* * *
"Да жывых варта ставiцца зычлiва, а вось пра мёртвых трэба казаць толькi праўду", — прачытаў у Вальтэра i зазначыў вельмi рацыянальны падыход да ўласных паводзiнаў. Адзiнае, што варта дадаць, — калi збiраешся казаць праўду пра мёртвых, памятай пра ўласную смерць.
* * *
"Людзi вельмi мала цэняць выпадак зрабiць радасць блiзкаму; часам здаецца, што яны займаюць пасаду толькi дзеля таго, каб мець магчымасць рабiць паслугi, але не карыстацца ёю самому; першае, што прыходзiць iм на розум, — адмаўляць; а вось згоду яны даюць, толькi добра падумаўшы", — разважае дасцiпны маралiст Жан дэ Лабруер у сваiм афарыстычным творы "Характары, або Норавы цяперашняга веку" i памыляецца, бо папрашайкi выкленчваюць у цябе не што iншае, а пасаду, якую ты займаеш, а самае непрыемнае — абяцаннi i клятвы, што яны будуць на гэтай пасадзе больш сцiплыя, больш сумленныя, больш добрыя за цябе, толькi дазволь, толькi пусцi... Зрэшты, радасць, зробленая нават вельмi блiзкаму чалавеку, каштуе значна менш, чым страта, нанесеная самому сабе.
* * *
Не трэба дзейнiчаць i гаварыць, нiбыта ў сне... Павучае Гераклiт. I можна было б не спрачацца са старажытным грэкам, што толькi "для нядрэмных iснуе адзiны i агульны космас (а той, хто спiць, павернуты ў свой уласны свет)", каб не паўсонны стан, у якiм ты пiшаш цi чытаеш таго ж Гераклiта.
* * *
На высокую вежу можна ўзняцца толькi па вiтых сходах... Афарызаваў Бэкан. Наiўны, не ведаў лiфта.
* * *
Нават калi чалавек сыходзiць ад людзей i пачынае жыць толькi з жывёламi ды птушкамi сярод раслiнаў, ён iмкнецца давесцi ўласную праўду менавiта людзям, а не птушкам, жывёлам i раслiнам. Згадай хоць бы Генры Дэвiда Тора, якi сыходам у лес выказаў пратэст супраць грамадства.
* * *
Немагчыма выйсцi за межы ўласнай iндывiдуальнасцi, але варта паспрабаваць.
* * *
Унутраная пустэча i незадаволенасць — вось што гонiць чалавека ў суполкi, у вандроўкi i на чужыну... Прачытаеш у Шапенгаўэра. Але ёсць жа стома ад самога сябе, ад навакольнага краявiду, ад перанасычанасцi звыклым. Тады, каб адчуць смак адзiноты, руш у падарожжа цi ўдзельнiчай у спрэчках.
* * *
Было б добра, каб ты зразумеў, што iснуюць чатыры арыстакратыi: арыстакратыя ўлады, арыстакратыя капiталаў, арыстакратыя розуму i арыстакратыя ад нараджэння. І было б яшчэ лепей, каб ты не рабiў спробы садзiцца адразу на чатыры крэслы.
* * *
Задумвайся не над набыткамi, а над стратамi. Радуйся не прыдбанаму, а нязгубленаму. Лепей свядома аддай, чым выпадкова займей.
* * *
Найбольш папрокаў выслухоўваеш з-за непаслядоўнасцi. Ну, а як можна быць паслядоўным, калi сама прырода выступае супраць запланаванасцi?
* * *
Калi не знойдзеш сабе занятак, ён сам знойдзе цябе. У большасцi сваёй гэта будзе нiкчэмная i пустая страта часу: п’янства, распусныя вандроўкi, глядзенне ў тэлескрынку...
* * *
Бяздзейнасць — рэч пакутлiвая, амаль нездзяйсняльная. Толькi вельмi мужны чалавек можа абраць бяздзейнасць за асноўны занятак.
* * *
Забывацца на кепскiя ўчынкi iншых — яшчэ паўбяды, а запамятаеш уласныя кепствы, дык лiчы — згалеў.
* * *
Пастаяннасць зменаў стомiць i адначасна супакоiць.
* * *
Настаўнiкаў заўсёды менш, чым падручнiкаў.