Васілец, тулячыся да сцяны, адчуваў, як сыплецца яму на шыю перасохлы мох, што, як і ўся верхняя палова сцяны, быў ненамочаны. Ён толькі адхіліўся крыху ад сцяны, але і не высунуўся на морась.
«Няхай бы ў гэтыя шчаслівыя дні стаяла пагода, было блакітнае неба, сонца,— падумаў.— А так во, непагадзь... Усе гавораць, што не ў зусім удалую пару ў нас нарадзілася дзіця — у самым канцы кастрычніка. У самым, лічы, канцы года. За нейкіх два месяцы яму будзе запісаны цэлы год. Лепш было б, каб ён нарадзіўся ў пачатку новага года, у студзені... Але хіба хто пра гэта раней думаў?!.»
Адхінуўшы фіранку, ля шыбіны мільгануў твар. Васілец як устрапянуўся, падаўся да акна. На яго пазірала Ларыса. Па праўдзе сказаць, і Ларыса і не Ларыса. Бачыўся круглаваты твар з роўным носам, але ў знаёмых вачах былі незнаёмыя яму стомленасць, і нейкая ўжо сталасць, развага, новы клопат — і ён адчуў: гэта ўжо Ларыса-маці.
— Ну, як ты чуешся? — спытаў ён.
Яна прыплюшчыла вочы, па-мацярынску ўсміхнулася: добра.
Ён некалькі разоў цмокнуў вуснамі: маўляў, моцна-моцна цалую. Яна зноў некалькі разоў плюснула вачыма.
— Пакажы яго...— папрасіў Павел.
— Пачакай з хвіліну, зараз прынясуць карміць,— ледзь-ледзь праз дубальты пачуўся яе голас.— Усе кажуць, што на цябе падобны. Гэтакія вочы, нос, губы, падбародак...
Павел усміхнуўся: божа мой, божа, гэта ж трэба так, каб нехта быў зусім падобны на яго!
Ларыса ўсміхнулася ад таго, што ўсміхаецца ён, з жартам паківала пальцам. Мусіць, каб не было там, у палаце, жанчын, дык сказала б: дам-дам табе, усё забраў сам, нічога майго не пакінуў дзіцяці!
Пасля, азірнуўшыся назад, махнула рукою, каб пачакаў, а сама знікла.
«Прынеслі дзяцей,— здагадаўся ён. Захваляваўся.— Вось-вось убачу свайго Віктара Паўлавіча Васільца!»
Васілец вельмі не прыхіляўся да акна, саромеўся пазіраць на жанчын, стаяў крыху збоку; таму не бачыў, што робіцца ў палаце. Але вось зноў падышла Ларыса, усміхнулася, трымала ў паднятых да грудзей руках белы скрутак. Наверсе яго бачыўся невялікі ружаваты тварык з дробненькім, ледзь загнутым уверх, кірпаценькім носікам.
Ларыса павярнула белы скрутак — і ён убачыў сына. Сын — і напраўду, здаецца, вельмі падобны на яго, на бацьку,— пазіраў, пасля, мусіць, ад рэзкага святла пачаў плюскаць амаль нябачнымі вейкамі, моршчыцца, але быў спакойны, нават надзьмуты.
— Надта ж нейкі сур'ёзны! — усміхнуўся Васілец, але сам сабе не вельмі верыў, што гэта яго сын. «Гэта нейкі сон!»
— Гэтакі ж маўчун, як і ты...— усміхнулася Ларыса, пасля азірнулася назад: відаць, ёй нешта сказалі жанчыны. Пасля зноў зірнула на Паўла, папрасіла: — Позна ўжо, бяжы, Паўлік, дадому. А я буду карміць яго...
Васілец, як і адышоўся, усё роўна, здаецца, бачыў і Ларысу і сына. Невялічкі сур'ёзны сынаў тварык — найлепш.
Мінуў тыдзень.
Павел, папрасіўшы міланьскага шафёра малакавоза-ўсюдыхода, прыехаў забіраць і Ларысу і сына — сваю сям'ю — з бальніцы.
«Бадай, у першы раз за ўсе гэтыя дні няма трывогі,— думаў сам сабе.— Нават хочацца жартаваць, пасміхоўвацца з перапалоханых бацькоў, што прывезлі сюды сваіх жонак ці прыехалі ў адводкі».
Але вось ён напружыўся: там, у калідоры бальніцы пачуліся гоман, смех, а пасля і крокі. Дзверы адчыніліся — і ён убачыў Ларысу. У ботах, у зімовым сіняватым паліто з шараватым каўняром — раней, як была цяжарная, Ларыса перашыла далей гузікі, дык цяпер гэтае паліто было ёй зашыракаватае,— па галаве была сіняя шапачка. Яна, зірнуўшы на людзей, што былі ў прыёмнай, неяк з сорамам усміхалася і трымала ў руках пустую сумку.
Васілец яшчэ і яшчэ раз, а цяпер, ужо добра бачачы, адчуў: гэта і Ларыса і не Ларыса. Як толькі яна перайшла парог, ён ступіў, пацалаваў яе ў абедзве бледнаватыя, здаецца, упалыя шчокі і падаў ёй кветкі, загорнутыя ў цэлафан.
Ларыса спакойна ўзяла кветкі, злёгку ўсміхнулася (каб раней, яна, канечне, падзякавала б, цмокнула б яго ў шчокі ці ў губы), саступіла ўбок, каб даць дарогу нянечцы. Тая несла загорнутае ў коўдру з белым чахлом дзіця. Трохкутнікам коўдры быў закрыты сынаў твар.
Павел памкнуўся да нянечкі, выцягнуў рукі, каб узяць сына. Убачыў, што павярнулася, падышла і Ларыса, пільна і з асцярогаю зірнула, як ён бярэ, пасля моўчкі паправіла яго руку.
— І пад шыйку і пад плечкі бяры,— ужо як старэйшая прамовіла яна.
Зноў з трывогаю зірнула, як ён вызваліў адну руку, падаў пажылой нянечцы цукеркі.
— Прыязджайце яшчэ да нас...— усміхнулася тая.— Дарогу ж ўжо добра ведаеце...
— Канечне прыедзем,— пажартаваў Павел і, хочучы яшчэ раз, зблізку, зірнуць на сына, адхіліў трохкутнік коўдры: сын, цмокаючы маленькімі і тоненькімі губкамі, спаў, зусім схаваўшы невялічкія вочкі-прарэзы. Яго загнуты носік быў зусім маленькі. Павел зірнуў на Ларысу, усміхнуўся, і яна ўсміхнулася, толькі неяк крыху нязвыкла, як саромеючыся яго.
— Асцярожней, Паўлік,— папрасіла яна, абцягнула ўніз крысо паліто: яго міжволі падчапіў і трымаў пад сваёю рукою,— скразнякі могуць быць. Закрый тварык.
Пасля з асцярогаю пазірала, як ён пераходзіў парог, спускаўся з ганка веранды, як нясе, як ідзе па мокрай ды коўзкай асфальтаванай дарожцы.