«Які там мой сын? Як я з Ларысаю буду гадаваць яго? Якога выгадуем з яго чалавека?»
Увайшоў у лес — ацяжэлы ад дажджоў, спакойны, задумлівы.
«Выходзіць, гэта зусім не проста — жаніцца, мець дзіця, гадаваць яго..,— думкі ніяк не давалі спакою.— Ты даў новае жыццё, ты і сцераяш яго. Будзеш ужо думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых. І, можа, думаць больш, чым пра сябе... Як некалі ды і цяпер так думаюць пра нас нашы бацькі. Але як мы іх не разумелі і яшчэ цяпер парою не разумеем! Вось цяпер, калі сам бацька, я гэта ўсё больш адчуваю...»
Выйшаў з лесу на поле. За полем — Міланькі. Сцішаныя.
«Вось сустрэнецца зараз нехта, зірне і ўбачыць: я бацька. Усміхнецца, паківае галавою: «Які ты яшчэ бацька?!»
Не падаўся па дарозе. Збочыў і пайшоў напрасткі па бульбянішчы да школы.
Вось пералез праз дзірку ў плоце, увайшоў у школьны двор. Ля саду — у лужынцы — вымыў боты-кірзавікі, абцёр іх мокраю травою, абпаласкаў рукі і толькі тады падаўся ў школу. Калі ступіў на ганак, сустрэўся з позіркам Івана Сямёнавіча. Той стаяў у настаўніцкай і неяк з самотаю пазіраў сюды, на мокры і пусты кастрычніцкі двор, што ўжо да рэшты страціў зеляніну, на нізкае шэрае сырое неба, на амаль чорныя ўжо дрэвы. Васілец не мог утрымацца — усміхнуўся.
У настаўніцкай — за хвілін дзесяць да пачатку першага ўрока — былі ўжо ўсе настаўнікі. Яны з запытаннем зірнулі на яго.
— Цвіце наш Павел Мікалаевіч, дык некага ўжо мае,— пажартаваў Іван Сямёнавіч, адышоўся ад акна.
— Маю,— не вытрымаў, усміхнуўся Васілец.
— Сына? — здагадаўся Іван Сямёнавіч.
— Сына...
— Ну, і віншую, малайчына! — падышоў бліжэй, паціснуў руку дырэктар.— Усюды добра пачынаеш!
— Добра! — падтакнуў задаволены Міхась Рыгоравіч.— Ва ўсіх нас: у мяне, ва Уладзіміра Пятровіча, нават у Івана Сямёнавіча — былі першыя дочкі...— падышоў, гэтаксама моцна паціснуў руку,— Віншую! Даганяй цяпер мяне, станавіся бацькам-героем!
— Цяпер не тыя часы...— усміхнуўся Іван Сямёнавіч.— Успомніш маё слова: цяпер ужо доўга не будзе дзяцей... Цяпер маладыя асцярожныя, мудрагелістыя. Па сваіх ведаю. І ён во,— кіўнуў на сына,— і нявестка нават слухаць не хочуць, каб хутка ўжо і другое мець...
— Усё роўна на «ўра» шчасліўца! — прамовіў Вяртун і першы падхапіў Васільца.
За ім падышлі ўсе настаўнікі, тры разы падкінулі Васільца ўверх. І ім памагаў заўсёды салідны, паважны Іван Сямёнавіч.
— Адпусціце: галава кружыцца! — папрасіўся Васілёў
— Нічога, нічога! — амаль у адзін голас адказалі вясёлыя настаўнікі.— Будзе шампанскае? Калі будзе, дык адпусцім!
— Будзе,— жартам адказаў і Васілец.— Колькі захочаце!
Як паставілі на падлогу, дык ледзь устояў на нагах. Хіснуўся.
— Ап'янеў чалавек ад шчасця! — кіўнуў галавою Іван Сямёнавіч.
— Ацверазіцца хутка,— скептычна прамовіў Сліж,— Усе мы во гэтак п'янелі і хутка потым цверазелі... Жыццё ёсць жыццё! Любіць падкідаць усякія штучкі...
Празвінеў званок. Здаецца, ніхто і не думаў ісці па ўрок.
— Пайшлі, калегі,— прамовіў Іван Сямёнавіч.— Наша радасць радасцю, а працаваць трэба. Правядзём ужо сёння ўсе ўрокі ў гонар Паўла Мікалаевіча па вялікім пад'ёме...
Васілец — вясёлы, шчаслівы — пайшоў да вешалкі. Скідаць боты і абуваць начышчаныя туфлі, што заўсёды стаяць тут, у настаўніцкай.
5...
У апошнія дні кастрычніка дождж ліў не сціхаючы, падаў з зусім нізкіх шэрых хмар, за якімі, здаецца, ужо і не было сонца, высокага блакітнага неба. Вада з такой шчодрасцю напаіла зямлю, што цяпер стаяла на паверхні, разлівалася, збіралася ў лужынкі ў разорах ды лагчынах.
Прытуліўшыся да сцяны ў зацішку, Васілец бачыў, як цубаніць дождж, яшчэ болей халодзіць бальнічны голы сад, зямлю, як падае са страхі буйнымі ручайкамі вада, усё глыбей выбівае ў зямлі ямкі, вымываючы ў іх ружовыя каменьчыкі.
Васілец; чакаў, што вось-вось упершыню пасля родаў падыдзе да акна Ларыса... І, можа, нават не адна, а з сынам. Але яе пакуль што не было, як сказалі жанчыны-парадзіхі, яна на хвілінку адлучылася з палаты.