Выказванняў было нямнога — два-тры. Мы, маўляў, фарсіруем падзеі, ёсць Закон аб мовах, і няхай ён працуе. А дэпутат Лукашэнка абвінаваціў нас у тым, што мы быццам бы «бяром за горла, насаджаем» беларускую мову.
Хіба можна гаварыць аб «насаджэнні» роднай мовы ў сябе дома?
Вось і я думаю, навошта такія моцныя словы? Закон аб мовах прыняты, але, на вялікі жаль, належным чынам не працуе, як, дарэчы, не выконваюцца ці дрэнна выконваюцца многія іншыя законы. Калі такое становішча захаваецца і надалей, то навошта тады гэты Вярхоўны Савет, гарачыя спрэчкі на яго пасяджэннях? Прыняццем пастановы аб мове ў сродках масавай інфармацыі мы хацелі забяспечыць беларускамоўным выданням хоць бы нейкія прыярытэты.
Калісьці я пераклаў для беларускага тэатра п'есу Шукшына «Энергічныя людзі». Дык вось мне здаецца, што зараз, калі мы ўступаем у рынак, «энергічныя людзі» адчулі смак жыцця і наўрад ці збіраюцца лічыцца з беларускай кнігай, газетай, часопісам. Пры абмеркаванні пастановы я спаслаўся на пісьмо з часопіса «Вясёлка». Адзіны дзіцячы часопіс на беларускай мове не выходзіць ужо чатыры месяцы — няма афсетнай паперы, у той жа час чытаю, што ў кааператараў праблем з паперай няма...
Добра было б, каб грамадскасць наша раптам схамянулася, падрасла духоўна і душэўна, разумова, усвядоміла б нарэшце свой абавязак перад нацыянальнай культурай, мовай, адукацыяй, мастацтвам, літаратурай. Схамянулася б і выйшла на вуліцы з лозунгамі «Ратуйма нашу мову, нашу культуру!», як. выходзіла і мітынгавала вясной па эканамічных, палітычных пытаннях. Дык гэтага ж няма. У родным горадзе я не бачу прыкметных зрухаў на карысць роднай культуры. Пра ўсё трэба клапаціцца дзяржаве. А дзе дзяржава возьме сродкі на культуру, асвету, выданне кніг, калі столькі мільярдаў траціцца на армію. У Амерыцы пяць-шэсць працэнтаў нацыянальнага бюджэту траціцца на ваенную справу, а ў нас 25-30. А колькі грошай ішло на падтрымку так званых брацкіх камуністычных партый?! Ці разумна ўсё гэта?! За дзесяцігоддзі я ўжо стаміўся гаварыць: мы бедныя, але калі мы сёння дадзім належныя грошы на культуру і адукацыю, то ў нас хоць з'явіцца надзея, што мы пабагацеем. Не зрабіўшы гэтага, так і застанёмся жабракамі.
Многія кіёскі «Саюздруку» не хочуць браць для продажу беларускамоўныя выданні У той жа час мы даволі часта чуем скаргі, атрымліваем пісьмы, у якіх людзі пішуць, што не могуць знайсці ў кіёсках беларускую газету або часопіс. Чаму такое здараецца?
Гэта можа быць сабатаж палітычнага характару. А ёсць жа яшчэ людзі, якіх чамусьці раздражняе наша беларуская мова, і яны ставяцца да яе з пагардай.
Дык патрэбны супраць іх нейкія дзяржаўныя захады?
Але ў законе не напісана, і не можа быць напісана, што, калі чалавек не любіць беларускую мову, яго можна прыцягваць да нейкай адказнасці. Гэта справа сумлення, выхавання, культуры. Для мяне ясна, што такому чалавеку бракуе культуры, хоць у яго можа быць тры дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Ён не паважае мову цэлага народа. А калі трапіў такі мованенавіснік у газетны кіёск, то чаго ад яго чакаць? Гэта адна прычына. А другая заключаецца ў тым, што ніхто не хоча несці страты. Есць рызыка, што беларускамоўнае выданне не разыдзецца. А паколькі кіяскёр цяпер сам сабе гаспадар, на яго ніхто не можа «націснуць», то ён заказвае газеты і часопісы, якія хутчэй раскупляюцца. Вось тут і зноў жа патрэбна дзяржаўнае рэгуляванне, патрэбна праверка выканання Закона аб мовах. Калі чалавек не ўспрымае закон і не выконвае яго, то, відаць, ён не спраўляецца са сваімі абавязкамі. Тое ж самае і з распаўсюджвальнікамі прэсы.
Апублікаваны праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Як раней, то адразу б пачалося яго ўсенароднае абмеркаванне. А ў нас пакуль — цішыня. Ці не здаецца вам, што ў народзе з'явілася нейкая апатыя, нават абыякавасць да новых законаў, пастаноў?
Давайце трошкі пачакаем, спадзяюся, што людзі яго яшчэ чытаюць, а потым пойдзе і абмеркаванне. Падзеі апошняга часу настолькі незвычайныя, што не даюць людзям магчымасці засяродзіцца на такіх вялікіх дакументах. У краіне ўвесь час адбываюцца новыя значныя перамены. Любая Канстытуцыя — Асноўны Закон, па якім жыць народу, — прымаецца не на адзін год. Канстытуцыя разлічана на стабільнасць у грамадстве. А пра якую стабільнасць можна гаварыць, калі сёння ў нас адно, заўтра другое, а паслязаўтра трэцяе. Таму я не спяшаюся абвінавачваць наша грамадства ў пасіўным стаўленні да новай Канстытуцыі. Хаця наогул пасіўнасць вялікая, я б сказаў, нават апатыя. Гляджу часам, як тэлежурналісты пытаюцца ў людзей на вуліцы, што яны думаюць пра наша жыццё. Адны нявесела ўсміхаюцца, другія безнадзейна махаюць рукой. «Жывём, пакуль жывецца,— адказваюць трэція,— а ці будзе што заўтра даць дзецям есці, у што апрануцца, Бог ведае».
У такіх умовах культуры, мусіць, асабліва цяжка. Як пераканаць людзей, што культура — гэта не толькі кіно, музыка, літаратура. Не будзе культуры паводзін, высакароднасці — яшчэ больш «расцвіце» махлярства, злачыннасць. Да чаго дойдзем?
На жаль, у нас культуру так і прывыклі разумець як культурную ўстанову: тэатр, Палац культуры, ну яшчэ бібліятэка. Спрошчаны падыход да самога паняцця культуры. А культура — гэта перш за ўсё сам чалавек, яго духоўны ўзровень, нарэшце, чалавечае ў чалавеку. Культурны чалавек вызначаецца сваімі адносінамі да іншых людзей, да працы. Толькі некультурны чалавек можа сабе дазволіць кепска працаваць. Культура праяўляецца ў адносінах чалавека да зямлі, да прыроды. Варвар знішчае сваё ж асяроддзе замест таго, каб зрабіць яго лепшым. Культура відаць у адносінах да спадчыны, да мінулага свайго народа, само сабой — і да мовы. Цэлы комплекс самых розных аспектаў дае магчымасць меркаваць, культурны перад намі чалавек ці не.
Як жа ў нашых нечалавечых умовах захаваць чалавечнасць? Што нам дапаможа выратаваць культуру?
Дапамагчы захаваць культуру можа толькі культура. Скажам, на развіццё культуры патрэбны грошы, але недастаткова культурны дзяржаўны дзеяч не здольны гэта зразумець, і пытанне з фінансаваннем культуры амаль не рушыцца з месца. Мы тут сёння згадвалі і тых, ад каго залежыць выданне кніг, і распаўсюджванне прэсы, і будаўніцтва тэатраў. Мала сярод іх высокакультурных людзей, А каб яны з'явіліся, пачынаць трэба з калыскі, з дзіцячага сада, гадаваць і выхоўваць. Будзе дастаткова свядомых працаўнікоў — і паступова культура пераможа.
Паглядзіце, якія сялянскія падворкі ў Францыі, Чэхаславакіі, нават у Прыбалтыцы. Парадак, як у храме. А ў нас?..
А як вы лічыце, што прывяло беларусаў да такога культурнага заняпаду? Ці мо тут праяўляюцца нейкія нацыянальныя рысы?
Ну не! Наконт нацыянальных рыс давайце будзем больш асцярожнымі, а то можна напаклёпнічаць на свой жа народ. І наогул я не стаў бы гаварыць так ні пра адзін народ. Хто сумняваўся ў цэлым у высокай культуры нямецкага народа? Ніхто! А паглядзіце: памяняліся палітычныя ўмовы, і мільёны людзей удалося збіць з панталыку, пазбавіць элементарнай культуры. Замест таго каб браць у рукі плуг, касу, музычны інструмент, кнігу, людзі бралі аўтаматы і ішлі вайной на іншыя краіны. У кожным народзе ёсць людзі менш, больш і высокакультурныя. Прычым вельмі часта гэта прыродныя якасці. Колькі мне за жыццё даводзілася бачыць людзей зусім неадукаваных, але якая ў іх была культура, які такт, які густ!
Дык што ж нас так сапсавала?
У гэтым сэнсе, я думаю, вялікую шкоду прыносяць так званыя рэвалюцыі ўвогуле на зямлі і на нашай таксама. Культура збіраецца па кропельцы, як мёд у сотах. Культура — гэта традыцыя і яе пастаяннае развіццё, а не ломка. А мы ў 1917 годзе адным махам рашылі перакроіць усё жыццё, увесь наш быт, светапогляд, усе нашы звычаі, абрады, завядзёнкі.
Мы столькі пісалі на працягу дзесяцігоддзяў пра росквіт культуры, а перамагло бескультур'е. Парадокс. Наша вялікая трагедыя.
І сёння мы таксама ў пэўным сэнсе перажываем рэвалюцыю. Можа, таму так цяжка нашай культуры?
Так, нешта падобнае мы зараз перажываем. Я, напісаўшы ў свой час нямала вершаў у гонар рэвалюцыі і рэвалюцыйных пачынанняў, пераконваюся, што ёсць вартасці больш значныя ў лёсе кожнага чалавека. Гэта праца, дабрыня, праўдзівасць, прыстойнасць, сумленнасць. А рэвалюцыя не дала таго, чаго ад яе чакалі.
І ўсё ж, калі можна, давайце скончым на больш аптымістычнай ноце. Можа, ёсць нейкая надзея на выратаванне?
Не скажу, што я ў жыцці вельмі вялікі аптыміст, але ўпадаць у роспач не збіраюся. Думаю, што ў нашага народа хопіць розуму і сумлення, каб выйсці з гэтага становішча з чалавечай годнасцю. Каб не дайшло ў нас да таго, што мы бачым у многіх рэгіёнах краіны. Папросту кажучы, каб не дайшло да крыві. Бо гэта ўжо самае яркае сведчанне, што людзей пакінуў розум — і розум, і сумленне. Я веру, што мы застанёмся ў гэтым сэнсе сапраўднымі людзьмі і чалавечнасць нас не пакіне.
НАРОДЫ ПРАЧНУЛІСЯ І БУДУЦЬ СЦВЯРДЖАЦЬ СВАЁ ПРАВА НА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ
Даклад на сесіі Вярхоўнага Савета БССР 17 студзеня 1991 г.
Шаноўны Прэзідыум, паважаныя дэпутаты!
Перш за ўсё я мушу выказаць пэўнае здзіўленне прапановай Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Іванавіча Дземянцея нічога не абмяркоўваць тут па літоўскай сітуацыі. Маўляў, дэлегацыя ад Прэзідэнта СССР з'ездзіла ў Літву, ва ўсім разабралася і больш гаварыць няма пра што. Я разумею падтрымку залы, а іменна — неабходнасць неадкладна пагаварыць аб тым, што ўсіх нас хвалюе і проста не дасць нам спакойна працаваць і рашаць іншыя пытанні.
Наша дэлегацыя прыехала ў Вільню к вечару заўчора. Мы, на жаль, толькі частка дэлегацыі, паспелі яшчэ пабываць у Вярхоўным Савеце, сустрэцца і пагаварыць з кіраўнікамі Вярхоўнага Савета, у прыватнасці з намеснікам Старшыні і сакратаром, а таксама са старшынёй Камісіі па нацыянальных пытаннях, з міністрам аховы здароўя Літвы і з некаторымі дэпутатамі.