Апетыт, як вядома, прыходзіць у час яды. Апетыт, відочна, нарастае. Скінулі двух міністраў — мала! Трэба скінуць трэцяга — міністра адукацыі. Скінулі Старшыню Вярхоўнага Савета — мала! Трэба ўзяцца за старшынь пастаянных камісій. Хоць за аднаго — для пачатку. Які раз'ятраны ў таварышаў апетыт! Зусім, як напачатку 30-х!..
Канешне ж, аднаго дробнага факта мала, каб разгарнуць франтальнае наступленне і здзейсніць свае намеры. Таму робяцца абагульненні маштабныя — на ўсю рэспубліку. А іменна: на Беларусі, паводле дэпутата Сарокіна, аказваецца існуюць і дзейнічаюць цэлыя "национал-фашистскне движения", лідэры якіх "активно ведут оголтелую идеологическую обработку молодежи, школьников, студентов..." Ах, гэтыя знаёмыя фразачкі газетных перадавіц! Як яны за 70 гадоў збрыдзелі душы чалавечай! Але да пытання пра нацыянал-фашызм мы яшчэ вернемся. Цяпер жа я паспрабую патлумачыць, чаму мішэнню атакі выбраны іменна міністр адукацыі і старшыня Каміссіі Вярхоўнага Савета, якая пытаннямі адукацыі займаецца.
Таварышы-суддзі адчулі першыя рэальныя крокі на шляху аднаўлення беларускай школы ў Беларусі — і спалохаліся, узрушыліся. Закрычалі: Не дапусцім! Не дадзім! Здымем міністра, раз ён не сабатуе, а выконвае Закон аб адукацыі! Паставім другога, свайго — такога, як незабыўная Еўдакія Уралава, якая не знала і двух слоў па-беларуску, але кіравала адукацыяй у нас ажно гадоў дзесяць. Таварышы выдатна разумеюць: будзе беларуская школа — будзе ўсё: і беларуская мова, і беларуская культура, і беларускае справаводства, і беларуская нацыянальная і гістарычная самасвядомасць, і як вынік — будзе беларуская дзяржава. У тысячны раз пытаюся ў грамадзян — такіх, як дэпутат Сарокін: ці ведаеце вы, што к пачатку 80-х гадоў ні ў адным горадзе, ні ў адным гарадскім пасёлку, ні ў адным рабочым пасёлку на Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы? Ні школы, ні класа, ні паўкласа, ні чвэрцькласа! Ведаеце? Дык чаму вы не крычалі тады, што за гэта злачынства перад народам трэба зняць з пасады і міністра адукацыі, і старшыню Камісіі Вярхоўнага Савета, і сакратара ЦК, і ўсіх іншых, па чыёй віне яно тварылася? Вы не крычалі, таму што вас цалкам задавальняла гэта. Вы лічылі гэта зусім нармальным. Хіба не так? Скажыце: Ну, а калі б у Расіі ні ў адным горадзе не засталося ні адной рускай школы? Як бы вы на гэта паглядзелі? Гэта было б нармальна? Упэўнен, што ў гэту хвіліну сёй-той з нашых доблесных грамадзян падумаў: ''Ну-у, сравинл! С великим и могучим русским он сравнил... Смешно!" А вось у гэтым "ну, сравнил", шаноўныя, і ёсць самы сапраўдны нацыянал-фашызм, — і не мае значэння, якога ён паходжання: нямецкага, ці італьянскага, ці рускага... Таму што такія пагардлівыя адносіны да мовы народа — гэта чысцейшай вады расізм, а расізм, як вядома, ёсць адзін са складнікаў фашысцкай ідэалогіі.
I вось цяпер, калі мы ўзяліся, з Божае ласкі, за адраджэнне сваёй мовы і культуры, за будаванне сваёй уласнай дзяржавы — вы, як і 60 гадоў назад, закрычалі праразгул беларускага нацыянал-фашызму на Беларусі. I ў чым жа яго, гэты нацыянал-фашызм вы ўбачылі? У тым, што аднаўляюцца, у свой час гвалтоўна зрусіфікаваныя, беларускія школы? У тым, што мы самі, не пад нейчую дыктоўку, а самастойна пішам аб'ектыўную, праўдзівую гісторыю свайго народа?
Шаноўныя дэпутаты! У1931 годзе ў Мінску выйшл а адна з самых подлых кніг у гісторыі беларускага кнігадрукавання. Называецца яна: "Навука" на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі". У гэтай кнізе вы многа-многа разоў знойдзеце фразу "беларускі нацыянал-фашызм" і ''беларускія нацыянал-фашысты''. Гэта страшэннае кляймо ставілася на імёны самых сумленных, самых светлых, самых таленавітых, самых выдатных сыноў і дачок беларускага народа. На працягу некалькіх наступных гадоў — з 1931 па 1938 — тысячы кляймёных гэтым кляймом беларускіх інтэлігентаў былі рэпрэсіраваны і амаль усе загінулі — хто на Салаўках, хто на Калыме, а хто тут, у Беларусі, у такіх урочышчах, як Курапаты. У тым ліку пайшлі ў магілу многія з тых, хто памагаў "суддзям", і з тых, што гэты зверскі, самапраўны суд чынілі. Як, напрыклад, і рэдактар гэтай жахлівай кнігі. (Дарэчы, яе трэба перавыдаць, дый масавым тыражом, каб кожны мог пачытаць і ўбачыць, да якіх маштабаў быў даведзены ў нас пагром нацыянальнай інтэлігенцыі, як пачынаў ажыццяўляцца на Беларусі нацыянальны генацыд.)
I вось, здаецца, гісторыя вяртаецца "на кругі свая". Дакладней, яе хочуць павярнуць туды — назад, да 37-га. Лозунг гатовы даўно:'' Смерць беларускаму нацыяналізму!'' — што трэба чытаць, як "Смерць нацыянальнаму адраджэнню Беларусі!'' Пачалося і ажыццяўленне лозунга на практыцы. Свае прапановы зрабіў і дэпутат-генерал Сарокін: стварыць камісію Вярхоўнага Савета па вывучэнню фактаў прапаганды беларускага нацыяналізму і вызваліць ад займаемых пасад народнага дэпутата Гілевіча і міністра адукацыі Гайсёнка.
Шаноўныя дэпутаты! Дазвольце і мне звярнуцца з афіцыйнай просьбай да старшыні Вярхоўнага Савета. У інтэрв'ю газеце "Звязда" былы член палітбюро Расійскай кампартыі прафесар Антановіч сваё вяртанне ў родны дом, у Беларусь, патлумачыў тым, што "расійскія камуністы пайшлі ў бок вялікадзяржаўнага шавінізму". Красамоўнае прызнанне! Гэта — у Расіі. У нас жа, у Беларусі, не толькі камуністы, але і многія іншыя, партыйныя і беспартыйныя грамадзяне, як ішлі, так і ідуць у гэты самы запаветны бок, ваяўніча выступаюць з пазіцый вялікадзяржаўнага шавінізму. У многіх газетах, што выходзяць у Беларусі, у тым ліку і за дзяржаўны кошт, змяшчаюцца публікацыі, у якіх абражаецца нацыянальнае пачуццё беларуса, зневажаецца сама Рэспубліка Беларусь, яе дзяржаўныя сімвалы. У гэтых публікацыях сцвярджаецца, што беларускага народа наогул ніколі не было і няма, што беларуская мова — толькі дыялект рускай, што ўтварэнне незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь — нонсенс, які трэба ліквідацаць, і г.д. і г.д. Усё гэта, як вы разумееце, спрацоўвае адпаведным чынам — а іменна: глыбока крыўдзіць беларусаў, абражае нацыянальную годнасць народа, а з крыўды і абразы нічога, апрача адчужэння і варожасці, не вырастае. Дык хто ж сее ў нашым грамадстве нацыянальную варажнечу? Хто займаецца прапагандай нацыянал-фашызму ці шавінізму? — як яго ні назаві, гэта адно і тое ж: нялюдская, антычалавечая ідэалогія.
Нягледзячы на ўсё гэта, яшчэ ніводзін сумленны рускамоўны грамадзянін не адчуў, што яму, ратуючыся ад нацыяналістычнай небяспекі, трэба з Беларусі ўцякаць. Не адчуў і не адчуе! Такой небяспекі ні для якой нацыянальнай меншасці ў нас няма і не будзе. Небяспеку можа адчуць толькі той, хто лічыць, што цярпенне беларускага народа можна выпрабоўваць бясконца.
Вось чаму прашу Старшыню Вярхоўнага Савета стварыць пар ламенцку ю камісію па рассл едаванню фактаў прапаганды ў сродках масавай інфармацыі вялікадзяржаўнага шавінізму і распальвання настрояў, варожых да Беларускай дзяржавы і яе законаў, у тым ліку — да прынятых у гэтай зале законаў аб мовах і аб адукацыі.
НЕ ТОЙ КРЫЧЫЦЬ "ПАЖАР!" — ТУШЫЦЬ НЕ БУДЗЕМ
Шаноўныя дэпутаты!
На пасяджэнні Прэзідыума я прасіў не пыносіць пытанне аб справаздачы т. Сярэдзіча на сесію, падкрэсліўшы, што ў нашых умовах гэта — недазволеная раскоша. I прасіў не таму, што не разумею або недаацэньваю значэнне і ролю масавай газеты ў грамадска-палітычным жыцці краіны, а таму, што ёсць пытанні непараўнана больш важныя, чым гэта, ёсць пытаіші настолькі важныя, настолькі сур'ёзныя, што ўсе іншыя перад імі саступаюць набок. Ёсць пытанні, пра якія гавораць: гэта пытанне жыцця і смерці. Гэта надзвычай сур'ёзна ў дачыненні да лёсу аднаго чалавека, і ў тысячы разоў сур'ёзней, калі гаворка ідзе пра лёс дзяржавы, пра быць або не быць дзяржаве. Якраз такое пытанне разглядалася ўчора вечарам на пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета, у якім прынялі ўдзел першыя асобы з Урада рэспублікі, кіраўнікі абласцей і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі. Абмяркоўвалася пытанне аб аб'яднанні грашова-крэдытных сістэм Беларусі і Расіі і аб адзінай рублёвай зоне, іншымі словамі — аб тым, як выходзіць з тупіка, у які гэта пытанне зайшло. Стала ясна, што пэўныя дзяржаўныя людзі ў Маскве здзекуюцца з нас, вычэкваючы, калі мы канчаткова станем на калеш і прыпаўзем з чалабітнай: прыміце нас у склад Расійскай Федэрацыі. На ўсіх лініях эканамічных узаемаадносін нам дыктуюць правілы гульні, навязваюць сваю волю, а найбольш наіўныя (ці, можа, найбольш хітрыя?) дзяржаўныя мужы нашы ўсё яшчэ крычаць: трэба ехаць у Маскву і прасіць і дамаўляцца! Стала ясна — і пра гэта ўчора было сказана адназначна — што шокавай тэрапіі з усімі яе паследкамі нам не мінуць, яна пачынаецца ўжо, і што трэба неадкладна абвяшчаць наш разліковы білет, наш "зайчык" адзіным плацежным сродкам. Бадай ніколі не было мне так трывожна і так горка — ад усведамлення таго становішча, у якім мы, наш народ і наша дзяржава, апынуліся. Думалася: а яшчэ ж два гады назад, і год назад — з гэтай трыбуны так горача і так пераканаўча гаварылася, што трэба як хутчэй уводзіць у дзяржаве сваю нацыянальную валюту, што без сваёй уласнай валюты — дзяржава проста не дзяржава. Чаму не прыслухаліся да гэтых галасоў? Таму, што яны не з тых вуснаў гучалі, не тыя дэпутаты гаварылі. Аказваецца, праўда, ісціна — не аб'ектыная катэгорыя, а залежыць ад таго, хто яе гаворыць. Загарэўся дом, чалавек крычыць "пажар", — а ў адказ чуем: не можа быць, не той чалавек б'е трывогу.
Дазвольце цяпер перанесці гэту метафару і на пытанне, якое мы абмяркоўваем. Па-мойму, ніякая іншая грамадска-палітычная газета ў Беларусі з такою сілай і нястомнасцю не б'е трывогу, не заклікае схамянуцца, працерці вочы, каб убачыць увесь рэальны стан рэчаў, як гэтаробіць "Народная газета". Не сумняваюся, што менавіта гэта адчулі сотні тысяч яе падпісчыкаў, бо чуйнасць народа да голасу праўды, справядлівасці — надзвычайная, і зусім дарэмныя намаганні даказаць народу нешта іншае. Людзі толькі іранічна ўсміхаюцца ў адказ, тым больш, што наіўных чытачоў робіцца ўсё менш і менш.
Зразумела, у кожнага з нас сваё разуменне праўды, сваё бачанне ісціны — і адсюль — свае прэтэнзіі да друку і свае сімпатыі або антыпатыі да пэўнага перыядычнага выдання, газеты або часопіеа. Калі чалавек дзень і ноч думае аб тым, як ліквідаваць суверэнную, незалежную дзяржаву — Рэспубліку Беларусь, як спыніць працэс нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі — то хіба яму можа падабацца "Народная газета"? Ні ў якім разе, вядома! Такому таварышу будуць даспадобы іншыя газеты, з процілеглымі пазіцыямі, а яны ў нас ёсць, нават сярод афіцыйных у радавых, што ўжо зу сім не ўкл адваецца ў гал аве. Уяўляеце, можаце ўявіць у Францыі ўрадавую газету, якая праводзіць ідэю ліквідацыі дзяржавы Рэспублікі Францыі? Не ўяўляеце, канешне. Я таксама не магу ўявіць такое. А ў нас гэта можна.
Скажаце: дык што — вас "Народная газета" цалкам задавальняе? Не, далёка не цалкам. I я лічу, што яна яшчэ не ў поўным сэнсе народная. Сапраўды народнай у нас за ўсю гісторыю беларускага друку была адна газета — "Наша ніва", якая выходзіла на пачатку стагоддзя. Вось гэта была трыбуна народа і люстэрка яго жыцця! Але — за што крытыкуецца "Народная газета"? Папракаюць яе, напрыклад, за падтрымку г.зв. "беларускага нацыяналізму". А я вычытваў у ёй і зусім адваротнае — іранічнае насміханне над змагарамі за беларускую мову, прычым — у артыкулах супрацоўнікаў рэдакцыі газеты. I думаў: вось спаткаю т. Сярэдзіча і скажу: буду ставіць пытанне аб вызваленні вас з пасады рэдактара. I не толькі за гэта. Яшчэ і за тое, што ў некаторых нумарах толькі лічаныя матэрыялы ідуць на дзяржаўнай мове. Як бачыце, у мяне прэтэніі ёсць таксама і не толькі названыя. Але ж, відаць, трэба кіравацца ў ацэнках тым, якая агульная, магістральная лінія газеты, а яна, думаю, правільная, у тым сэнсе, што ''Народная газета'' хоча стаць сапраўды народнай — папулярнай і любімай газетай, скажу па-старому, шырокіх працоўных мас.
Гучалі абвінавачванні ў тым, што "Народная газета" распальвае нацыянальную варажнечу, ці ва ўсякім разе — пэўнымі публікацыямі садзейнічае абвастрэнню міжнацыянальных адносін. Асабіста я лічыў і лічу, што да нацыянальнага пытання ў друку трэба ставіцца вельмі абачліва, вельмі асцярожна. Гэтак жа трэба ставіцца да асвятлення гісторыі народа. факты ў гісторыі былі розныя і драматычныя, і трагічныя. Асвятляць іх трэба аб'ектыўна. Але каментарыі павінны быць разумнымі, мудрымі, такімі, каб не абражаць нацыянальныя пачуцці народа, людзей, якія ў тых драмах і трагедыях не вінаваты. Нельга паддавацца пачуццям, якія могуць выбухнуць страшным злом, калі іх не ўціхамірыць. Іншая справа, што многія бачаць нацыяналізм там, дзе яго няма і ў паміне.
Другая праблема — культура і этыка нашай прэсы. Прэса ў значнай меры, выбачайце, расперазалася — пад шырмай дэмакратызацыі, права на галоснасць і г.д. Зняважыць, нахаміць у друку —сёння для многіх аўтараў нічога не каштуе. Не ведаю, каму тут належыць пальма першынства дэмакратам і рэвалюцыянерам, ці кансерватарам і рэакцыянерам? Баюся, што, як то кажуць, абое рабое. Культурны ўзровень многіх публікацый у многіх выданнях ніжэй усякай прыстойнасці. Калі ўся сіла публіцыстычнага слова, уся дасціпнасць, увесь бляск стылю трымаецца на абыгрыванні, на перакрыўлянні імені ці прозвішча — то я адмаўляюся прымаць такую публіцыстыку. Гэта можамець месца за сталом на кухні ці ў пакоі для курэння, але не ў грамадскім друку. Калі газета заваёўвае папулярнасць выдумкамі, плёткамі, пошлымі анекдотамі, таннымі сенсацыямі, — то я рашуча не прымаю такую папулярнасць. Але, па-мойму, сказанае не характэрна для агульнага ўзроўню і стылю "Народнай газеты".
Наўрад ці можна пагадзіцца з выказаным тут абвінавачваннем, што газета сарыентавана на парламенцкую меншасць. Яе платформа вельмі шырокая. А галоўнае — у яе звыш 600 тысяч падпісчыкаў — якая ж гэта меншасць? Гэта, вядома, не значыць, што раз многа падпісчыкаў, дык ужо выдадзена індульгенцыя на непагрэшнасць. Ні ў якім разе. Але і ігнараваць гэтага нельга! Нам патрэбен новы Закон аб друку, перш за ўсё! Калі мы будуем прававую дзяржаву, хочам, каб наша дзяржава была прававой — павінен быць Закон аб друку, якім і належыць кіравацца.
Хачу спадзявацца, што ''Народная газета'' будзе набываць яшчэ большы аўтарытэт у народзе. I што сённяшняе абмеркаванне дапаможа ёй у гэтым.
МЫ ХОЧАМ ЖЫЦЬ, ЯК УСЕ ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ
Паважаны Ніл Сымонавіч, я прыйшла да Вас сёння так, як прыходзяць да чалавека на перадавую лінію агню: пацікавіцца сітуацыяй, распытаць пра стратэгію і тактыку на бліжэйшы час і падзякаваць за мужнасць, з якой Вы адстойвалі ў Вярхоўным Савеце дзяржаўнасць нашай мовы і адстаялі яе. 4 сакавіка сродкі масавай інфармацыі разнеслі радасную вестку: "Жыве дзяржаўная беларуская мова!" Гэта перамога — Ваша перамога. Скажыце, якое зараз у вас пачуццё на душы, калі артыкул новай Канстытуцыі аб дзяржаўнасці беларускай мовы стаў рэальнасцю?
Не ведаю, ці трэба карыстацца словам ''перамога" — я трохі баюся такіх высокіх слоў. Сапраўды, наша родная мова ў Канстытуцыі запісана як мова дзяржаўная, і гэта галоўнае. Але артыкул аб мовах прайшоў не ў той рэдакцыі, якая першы раз выносілася Канстытуцыйнай камісіяй на разгляд Вярхоўнага Савета, за фармуліроўку якога я змагаўся. Зараз ён гучыць так: "Дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права карыстання рускай мовай як сродкам міжнацыянальных зносін". У другой частцы артыкула, як мы бачым, гаворка ідзе толькі пра рускую мову. Абыдзены мовы іншых нацыянальных супольнасцей, якія ёсць на Беларусі. У папярэднім варыянце было дакладней:''Афіцыйны статус іншых моў вызначаны заканадаўствам''. Што мелася на ўвазе? Якое заканадаўства? У нас прынята некалькі законаў, якія непасрэдна датычаць культуры і мовы іншых нацыянальных супольнасцей. Гэта Закон аб мовах, Закон аб адукацыі, Закон аб культуры, Закон аб нацыянальных меншасцях, Закон аб грамадзянстве. У кожным з іх так ці іначай, асабліва ў першых двух, вызначаецца статус іншых моў, якія бытуюць на Беларусі. Але вось такая рэдакцыя не была прынята і зразумела чаму. Пэўныя сілы хацелі абавязкова вылучыць з усіх моў менавіта рускую мову як мову з асаблівым становішчам і асаблівымі правамі ў нас. Вядома, руская мова сапраўды займае асобае становішча. Але ж мы гаворым пра будучыню, і мы хочам паважаць усе народы, усе нацыянальныя супольнасці, якія жывуць у нашай краіне. Барацьба і за гэту рэдакцыю, якой мы можам быць задаволены, бо наша мова абвешчана дзяржаўнай, была досыць драматычнай. Двойчы не прайшоў артыкул у першай рэдакцыі. Пасля гэтага шукалі выйсця, і "знайшлі" яго. Я асабіста быў вельмі здзіўлены, што Канстытуцыйная камісія ні да чаго лепшага не дадумалася, як наогул зняць з Канстытуцыі артыкул аб мовах. Вядома, у свеце ёсць канстытуцыі, дзе артыкул аб мовах адсутнічае, але гэта канстытуцыі тых краін, дзе і праблемы моўнай няма. А для нас без перабольшання гэта — пытанне жыцця і смерці нашай мовы, а, па сутнасці, і нашай нацыі, бо што б ні гаварылі, як бы ні апраўдвалі іншую пазіцыю, іншае разуменне, а ўсё ж такі ісціна адна: будзе жыць наша мова — будзе жыць і нацыя, беларускі народ як нацыя са сваім уласным абліччам. Не будзе мовы — усё патрошку сыдзе ў заняпад і знівеліруецца. У сё, што нас вылучае сярод народаў свету і сярод славянскага сямейства, сатрэцца канчаткова. Таму што гэты нялюдскі працэс сцірання ўвесь час ішоў і набіраў сілу, і тыя, хто быў здольны думаць і бачыць, прадбачылі, чым гэта можа скончыцца, калі не ступіць на шлях барацьбы, калі не змагацца за мову, за нашу нацыянальную самабытнасць, за нашу будучыню. Тым не менш, Канстытуцыйная камісія прапаноўвае зняць зусім артыкул аб мовах, што і было абвешчана на сесіі. Вядома ж, нам, хто кожны дзень гэтым пытаннем жыў, турбаваўся, перажываў, стала адразу зразумела, якая страшная небяспека тоіцца ў гэтым. Што значыць зняць зусім з Канстытуцыі артыкул аб мовах? Значыць, застаецца ў сіле Закон аб мовах, але ж гэты Закон, прыняты звычайнай большасцю галасоў, а не канстытуцыйнай. Забяспечыць жа звычайную большасць галасоў вельмі лёгка. Заўтра ж паставяць на галасаванне пытанне аб дзвюх дзяржаўных мовах і большасцю галасоў лёгка здабудуць перамогу, якая для нас, беларусаў, абернецца катастрофай. Мы гэта адразу зразумелі, і тут ужо нічога не заставалася, як "кідацца на амбразуру". Тут ваш пакорны слуга і падхапіўся. Я ўспамінаю, што гэта было не выступленне, а крык душы, крык паратунку, зварот да ўсіх — да рускіх, да палякаў, да ўкраінцаў, да яўрэяў, якія з намі жывуць і якія павінны зразумець наша становішча. I да дэпутатаў-беларусаў. Ім я гаварыў: усе, хто з вас помніць, дзе вы нарадзіліся, хто помніць мову бацькоў, адумайцеся, апамятайцеся, і ў такім разе не галасуйце за гэту Канстытуцыю наогул — за Канстытуцыю* у якой будзе наша нацыянальня пагібель. Сапраўды, гэта быў драматычны эпізод у гісторыі сесіі.
Ніл Сымонавіч, ці чакалі Вы такога выніку?
У добрым выніку я не быў упэўнены. Зрэшты, калі гаварыць пра тое, ці змяніл ася пазіцыя дэпутатаў у адносінах да нашай мовы, то я перакананы, што ў людзях яшчэ цалкам не пагасла пачуццё нацыянальнай годнасці, не страчана здольнасць вярнуцца да ўласнага духоўнага нацыянальна-дзяржаўнага жыцця. I ўсё ж за 17 артыкул у першай рэдакцыі не прагаласавалі. Чаму так сталася? Змянілася палітычная сіту ацыя ў Расіі, змянілася яна і ў нашым Вярхоўным Савеце. Выраслі спадзяванні ў пэўных сіл, у тых, скажам, каго Купала назваў ''ворагамі беларушчыны'', што можна і ў нас павярнуць ход падзей назад. У іх і нарадзілася думка зусім зняць артыкул аб мове з Канстытуцыі. Упэўненасці ў тым, што болыпасць дэпутатаў за яго прагаласу е, у мяне не было. Мяркую, што многія дэпутаты, змагары за дзяржаўнае двухмоўе, спалохаліся, што мой заклік не галасаваць за Канстытуцыю зусім можа праваліць яе прыняцце. А гэта не ў іх інтарэсах. Таму што ім трэба хутчэй прыняць Канстытуцыю, дзе ёсць раздзел аб прэзідэнцкай форме кіравання, і хутчэй паставіць на прэзідэнцтва свайго чалавека, які будзе мець надзвычайныя паўнамоцтвы ў дзяржаве. Я таксама за тое, каб новую Канстытуцыю прыняць, але — якой яна павінна быць? Калі, скажам, гэта будзе Канстытуцыя без дзяржаўнай беларускай мовы, то нашто мне такая Канстытуцыя? I нашто мне такая дзяржава, дзе я перастану быць як чалавек, як беларус, як грамадзянін самім сабою?
Ніл Сымонавіч, якія Вашы палітычныя прагнозы на бліжэйшы час? Чаго нам далей чакаць ад Вярхоўнага Савета, калі Канстытуцыя прынята цалкам?
Цяпер, відавочна, будзе яшчэ прыняты закон аб прэзідэнцкіх выбарах, і з той хвіліны, як ён будзе прыняты, пачнецца барацьба за пасаду прэзідэнта. Нічога добрага ад гэтай барацьбы я не чакаю. Асабіста я супраць прэзідэнцкай формы кіравання, таму і не галасаваў імянным бюлетэнем за тры раздзелы Канстытуцыі. Нам лепш мець формай дзяржаўнага кіравання парламент, дзе, дасць Бог, збярэцца дастаткова светлых разумных галоў, якія і будуць выпрацоўваць законы, а ўрад будзе строга гэтыя законы выконваць. Баюся, што прэзідэнт у нас хутка ператворыцца ў таго ''бацьку з палкай'', пра якога яшчэ Аляксей Талстой у сваёй ''Истории государства российского..." пісаў, маючы на ўвазе Пятра I: "Он молвил: мне вас жалко, Вы сгинете вконец. Но у меня есть палка, и я вам всем отец!'' Пры нашым узроўні культуры і грамадскай маралі атрымаць такога "бацьку з палкай" — небяепека зусім рэальная. Калі б я бачыў таго, хто, стаўшы прэзідэнтам, будзе мудрым інтэлігентным кіраўніком, чалавекам высокай культуры, і калі б я ведаў, што ёсць гарантыі перамогі такога чалавека на выбарах, я б пагадзіўся на прэзідэнцкую форму кіравання. Аднак баюся, што ў нашай сённяшняй сітуацыі пераможа на прэзідэнцкіх выбарах іншы чалавек. Пераможа той, хто ўсю сваю прадвыбарчую праграму пабудуе на спекуляцыі сацыяльнымі бедамі нашых людзей, на сацыяльнай дэмагогіі. Нічым так лёгка не заваюеш ду шу і сэрца беднага, няшчаснага паўгалоднага чалавека, як сацыяльнай дэмагогіяй. Мы ведаем гэта з гісторыі.
Да ўлады, магчыма, прыйдзе "жырыноўшчына", якая шмат чаго абяцае народу?
Магчымы і такі вынік. Хіба Гітлер не павёў за сабою народ? За ім пайшла не толькі дробная буржуазія, гандляры, крамнікі, а і рабочыя, і інтэлігенцыя. Ёсць небяспека, што ў нас на прэзідэнцтва можа прабіцца вельмі нядобры чалавек, які ў сацыяльнай дэмагогіі стрымліваць сябе не будзе, абяцанняў будзе даваць шмат: "Вот давайце зломім-скрышым гэтых баламутаў-дэмакратаў, расправімся з імі канчаткова, навядзём парадак, і ўсё ў нас будзе выдатна!'' А на аснове чаго будзе гэтае "выдатна"? На аснове тэрору? Калі не будзе каму сказаць слова праўды, тады лёгка будзе здаць краіну з усімі яе багаццямі суседняй дзяржаве.