— Ясна,— сказаў Іван Сямёнавіч.— Не шануеш ты ні свайго таленту, ні здароўя. Траціш на абы-што... На яе, праклятую...
Міхась Рыгоравіч зачырванеўся. Як хлапчук.
— А са сваім розумам ты мог бы выдатным быць настаўнікам, завучам... Каб меў большую волю...
Прамовіў так, і яму стала па-чалавечаму шкода Вертуна: напраўду ж разумны, добры, шчыры чалавек. А вось добрым настаўнікам не стаў, вялікай павагі ў людзей не заслужыў. І сам ведае гэта, церніцы А калі вып'е, тады ўсё выказвае. І пра сваё гора, і пра іншых.
— Я во тут,— каб заглушыць успаміны, Іван Сямёнавіч падышоў да стала, паказаў на разгорнуты сшытак,— намеціў, на якіх мне, а на якіх табе ўроках трэба пабыць на тым тыдні. Як і летась, найбольш будзем хадзіць на ўрокі мовы і матэматыкі: гэта ў нас каторы год самае слабое месца.
— Добра,— з ахвотаю згадзіўся Міхась Рыгоравіч, кінуў позірк на сшытак-план, што заўсёды, каб бачылі настаўнікі — каб ведалі, калі і па чым будуць правяраць іхнюю працу,— ляжаў на стале.
— І заадно на ўрокі нашых новенькіх трэба часцей хадзіць.
— Добра,— зноў згадзіўся Вяртун.
— А што ты параіш яшчэ? — запытаў Іван Сямёнавіч.
— Ды вы ўсё добра задумалі,— націснуў той плячыма.— Што тут яшчэ параіць?
— Можа, якая ў цябе свая задума ёсць, можа, што хочаш зрабіць іначай? — папытаў Іван Сямёнавіч.— Дык не саромся, гавары, Ты я: ужо завуч з даўнім стажам, дык мог бы не толькі сам усё планаваць, але ўжо цягнуць і за мяне, старога, воз. Ці смеласці не маеш?
«І не толькі смеласці няма...— падумаў Іван Сямёнавіч сам сабе.— Даўно ўжо мала чытаеш ты, таварыш завуч. Добра не ведаеш, што цяпер новае ў педагогіцы, таму і не можаш параіць настаўнікам нешта свежае, патрэбнае. А чалавек жа ты не дурны, здольны, кемны, ахвочы да работы, вельмі хутка ўмееш пазнаць, што ведаюць маладыя настаўнікі, чаго яны хочуць. Іншы, кемны ды хітрэйшы, завуч мог бы ў пару пераладзіцца да настрояў, ведаў, пошукаў маладых, выкарыстаць усё гэта ў сваіх інтарэсах — і справу штурхаў бы наперад, і сам быў бы паперадзе. А ты не такі, ты нібы лянівы: з году ў год раіш маладым тое, што толькі сам ведаеш. Пасля, праз год-два, ты ўжо нікому не цікавы, адзін і той яга, маладыя вучацца, ідуць угору. Нарада якая ці педсавет, дык ты чытаеш на іх тыя даклады, што чытаў год і тры гады таму назад. Толькі падновіш крыху — памяняеш прозвішчы настаўнікаў. Не называеш тых, якія працавалі раней, хваліш тых, што працуюць цяпер».
Міхась Рыгоравіч, відаць, адчуў яго гэтыя думкі, бо неяк замітусіўся, глыбока перажываючы за тое, як думае пра яго ён, дырэктар. І думае так ужо даўно.
— Старайся! — усміхнуўся Іван Сямёнавіч.— Пайду вось налета на пенсію — сядзеш за мой стол. Дачакаешся нарэшце сваёй пары...
Міхась Рыгоравіч з іроніяй усміхнуўся. Здаецца, не верыў, што яго могуць паставіць тут дырэктарам. Як убачыў, што Іван Сямёнавіч збіраецца ўжо ісці дадому, з ахвотаю заспяшаўся і ён. Падышоў да вешалкі, зняў і надзеў свой сіні доўгі плашч, шэраваты, з вялікімі палямі капялюш. Іван Сямёнавіч быў толькі ў касцюме, на галаву таксама надзеў новы, сёлета куплены, рудаваты капялюшык.
У школе цяпер з настаўнікаў першай змены засталася толькі адна Лілія Іосіфаўна. Яна яшчэ сядзела ў бібліятэцы і перапісвала новыя, нядаўна прывезеныя кнігі. Яна, адзінокая, будзе сядзець там да ночы, не завіхаецца ісці на сваю кватэру.
— Свеціць яшчэ сонца, грэе, але ўжо адыходзіць цяпло, настывае зямля,— уздыхнуў Іван Сямёнавіч.— Можа, вы, маладыя, гэтага яшчэ не адчуваеце, а я ўжо адчуваю. Неяк самотна, калі ідзе восень. Шкода нечага, што было і прайшло...
— Ага,— падтакнуў Вяртун.— Чуваць, што ўжо халаднее. Пара ўжо бульбу выбіраць. І школьную, і сваю. Бо там ужо скора і дажджы пойдуць.
— Ды выберам тую бульбу,— махнуў рукою Іван Сямёнавіч.— А вось душа... Не зразумець, што з душою робіцца... Надта ў ёй нейкіх няясных пачуццяў многа... Шкода вот нечага, што мінулася, чаго не было, чаго і век не будзе... Ці ўсё гэта ад старасці?
Вяртун са здзіўленнем зірнуў на яго і нічога не адказаў,
Іван Сямёнавіч павярнуў у свой двор. Убачыў: у садзе стаіць нявестка, Мая. Па-бацькоўску пацешыўся: Мая за апошнія месяцы папаўнела, пахарашэла.
І Мая зірнула на яго. Але нічога не прамовіла. Брала з вялікай мядніцы полкі, дзіцячыя штонікі, кашулькі, атрасала і вешала на шнур, што быў завязаны за ствалы і галіны яблынь, мацавала прышчэпкамі — яны віселі на доўгай вяровачцы на грудзях. Халат яе быў расшпілены на верхнія гузікі, была відаць яе белая шыя, верхняя палова поўных грудзей.
«І на вецер так выскачыла... Можа ж, прастудзіцца...— падумаў і здзівіўся, колькі яна там пажыла яшчэ ў іх, а яна ўжо яму як родная.— Ох, гэтыя маладыя!.. Зусім не асцерагаюцца! Але неяк сорамна ўсё вучыць ды вучыць: гэтак можна і надакучыць...»
— Ну, як Андрэйка? — запытаў, спыняючыся.
— Нечага плакаў-плакаў, а цяпер заснуў,— адказала, на хвіліну зірнуўшы.— Ціха там хадзіце, каб не пабудзілі.
Іван Сямёнавіч, пачуўшы нявестчын наказ, разгубіўся. Некалі, як толькі Мая прыехала ў Міланькі, а потым прыйшла ў іхнюю хату як нявестка, дык была сарамлівая, не магла зірнуць ім у вочы, усё чырванела і чырванела. А цяпер вось змянілася. Што яна ні скажа, тое ўсе і робяць. Нават і Вольга Піліпаўна. Аж страшнавата робіцца, што ж будзе, як ужывецца з ёю, прыгожаю, уладнаю ды капрызнаватаю, ціхмяны Васіль, калі раптам іх, старых, не стане? І яшчэ адно яго бянтэжыць. Як засталася Мая дома, з дзіцем, дык нібы і забылася пра школу. Не ўспамяне, не папытаецца, што там робіцца, не чытае газет і часопісаў.
Іван Сямёнавіч пастаяў крыху ды пайшоў у хату. Зайшоўшы, пастаяў, як не ведаў, што рабіць, дзе ступіць. Нібы быў чужы ў сваёй хаце. Паставіў у парозе сумку, разуўся, скінуў шкарпэткі і ў тапачках ціха падаўся ў лепшы пакой — зірнуць на маленькага, але такога дарагога чалавечка: засумаваў па ім за дзень.
З круглым тварам, увесь у бацьку, у белай шапачцы, накрыты па бараду коцам у белым чахле, Андрэйка ляжаў на правым бачку і сонна цмокаў смочкам. Ведаючы жончын наказ — шмат не пазіраць на соннае дзіця — Іван Сямёнавіч паглядзеў з хвіліну, увесь напаўняючыся нейкім пяшчотным дзедаўскім пачуццём, адышоўся і сеў на канапу. Паленаваўся нават выцягнуць руку і ўзяць са стала новыя газеты. «Пагляджу пасля, перад кіно». Расслабляўся, адпачываў, чуючы, як моцна б'ецца сэрца: яно ў апошнія месяцы пачало адчувацца ўсё больш і больш. Надта пасля таго, як ён аднойчы сасніў уночы, што на яго ногі зляцеў з гары крумкач з доўгаю дзюбаю і пайшоў, колючыся кіпцюрамі, на левай назе, прайшоўся па жываце, пасля дзюбнуў у грудзі — там, дзе было яго сэрца. Ён, і ў сне, адчуваючы, як сшэрхла на ім скура, набухлі ад крыві скроні, раптоўна прачнуўся, адразу, мацаючы рукою ў цемені, пачаў шукаць на сабе таго крумкача, але яго нідзе не было... Пасля гэтага сну і стала балець сэрца, пачалася бяссонніца.
— Хадзі есці,— зайшла, ціха прашаптала жонка — у новым, жоўта-рудым, у дробныя клетачкі, халаце, задуменная, здаецца, пастарэлая і змаркотненая за першы восеньскі месяц без школьнай працы.
— Дзякую, не хачу,— адказаў ён, пастараўся гаварыць сваім звычайным бадзёрым голасам.— Дай толькі, калі ласка, квасу.