Северо-Западного края», якая прышчэпліваецца нам вось ужо роўна два стагоддзі і з якою мы ніколі не здабудзем духоўнага, а значыць, і эканамічнага і палітычнага суверэнітэту. Між тым у нас ёсць такія высокія ўзоры свядомага служэння Бацькаўшчыне — служэння таму, «каб не ўмерлі».
Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі — абмяжуюся толькі галіной літаратуры і толькі гэтымі чатырма вялікімі постацямі — нам, наследнікам сваім, далі прыклад, па-першае, сапраўды дзяржаўнага, па-другое — сапраўды культурнага, на сусветным узроўні, думання і разумення свайго народа, яго гістарычнага лёсу, яго шляху да лепшай будучыні. Можа быць, у гэтым і наша шчасце, і наш паратунак, што ў нас заўсёды былі людзі-маякі, людзі-светачы, людзі-волаты, на чыю дзяржаўную і чалавечую мудрасць, на чый творчы або навукова-даследчыцкі талент можна было арыентавацца і абаперціся. На вялікі жаль, не ўся іх творчая спадчына сабрана, выдадзена і належным чынам прапагандуецца, а ў дачыненні да многіх з іх трэба сказаць, што мудры плён іх творчасці яшчэ наогул не даступны шырокім колам насельніцтва, у тым ліку, вядома ж, і нашым сябрам — замежным беларусістам. О, колькі слаўных імён нам яшчэ трэба вярнуць з небыцця, узвысіць і паказаць свайму народу і свету ва ўсёй іх велічы і бляску! Не стану тут гэтыя імёны называць, бо, на абсягу гісторыі ад Кірылы Тураўскага і да нашых дзён, іх вельмі-вельмі шмат, іх столькі, што нельга не прасякнуцца радасным прадчуваннем, якая вялікая, прыемная, самаахвярная праца ўсіх нас чакае!
Вось і давайце ж браць прыклад з іх. Давайце следаваць іх мужнасці і мудрасці, іх нястомнасці і самаахвярнасці, іх чалавекалюбнасці і дэмакратызму. Хай нас ніколі не пакіне тая высокая вера, якая свяціла ім і вяла іх наперад. Найвялікшы і найслынны сярод іх яшчэ ў 1914 годзе пісаў: «Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша вочы к сонцу і распрасоўвае свае магучыя плечы. Мілаванне свайго роднага слова, сваёй адзінай Бацькаўшчыны Беларусі бярэ верх над адступніцтвам і прадажніцтвам сябе ў чужую няволю. Калі зірнём мы на тое, што за некалькі год зроблена намі, беларусамі, над падняццем свайго нацыянальнага багацтва, то адно толькі душа можа радавацца. І ўсё гэта робіць сам народ — ці сваёй шчырай працай для Бацькаўшчыны, ці сваімі запрацаванымі капейкамі... (...) Мы не знаем ні казённых падачак, ні купленых працаўнікоў. Працуем для ідэі і будуем самі сабе новае, лепшае жыццё.
Дык працуйма ж і далей! Сейма на роднай зямельцы здаровыя зярняты праўды, брацтва і свабоды, будзіма жывога народнага духа з магутным клікам: к сонцу і праўдзе! Будзем мець буйны ўраджай і багатае жніво!».
Даўно гэта было сказана, а гучыць так, як бы вырвалася з душы паэта толькі што, сёння, і адрасавана нам з вамі. Прымем жа гэты купалаўскі запавет да сэрца і — у добры час за работу!
У ДЗЯРЖАВЕ — ДЗЯРЖАЎНАЯ МОВА
Адказы на пытанні журналісткі Таццяны Дзмітрусёвай. «Добры вечар» за 29 мая 1991 г.
У самым пачатку звароту Рэспубліканскай рады ТБМ да народных дэпутатаў гучыць трывожнае: «...аснова культуры народа — нацыянальная мова — у небяспецы!». Але, ведаеце, у адказ так і чуецца з высокіх інстанцый амаль абурэнне: «Зараз усё і ўся ў небяспецы». Ці не так? І ў той жа час...
Мова наша даўно ў заняпадзе, а значыць — і ў небяспецы. Такое становішча склалася не сёння, ды і не ўчора. Яшчэ ў канцы 50-ых пачалося, а ў наступныя гады і дзесяцігоддзі працягвалася інтэнсіўнае звужэнне ўжывання беларускай мовы ў дзяржаўных установах, у школах, у побыце. І засталіся ў грамадскім жыцці літаральна «астраўкі», дзе мова родная працягвала жыць. Найперш — у асяроддзі творчай і навуковай інтэлігенцыі.
Наконт «усё і ўся ў небяспецы»... Маюцца на ўвазе і эканамічная, і экалагічная, і палітычная сферы. На гэта хацеў бы сказаць вось што: у небяспецы перш за ўсё сам чалавек, яго чалавечая годнасць. Разбураюцца маральныя апоры, а на іх трымаўся чалавек у самыя складаныя перыяды гісторыі, у самых цяжкіх умовах. Трымаўся, таму што помніў, ведаў, верыў: «Я чалавек. Я не павінен ператварацца ў нелюдзь. Я павінен застацца чалавекам!». Вось з гэтага ўсё і пачынаецца. Мы радуемся дэмакратызацыі грамадства, але дэмакратызм без маралі і культуры можа даць жахлівыя вынікі. Таму і лічу, што найперш нам трэба дбаць пра духоўнасць чалавека, пра яго культуру.
На сённяшняе становішча з нашай роднай мовай існуюць розныя погляды. Адзін — зусім песімістычны. Другі — бяспечна аптымістычны. Трэці — занепакоена-самакрытычны. Я падзяляю апошні: ён больш карысны, бо падштурхоўвае да канкрэтных і актыўных дзеянняў.
На жаль, ёсць у нас такая агульная рыса: зрабіць крыху ў той ці іншай справе і — заспакоіцца, запэўніце, што далей усё ўжо будзе добра. Прыкладаў таму можна прывесці шмат. Класічны сярод іх — усенародны «шапказакідальніцкі» настрой напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Ні ў якім разе нельга паддавацца эйфарыі. Трэба больш цвяроза — больш крытычна — глядзець на з'явы. Нам жа іншы раз кінуць прыгожы лозунг-абяцанне — і мы надзіва легкаверна прымаем яго за рэальнасць. Так было і з абяцаннем камунізму...
Сёння, калі да нас многае, што называецца, «дайшло», калі мы нібыта прачнуліся і, як вы кажаце, крытычна паглядзелі на сваё жыццё, ад многіх заклікаў, абяцанняў зрабілася б смешна, калі б... не было так горка.
Вось і давайце заўсёды і ва ўсім будзем рэалістамі» У той жа сітуацыі з моваю. Здаецца, гэта цудоўна — прынялі Закон, разумны, памяркоўны. Але колькі ўжо разумных законаў мы ў свой час прынялі... Дзейнічаць яны павінны. На жаль, і пасля прыняцця Закона аб мовах не адбылося пакуль тых значных, істотных у станоўчым плане перамен, што надавала б нам аптымізму. Наша родная мова ўсё яшчэ не заняла свайго належнага месца, заканадаўча адведзенага ёй у суверэннай рэспубліцы.
Тым не менш грамадскасць Беларусі і, у прыватнасці, ТБМ зрабілі і робяць шмат для адраджэння нашай нацыянальнай культуры і мовы. Якія дасягненні гэтай дзейнасці вы лічыце найбольш значнымі?