Настаўнік даведзен да становішча парыя, жабрака... Мы хочам, каб ён укладаў у наша дзіця сваю душу, але гэта настаўніцкая душа атручана крыўдай і несправядлівасцю, ёй цяжка акрыліцца любоўю і ласкай. Такога няма нідзе ў свеце, каб настаўнік зайздросціў дабрабыту людзей літаральна ўсіх прафесій, хіба што — толькі работнікам культуры не зайздросціць. Настаўнікі — самыя цярплівыя людзі на гэтай зямлі — пагражаюць абвясціць забастоўку. Ёсць нешта асабліва горкае, каб не сказаць ганебнае, у тым, што наша настаўніцтва даведзена да стану, калі вымушана гаварыць пра такую крайнюю меру пратэсту супроць несправядлівасці... Я, відаць, не магу растлумачыць, чаму, але ніколі не было так сорамна за наша грамадства, за нелады і непарадкі ў краіне, як сёння, — пры думцы, да якой жа ступені мы адзічэлі, як жа гэта мы так нізка, выбачайце, апусціліся ў сваім стаўленні да асветы і культуры; скажу больш — як мы так катастрафічна пачалі траціць элементарны здаровы сэнс. Мы спрабуем глядзець у будучыню і кажам, што краіне патрэбны высокакваліфікаваныя кадры на ўсіх франтах гаспадарчай і іншай грамадска карыснай дзейнасці. Але ж усе інжынеры, урачы, аграномы, палітыкі і г. д. — усе яны спачатку школьнікі і вучні. Раней чым стаць спецыялістам — вучань павінен стаць чалавекам, а гэта школа зможа зрабіць толькі тады, калі яна будзе сапраўдным храмам духоўнасці, калі дзіцячая душа будзе ў ёй кожны дзень багацець і акрыляцца на добрыя справы.
Настаўнікам прадугледжана павышэнне зарплаты амаль на 50 %, ну і работнікам культуры трохі дадаецца. Але настаўнікі ў сотнях пісем і тэлеграм патрабуюць павышэння на 100-150 % — і справядліва, бо, дабавіўшы 50 %, мы толькі дацягваем зарплату настаўніка да сярэдняй у сферы матэрыяльнай вытворчасці. А трэба — каб сярэдняя настаўніцкая зарплата была намнога вышэй. Падкрэсліваю — намнога вышэй, таму што гэта — Настаўнік. Гэта — той, ад каго залежыць шчасце або няшчасце нашых дзяцей, наша будучыня. На вялікі жаль, гэта ісціна да нас усё яшчэ не даходзіць. І таму праблема застаецца нявырашанай. Яна вырашыцца, калі ў свядомасці грамадства адбудзецца карэнны пералом на карысць асветы і культуры.
Хто-небудзь скажа: што вы ў нашых сённяшніх умовах хочаце? Вы ж бачыце, які наш нацыянальны даход і які бюджэт! Бачу, вядома, і таму хацеў бы, каб мы тут усе разам больш думалі і ўрэшце нешта прыдумалі, як забяспечыць рост нацыянальнага даходу і павелічэнне бюджэту. Перш за ўсё — тут не павінна быць пацёмкаў: людзям трэба даць поўную, да апошняй капейкі, раскладку, што і куды, і колькі з нашых нацыянальных багаццяў ідзе? Можа, ідзе ў тую прорву, якую мы ніколі не загацім? Калі ж мы не вызначым і не скажам канкрэтна, як і за кошт чаго будзе наша рэспубліка багацець, то людзі не будуць бачыць перспектывы і ў грамадстве будуць нарастаць няўпэўненасць, страх за заўтрашні дзень і нават паніка і роспач, праявы чаго мы ўжо назіраем і сёння. Значыць, пытанне пытанняў — у гэтым: якім шляхам ці якімі шляхамі будзем выходзіць з цяжкай эканамічнай сітуацыі? Бачым мы гэтыя шляхі ці не бачым? Робім што-небудзь для выпраўлення становішча ці коцімся далей па інерцыі? У выступленнях дэпутатаў ужо прагучалі некаторыя канкрэтныя прапановы. Напрыклад, аб перадачы саюзна-рэспубліканскіх прадпрыемстваў рэспубліцы, аб скарачэнні выдаткаў на ракеты, танкі і крэйсеры, на бюракратычныя крэслы і на сёе-тое іншае. Тут нішто не будзе лішняе для эканоміі народных сродкаў. Давайце ўсёй сесіяй падтрымаем іх, гэтыя прапановы, і тым самым дапаможам ураду. Без дапамогі Вярхоўнага Савета урад такіх пытанняў не вырашыць.
МОВА — ДЛЯ ТАГО, КАБ АБ'ЯДНАЦЬ НАС
Даклад на ІІ з'ездзе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны 14 чэрвеня 1991 г.
Два гады назад на першым устаноўчым з'ездзе ў Мінску было створана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Гэта падзея ў культурным і грамадска-палітычным жыцці рэспублікі мела і працягвае мець значэнне надзвычайнае — хто б што ні думаў і ні гаварыў наконт яе і тады, напачатку, калі Таварыства ўзнікала, і сёння, калі завяршаецца этап яго станаўлення. Што дае падставы менавіта гэтак глядзець на стварэнне і жыццядзейнасць нашай культурна-асветніцкай арганізацыі? Каб адказаць на гэта пытанне і — каб зразумець справядлівасць такой ацэнкі таго, што ўсе мы, сябры Таварыства, робім, — для гэтага неабходна вельмі ясна ўяўляць рэальны стан Беларусі на сучасным этапе гісторыі, рэальнае палітычнае, сацыяльнае і культурнае становішча нашага народа, яго духоўнае жыццё-быццё, становішча яго мовы, што значыць — лёс яго будучыні. Гісторыя — паўторым гэту відавочную ісціну яшчэ раз — дала нам шанц, упусціць які мы, беларусы, і ўсе, хто жыве побач з намі, па-брацку спагадае нам, не маем права. Больш таго — упусціць гэты шанц было б проста ганебна, бо гэта было б з нашага боку здрадай жыццёвым інтарэсам беларускага народа, яго адвечным запаветным марам і спадзяванням. Беларусь — у каторы раз за сваю трагічную тысячагадовую гісторыю — ставіць перад сабой задачу нацыянальнага Адраджэння, здабыцця дзяржаўнага, эканамічнага і духоўнага суверэнітэту. Беларусь уступіла ў вельмі адказную паласу свайго гістарычнага развіцця. Без усведамлення гэтага, без асабістай гатоўнасці кожнага падключыцца да Адраджэння, да беларусізацыі ўсяго нашага жыцця — беларускі народ як нацыя не ўваскрэсне, Беларусь як дзяржава не здзейсніцца. Вось чаму дзейнасць Таварыства беларускай мовы найцесным чынам звязана з беларускай ідэяй у яе агульным сэнсе і практычна падпарадкавана задачы нацыянальнага адраджэння Беларусі. У гэтым — адметнасць нашага Таварыства сярод аналагічных моўных таварыстваў у цывілізаваным свеце. У адрозненне ад іншых народаў мы ўсё яшчэ вымушаны змагацца за жыццё мовы. Ні ў адной цывілізаванай краіне свету гэткай праблемы — жыць або не жыць сваёй роднай мове — няма. Там ёсць іншыя праблемы, на якія скіроўваецца клопат навукоўцаў, дзеячаў асветы, культуры і ўсёй шырокай грамадскасці, а іменна: удасканаленне правапісу літаратурнай мовы, узбагачэнне і ачышчэнне нацыянальнага слоўніка, культура мовы, узаемаадносіны літаратурнай мовы і мясцовых гаворак і іншае. Але — паўтараю — няма праблемы: жыць або не жыць мове.
Вось і я задаю пытанне — сабе, усім вам, дэлегаты і госці з'езда, усім сябрам Таварыства і ўсім добрым людзям — сумленным грамадзянам Бацькаўшчыны: колькі яшчэ мы будзем змагацца за жыццё нашае роднае мовы? Калі мы пачнём радавацца і толькі радавацца, што яна ёсць, і ёсць менавіта такая, якая ёсць, і што ёй нішто не пагражае? Колькі стагоддзяў назад за жыццё нашай мовы змагаліся Скарына, Будны, Цяпінскі, Сапега і іншыя вялікія, паўтараста ці трохі менш гадоў назад за яе жыццё змагаліся Дунін-Марцінкевіч, Каліноўскі, Багушэвіч і іншыя вялікія, на пачатку XX стагоддзя за жыццё роднага слова змагаліся Купала, Колас, Цётка, Багдановіч, Гарэцкі і іншыя вялікія, пазней — за яе жыццё пайшлі на Калыму, на Салаўкі або ў Курапаты тысячы і тысячы іншых і вялікіх, і радавых патрыётаў Бацькаўшчыны. Прайшло яшчэ паўстагоддзя, завяршаецца XX век — і што ж? А ўсё тое ж: барацьба працягваецца! І сёння наша мова застаецца на асобым становішчы. І сёння мы думаем і клапоцімся аб тым, як яе ўратаваць, што маем рабіць, каб наш беларускі народ не страціў сваю мову канчаткова. Што ж гэта за такая праклятая доля, калі на працягу цэлых стагоддзяў мы вымушаны адваёўваць для роднае мовы права на жыццё? Ці не задоўга гэтае змаганне цягнецца? Ці не пара рашуча пакончыць з гэтым бяспраўным становішчам народа і яго культуры? Ці не пара ўсім зласліўцам-нядобразычліўцам нашым, як і ўсім тутэйшым слепакам, зразумець, што геній нашае мовы несмяротны, што яе сіла і моц неадольныя і што ўсе намаганні паглынуць яе, растварыць у стыхіі іншай мовы — марныя?
У такой гістарычнай сітуацыі, у такой грамадска-палітычнай атмасферы і ўзнікла і пачало працаваць наша Таварыства.
Якія галоўныя задачы ставіла і старалася яно вырашаць?
Па-першае, стварэнне суполак і арганізацый Таварыства на ўсёй тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі — там, дзе жывуць беларусы. На сёння нашы арганізацыі створаны амаль ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі — прынамсі, хоць першасныя разрозненыя суполкі, калі не раённыя і гарадскія арганізацыі. Раённых сябрын — па апошніх звестках — 90. Заснаваны і жыццядзейнічаюць суполкі і сябрыны Таварыства ў Маскве і Ленінградзе, у Сібіры і на Украіне, у Эстоніі, Латвіі і Літве, а таксама ў ЗША, Канадзе, Італіі, Аўстрыі, Польшчы. Існаванне філій Таварыства па-за межамі Беларусі мае асаблівае значэнне — бо гэта працуе на вялікую беларускую ідэю, спрыяе абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, садзейнічае згуртаванню ўсіх патрыётаў Бацькаўшчыны вакол ідэі адраджэння.
Па-другое, нашым клопатам было стварэнне курсаў і гурткоў па вывучэнню беларускай мовы — на прадпрыемствах, у дзяржаўных установах, у грамадскіх арганізацыях, у ВНУ, тэхнікумах і вучылішчах. Справа гэта аказалася нялёгкай, маштабы і плён гэтай працы задаволіць нас, на жаль, не могуць. Якія, спытаеце, таму прычыны? Галоўнае — слабае выкананне Закона аб мовах у Беларускай ССР: людзі ў большасці сваёй яшчэ не адчулі, што названы Закон пачаў здзяйсняцца, што беларускую мову сапраўды і ўсур'ёз неабходна вывучаць: авось, маўляў, і абыдзецца, ці мала ў нас прымалася розных законаў, якія не дзейнічалі. Апрача таго, тармозіць справу і недахоп кадраў выкладчыкаў на курсах беларускай мовы; тут жа патрэбны свядомыя, шчырыя, калі хочаце, апантаныя энтузіясты, а яны не ўсюды знаходзяцца.
Трэцяе, што мы лічылі і лічым надзвычай важным, — выдавецкая дзейнасць Таварыства. Перш-наперш нам патрэбна было сваё перыядычнае выданне — у дапамогу ўсёй практычнай рабоце і, галоўнае, для размовы з чытачамі пра наш агульны вялікі клопат аб роднай мове і культуры. Такім выданнем, як вы ведаеце, стаў бюлетэнь «Наша слова», які ў мінулым годзе выходзіў цалкам на апякунскія сродкі Дзяржкамдруку БССР раз у месяц, а сёлета — ужо на дзяржаўным фінансаванні, раз у тыдзень, праўда, пакуль што ўдвая меншым аб'ёмам. Паставіць на ногі выданне, якое б адпавядала свайму прызначэнню і набыло свайго вернага чытача, — нялёгка. Але іншага лёсу мы нашаму тыднёвіку не жадаем. І мы ўскладаем на яго вялікія спадзяванні. Цяжкасць задачы, якая стаіць перад рэдакцыйным калектывам і рэдкалегіяй, вынікае з таго, што наша выданне ў вядомым сэнсе павінна быць узорным і, калі хочаце, непераўзыдзеным. Маю на ўвазе культуру мовы, бляск стылю, эстэтычны і маральны ўзровень матэрыялаў, якія ў ім публікуюцца. Каб — ні ценю пошласці, каб і на дух нічога ад дэмагагічна-таннай і вульгарнай мітынгоўшчыны, ад дробязнага абывацельскага крытыканства і ўжо, крый Бог — ад элементарнай непісьменнасці. Спадзяюся, дэлегаты і госці скажуць, якой яны хочуць бачыць сваю галоўную газету. Гэтаксама, як і іншыя выданні Таварыства, што пачалі выходзіць у некаторых раёнах і гарадах рэспублікі (напрыклад, у Навагрудку, у Маладзечне). Надзвычай важна, каб такія бюлетэні мясцовых арганізацый Таварыства хоць зрэдку выходзілі — не забудзем, што друкаванае слова ўсё яшчэ валодае вялікай магічнай сілай.
Апрача газеты «Наша слова», ТБМ распачало выданне беларускіх слоўнікаў і навуковых кніг, а таксама пэўнай сувенірнай прадукцыі. Праўда, магчымасці нашы тут вельмі і вельмі нязначныя. Патрэбны грошы, патрэбна папера, а найперш — патрэбна добразычлівае стаўленне да гэтых нашых клопатаў з боку дзяржавы і грамадскасці.
Яшчэ адзін вялікі важны аспект нашай працы — непасрэдны ўдзел і дапамога ў пераводзе справаводства на беларускую мову, у тым, каб беларускай станавілася рабочая, службовая мова на прадпрыемствах і ва ўстановах, у набыцці беларускага аблічча візульным афармленнем нашых гарадоў і вёсак, вуліц і рэкламы... А ў першую чаргу — у пераводзе на беларускую мову школ, тэхнікумаў і ПТВ, інстытутаў і універсітэтаў. Тут перад намі яшчэ непачаты край работы. Хаця ёсць і вельмі ўцешныя прыклады, якія пацвярджаюць недарэмнасць нашых намаганняў і ўсяляюць у сэрца надзеі. Так, на цагляным заводзе ў Радашковічах справаводства ўжо даўно пераведзена на беларускую мову. Пастухова беларусізуецца навучанне ў сталічным тэхналагічным інстытуце. Не сумняваюся, што прамоўцы парадуюць нас інфармацыяй і пра многія іншыя падобныя факты.
Асобна належыць сказаць пра немалыя заслугі ТБМ у справе дэмакратызацыі нашага беларускага парламента. Можа, не ўсім зразумела, што маецца на ўвазе? Гаворка аб тым, што па нашай тэбээмаўскай, так бы мовіць, «курыі» ў Вярхоўны Савет рэспублікі прайшло больш дзесяці народных дэпутатаў, якія, не пабаімся папроку ў нясціпласці, вылучаюцца ў дэпутацкім корпусе дэмакратызмам поглядаў, парламентарнай ініцыятыўнасцю і актыўнасцю і набываюць вядомасць у якасці палітычных дзеячаў.
Трохі аб тым, што перашкаджала і не дазволіла Таварыству ва ўсіх названых аспектах яго дзейнасці зрабіць больш. Тут я перш за ўсё назваў бы нашу агульную ўсенародную бяду — нізкую нацыянальную самасвядомасць, або нацыянальны нігілізм, з якога вынікае негатоўнасць шырокіх колаў грамадскасці зразумець значэнне ТБМ, жыццёвую неабходнасць яго ўтварэння. Калі чалавек абыходзіцца без роднай мовы і не адчувае ў ёй ніякай патрэбы — дык навошта яму яшчэ нейкае Таварыства, дзеля чаго, маўляў, і кім яно прыдумана? Горшы варыянт такой пазіцыі — а ці не будзе гэта Таварыства асяродкам «беларускага нацыяналізму», якога трэба баяцца як чорт крыжа. На вялікі жаль, неадназначныя, няроўныя былі адносіны да ТБМ з боку тых дзяржаўных і грамадскіх сіл, ад якіх многае залежала. Там, дзе ідэю стварэння Таварыства зразумелі правільна — як народжаную самім часам патрэбу ў грамадскай чыннасці дзеля адраджэння роднай мовы і культуры, — там ТБМ з першых крокаў атрымала належную арганізацыйную і маральную падтрымку. Пераканаўчы прыклад таму — актыўная пазіцыя за ТБМ тагачаснага Мінскага гаркама КПБ, дзякуючы якому ў сталіцы хутка ўзніклі гарадская і дзевяць раённых арганізацый Таварыства, а рэспубліканскі кіраўнічы штаб ТБМ атрымаў досыць прыстойнае памяшканне. Другі не менш паказальны прыклад, аб чым я ўжо гаварыў сёння, — гэта фундатарская шчодрасць Дзяржкамдруку БССР, які цалкам узяў на сябе на цэлы год выдаткі ад выдання «Нашага слова». Разам з тым у некаторых гарадах і раёнах партыйнае і савецкае кіраўніцтва паставілася да нашага Таварыства насцярожана, і нават больш чым насцярожана. Паколькі нашы людзі прывыклі на ўсякую грамадскую дзейнасць атрымліваць дазвол зверху, то па гэтай — не ў апошнюю чаргу — прычыне ў больш чым 40 раёнах рэспублікі і да гэтага часу не створаны раённыя арганізацыі ТБМ. Як то кажуць: сумна, але факт! Дзеля справядлівасці трэба дадаць, то не толькі зацятыя «антыдэмакраты-партакраты» так непрыхільна сустрэлі ідэю стварэння ТБМ, але і некаторыя «радыкалы-дэмакраты». Помніцца, як яшчэ задоўга да ўстаноўчага з'езда ТБМ сёй-той з крайніх левых змрочна прарочыў, што з узнікненнем Таварыства ў рэспубліцы стане на адну казённа-бюракратычную арганізацыю больш — і толькі.
Зрэшты, і да гэтага часу адносіны да ТБМ з боку палітычных партый, грамадскіх рухаў і арганізацый у большасці выпадкаў такія, што радавацца нам няма чаго. Скажам, з новаствораных і зарэгістраваных партый хіба што толькі БСДГ спрабуе ад першых крокаў сваіх даць прыклад шчырага шанавання беларускай мовы і прынцыпова патрабуе выканання Закона аб мовах. Сярод недасведчаных шырока ходзіць памылковая думка, што БНФ як рух аб'ядноўвае адных шанавальнікаў беларускай мовы, і больш таго — амаль адных «беларускіх нацыяналістаў». Рэальнасць гаворыць пра іншае. Помню, напрадвесні мінулага года актывісты БНФ сабралі на вуліцы мітынг, на якім заклікалі выбаршчыкаў галасаваць за свайго кандыдата ў народныя дэпутаты БССР. Беларускім словам і наогул беларускім духам там нават і не патыхала — ні ад кандыдата ў дэпутаты, ні ад яго давераных асоб. І менавіта гэтыя давераныя і іх сябры зрабілі ўсё, каб у дэпутаты не прайшоў канкурэнт іхняга кандыдата, сябар рэспубліканскай рады ТБМ прафесар Іван Міхайлавіч Жарскі. Галоўны козыр у руках бэнээфаўцаў быў такі: Жарскага вылучылі ў кандыдаты камуністы. Дастаткова, каб ні з чым іншым не палічыцца. Для чаго я запыніўся на гэтай ужо даўняй падзеі? А для таго, каб сказаць: тут прычына нашага нацыянальнага няшчасця. У нашым самаедстве. Замест таго каб усяляк падтрымаць кандыдатуру патрыёта беларускага слова — спадары «дэмакраты» безаглядна «рэжуць» яе нібыта ў імя дэмакратыі і свабоды. Свабоды — для каго і для чаго? Скажыце: вам трэба свабода, дзе не будзе гучаць беларускае слова? Дзе ад «свабоды» задыхнецца апошняя беларуская песня? Дзе будзе свабодна паміраць Беларусь? Мне такая свабода непатрэбна. І не трэба напускаць тэарэтычнага туману, што, так бы мовіць, спачатку здабудзем свабоду, здабудзем хлеб і каўбасу, а тады падумаем і пра беларускую мову. Дазвольце ў гэтыя байкі не паверыць. Свабоду для Беларусі і для беларускай мовы можа здабыць толькі народ, узброены родным словам! І ваяваць гэтым словам трэба цяпер, а не некалі пасля, тады, калі... Як жа, з увагі на сказанае, зразумець, што кіраўнікі дэмакратычных партый Беларусі апублікавалі ў «Народнай газеце» зварот да народных дэпутатаў рэспублікі на рускай мове? А чаму ж, шаноўныя спадары, не на мове народа, ад імя якога ўвесь час вяшчаеце? Што — для выказвання беларускіх клопатаў і беларускага болю іншая мова падыходзіць лепш, чым свая родная, беларуская? Значыць, вы такой думкі пра найкаштоўны скарб беларускага народа.
Вось пра што, дарагія дэлегаты і госці, трэба нам усім думаць. Не партыйным і не сацыяльна-класавым крытэрыем трэба нам, дбаючы пра ТБМ, кіравацца, а толькі любоўю да роднага слова і верай у яго прыгажосць і сілу!.. І радыкал-дэмакрат, раўнадушны да лёсу нашай мовы, а значыць, і нашай нацыі, нічуць не лепшы для нас, чым гэтакі ж раўнадушны партакрат-камуніст. Гэтаксама, як абыякавы да роднай мовы беларус праваслаўнай веры не менш грэшны перад Богам, як гэтакі ж абыякавы беларус-католік. Мова павінна яднасць усіх нас, мова!..
Дарэчы, можа быць, не ўсе прысутныя звярнулі ўвагу на адзін досыць прыемны факт. Колькі дзён назад бюро ЦК КПБ абмеркавала пытанне пра ажыццяўленне Закона аб мовах у Беларусі і паставіла перад партарганізацыямі задачу — зрабіць на працягу паўтара года беларускую мову сваёй рабочай мовай. Не будзем рабіць выгляд, што мы вельмі ўзрадаваны гэтым крокам ЦК КПБ, які можна было зрабіць і даўным-даўно, тым не менш — крок паказальны, сімптаматычны, ён сведчыць, што трохі-патрохі ў нашым грамадстве бурацца апоры нацыянальнага нігілізму, набірае сілу тэндэнцыя росту нацыянальнай самасвядомасці народа, а гэта — неабходная перадумова для поўнай у хуткім часе перамогі беларускай мовы на беларускай зямлі.
Якія, падсумоўваючы сказанае, можна зрабіць высновы? Па-першае, скажам так: Таварыства ёсць, яно жыве і працуе, дакладней — разгортвае працу, плён, вядома, яшчэ невялікі, вопыту накоплена яшчэ небагата, але будзем даражыць тым, што напрацавана, што дасягнута, і ісці наперад, паколькі і галоўныя цяжкасці, і галоўныя перамогі яшчэ наперадзе.
Па-другое, усім, каму сёння балюча за стан нашае мовы, трэба ясна ўсвядоміць неабходнасць кансалідацыі і згуртавання нашых шэрагаў, зразумець тую вялізную шкоду, якую прычыняе справе адраджэння беларускай мовы і культуры неразумная канфрантацыя, разлад і нязгода...
Па-трэцяе, нам трэба вызначыць найбольш важныя канкрэтныя задачы і галоўныя накірункі дзейнасці ТБМ на блізкую і на далёкую перспектывы. Не прэтэндуючы на ўсёахопнасць, абазначу сёе-тое з таго, што ўяўляецца значным і важным. Тут не будзе нейкай іерархічнай паслядоўнасці, а проста свабодны накід думак, якія здаліся мне ў большай ці ў меншай меры слушнымі.
Трэба ўсімі магчымымі, зразумела, канстытуцыйнымі спосабамі дабівацца ажыццяўлення Закона аб мовах у Беларускай ССР, каб беларуская мова заняла ў Беларускай дзяржаве сапраўды дзяржаўнае становішча.
Трэба патрабаваць ад усіх дзяржаўных і іншых службоўцаў хутчэйшага авалодання імі беларускай мовай і пераходу на гэту мову на працы, ставячы ім у прыклад... ну хаця б сабе цяперашняга папу рымскага, які, у адрозненне ад дзяржаўных татаў беларускіх, гаворыць з беларускімі дзецьмі па-беларуску.
Трэба асабліва настойліва змагацца за беларусізацыю школ, дзіцячых садкоў і ясляў, помнячы, што скрозь, на ўсім свеце выхаванне дзіцяці яшчэ ад калыскі пачынаецца ў гуках роднай мовы, што, напрыклад, у заможнай і культурнай Швецыі вывучэнне іншай, другой мовы ўводзіцца ў школе толькі з 5-га класа, калі ўжо дзіця ў стыхіі сваёй роднай мовы плавае, як рыбка ў вадзе.
Трэба зрабіць нашым, я сказаў бы, дзяржаўным і ўсенародным клопатам — клопат пра культуру роднай мовы, пра яе чысціню і прыгажосць, вучачыся гэтаму ў іншых высокакультурных нацый, напрыклад у французаў, якія яшчэ ў 1634 годзе прынялі закон аб ахове чысціні мовы, у якіх, не кажучы пра шматлікія моўныя таварыствы і асацыяцыі, створаны ажно тры спецыяльныя дзяржаўныя органы, што кантралююць стан мовы, і якія перакананы, што ўзвелічэнне і ўзвышэнне Францыі і яе культуры залежыць ад мовы, здзяйсняецца праз культуру, прыгажосць і велічнасць мовы. Больш таго, у Францыі ад валодання роднай мовай можа залежаць вынік палітычнай барацьбы ў перадвыбарчай кампаніі, абвінавачванне: «Ён не ведае граматыкі французскай мовы» — вельмі моцнае, яго можа быць дастаткова, каб кандыдат у дэпутаты праваліўся.
Трэба вярнуць нашай роднай мове яе сапраўднае беларускае аблічча, страта якога пачалася яшчэ ў праклятыя часы сталіншчыны і працягваецца дагэтуль, помнячы, што ворагамі нашай культуры, яе свабоды і самабытнасці стаўка была зроблена менавіта на гэта — пазбавіць беларускую мову яе ўласнага аблічча, яе непаўторнага цудоўнага гучання. Зрабіць нам гэта будзе няпроста' і нялёгка, бо перашкодай тут будуць не толькі афіцыйна замацаваныя пачварныя нарматывы, не толькі казённы дагматызм, але і тое разгульнае моўнае свавольства, якое пачынае набываць у нас небяспечныя памеры і сведчыць не пра што іншае, як пра нізкі эстэтычны густ, прыродную глухату да слова і звычайную непісьменнасць.
Трэба пакончыць з гвалтоўнай палітызацыяй і ідэалагізацыяй у мове, у нашай тапаніміцы і антрапаніміі, зрабіць жыццё мовы і развіццё яе жывога арганізма свободным і натуральным, што магчыма толькі тады, калі ў сваіх адносінах да мовы, да яе граматыкі, да яе слоўніка, сінтаксісу і фразеалогіі будзем абапірацца на навукова-аб'ектыўныя асновы, будзем паважаць вялікую навуку лінгвістыку, помнячы, што гэта навука не толькі пра законы развіцця мовы, пра структуру і жыццядзейнасць Слова, якое было напачатку і якое даў Бог, але і навука пра законы развіцця чалавека, пра строй і жыццё душы чалавечай, душы народа.
Трэба павесці вялікую выхаваўчую работу сярод тых людзей — а іх у нас вельмі многа, — у галовах якіх усё яшчэ сядзіць недарэчнае, нялюдскае перакананне, што шанаваць і любіць беларускую мову — гэта нацыяналізм і адсталасць, а вось выракацца сваёй мовы, пагарджаць і грэбаваць ёю — гэта інтэрнацыяналізм і адзнака культуры; такую работу мы павінны весці не толькі сярод беларусаў, але і сярод людзей іншых нацыянальнасцей, пераконваючы гэтых апошніх, што ад іх адносін да беларускай мовы і культуры вельмі залежыць агульны грамадска-палітычны клімат у рэспубліцы, што справа гонару кожнага з іх спрыяць нашаму нацыянальнаму адраджэнню, толькі справядлівасць у адносінах да мовы і культуры беларускага народа абернецца выйгрышам на карысць іх нацыянальнай культуры.
Трэба наогул шырэй і актыўней заняцца філалагічна-лінгвістычным выхаваннем насельніцтва Беларусі, асабліва моладзі, моладзі і яшчэ раз моладзі, чыя моўная практыка і культура іншы раз не проста засмучае, а выклікае пачуццё, блізкае да роспачы: гэта ж няшчасныя людзі, як ім жыць, абяздоленым, асуджаным на такі бездухоўны прымітыў, на такое ўбогае бязмоўнае існаванне! З пачуццём пашаны і любові да роднае мовы трэба выхоўваць у людзей і веру ў яе несмяротнасць, напамінаючы залатыя словы Вісарыёна Бялінскага, што «лёс мовы не можа залежаць ад нораву той ці іншай асобы. У мовы ёсць ахоўнік надзейны і верны: гэта яе ж уласны дух, геній...».