* * *
Я пагадзiўся б жыць пад прыгнётам тырана пры ўмове, што буду залежны толькi ад яго прымхаў i свабодны ад дэспатызму моды, звычак, забабонаў; законнасць — найлепшая форма рабства... Так разважае Вавенарг. Але тыран таму i тыран, што не зважае нi на якiя законы.
* * *
Цi супярэчыць розуму i справядлiвасцi любоў да самога сябе?.. Пытаецца Вавенарг. Для мяне, разумнага эгаiста, адказ вядомы. Любоў да самога сябе не супярэчыць розуму i справядлiвасцi. I чаму нам так хочацца, каб сябелюбства заўсёды лiчылася заганаю? Працягвае Вавенарг. Па-першае, не ўсiм нам, а па-другое, не заўсёды. I доказ таму — два папярэднiя пытаннi Люка дэ Клап’е дэ Вавенарга.
* * *
Задумваючы рызыкоўную справу, сто адзiнаццаць разоў падумай пра самога сябе i — рызыкуй.
* * *
Калi думаеш пра сябе, прыходзiш да высновы: нельга быць выбiтным штохвiлiны. А вось аналiзуючы лёсы i бiяграфii выдатных творцаў, пераконваешся: выдатным можна быць заўсёды i ва ўсiм. Дыяген Сiнопскi выдатны нават тым, што жыў у бочцы.
* * *
Каб перастаць зайздросцiць, лiчы сябе не горшым за iншых, а лепшым.
* * *
Павага iншых людзей залежыць ад стаўлення да самога сябе. Нiхто не будзе цанiць чалавека, якi сам сябе нiзка ставiць.
* * *
Эгаiстычныя паводзiны — пошук спакою.
* * *
"На мой век хопiць..." — запэўнiвае маладасведчаны эгацэнтрыст i — памыляецца.
* * *
Супрацьстаяць сабе можаш толькi сам. Пазбегнуць такога ваяўнiчага стану лёгка: адмоўся ад цяжкай хады.
* * *
Не адказвай на пытанне раней, чым яго пачуў.
* * *
Не думай пра ўласныя здольнасцi, бо нават гэтым прынiжаеш апанентаў.
* * *
Як найхутчэй вырашай пабытовыя дробязi, з iх складаецца чалавечы апакалiпсiс.
* * *
Выкiдаеш кнiжку на сметнiк? Памятай, яшчэ пашкадуеш, але не спыняйся i выкiдай. Замахнуўся нажом? Бi насмерць.
* * *
Парада зневажае суразмоўцу. Настаўнiк заўсёды прынiжае вучня. Каб пазбегнуць помсты за знявагi i прынiжэннi, давай парады сабе.
* * *
Выслухай параду, але не спяшайся яе выконваць, пачакай нагоды.