* * *
Развагi пра ўзаемазалежнасць рэчаў стамляюць не менш за чаканне перад зачыненымi дзвярыма.
* * *
Ведаеш: усё папулярнае — кепскае; але ведаць недастаткова, каб умець тое рабiць, а тым больш — выкарыстоўваць.
* * *
Развагi селянiна часам больш рацыянальныя за часопiсную эсэiстыку навукоўцаў.
* * *
З дакладным веданнем сваiх жаданняў жывецца лягчэй; няведанне, як цемра, поўнiцца небяспекаю.
* * *
Калi сапраўды збярэшся вучыць iншых, не забудзься ўзяць кiй ды надзець шлем.
* * *
Сумная iсцiна... Здароўе чалавецтва вызначаецца па колькасцi хворых.
* * *
Калi ты хоць на iмгненне навучышся грэбаваць жыццём, ты пазбавiшся страху ўчынiць самагубства.
* * *
Вар’ят варты сардэчных адносiнаў i спачування, але дзеля яго ж i трэба трымаць напагатове кашулю з даўжэзнымi рукавамi.
* * *
Медыцына — найпапулярнейшая ў ХХ стагоддзi форма рэлiгii.
* * *
Лекi нараджаюць хваробы.
* * *
Слабыя душой, на думку Вавенарга, упэўненыя, што разбурэнне — верная прыкмета смеласцi i магутнасцi. Так яно i ёсць, але слабыя i моцныя духам тут нi пры чым.
* * *
Мiр — кароткая пярэрва памiж войнамi, прысвечаная пераўзбраенню i рэформам у армii.
* * *
Хто ведае, можа, менавiта страсцям абавязаны розум самымi блiскучымi сваiмi заваёвамi, — пакеплiвае са стоiкаў i аскетаў Вавенарг. Можа i так, толькi словазлучэнне "заваёвы розуму" выдае акупанта, якi ўвесь час прамалёўваецца ў постацi маралiста Вавенарга.
* * *
Мусiць, я не першы, хто заўважае, што вайсковую форму вельмi любяць iдыёты. I як сумна, што на вулiцах гэтай формы ўсё болей i болей.
* * *
Вайсковы патрыятызм вырастае з нянавiсцi да суседзяў, а тая нянавiсць грунтуецца на зайздрасцi... I варта памятаць: зайздросныя ваяўнiчыя варвары зруйнавалi Рым.