Пытанне, вядома, не належыць да тых, ад якіх можна проста адмахнуцца, з'ігнараваць, не прыняць да ўвагі. Справа датычыць перакананняў, поглядаў, духоўных інтарэсаў грамадзяніна, возьмем шырэй — наогул жыццёвых клопатаў чалавека. Значыць, тым добрым людзям, якія знаходзяцца ў палоне аблудных уяўленняў і разуменняў, трэба цярпліва тлумачыць, дзе і чаму яны памыляюцца, падвесці іх да ўсведамлення неабходнасці і непазбежнасці ўзаконення адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі — з тым, каб добрыя людзі супакоіліся. Вядома, зусім няпроста перагледзець даўно ўсталяваныя ўласныя пазіцыі, істотна, а то і радыкальна змяніць свае погляды, свае перакананні; няпроста, а можа нават і пакутліва, — асабліва ў сённяшніх умовах, калі столькі напушчана дэмагагічна-палітыканскага туману, столькі чыстай вады наўмысна ўскаламучана... Але не трэба і перабольшваць складанасць гэтай пастаўленай самім часам задачы.
Паспрабуем, спачатку, прааналізаваць хоць у самай сціслай форме сутнасць асноўных падыходаў і поглядаў тых грамадзян, якія шчыра памыляюцца (або робяць выгляд, што не разумеюць, і стараюцца збіць з панталыку іншых).
Перш-наперш — пра самае крыўднае. Галоўная прычына негатыўнага стаўлення многіх нашых грамадзян да дзяржаўнага статусу беларускай мовы — глыбока памылковая думка, што ёсць нацыянальныя мовы культурныя і таму прыгожыя, і ёсць менш культурныя і таму не прыгожыя. Хаця брыдка лаяцца, гаварыць абразлівыя грубасці і па-руску і па-беларуску — аднолькава непрыгожа, і выхаваным людзям слухаць аднолькава непрыемна. А мова Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, Чэхава, Буніна, Блока — і — мова Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага — культурнаму чалавеку прыносіць аднолькавае задавальненне (калі, зразумела, ён добра ведае і рускую і беларускую), выклікае аднолькава радаснае пачуццё далучэння да паэзіі, да чысціні і хараства, да духоўнай культуры. Тут мова сама па сабе ні пры чым. Літаратурна апрацаваная беларуская мова гучыць гэтак жа прыгожа, калі хочаце, цудоўна — як і літаратурна апрацаваная мова руская.
Той з беларусаў, хто не разумее гэтага, наіўна думае, што вяртанне да роднай беларускай мовы (не адмаўляючыся пры гэтым ад рускай!) — гэта аддаленне ад высокай культуры, гэта асуджэнне сябе на ніжэйшы ўзровень культурнагаінаогул духоўнагаразвіцця. Думаеі, натуральна, пратэстуе: маўляў, як жа так? Я вучыўся-вучыўся, рос-рос, дарос да сапраўднай культуры, да больш-менш прыстойнага валодання культурнай мовай, і тут мне прапануюць вярнуцца дамовы "некультурнай", "неачэсанай", "вясковай".
Кажу пра беларусаў паходжаннем, але гэтае ж датычыць і тых нашых грамадзян, якія пераехалі (самі, ці іх бацькі, іх дзяды) у Беларусь на сталае жыццё, абралі яе сваёй другой радзімай, і якім таксама беларуская мова ўяўляецца "горшай", "недасканалай", "некультурнай". На вялікі жаль, такіх грамадзян, небеларусаў паходжаннем, многа. Але ж многа і такіх, якім падобны погляд на беларускую мову не ўласцівы, якія прыраслі душой не толькі да гэтай зямлі, але і да мовы гэтай зямлі, і да культуры народа, што даў сваё імя краіне і дзяржаве. Такія грамадзяне не толькі не дазваляюць сабе абразліва ставіцца да мовы карэннага насельніцтва, але, наадварот, тактоўна ўшчуваюць тых беларусаў, якія саромяцца сваёй роднай мовы ці, горш таго, самі ж публічна зневажаюць яе.
Тым — і беларусам, і небеларусам, што "саромяцца" і нават "зневажаюць", іншай парады я тут не прыдумаю, апрача як: пастарайцеся зразумець, шаноўныя, што беларуская мова нічым і нічуць не горшая за іншыя; як пісаў больш за сто гадоў назад вялікі Францішак Багушэвіч, яна "такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Зразумейце гэта, адчуйце гэта, прыміце гэта аднойчы і назаўсёды як ісціну Божую — і тады ўсё стане ў вашай душы на месца, і вы супакоіцеся, і вы спазнаеце вялікую радасць ад таго, што ведаеце гэту мову, валодаеце ёю...
Многія жыхары Беларусі выказваюць трывогу: рускай мове пагражае ў нашай дзяржаве заняпад, у нас хочуць яе адабраць, нас хочуць адгарадзіць ад вялікай рускай культуры, нанесці ўдар развіццю навукі ў рэспубліцы, пазбавіць моўных кантактаў з народамі краін СНД і г.д. Скажу адразу: ніякіх падстаў для такіх страхаў-трывог няма. Яшчэ раз паўтараю: ніякіх сур'ёзных падстаў! Уся бяда ў тым, што добрыя людзі, замест таго, каб уважліва прачытаць Закон аб мовах, паддаюцца на спекулятыўна-правакацыйныя гал асы людзей нядобрых, якія ведаюць, чаго хочуць, чаго дабіваюцца. Пачытаймаж Закон, паважаныя добрыя людзі! Артыкул 2: Рэспубліка Беларусь "забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін", стварае "неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі". Артыкул 4: "Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных устаноў... прадпрыемстваў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі..." Артыкул 7: "Акты вышэйшых органаў дзяржаўнай улады... публікуюцца на беларускай і рускай мовах". Артыкул24: "Ва ўсіх агульнаадукацыйных школах Рэспублікі Беларусь вывучэнне беларускай і рускай моў абавязковае". Артыкул 27: "Вынікі навукова-даследчых прац афармляюцца на беларускай мове, а з улікам іх прызначэння — на рускай мове".
Спынімся — хаця б на гэтым. Не перапісваць жа ўсе артыкулы Закона ўзапар! Як той казаў: і што ж выходзіць? А выходзіць, што каб хто і хацеў не вучыць і не ведаць рускай мовы ў Беларусі — дык не мае на гэта права, павінен вучыць і ведаць, абавязкова! Закон прымушае! Адкуль жа тады і дзеля чаго ўвесь гэты шум-крык-лямант пра "бяспраўнае становішча", "выцясненне", "выгнанне" рускай мовы, пра адасабленне ад яе і ад рускай культуры наогул? Як можна, трымаючы ў руках Закон, гаварыць такое? А вось жа гавораць! У тым ліку — і добрыя паважаныя людзі.
Чаго толькі не прыдумаляюць і не бяруць на ўзбраенне праціўнікі ўсталявання беларускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай! Самае ж недарэчнае і абсурднае з гэтых прыдумак — вылазкі на старонкі друку з "навукова-тэарытычнымі'' абгрунтаваннямі, што асобнай, самастойнай беларускай мовы не было і няма наогул, як і не было і няма самога беларускага народа. Вылазкі настолькі абсурдныя, амаральныя і ганебныя, што спыняцца на іх — з павагі да сябе і да чытачоў — не выпадае. Гэта ўжо, так бы мовіць, па-за ўсякай палемікай. Тым больш, што адразу ўспамінаюцца фашысцкія ідэолагі з ведамства Гебельса, ідэолагі санацыйнагарэжыму, які ажыццяўляў у акупаванай Заходняй Беларусі Пілсудскі, і наіх падобныя. Нават у самыя змрочныя часы сталіншчыны ні адзін цемрашал і крыважэрца не дагаворваўся да агульнага адмаўлення Беларусі, беларускай нацыі, беларускай мовы і культуры.
Нядаўна прагучала яшчэ адно арыгінал ьнае тэарэтычнае абгрунтаванне, чаму руская мова павінна ў Беларусі быць дзяржаўнай. Без гэтага, ці бачыце, Беларусь не стане цэнтрам СНД і еўраазіяцкіх народаў, а, значыць, не можа ў выніку гэтага быць і прыцягальнай для капіталаў замежных краін. Во, куды хапіў таварыш-тэарэтык! Маўляў, павінны ж быць амбіцыя і гонар у дзяржавы: не можа ж яна з-за такой дробязі, як мова, траціць ролю цэнтра СНД! Але давайце будзем лагічна паслядоўнымі: зрабіць у нас сёння рускую мову дзяржаўнай — значыць, паставіць крыж на дзяржаўнай мове беларускай, а па сутнасці — і на ўсім нацыянальным адраджэнні Беларусі. Вось і выходзіць: згадзіцеся на нацыянальнае самазабойства — і тады ў Рэспубліку Беларусь пацякуць з-за граніцы капіталы. Выбачайце, а — для каго пацякуць? I як будзе тады ўжо называцца наша дзяржава?..
Дайшло да таго, што найбольш апантаныя ''клапатліўцы'' пра дэмакратычную і прававую дзяржаву Беларусь падрыхтавалі і апублікавалі праект яшчэ аднаго Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Гэта сведчыць, што намер пэўных грамадскіх сіл дэстабілізаваць нацыянальна-палітычную сітуацыю ў Беларусі куды больш сур'ёзны, чым можна было думаць, мяркуючы па іх ранейшых разрозненых выступленнях у друку. Глыбока засмучае гэта не ўзважаная нашалях грамадзянскай адказнасціініцыятыва з патрабаваннем вынесці пытанне аб другой дзяржаўнай мове ў Беларусі на ўсенародны рэферэндум.
Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь ёсць, прыняты 26 студзеня 1990 года (яшчэ на сесіі Вярхоўнага Савета папярэдняга склікання) і як усякі іншы закон, яго трэба выконваць — і толькі. Дарэчы, калі ён быў абвешчаны — пратэстаў супраць яго не паступала, былі адно заўвагі, што занадта расцягнутыя тэрміны выканання яго асобных артыкулаў. Значыць, Закон быў успрыняты як своечасовы, патрэбны і, галоўнае, прынцыпова справядлівы дзяржаўны дакумент. Троху-патроху ён пракладае дарогу справе беларускага нацыянальнага адраджэння, садзейнічае станаўленню незалежнай беларускай дзяржавы. Паступова, хаця і з цяжкасцямі, ажыццяўляецца Дзяржаўная праграма развіцця беларускай і іншых моў у Рэспубліцы Беларусь.
Шкада, што некаторыя кіраўнікі палітычных рухаў на Белару сі, замест таго каб паказваць прыклад павагі да законаў сваёй дзяржавы, праяўляюць ініцыятыву адваротнага накірунку, ініцыятыву, не ўзгодненую з інтарэсамі беларускага народа і Рэспублікі Беларусь і, вядома ж, бесперспектыўную.
У гісторыі Беларусі наступіў лёсавызначальны момант. Хочацца думаць, што гэта разумеюць усе. Ад кожнага, хто прэтэндуе сёння на дзейнасць у якасці палітыка, гэта патрабуе глыбей асэнсоўваць палітычныя і духоўныя працэсы ў жыцці грамадства, больш цвяроза глядзець на рэальны стан рэчаў, бачыць і падтрымліваць тыя здаровыя тэндэнцыі росту, за якімі будучыня.
Імкненне стрымаць працэс нацыянальнага адраджэння Беларусі — справа не толькі марная, але і шкодная. Усякая падобная дзейнасць спрыяе палітычнай дэстабілізацыі ў грамадстве, у той час, як мы ўсе павінны быць зацікаўлены ў адваротным. Навошта наўмысна напальваць палітычную атмасферу ў грамадстве, калі столькі "гарачых" іншых праблем — эканамічных, сацыяльных, экалагічных, якія патрабуюць зноў жа нашай агульнай усенароднай увагі? Цяжка зразумець, а тым больш знайсці апраўданне таму, з якой зацятасцю і з якім напорам мусіруецца ў друку пытанне аб дзяржаўным статусе рускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь. Як быццам той Закон аб мовах, які ёсць, ну проста не дае людзямні жыць, ні дыхаць, ні займаццапрацоўнай грамадска-карыснай дзейнасцю.
Зразу мець гэты напор можна толькі ў адным выпадку — калі, усведамляючы надзвычайную, вырашальную ролю нацыянальнай мовы ў працэсе станаўлення дзяржаўнасці, грамадзяне-палітыкі ставяць сабе за мэту пазбавіць яе гэтай ролі і гэтага значэння, — з тым, каб паралізаваць сам працэс будаўніцтва незалежнай Беларускай Дзяржавы. Але ж гэта значыць — хацець немагчымага! Народ прачнуўся, народ разбуджаны да актыўнай нацыянальна-гістарычнай дзейнасці, і, гаворачы словамі Янкі Купалы, "мы ўскрэслі, мы больш не заснём".
Перабіраю ў памяці імёны некаторых актывістаў супраціўлення беларускаму нацыянальнаму адраджэнню. У сяго-таго — нават два дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Два дыпломы, а не валодае не толькі мовай свайго народа, сваёй зямлі, але — што значна горш — і разуменнем самой праблемы. Нічога, аднак, дзіўнага, так вучылі з першага класа школы. Усяму, чаму хочаш, вучылі — толькі не правільнаму, чалавечнаму і, падкрэсліваю, дзяржаўнаму разуменню, што такое народ, яго гісторыя, яго культура, яго мова. I як да ўсяго гэтага грамадзянін дзяржавы павінен ставіцца. I што ад узроўню нацыянальнай, гістарычнай і дзяржаўнай самасвядомасці грамадзян залежыць у вялікай меры сацыяльна-эканамічны стан краіны і наш агульны дабрабыт.
У нас няма аб'ектыўных падстаў для абвастрэння моўнага пытання і стварэння нездаровай атмасферы наўкола яго, для нагнятання страхаў-жахаў, а тым больш — для грамадскага бунту на гэтай глебе. Па-першае, сама блізкасць моў — беларускай і рускай — начыста здымае на батавым узроўні перашкоды ва ўзаемаадносінах (практычна перакладчык не патрэбен). Па-другое, законы нашы (аб мовах, аб адукацыі, аб нацыянальных меншасцях) вельмі памяркоўныя, абачлівыя, узважаныя, наракаць на іх — проста грэх. Хіба што паступіўшыся су мленнем, выбачайце... Менавіта таму, што аб'ектыўных прычын для "моўнага бунту" няма, у нас, у Беларусі, і спакойна, і можна спакойна ісці далей — займацца неадкладнымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі. Але ўражанне, на вялікі жаль, такое, што сяму-таму з грамадзян гэта спакойная хада не падабаецца, гэта адносная палітычная стабільнасць не па нутру. Хочацца, відаць, разладу, нацыянальнай нязгоды, канфрантацыі, а можа і чаго яшчэ горшага, яшчэ больш небяспечнага і страшнага. Хочацца справакаваць нешта ''востранькае''. Як мы ўсе добра разумеем, дасягнуць гэтага не так і цяжка. Бо не трэба ж думаць, што многія сотні тысяч беларусаў (перш за ўсё — маладых), акрыленых ідэяй нацыянальнага адраджэння Беларусі, моцна запаленых гэтай ідэяй, глыбока ахопленых жыватворным грамадска-палітычным настроем, — што яны змірацца, калі, крый Бог, несправядлівасць пераможа, што яны моўчкі праглынуць крыўду.
Калі што і шкодна ў нашым жыцці палітызаваць — дык гэта моўную сферу. Сферу, у якой усё само сабой, па волі Усявышяга, павіннабыць зразумелым іпагодненым. Ага! — нашы палітычныя апаненты выступаюць у абарону Закона аб мовах — значыць, мы будзем выступаць супроць. Так непрыязнасць дапэўнай ідэалогіі, даносьбітаў гэтай ідэалогіі пераносіцца на мову, а яна ж — не ад нейкага класа, клана, партыі, руху, яна — ад самога Бога, яна — ад гэтай зямлі, яна — сімвал гэтай зямлі, і таму не павінна быць прадметам палітычнай барацьбы. Рабіць яе такім прадметам — безадказна і амаральна. Мова не павінна падзяляць людзей адной зямлі, адной дзяржавы. Канфрантацыя на грунце мовы?.. Што можа быць больш недарэчнае? I больш сумнае? Можна зразу мець разыходжанне і процістаянне па адносінах да сацыяльна-эканамічнай сістэмы, да грамадска-палітычнага ладу, да праблемы ўласнасці, да вайны і міру, нарэшце. Але — па адносінах да мовы? Каб мова была прычынай раздору, канфрантацыі і варажнечы? Неверагодна!.. Неверагодна!..
Нядаўна адзін ваяўнічы ідэолаг эпохі дзікага рынку разышоўся да таго, што абазваў Таварыства беларускай мовы ''духоўнай паліцыяй''. Гэта — пра тысячы сумленных, простых, шчырых людзей, у якіх, апрача любові да мовы сваёй роднай зямлі, ніякай сілы-ўлады няма, як няма і нажытых на спекуляцыі мільёнаў, і высокіх пасад, і шыкоўнай маёмасці. Гэта — пра настаўнікаў, пра студэнтаў і выкладчыкаў навучальных устаноў (ТБМ на 85-90 працэнтаў складаецца з іх). Гэта яны —''духоўная паліцыя". Гэта яны распараджаюцца ў нас тэлебачаннем, радыё, кнігавыдавецтвамі, паліграфічнымі базамі, канцэртнымі арганізацыямі, шматтыражнымі газетамі і часопісамі, гэта яны кіруюць інстытутамі, навуковымі лабараторыямі (у тым ліку — сацыялагічнымі), усемагчымымі інтэлектуальнымі цэнтрамі і фірмамі, уплывовымі канфесіямі, самымі масавымі палітычнымі партыямі... I паварочваецца ж язык, аднак жа! "Насилие в духовной сфере не приведет к добру", — кідае ў эфір рытарычную сентэнцыю вялікі змагар за дабро, за сумленнасць, за сціпласць. Правільна! Сучасны стан беларускай мовы — найлепшы доказ, да чаго прыводзіць насілле і гвалт у духоўнай сферы. Вы, панове, карыстаецеся вынікамі дзікага таталітарысцкага гвалту ў духоўнай сферы беларускага народа — гвалту над яго мовай, яго культурай, яго гістарычнай памяццю. Ледзь паспрабавала ў 20-я гады беларуская мова заняць належнае месца — як тут жа "неистовые ревнители" абрынуліся на яе і яе абаронцаў — збілі, счарнілі, збэсцілі маральна, здрапежылі, здратавалі, знішчылі фізічна. Чаму вы, панове-змагары за "дэмакратыю", не гаворыце пра тое, што было зроблена з беларускай мовай, беларускай школай, беларускім друкам і г. д. пад шырмай інтэрнацыяналізму? Ці можа вам невядома ўсё гэта? Ну, як жа! Прэтэндуеце на забеспячэнне аб' ектыўнай інфармацыяй па ўсіх пытаннях грамадскага жыцця, а тут — інфармацыяй не валодаеце? А можа ўсё-такі валодаеце? I аб тым, што яе можа ўратаваць — як не даць ёй канчаткова сысці ў небыццё.
Ах, гэта апошняе ў вашы планы не ўваходзіць? У вас мэты і задачы зусім іншыя, процілеглыя? Мы гэта ведаем. Але скажыце пра гэта шчыра ўсяму народу — у вашых жа руках магутныя сродкі масавай інфармацыі. Скажыце тое, што думаеце сам-насам, не хітруючы. Так і скажыце: мы не хочам, каб тут, на беларускай зямлі, гучала беларуская мова, каб яна панавала тут гэтак жа, як польская мова ў Польшчы, або як сербская ў Сербіі, ці як іврыт у Ізраілі. Мы хочам, каб яна троху-патроху сышла на нішто і знікла. I дабаўце: тут мы цалкам згодны з усімі — і старымі і новымі — партыямі камуністычнымі, тут мы з імі адзінадумцы і адзінаверцы. У дробязях, у пытаннях прыватных і часовых мы з імі разыходзімся, а што датычыць мовы — галоўнага пытання жыцця і смерці нацыі — тут мы з імі заадно! Дабіць і дадушыць — каб і паміну не было!
Дык не выйдзе, панове! I дарэмна, абсалютна дарэмна стараецеся! Давесці нашу краіну да новага (на ўзор 1929— 1937 гг.) крывавага пагрому Беларускай ідэі — нікому не ўдасца. Не тыя часы, панове!..
Вось чаму ўсіх тых, хто яшчэ не прыслухаўся да голасу розуму, я заклікаю прыслухацца і спышць шкодную і безнадзейную барацьбу супроць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь, заклікаю ахвяраваць сілы сваёй душы і сэрца на падтрымку нашай дзяржаўнай мовы, на яе пашырэнне ў грамадскім ужытку і тым самым на развіццё і росквіт беларускай нацыянальнай культуры, а значыць — і на ўмацаванне дружбы паміж людзьмі ўсіх этнічных супольнасцей.
Колькасць нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі расце і будзе расці яшчэ болып напорна, болей шпаркімі тэмпамі. I, вядома ж, яна, інтэлігенцыя, будзе "задаваць тон" — у моц Богам дадзеных ёй магчымасцей, — будзе вызначаць тэндэнцыю духоўнага развіцця народа. Хто з палітыкаў гэтага не разумее і не прызнае — наўрад ці ён валодае цвярозым поглядам на рэальны стан рэчаў і дастатковым пачуццём адказнасці за далейшае развіццё падзей. Бо калі гэтай рэальнасці не прызнаць — тады застаецца толькі той шлях, які ўжо аднойчы быў пад нашым небам пройдзены: сталінска-яжоўска-берыеўскі шлях татальнага фізічнага вынішчэння ўсёй нацыянальнай інтэлігенцыі. Хіба што нехта ўжо гатовы і да такога паўтарэння гісторыі? Хіба што!.. Іначай — усе намаганні спыніць рост нацыянальнай самасвядомасц, пачуцця нацыянальнай годнасці — абсалютна марныя. Як трава прабіваецца праз асфальт, так і жыватворны дух народа прабіваецца праз тоўшчу абледзянення, назва якога — нянавісць да самой ідэі свабоднай незалежнай Беларусі, нецярпімасць да нашай дзяржаўнай суверэннасці... I колькі яго ні ўціскай, ні дратуй, ні душы — ён зноў і зноў праб'ецца і вырвецца на волю, і ўсё пачнецца спачатку, і зноў паявіцца ў новым абліччы Каліноўскі, і падасць свой грымотны голас новы, іншы Купала, — і зноў народ пойдзе за імі, а не за тымі, хто хоча дыктаваць яму сваю волю...
Беларускі народ жыве і будзе жыць, будуць жыць і яго мова, яго культура, яго нацыянальны геній. Не для таго ж ён прыйшоў на зямлю, каб, не сказаўшы чалавецтву сваё непаўторнае слова, сысці ў небыццёнямком. Святы абавязак усіх, каму любая і дарагая Беларусь, — падтрымаць яе адвечную мову, пасадзейнічаць — асабістым прыкладам — яе пашырэнню ва ўжытку, каб яна гучала і ў вас дома, і на вашым рабочым месцы, і на вуліцы — усюды і скрозь, дзе мы, дзеці гэтай зямлі, жывём і творым сваю ўласную долю. Атрасіце ж і скіньце, хто яшчэ гэтага не зрабіў, з душы ляноту, санлівасць і дрымоту — і вы лёгка і хутка далу чыцеся да мовы сваёй дзяржавы. Той, хто ніколі яе не вучыў — патроху, памалу асвоіць: ніхто ж, выбачайцё, у карак не гоніць і за горлане бярэ, як гэта стараюцца падаць некаторыя органы друку. Той, хто некалі ведаў сваю родную мову ды прызабыў — успомніць і зусім без цяжкасці вернецца ў яе стыхію. Ну, а самае галоўнае — навучайце гэтай мове сваіх дзетак і ўнукаў — ад калыскі, ад матчыных грудзей пачынаючы. Навучайце! Бо толькі гэтак вы заслужыце ў буду чыні іх найвялікшую ўдзячнасць і не пачуеце папроку за сваю нямудрасць, і ніхто з іх не ўсміхнецца аднойчы "усмешкой горькою обманутого сына над промотавшимся отцом".
ПАЧАТАК ВЯЛІКАГА ПАЧАТКУ
Паважаныя дэлегаты і госці з'езда! Мне выпаў гонар ад імя сяброў Таварыства беларускай мовы вітаць вас і віншаваць з вялікай падзеяй у гісторыі нашага народа — Першым сусветным з'ездам беларусаў.
Хаця маё слова і прывітальнае, але наш з'езд — гэта не толькі свята, а перш за ўсё — работа, і таму дазвольце мне выказаць некалькі думак не зусім евяточных.
Галоўная ідэя з'езда — аб'ядноўчая. Гэта наша першая спроба сабрацца разам, з усяе зямное кулі, каб пагаварыць пра тыя супольныя задачы, што выніклі перад усімі намі ў лёсавызначальны для нашай Бацькаўшчыны час. Сэнс іх, гэтых задач, зводзіцца да аднаго: практычна забяспечыць тое, што абвешчана дэкларатыўна — пабудаваць свабодную, дэмакратычную, суверэнную дзяржаву Беларусь. Значыць, нам ёсць у імя чаго аб'ядноўвацца, ёсць той найсвяцейшы алтар, каб на яго пакласці свае найдарагія ахвяраванні: лепшыя сілы душы і сэрца, а калі трэба, і само жыццё. Не будзем утойваць: згуртаванню нашых сіл перашкаджаюць не толькі аб'ектыўныя ўмовы, але і пэўныя прычыны суб'ектыўнага парадку. Перашкаджае наша негатоўнасць да гэтага на ўзроўні свядомасці, псіхалогіі, палітычнай і агульнай культуры.