— Паехалі,— сказаў Васілец, бачаны, як на яго, мокрага, запырсканага хлёпанкай, са сполахам пазірае Ларыса, як яна моршчыцца, плюскае вачыма, сцінае вусны. Нібы ён прынёс ёй нядобрую кепскую вестку.
— Нікуды я не паеду,— раптам з рашучасцю залямантавала яна,— я баюся...
— Няма чаго баяцца,— як папрасіў Васілец,— Паехалі.
— Едзь, дзіця маё,— загаварыла гаспадыня.— Мы ж табе не паможам: абое рабое... А там жа дахтары, усё ўмеюць.
Ларыса паслухала, пайшла на двор, але тупала з неахвотаю, як на нейкую вялікую бяду,— і Васілец зразумеў яе, бо ён і сам пабойваўся блізкай будучыні...
Як выйшлі па двор, там было даволі светла: падала святло з акпа. У святле імжылася сырое паветра.
— Можа, і астатні раз я іду гэтаю сцежкаю, бачу гэты дом...—заплакала Ларыса, тулячыся да Паўлавага пляча,— Каб ты ведаў, як страшна!..
«І мне гэтаксама»,— мог бы адказаць Павел, але так не прамовіў.
— Мужайся, дарагая,— ужо ў каторы раз толькі папрасіў ён,— Праз нейкую гадзіну, калі ўжо зднеецца, мы прыедзем у Галінавічы.
Ларыса выйшла з варот і падышла да воза. Ускінула па яго клунак, хацела залезці сама і не змагла. Тады ён падхапіў яе пад пахі і асцярожна падсадзіў.
Васілец адвязаў лейцы ад плота, сам сеў на калёсы, што конюх шчодра выслаў сенам, цмокнуў на каня. Паехалі.
«Ведаю ж: едзем у бальніцу,— падумаў.— Але ўсё роўна, здаецца: я сплю. І гэта ўсё ў сне...»
Драўляная, з некалькімі новымі, цаглянымі, прыбудовамі бальніца — а да яе яны пад'ехалі ўжо відном,— была яшчэ аднак ціхая, прыцемненая. Здаецца, хавала нейкую вялікую таямніцу. Знала яе толькі адна і не збіралася нікому яе расказваць. Васілец аж збаяўся тут прыпыняцца.
Над невялікаю верандаю бальніцы адзінока свяцілася лямпачка, ужо амаль не рассяваючы далёка святла, высвечваючы толькі вакол сябе невялікую стрэшку ды ганак.
Калі Васілец; прыпыніў ля плота каня, злез першы і пачаў прывязваць да частаколін лейцы, убачыў, што да яго сёння тут ужо былі людзі. На абабітай ад расы траве, куды цяпер нагнуў галаву конь і заварушыў губамі, ляжала чужое сена.
— Вось мы і прыехалі ў госці да бусла...— усміхнуўся Павел, падышоў да Ларысы, каб памагчы ёй злезці. Пажартаваў, бо яна за дарогу супакоілася, сядзела ціха і нават гаварыла, што ёй перастала балець і, можа, трэба вярнуцца дадому,— Бусел, бусел, мы прыехалі купляць сына...
— Ладна табе,— не дазволіла, каб ён зняў яе, махнула рукою Ларыса, абаперлася аб яго плячо і сама спаўзла долу.— Прымчаў во, каб сплавіць з рук сваіх...
На іхні шум ды гоман выйшла на гапак жанчыпа ў белым халаце. Калі ўбачылі яе, Павел і Ларыса прыціхлі, зніякавелі абое, засаромеліся. Як дзеці.
Ён узяў клунак, адчыніў халодныя вільготныя вароты (раса з іх была ўжо стрэсена нечаю рукою), і яны паціху — Ларыса паперадзе, а ён за ёю — пайшлі па бетанаванай вільготнай дарожцы да веранды.
— Вот і другія купцы прыехалі...— усміхнулася жанчына, як было ўжо добра відаць зблізку, пажылаватая, заспаная, ад таго з прыпухлымі шчокамі і вачыма, з вялікаю, ці не выпаленаю, плямінаю па шчацэ.— Калі ласка, заходзьце. Не так цяпер і часта ў нас такія госці... Вось трэція ўсяго за тыдзень...
Жанчына зачыніла за імі дзверы веранды, паказала рукою, каб заходзілі ў прыёмную — у прасторны пакой з белымі сценамі.
— Вы застаньцеся,— потым сказала Паўлу,— а вы, маладзічка, ідзіце са мною.
Узяла з яго рук сумку і павяла Ларысу да самых левых дзвярэй, дзе, напраўду, мусіць, хавалася вялікая таямніца.
— Калі пачалося? — папыталася яна па дарозе ў Ларысы.
Тая маўчала, відаць, не ведала, што адказаць.
— Ну, калі...— жанчына адчыніла дзверы пад нумарам «2», прапусціла туды, у невядомасць, Ларысу, зайшла сама — і Васілец застаўся тут адзін. Як сірата. Ці як чалавек, што раптам страціў усіх сваіх сяброў.
Праз паўгадзіны, калі ён ужо ведаў на памяць усе плакаты ды малюнкі, прачытаў некалькі тоненькіх кніжак пра грып, пра карысць і шкоду грыбоў, калі знайшоў на стале лісток, дзе былі напісаны прозвішчы парадзіх, была напісана іх тэмпература, жанчына вярнулася, прынесла незашпіленую сумку. З яе відаць было Ларысіна адзенне.
— Усё ідзе як трэба, міленькі, і ўсё будзе добра,— усміхнулася яна,— можаце ехаць дамоў, а жонку вашу мы пакідаем.
Павел, напаўняючыся трывогай, жалем, пазіраў па жанчыну, што, як ён думаў, трымала ў сваіх звычайных руках нябачныя ключы ад незвычайнай таямніцы. Ён стаяў і не выходзіў.
— Я пачакаю...— нарэшце апамятаўся ён, як учапіўся за нейкую нітачку-павуцінку, каб быць тут.