Ларыса нічога не адказала, як і не чула яго. Хадзіла, прыклаўшы рукі да паясніцы, і моршчылася, і стагнала.
— Ну, трымайся,— Павел падышоў да Ларысы, прытуліў яе да сябе — яна на хвіліну прыпынілася, як відаць было, праз сілу супакоілася, паклала яму галаву на плячо.
— Ой, як баліць, Паўлік!..— прашаптала яна.— Але, можа, не трэба табе нікуды бегчы, можа, пройдзе. Я вельмі баюся бальніцы...
— Усё роўна ж прыйдзецца туды ехаць,— сказаў ён і падаўся з пакоя.— Я бягом.
На кухні ён не ўключыў святла, бо было светлавата, ступіў на лаўку, падняўся і дакрануўся да пляча гаспадыні. Тая з бесклапотнасцю спала на лежаку печы, прачнулася не адразу, а толькі калі добра патармасіў яе. Падхапілася, села, аж ускрыкнула ад страху.
— Паглядзіце, калі ласка, Ларысу, а я пабягу па машыну,— сказаў Павел, саскочыў з лаўкі і, не чакаючы ніякага адказу, баючыся патраціць лішне хоць адну хвіліну, надзеў шкарпэткі, насунуў на ногі кірзоўцы, зняў куртку і, на хаду адзяючыся, памкнуўся на двор.
За ганкам, дзе жаўтаваты, а далей і чорны туман не прапускаў святла з акна, Васілец нібы аслеп, нібы знік у вельмі густой, хоць ты выкалі вока, цемнаце. Выходзіў з двара, абапіраючыся рукою аб сцяну хаты, пасля — аб плот.
Калі выйшаў з двара, і не стараўся патрапіць на цвёрдую сцежку: яе няможна было ў гэтакай цемнаце ўбачыць ці абмацаць нагамі. Пабег наўскасяк па полі, адчуваючы, як у мяккім сырым ворыве грузнуць боты, як яны цяжэюць ад наліплага пяску.
У лагчынцы, што была пасярод поля (там днём блішчала вада), набег на лужыну, спатыкнуўся ад нечаканасці ў ямцы і ледзь не паваліўся, каб не сагнуўся ды не абапёрся на рукі. Намачыў рукавы, абпырскаў твар, шыю. Падхапіўся, сціснуў да болю губы ад крыўды і злосці, атрос з рук ваду ды мокры пясок — і, задыхаючыся, чуючы, як сохне ды гарачэе ў роце, пабег далей, да вёскі, што зусім прапала ў цемені, як яе і не было на свеце.
Бег вось так, па такой патрэбе, другі раз у жыцці. Першы раз бег, калі быў зусім малы, калі збіралася радзіць маці. Тады бацька гэтаксама ўночы паслаў яго на хутар на бабулю. Ён імчаўся і вельмі баяўся ночы, лесу ды ваўкоў.
Цяпер, калі бег дзеля жонкі, канечне, не было ніякага страху, ён хацеў толькі адно: каб Ларысе было добра...
Як перабег поле, напароўся на кусты. Яны сцебанулі калючымі галінкамі па твары. Вымкнуўся зноў на поле і наўздагад памчаўся да дарогі.
Вось там, на дарозе, адчуў: вёска блізка, вёска жыве: учуўшы яго, азваліся вясковыя сабакі. Адзін — тут, з краю, а другі — недзе далёка, за школаю. Гаўкнулі разам абодва, здаецца, з будкі, не вылазячы на морась: брэх чуўся не звонкі, а глухі. Як з нейкай пасудзіны.
Калі яшчэ крыху прамчаў, адчуў, што ўбягае ў вёску. Не бачыў яе, а іменна адчуваў. Платы, сады ды хаты, што стаялі, дыхалі цяплом, жыццём.
Угадаў нейкім цудам і шафёраву хату. Абапіраючыся аб плот, падышоў да веранды, заляскаў зверху ўніз халоднаю, аж пякла ў рукі, клямкаю.
— Выбачай, братка,— калі выслухаў яго, нават не адмыкаючы дзвярэй, адказаў заспаны шафёр...— Я ж не паставіў сёння нанач ля хаты машыны, і ніхто ў Міланьках надоечы не прыехаў дамоў на машыне. Бяжы ўжо да конюха...
Васілец — расчараваны, растрывожаны — выйшаў з двара.
«Жыў бы ў горадзе ці хоць бы і ў вялікай вёсцы, дык выклікаў бы «хуткую»,— падумаў.— Тут не выклічаш. Дык трэба напраўду бегчы да конюха і прасіць у яго каня. Дзедаўскі гэта спосаб, але найбольш цяпер верны...»
Конюх жыў у другім канцы вёскі, за былымі яго, Васільцовымі, гаспадарамі. Покуль, зусім прамокшы, Васілец; дабег да яго, дык узмакрэла спіна.
— Ну, хто там? — з незадавальненнем запытаў добра знаёмы конюх, Мікола, бацька трох вучняў Міланьскай школы, нехаця адамкнуў, упусціў у цёплы дом.
У хаце-калідоры, дзе ўжо ярка гарэла святло, Мікола сеў на столак, што стаяў пры печы, доўга нацягваў ватовыя штаны з палеенымі чорнаю скураю каленьмі і задам, доўга цёр аб руды ступак вялізнай нагі анучу.
— Эх, як я яшчэ паспаў бы! — насунуўшы на адну нагу бот, пацягнуўся Мікола, расставіў у бакі локці, пастукаў кулакамі па баках ды заплюшчыў вочы,— Здаецца, яшчэ толькі разышліся па сваіх хатах з мужчынамі, толькі што паслухаў жончыну лекцыю і лёг... Ну і гэтыя кабеты, я табе скажу! Радзілі б удзень, па-людску, а то сярод ночы, я табе скажу!
— Ладна ты, мянташка, ідзі скарэй! — азвалася са спальні гаспадыня.— Каб ты сам хоць раз радзіў, дык не плёў бы абы-што.
— Як я не пацярпеў усё роўна, я табе скажу! — пацвельваўся Мікола, засоўваючы другую нагу ў вялікі, відаць, сорак пятага памеру гумовік. Пасля ўстаў і, здаецца, занадта доўга шукаў пінжак, надзяваў яго. Як яшчэ пазней задоўга нацягваў стары шэра-зялёны плашч.— Пяцёра ж дзяцей выпакутаваў, я табе скажу...
— Ой, каб на цябе халера! — незалюбіла жонка.— Ён выпакутаваў! Брыдка во чалавека, а то я сказала б, што ты...
Васілец, стоячы ўжо ў парозе, адчуваў няёмкасць, што нанёс у хату на ботах столькі бруду, у думках падганяў марудлівага соннага гаспадара, злаваўся ад яго, як здалося, чэрствых жартаў.
«Як можна так пасміхацца? — жахаўся ён.— Ларысе ж вельмі кепска...»
— Што ты, чалавек, белы як палатно?! — усміхнуўся Мікола нарэшце, здаецца, праз гадзіну, а то і праз дзве, апрануўся, сабраўся выключыць святло і выходзіць з хаты.— Не набірайся ўжо так страху, я табе кажу. Усё будзе добра,— як яны выйшлі з хаты на цёмны двор, ён загуў і там — ці то займеў ахвоту пагаварыць, ці то стараўся адагнаць сон.— Не твая першая, я табе скажу, не твая астатняя... Жызня, брат, я табе скажу... Гзта ў вас першае, дык вось страху многа. А так усё гэта, я табе скажу, проста.— Ён гаварыў і — дзіва! — ішоў і ў цемені па гародах, ля кустоў, па тупкай сцежцы. Васілец ледзь толькі паспяваў патрапляць за ім па яго голасу.— Завязеш — яна родзіць, і станеце бацькамі. І пойдзе ў вас, я табе скажу, зусім другая жызня. Зусім не падобная на халасцяцкую. Усяго будзе: і радасці, і гора... Колькі ўварвуць нерваў, здароўя, я табе скажу, адны гэтыя дзяціныя хваробы, а колькі недаспіш ноччу ды колькі яшчэ будзе ўсякіх клопатаў... Але ж усё гэта трэба, я табе скажу. Які ты чалавек, калі не маеш сям'і, не пусціў атожылкаў?! Трэба, трэба род чалавечы цягнуць... Дам зараз добрага каня, дык мігам замчыш. Сам-то я дадому ўжо не пайду, зашыюся ў сена і пасплю яшчэ тут. Як добра родзіць, дык хочаш ці не хочаш, а сарву з цябе за гэта пляшку...
Праз нейкай паўгадзіны, калі было ўжо не так цёмна, даволі прыкметна абмалёўваліся дрэвы, дамы, пасвятлела дарога, Васілец пад'ехаў на кані да гаспадынінага дома.
Ларыса чакала яго, стоячы ў зімовым паліто, у ботах, трымала ў руках поўную, загадзя, яшчэ з тыдзень, падрыхтаваную да гэтага дня сумку. Яшчэ адна сумка — з загадзя падрыхтаваным дзіцячым адзеннем — стаяла пад ложкам. На кухні ля стала сядзела маўклівая і, здаецца, напалоханая гаспадыня. Яна ніколі не была замужам, не раджала.