* * *
У кожнага чалавека ёсць свая цана, але iснуюць людзi бясцэнныя — генii i жабракi.
* * *
Задумвацца, вось што цяжка. Знойдзецца няшмат людзей, здатных на такую, здаецца, просценькую справу. Значна лягчэй услухоўвацца, прынюхвацца, хадзiць — дзейнiчаць. Большасць людзей наогул не можа сядзець спакойна, яны цi то пастукваюць пальцамi па стале, цi то качаюць шарыкi з хлебнага мякiшу. Іхныя вочы i вушы насцярожаныя, пiльныя, як у жывёлы. Не памылiшся, сказаўшы, што жывапiс i музыку ўспрымае нават котка, а вось задумвацца можа толькi чалавек i зусiм не кожны.
* * *
Ёсць асобы, якiя падпарадкавалi свой розум воку, — жывапiсцы, ёсць асобы, якiя ставяць найвышэй гук, — музІкi, а трапляюцца i такiя, што найперш шануюць пахi, — парфумеры. З лупатых, вушатых, насатых, рукатых ды языкатых складаецца большасць чалавецтва.
* * *
Палiтык, як i ўся палiтычная дзейнасць, не можа быць вытанчаным. Да такой высновы прыходзiш, разглядаючы газетныя i тэлевiзiйныя твары генсекаў, прэзiдэнтаў, правадыроў i тыранаў.
* * *
Сапраўдны ўладар не баiцца сваiх падданых i не чакае ад iх нiчога кепскага... Сказаў Вавенарг. Шкада, што французскi маралiст не ўдакладнiў: у рэальнасцi такiх сапраўдных уладароў не iснуе.
* * *
Адсутнасць альбо недахоп гонару, самасцi, ягамосцi ў кiраўнiка дзяржавы вядзе да гнюснае заганы — да млявасцi. Праз тую млявасць уладара вяне, чэзне, марнее ўся дзяржаўнасць цалкам.
* * *
Так, Людовiк ХIV — выбiтны кароль, я ў захапленнi ад яго, але не хацеў бы нарадзiцца сярод ягоных падданых... Вавенарг так сказаў толькi пра аднаго з каралёў, а я ўпэўнены: так гавораць пра ўсiх вялiкiх уладароў, што адышлi, i думаюць пра тых, хто жыве i кiруе.
* * *
Агульнапрынятыя нормы i перакананнi змяняюцца значна хутчэй за асабiстыя.
* * *
Як уражанне ад уласнага голасу не супадае з пачутым iншымi, так i меркаваннi пра цябе не супадаюць з самаацэнкамi.
* * *
У тэксты ўчытвайся, у музыку ўслухоўвайся, у малюнкi ўглядайся... Так нарэшце зможаш пабачыць, пачуць i зразумець самога сябе.
* * *
Лiтаратар не ведае сваiх чытачоў, як мастак незнаёмы са сваiмi гледачамi, а музІка — са слухачамi. Так можна адказаць на пытаньне Франсуа дэ Ларошфуко: "Чаму мы запамiнаем з усiмi драбнiцамi тое, што з намi здарылася, але не здатныя запомнiць, колькi разоў мы распавядалi пра гэта адной i той жа асобе?"
* * *
Навучыся адрознiваць тых, хто ўладкоўваецца ў мяккiм фатэлi, i тых, хто сядае на мулкi зэдлiк.
* * *
Лепей цалкам сур’ёзна хвалiць сябе, чым жартам ставiць на катурны iдыёта.
* * *
У наш час воля да ўлады сканчаецца пiсаннем папяровых законаў i ўдзелам у тэлешоу.
* * *
Калi прачытаеш, што "менавiта палiтыкi — сапраўдныя фiлосафы", жаданне быць фiлосафам выпараецца.Лепей заставацца вясёлым лiтаратарам.