* * *
Агрэсiўнасць iдзе ад неразумнасцi. Але не кажы, што ад розуму паходзяць падман i хiтрасць, бо яны вынiкаюць гэтаксама з неразумнасцi. Разумнасць — гэта спакой.
* * *
Гiсторыя — гэта не толькi бiяграфii вялiкiх асобаў, але i бiяграфii вялiкiх стыляў, культур, цывiлiзацый.
* * *
У прыгажосцi кветкi ты можаш заўважыць i ўласную непараўнальнасць.
* * *
Калi вымаўляю "прырода", уяўляецца краявiд з высокiмi зялёнымi дрэвамi.
* * *
Ад адной толькi думкi пра мясакамбiнат можна моцна пачырванець за тое, што ты — чалавек.
* * *
Працягласць жыцця шмат у чым залежыць ад iнтэлекту. Вар’яты доўга не жывуць. Дурнi хутка старэюць.
* * *
Каб звацца чалавекам, трэба няшмат: дастаткова навучыцца адрознiваць велiчнае ад мiзэрнага.
* * *
Усе ведаюць... Чалавек шчаслiвы толькi на сваiм месцы. А хто падкажа, як знайсцi i — галоўнае — займець запаветнае месца?
* * *
Чужога болю, пра якi разважаюць падманшчыкi ад дабрачыннасцi, у прыродзе не iснуе.
* * *
У чалавека толькi тры сапраўдныя ворагi: вар’яцтва, бяссонне i голад.
* * *
Чалавек малюе адно сябе, таму тыгры атрымлiваюцца маленькiя, а мурашы — вялiкiя.
* * *
Мазахiстаў болей, чым садыстаў.Доказ гэтаму — вынiкi дэмакратычных выбараў: дыктатараў абiраюць свядома.
* * *
Чалавек — iстота неразумная... Чым даўжэй жывеш, тым болей пераконваешся ў падобных банальнасцях.
* * *
Малы чалавек сумуе па сваёй зямлi... Прачытаўшы такое, нельга не ўбачыць у сабе "малога чалавека".
* * *
Складанне перспектыўных планаў, як i любоў да пiсання ўспамiнаў, — занятак чалавечы.