— Чаго вы будзеце чакаць? — хмыкнула, яшчэ весялей усміхнулася жанчына, і гэтая яе вясёлая ўсмешка здалася зусім непрыстойнаю, лішняю ў такую трывожную хвіліну.
— Ну, гэтага...— саромеючыся, прамовіў ёп.— Калі Ларыса... жонка...
— Відаць, што зусім яшчэ малады, поршы раз сюды трапіў! — з нейкаю спавагаю паківала галавою жанчыпа.— Нават мы добра не ведаем, калі будуць роды. Хоць па ўсіх сімптомах не раней сутак... Так што едзьце, вучыце сваіх дзетак (значыць, яны з Ларысаю пазнаёміліся ўжо), а нам званіце, прыязджайце ў адведы...
У гэтую хвіліну адчыніліся дзверы — і паказалася Ларыса.
Яна была ўжо ў доўгім халаце, у тапачках на босую нагу. Зірнула на яго як з просьбаю-мальбою: не хачу я тут быць, забяры мяне з сабою!
— Не-пе, мілая,— хуценька падбегла да яе жанчына.— Марш у палату! Тут ужо нашы законы...
Павел паспеў толькі махнуць рукою, сціснуць кулакі і крыху патрасці імі ў паветры — трымайся, родная, я люблю цябе, буду перажываць, чакаць навіны!
І, як жанчына зноў схавалася, выйшаў з бальніцы.
...Назаўтра світанкам, калі ён правёў дома амаль усю бяссонную нон, пакутуючы ад адзіноты, ад трывогі за Ларысу, Павел зноў прыбег у Галінавічы. Прыбег пад густы дождж, што пахнуў ужо холадам, подыхам сцюдзёнай восені.
Быў Павел тут і ўчора, пад вечар, як адвучыў у школе.
Яго тады не пусцілі ў бальніцу, сказалі, што да парадзіх не пускаюць, і ён стаяў ля акна тыльнай сцяны бальніцы і моўчкі пазіраў у акно, за дубэльтамі якога, у сваёй палаце, стаяла Ларыса, гэтаксама пазірала на яго. У чамусьці пабольшаных яе вачах былі і трывога, і нейкае трывожнае чаканне: яна часта міргала вейкамі, мыляла губамі, са смуткам усміхалася і, здаецца, была вельмі рада, што ён прыйшоў, хацела нешта важнае сказаць і не магла. А можа, і гаварыла, бо нешта шаптала, прыхіліўшыся і засланіўшы сабою шыбу, нешта пісала пальцам — і Васілец ківаў галавою, што ўсё разумее, хоць напраўду нічога не разумеў.
Пасля махала рукою, паказвала, што на дварэ дождж, што зусім змокне, і, мусіць, не хацела, каб ён адыходзіўся, пакідаў яе тут адну. І ён стаяў ля акна, пакуль не адагнала яе жанчына ў белым халаце...
І вось ён зноў падышоў да акна, стараючыся не заглядаць туды праз адхінутую фіранку. Пастукаў пальцам па шыбіне. На яго стук падышла да акна пажылаватая сімпатычная жанчына, махнула ўлева-ўправа рукою і, як убачыла, што ён нічога не зразумеў, стала, мусіць, на табурэцік, апусцілася каленамі на падвоканні, адчыніла люфцік.
— Няма ўжо вашай маладзіцы...
Калі пачуў гэта, дык здаецца, хіснулася пад нагамі зямля ды пацямнела ў вачах. Як няма? Што з ёю? Няўжо, як яна і баялася, не вытрымала, памерла ад родаў? А божа! Што ж гэта? Яны ж толькі пачалі жыць — і раптам смерць... Як ён будзе без яе? Адзін?
— Яна ўжо ў родавай і, можа, нават некага радзіла...— дагаварыла далей марудлівая жанчына.
У яго сам па сабе вырваўся выдых: о божа, дзякуй табе, жывая!
З падзякаю кіўнуў галавою жанчыне і, пераадольваючы дрыготку ў нагах, павярнуў да прыёмнай.
У прыёмнай падышоў да стала, дзе ляжалі паперы. Узяў знаёмы ўжо яму ліст, знайшоў на ім Ларысіна прозвішча, але змог толькі ўведаць з яго, якая ў яе ўчора ўвечар была тэмпература. Больш ніякіх навін пра яе не было.
Тады пастукаў у дзверы пад нумарам «2». Неўзабаве адтуль, з таямнічага пакоя, выйшла тая — з абпаленай шчакою — жанчына, што сустрэла яго з Ларысаю ўчора раніцай. Яна ўсміхнулася, запытала сама па яго запытанне:
— Не церпіцца вельмі стаць бацькам?
— Не церпіцца даведацца, як яна там,— усміхнуўся ён,— гавораць, яна ўжо ў родавай...
— Каго вы хацелі мець: сына ці дачку? — усміхнуўшыся, запытала яна.
— Сына.
— Дык вось віншую, малады бацька,— яна падала руку, моцна паціснула.— У вас сын. Тры кіло трыста грамаў, пяцьдзесят адзін сантыметр. Харошы хлопчык... Жонка ваша адчувае сябе нарм...
Астатнія яе словы Васілец не дачуў ад раптоўнага шуму ў вушах: у яго сын! З мілаю Ларысаю ўсё добра! Ён, Павел Васілец, ужо бацька! Але што гэта такое — бацька? Здаецца, ён нічым не змяніўся, які быў, такі і ёсць, але ўжо бацька.
— А можна зірнуць на яго і на Ларысу? — спахапіўшыся, як крышку авалодаў сабою, спытаў ён.
— Што вы! Да парадзіх ніколі нікога не пускалі і не пусцяць,— зноў, як і ўчора, здзівілася ад яго гэткага запытання жанчына, зірнула на яго, як назірае маці па сваё дзіця.— Вашай Ларысе цяпер трэба толькі ляжаць... Прыходзьце, прыносьце ёй, каб яна хутчэй стала на ногі, каб дужэў ваш асілак, малако, смятану, яблыкі, сокі... Праз сутак двое і ўбачыце праз акно свайго маленькага Васільца. Як жа хоць зваць надумалі?
— Віктар...— саромеючыся, адказаў Павел.
Ішоў Васілец з Галінавіч дадому, у Міланькі, у школу, паволі, і неяк яшчэ лёгка, і ў тую ж пару ўжо і важка нёс на плячах сваіх новую, яшчэ загадкавую ношку свайго бацькоўства.