—Ніл Сымонавіч, пад Вашым кіраўніцтвам група спецыялістаў працуе над рэформай беларускага правапісу — па сутнасці гэта мае дачыненне да мовы наогул. Колькі слоў пра гэту працу.
— Так, хаця гэта будзе ўсяго ўдакладненне правапісу, вы правільна зазначылі: праблема не правапісная, а моўная. Клопат пра нашу мову ўцэлым, пра яе лёс, яе становішча, і праблема правапісу — толькі частка гэтага клопату. Самае галоўнае — забяспечыць нашай мове поўнапраўнае існаванне як дзяржаўнай. Пакуль што яшчэ мы не можам сказаць, што адбыўся пералом у грамадскай свядомасці, што беларуская мова як дзяржаўная запанавала. Яшчэ далёка да гэтага. Вядома ж, ёсць прыкметныя зрухі, якія не могуць не радаваць, найперш — у сферы адукацыі. Ды ўжо і на вуліцы людзі не спыняюцца, каб падзівіццана чалавека, які загаварыў па-беларуску. Раней для далікатнага чалавека ў нейкай меры было як бы і небяспечна загаварыць на роднай мове, бо ніякай няма прыемнасці, калі на цябе азіраюцца адразу дзесяткі вачэй. Дзякаваць Богу, псіхалагічны пералом ужо адбываецца. Усё больш і больш людзей спакойна і з разуменнем успрымаюць наяўнасць самой праблемы, неабходнасць яе вырашэння. Дзяржаўная мова павінна існаваць як у нармальнай, самастойнай, незалежнай дзяржаве, як ва ўсім свеце ў добрых людзей.
У абсягу агульнай моўнай праблемы шмат нявырашаных пытанняў. I не адно правапіс, але, скажам, і лексічны склад мовы. Мы нашу мову засмеццілі, мы назапазычвалі столькі слоў у нашых суседзяў там, дзе не было патрэбы, дзе варта было толькі пашукаць свае цудоўныя слоўцы, як некалі Коласраіў — "пакапацца ў кішэнях памяці". І ў фальклоры, і ў старых кнігах ад часоў Скарыны, у тым жа Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Пачнеш гартаць яго — здзіўляешся і радуешся, якая была мова! Тая лексіка, якую мы зараз шукаем, б'ёмся, была распрацаваная. Або, скажам, фразеалогія. Што ж мы робім? Мы ж рускія фразеалагізмы калькіруем, "перакладаем" і думаем, што гаворым па-беларуску. Наша фразеалогія — і прыказкі, і прымаўкі, і пагаворкі, і выслоўі — не ведаю, з якой параўнальная! Хаця фразеалогія, безумоўна, багатая ў кожнай мове. Я маю шмат балгарскай літаратуры, іншы раз з захапленнем гартаю двухтомны фразеалагічны слоўнік і ў той жа час думаю: "Наша не бяднейшая". Але ў нас няма вялікага слоўніка фразеалагізмаў! Мы не ведаем свайго багацця, а фразеалогія — гэта такія згусткі думкі, у своеасаблівай нацыянальнай форме выказаныя, гэта такія ёмістыя паняцці, такі змест у кароткай фразе з двух-трох словаў! Метафары, сімвалы, а галоўнае, — за імі стаіць народны светапогляд, філасофія, мараль... А як мы фразу беларускую будуем? Зноў — калькіруем. У нас жа свой сінтаксіс, свая музыка мовы, сваё цячэнне фразы, счапленне словаў. Ал е на працягу дзесяткаў год кожны дзень праз друк, радыё, кіно не толькі наша вуха, але і наш унутраны слых прывучылі да інтэрнацыянальна-чыноўніцкай мовы, якая забівае аднолькава душу і рускай, і беларускай, і любой іншай нацыі ў маштабах былога СССР.
Побач з многімі праблемамі паўстае асобая праблема правапісу, бо дзяржаўная мова павінна быць прыгожая, дасканала распрацаваная. I таму абавязак навукоўцаў, літаратараў, тых, хто адчувае мову, пак лапаціцца, каб нішто яе не псавала, не нявечыла. Вось адкуль — і клопат пра правапіс. Новая літаратурная мова пачалася дзесь у XIX стагоддзі В. Дуніным-Марцінкевічам, Ф. Багушэвічам, Я. Лучынам, потым — на пачатку XX стагоддзя быў нашаніўскі перыяд. Дзесьці ў 1918—1919 гг. гэты вопыт быў упершыню абагульнены Браніславам Адамавічам Тарашкевічам, слава яму на векі вечныя. Была выдадзена граматыка Тарашкевіча для школ. Але паколькі гэта быў першы вопыт, то, напэўна, трошкі наіўна было б разлічваць, што ў той граматыцы ўсё было найлепшым чынам прадумана. Вядома ж, не. Пошукі працягваліся. Невыпадкова ў 1926 годзе ўзнікла неабходнасць правесці акадэмічную мовазнаўчую канферэнцыю. I зноў-такі ў цэнтры ўвагі быў правапіс. Але высновы гэтай акадэмічнай канферэнцыі фактычна не былі ўведзены ў жыццё, таму што літаральна праз пару гадоў пачаўся пагром беларускай навукі, культуры, адукацыі.
- На маю думку, Беларусь, якая не мела патомнай інтэлігенцыі ў некалькіх пакаленнях, найболей пацярпела ад гэтай "выкарчоўкі".
Так, мы дзесяцігоддзямі не можам загаіць раны, нанесеныя нашай культуры, мастацтву, навуцы. Безумоўна, сляды пагрому засталіся і ў мове: і ў лексіцы, і ў фразеалогіі, і ў сінтаксісе, і ў правапісе. Пастановай аб зменах і спрашчэнні правапісу ў жніўні 1933 года яны былі ўзаконеныя. Наша інтэлігенцыя ўвесь час адчувала, што нанесена шкода мове, што ўзяты груба палітычны курс на русіфікацыю, фактычна — курс на асіміляцыю беларускага народа. Такі быў свядомы накірунак на зліццё нацый, на іх растварэнне ў агульным катле. З чаго ён пачынаўся? Са "зліцця" моваў. ''Хай будзе адна мова!" — палічыў нехта. Але чаму гэта павінна задавальняць дзесяцімільённы народ? У гэтым разе — беларускі. I нават лепшыя з партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў у гэтым пытанні стаялі на памылковых, мякка кажучы, пазіцыях. Паважаны ў народнай памяці Пётр Міронавіч Машэраў гэтаксама выказваў патрабаванне ісці курсам зліцця моў і культур і змагацца з тымі, хто нібыта ідзе насуперак збліжэнню культур. Хто ж ідзе супраць збліжэння культур — і блізкіх, і далёкіх?! Які адукаваны чалавек скажа: ''Мы не будзем асвойваць іншыя культуры, мы абмяжуемся сваёй"? Падобныя абвінавачванні прад'яўляць проста недарэчна... А бяда наша, наадварот, у тым, што мы сваю культуру, сваю мову занядбалі. У нас не было недахопаў у лозунгах, накшталт: "Будзем развіваць нацыянальную культуру!" Але заўсёды ўзнікала пытанне: як жа развіваць нацыянальную культуру, калі мы топчам яе першаэлемент — мову? Ні ў адным горадзе, пасёлку, мястэчку, нават у вялікіх вёсках фактычна ўжо не заставалася ніводнай беларускай школы. З адзінаццаці тэатраў толькі тры былі беларускія. Добра, што хоць цяпер стала болыл адкрывацца нацыянальных тэатраў!
- I ў маленькіх гарадках.
Не ў такіх ужо і маленькіх. У добрых людзей у дваццацітысячных гарадах працуюць прафесійныя дзяржаўныя тэатры. Напрыклад, у Балгарыі кожны акружны цэнтр мае свой драматычны тэатр. Дваццаць восем акруг — столькі ж тэатраў. I ўсе тэатры, безумоўна, нацыянальныя.
Альфа і амега ўсёй нашай культурна-асветніцкай работы— клопат пра нацыянальную свядомасць, пра адносіны самога народа да сваёй гісторыі, памяці, мовы, мастацтва, літаратуры, музыкі. Яшчэ не пераадолены рэшткі прывітай нам псіхалогіі, што мы — правінцыя Расіі, а не самастойная славянская дзяржава. Гэтае рудыментарнае самапачуванне трэба пераадолець, інакш мы ніколі не станем на ногі як народ, як дзяржава. Думаю, не трэба кожны раз рабіць агаворку, што гэта ніяк не памяншае нашай павагі да рускай культуры, да польскай, да англійскай, да любой іншай, — да культуры ўсяго свету, і ў першую чаргу — да рускай, якой мы і сапраўды вельмі многім абавязаны.
— Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і расейская культура станавілася на ногі, дзякуючы выхадцам з тутэйшых земляў.
- Каму толькі не аддавалі нашы таленты дар свой! Усім суседзям. Самае крыўднае, што мала пры гэтым даставалася свайму народу. Так што галоўнае, каб адбыўся ў самых шырокіх масах пералом, каб беларусы ўсвядомілі, што ў іх ёсць свой духоўны, мастацкі, эстэтычны грунт, ёсць свая, няхай і не такая вялікая, як французская ці руская, але ж і не бедная літаратура, з якой нясорамна выходзіць у свет, ёсць выдатная музыка, скульптура, жывапіс. Гэта я кажу пра прафесійную мастацкую культуру, але ёсць жа невымерная, незлічоная народная культура, і не толькі фальклор, а, скажам, народная абрадавая творчасць, прыкладное мастацтва.
- Адметная народная культура.
—Так. Застаецца невялічкая дробязь: кожны грамадзянін нашай краіны павінен пачуцца прыналежным да гэтай культуры, усвядоміць, што ён — яе руплівец, які дбае пра яе далейшае развіццё, каб яна служыл а нашым дзецям, уну кам праз дзесяткі, сотні гадоў.
- Як і кожная культура на зямлі.
- Самае крыўднае і смешнае, калі хочаце, — тое, што мы гаворым пра рэчы, якія ў іншых краінах проста не абмяркоўваюцца — няма патрэбы. Любы чалавек, не толькі прадстаўнік інтэлігенцыі, але і вясковец, там скажа: "Не разумею, дзе праблема, пра што вы пытаецеся? Ці люблю я сваю родную мову?'' А мы на поўным сур'ёзе ставім гэткае пытанне. А што ж рабіць? Мы вымушаны гаварыць пра гэта і не толькі гаварыць, але і працаваць, дзейнічаць.
- Так, і ў гэтым накірунку імкнецца працаваць і калектыў "Культуры".
- "Культура" — газета своеасаблівая. Мне многае імпануе ў ёй, скажам, матэрыялы па гісторыі культуры, але я лічу, што тЫднёвік яшчэ шукае сябе. Напачатку мне вельмі і вельмі не хапае ў ёй добрай публіцыстыкі, бо ўсякая газета — найперш публіцыстычная трыбуна, ды і часопіс без добрай публіцыстыкі не ўяўляецца. З увагі на тое, колькі ў нас праблем у сферы жыцця духоўнага, самых жывых, вострых, набалелых, мне хацелася б, каб у тыднёвіку было больш аўтарскіх выступленняў у самых розных жанрах. Малайцы, што адважыліся на літаратурна-філасофскі дадатак "ЗНО".
- На маю думку, "ЗНО" бярэцца за распрацоўку і ўвядзенне ва ўжытак абсалютна новых тэмаў і праблем, у тым ліку, пошук адпаведнай філасофскай лексікі.
- Вы зачапілі яшчэ адну асобную тэму, якая датычыць, у прынцыпе, усіх гуманітарных навук. Я баюся, што на сённяшні дзень, калі мы ўжо можам гаварыць пра пэўныя поспехі ў гісторыяграфіі, то вельмі-вельмі мала падстаў сцвярджаць пра дасягненні ў беларускай філ асофіі. Канешне ж, ёсць выдатныя імёны. Я з захапленнем чытаю ўсё, што піша Уладзімір Міхайлавіч Конан, і кожны раз зноў прашу: "Паздароў, Божа, гэтага чалавека". Але ж колькі ў нас такіх? Вельмі мала. А нам трэбане толькі гісторыя філасофіі, але і разуменне своеасаблівасці беларускага светаадчування, успрыняцця, маралі. Што ў народнай маралі высокае, а што, выбачайце, і... Гаворым жа часам пра нейкую беларускую нясмеласць.
- Часцей — пра талерантнасць.
- Гэта мы прыкрываемся талерантнасцю. А пад ёй — тое, што нам загналі ў гены, у кроў. Не хачу я крыўдных слоў казаць на адрас свайго народа, але пара нам развітацца з празмернай паслухмянасцю, нясмеласцю, пакладзістасцю там, дзе трэба ўзняць вышэй галаву, стукнуць кулаком і сказаць: "Не!".
Гутарку вяла Г. Булыка
СІНДРОМ НАБЫТАГА СУВЕРЭНІТЭТУ
Нікога з прамоўцаў не папракнеш, што ён кіруецца не высокім грамадскім клопатам, не тым, што ўсім нам баліць, а нейкімі другараднымі ці прыватнымі інтарэсамі. Але дазвольце выказаць адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае, і думаю — не толькі мяне. Мнагавата ўсё-такі гаворыцца таго, што не дапамагае адказваць на пытанне: як, якімі шляхамі вывесці эканоміку краіны з глыбокага крызісу, як недапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя, няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад холаду і голаду. Напрыклад, зашмат часу і пораху траціцца на асуджэнне “Віскулёў”, падпісанага там пагаднення. Пры гэтым камень кідаюць чамусьці толькі ў агарод нашага старшыні Станіслава Шушкевіча, як быццам мнагавопытны дзяржаўны муж Вячаслаў Кебіч свайго подпісу пад белавежскім дакументам не паставіў. Шкада, што траціцца час і сілы на гэты неразважны суд, які адно культывуе ў настроях людзей непатрэбную настальгію па мінулым.
Ну давайце задумаемся на момант: што нам гэта сёння дае — гэта наша злосць на "Віскулі"? Які ў гэтым сэнс? Па-мойму, ніякага. Па-першае, тое пагадненне, калі б яно не было падпісана ў Беларусі, яно абавязкова было б падпісана недзе ў другім месцы. Бо для яго надышоў час. Па-другое, у ліку трох галоўных віноўнікаў, якіх яшчэ і дасюль шаржыруюць у некаторых газетах, т. Шушкевіча магло б не быць, гэта маглі б быць таварышы Ельцын, Краўчук і, скажам, Назарбаеў, а т. Шушкевіч "спазніўся" прыляцець. I што? Хіба ад гэтага нешта змянілася б? Беларусь падпісала б гэта пагадненне трошкі пазней — як гэта зрабілі ўсе астатнія рэспублікі Саюза. Па-трэцяе, і гэта галоўнае, усім нам трэба глядзець на рэальны стан рэчаў. ''Віскулі'' — гэта ўжо гісторыя, якую назад не адкруціш. А перад намі — жывая рэчаіснасць. Хоць яна і не падабаецца нам — але яна ёсць такая, якая ёсць — а іменна: рэчаіснасць незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы "суверэнітэт, незалежнасць" сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі-жылі — і раптам: на табе — пракляцце божае! Суверэнітэт народу дастаўся! На вялікі жаль, гэты матыў праступае і ў некаторых прамовах тут. Пад любым прыкрыццем — але давайце пазбавімся суверэнітэту, бо ва ўсім вінаваты ён. Новая хвароба ў Беларусі, новая бяда-няшчасце, — сіндром набытага суверэнітэту!
Сапраўды — дажыліся!
КУРС НА СТРАТУ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ