— А вы можаце пакінуць сваю Ніну, дзяцей? — перапыніла яго Таццяна Сяргееўна.— Вось я раптам пакахала вас, вы даўно ўжо, як нядаўна гаварылі мне, кахаеце — дык давайце быць разам... Маўчыце. І правільна. Нялёгка ўсё гэта... Жыццё гэта.
— Я б, можа, болей асмеліўся, як ён,— прамовіў Сліж.— Ён асцярожны ды ў час адчуў, што адзін з самых здольных сярод нас, дык стараецца вылучыцца, цэліць на дырэктарскае крэсла. Ён яшчэ па характару ды па паводзінах не Іван Сямёнавіч, але і не Міхась Рыгоравіч...
— Вось як! — паківала галавою, здзівілася Таццяна Сяргееўна.— Вось які вы жучок! Ды не жучок, а жучышча! У тоўстым-тоўстым панцыры, што спачатку і не разгадаеш вас, не зразумееш. Кожны дзень вы з усмешачкаю, з жартамі. З усімі хочаце сябраваць, усім нібы жадаеце дабра. А на самай справе вы, выходзіць, іншы. Вось крыху вылезлі з панцыра, дык і відаць: у душы вы зайздроснік, самалюбца, думаеце толькі пра карысць для сябе. Не паважаеце вы свайго сябрука, не жадаеце яму дабра. Ці я, можа, гавару не так, памыляюся? Маўчыце, Уладзімір Пятровіч. Няма чаго вам сказаць. Не трэба так: гэта вельмі пагана. Нават страшна. Усім нам страшна. І блага. Вельмі блага. І сёння, і на будучае. Я ў школе з ім, самі бачыце, не пасміхаюся, не пляшчу ў ладкі за кожнае яго слова, а, наадварот, дзе толькі можна, па-свойму, па-жаночаму спрачаюся з ім, стараюся перамагчы яго. Але з задавальненнем бачу: ён перамагае. Як і бачу: і ў яго ёсць памылкі, бо і ён чалавек, не ўсё яшчэ ведае. Але не смакую гэтага. Гэта не галоўнае. А галоўнае, што ён шчыры, шмат думае пра справу, шмат працуе і добра працуе, заўсёды гатовы памагчы. Я сёння тут — без яго — магу сказаць пра яго самыя лепшыя словы, маэстра...
— Вас і, праўда, цяжка паняць,— зусім здаўся Сліж.
— А я заўсёды такая... Таму вось гэтак і цаню таго, хто ўмее мяне зразумець, ацаніць ды падтрымаць...— і яна з гарэзнасцю паказала Сліжу кончык языка.— Але чаго так памаркотнелі, Уладзімір Пятровіч? Давайце ўсё ж за нешта вып'ем тое, што ўжо наліта!
— Я ўжо і не ведаю за што?!. — саромеючыся падымаць на яе вочы, прамовіў Сліж.
— Не ведаеце? Дык падкажу я: давайце вып'ем за тое, каб мы былі крыху дабрэйшыя, лепшыя, са спагадаю думалі і пра другіх,— усміхнулася Таццяна Сяргееўна, адчуваючы неспадзяваную радасць ад сваёй перамогі.— Каб і цяпер, змоладу, і пазней памагалі адно аднаму, не зайздросцілі, ніколі не стараліся падставіць ножку...
— За дабрыню, за спагаду,— мармытнуў Сліж, узняў сваю чарку, але не дакрануўся да яе чаркі, паціху, заплюшчваючы вочы, выпіў.
...Як пад'ехалі да аўтастанцыі, Таццяна Сяргееўна праз вокны аўтобуса ўбачыла ў доўгім сіпім плашчы, са з'еханым набок капелюшы Міхася Рыгоравіча. Ён стаяў з вялікай сеткай, у ёй было булак дзесяць чорнага хлеба, звязак чатыры абаранкаў, кулёк мукі.
— Уцёк-такі ад мяне? — накінуўся Міхась Рыгоравіч на Сліжа, як яны выйшлі з аўтобуса.— Друг, фрэунд, мне называецца...— ён хіснуўся, зашараваў сеткай па каленях, выбельваючы і штаны, і полы сіняга плашча мукою.— Ну пачакай, хітрун ты гэтакі, я за цябе вазьмуся... Ты сёлета, мой лібэр, яшчэ толькі раз-два вучнёўскія сшыткі праверыў... Я ўсё бачу, не думай, што Вяртун дурны. Вяртун усё бачыць, бо ён жа Вяртун. Ён жа не абы-хто, а Болт Іванавіч Гайкін.
«Вось Вяртун акцёрнічае, махае рукою,— падумала,— а на нас усе азіраюцца. Вунь і вунь знаёмыя настаўнікі. Усміхаюцца. Ведаюць Вертуна: амаль кожны год яму «пяюць дыфірамбы» на жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі... Думаюць, можа: а там, у Міланьках, усе такія...»
— Але і Вяртун не прапаў, знайшоў сяброў...— папікаў Міхась Рыгоравіч.— Вертуна ўсе ведаюць, усе паважаюць. Пасядзелі калі не пад фікусамі, дык у парку на лаўцы. Пагаварылі...— і ён з выклікам, нават з перамогаю зірнуў на Сліжа. Той усё яшчэ не мог апамятацца ад нядаўняй размовы з ёю.
Сліж маўчаў. Не ўсміхаўся, не думаў апраўдвацца. Відаць, не мог. Во стаяў і разгублена слухаў.
— Разам гулялі? Інтымнішэн, так сказаць...— пакруціў рукою Міхась Рыгоравіч, з іроніяй зірнуў на Таццяну Сяргееўну.— Дагуляецеся! Вунь там, ля касы, бярэ білет яго Нінка... Яна зараз дасць тут такі канцэрцен, што...
— Вазьміце сябе ў рукі, Міхась Рыгоравіч,— з гневам бліснуўшы на Міхася Рыгоравіча позіркам, прамовіла Таццяна Сяргееўна,— і не забывайцеся, што ўсе мы тут прадстаўляем калектыў Міланьскай школы...
— О, эншульдзікен зі мір, біттэ! — прыклаўшы вольную руку да грудзей, пацвельваўся Міхась Рыгоравіч.
— Вось так,— спакойна адказала Таццяна Сяргееўна і паціху, высока падымаючы галаву, падалася да касы, каб узяць білет.
Ля паднавеса, лічы нос у нос сустрэлася са Сліжавай жонкай — распаўнелай, з чырвоным поўным тварам маладзіцай, тая была ў гумовых бліскучых ботах, балоневай куртцы і ў белай хустцы.
— Здарова, Ніна,— ад збянтэжанасці, можа, залішне з гучнасцю і залішне з бадзёрасцю выпаліла яна.
— Здраствуй,— збянтэжылася ад нечаканасці і Сліжава жонка, кінула позірк на прыпынак, дзе стаялі Вяртун і яе муж, зноў з запытаннем зірнула на яе, на Таццяну Сяргееўну,— і, здаецца, успыхнула яшчэ большай чырванню.
— Падыдзі да іх, не дай ім так шумець,— не дала ёй апамятацца Таццяна Сяргееўна.— Вакол жа людзі... Вяртун чагосьці разышоўся.
Ніна, так нічога не сказаўшы ад разгубленасці, відаць, пакутуючы ад здагадак ды падазрэнняў, падалася да мужа. Таццяна Сяргееўна ўжо не хвалявалася, бо добра ведала: Сліж зможа ўдала зманіць. І сам апраўдаецца, і яе — дзеля сябе — не пакрыўдзіць.
4...
Ларыса пабудзіла Паўла сярод ночы.
Толькі, мусіць, дакранулася пальцамі да пляча — і ён падхапіўся, на нейкі міг аслеп ад яркага святла люстры з трыма лямпачкамі. Пасля, асвойтаўшыся, адчуў, што Ларыса даўно ўжо не толькі не спіць, але і не ляжыць побач, бо халодная яе падушка, яе палавіна пасцелі. Цяпер яна — у начной доўгай белай кашулі, у тапачках — стаяла ля ложка і, нібы моршчылася, нібы плакала.
— Паўлік, мне блага...— прашаптала яна.— Як ніколі дагэтуль блага. Гэта ўжо, відаць, усё...
Як ні зліпаліся вочы, хацелася быць пад цёплай коўдрай, Павел, напаўняючыся сполахам, пачаў адзявацца, чамусьці ніяк не могучы натрапіць нагою ў калашыну штаноў.
— Бегчы па машыну? — запытаў ён з трывогаю: усё гэта было ўпершыню, і ён не ведаў, што рабіць, калі цяжарнай жанчыне «блага». Відаць, найхутчэй за ўсё трэба везці яе ў бальніцу.
— Не ведаю... Баюся...— замахала рукамі Ларыса. Зморшчылася, застагнала і пачала нервова хадзіць па пакоі.— Гэта ўжо ўсё. Гэта прыйшла мая...
— Мужайся, дарагая,— папрасіў ён, калі ўжо зашпіліў гузікі кашулі і надзеў пінжак. Супакойваўся, перасільваючы страх. Хацеў неяк супакоіць і Ларысу.— Пабуджу зараз гаспадыню, няхай яна пасядзіць з табою, а сам пабягу шукаць шафёра.