Прапаную — i крыху няёмка: i ў самога часамі таксама «намёкі» бывалі, няшмат, аднак усё ж...
Пашэнціла сустрэцца з кнігай Гірша Смоляра «Мінскае гета». Напісана яна ў Ізраілі, на ідыш, роднай мове аўтара, наш пераклад — з перакладу англійскага.
Іменна гета, перадусім яно — з жахлівым побытам, пякельным генацыдам i спецыфікай магчымага супраціўлення — напісана найбольш змястоўна, у параўнанні з партызанскай часткай кнігі. Пра нашу з Гіршам сумесную працу ў рэдакцыях падпольных выданняў ён чамусьці не піша. А пра паездку на партызанскі парад у Мінску, можна сказаць, паведамляе лішне стратэгічна:
«Партызанскія брыгады i атрады нашага Стаўбцоўскага міжрайцэнтру не былі ўлучаны ў спіс удзельнікаў парада. Прычыны: мы мусілі заставацца ў поўнай баявой гатоўнасці на месцах, каб не дазволіць разбітым войскам ворага замаскавацца ў пушчы i перагрупавацца. Мы мусілі быць падтрымкай савецкіх войскаў якія актыўна наступалі на ворага.
Тым не меней нашаму партызанскаму міжрайцэнтру прапанавалася паслаць на парад двух партызанаў... Гэтымі двума сталі малады беларускі пісьменнікЯнка Брыль (служыў у польскай марской пяхоце, удзельнічаў у баях з нацыстамі на Балтыйскім моры, а пасля быў партызанскім сувязным) i Яфім Сталярэвіч».
Гэта адзін з падпольных псеўданімаў Смоляра.
А выглядала ўсё па-жыццёваму прасцей. Немцаў у Налібоцкай пушчы ўжо не было, з Савецкай Арміяй мы сустрэліся 7 ліпеня, у раённы Мір, яшчэ раз, пасля чэрвеня 41-га, разбураны, наша брыгада ўвайшла праз чатыры дні. Яшчэ ў пушчы я быў прызначаны, па беспартыйнасці, часова выконваючым абавязкі рэдактара газеты «Сцяг свабоды», а як ды з чаго пачынаць — не ведаў. Вырашыў падскочыць у Стоўбцы, параіцца са старэйшым таварышам, Смолярам, які меўся там рэдагаваць свой «Голас селяніна». A Гірш таксама быў яшчэ не гатовы да пераходу на «мірную» працу, Стоўбды таксама моцна разбураны, i мы пайшлі да першага сакратара райкома партыі Царука. Заікаста вясёлы «дзядзя Валодзя», давераснёўскі пажыццёвы вязень польскіх турмаў, нядаўні камандзір нашага міжрайцэнтру, адказаў па-свойму проста: «А в-вы думаеце, х-хлопцы, што я в-ведаю б-больш за в-вас?..» I параіў пакуль што махнуць у Мінск, на партызанскі парад. «П-паглядзіце, a п-потым і ап-пішаце!..»
У Мінск мы дабраліся на спадарожным ваенным грузавіку, без лусты хлеба ці якой рублёўкі за душою, а там уведалі, што парад... адкладаецца на цэлых два дні... Бывалец Смоляр быў зусім не па-жыдоўску сціпла-бездапаможны, не ведаў, куды нам ад голаду ткнуцца... З палестынскай далечы, у добрым доглядзе састарэлага ветэрана ды публіцыста, ён не толькі вывеў мяне на барацьбу з нацыстамі з польскага Узбярэжжа на прасторы Балтыкі, але, успамінаючы наша галоднае блэнданне па вуліцах зруйнаванага Мінска, — пажылы карантыш з доўгай рускай трохлінейкай i малады бамбіза з кароткім чэшскім карабінам — падаўся ў рамантыку:
«У самым цэнтры сталіцы, сярод руінаў пасвіліся, паскубваючы пустазелле, партызанскія коні. Высока ўчыстае неба ўздымаўся дым партызанскіх вогнішчаў. A ў вялікіх закуродымленых катлах, што віселі над вогнішчамі на рагалінах, кіпела, сквірчэла, духмянілася партызанская ежа. (...) I мы з Янкам Брылём таксама, падпарадкоўваючыся лясным звычаям, прыселі да адной з такіх партызанскіх «кухняў», у кампаніі зусім незнаемых людзей, слухалі розныя гісторыі ды час ад часу запускалі свае лыжкі ў агульны кацёл...»
Ой, Гірш Давыдавіч! Ой, Гогаль!.. Або малодшы брат айца Льва Гарошкі, глухаваты калгасны ветфельчар Роня, Радзівон, адзін з сяброў майго юнацтва, які ў нашай загорскай хаце, пад лёгкай чарачкай, рассалоджана захапляўся: «Запарожская Сеч, якую — памятаеш? — хораша апісваў Тарас Бульба...»
I з гэтым у нас ca Смолярам было прасцей. Пасля чарговага галоднага начлегу, не памятаю, дзе i як, ён асмеліўся зайсці да Пестрака, у адзін з пакойчыкаў старога драўлянага дома на ўскраіне, у які быў часова ды адзінока ўселены яго даўні сябар, што днямі вярнуўся з эвакуацыі.
Не зацягваючы ўступ, мой старэйшы раскрыўся нават неяк сарамліва:
«Піліпе, дарагі, мы з Янкам вельмі хочам есці!..»
Было такое амерыканска-юнраўскае сала, скура якога смела пайшла б на падэшву. Яно ўваходзіла ў лімітны паёк Пестрака, не проста члена Саюза пісьменнікаў а дэпутата Вярхоўнага Савета СССР i начальніка рэспубліканскага ўпраўлення па справах мастацтваў. Быў яшчэ цэлы буханчык стандартнага хлеба i гарачы салодкі чай!.. I быў вясёлы, таленавіта гаваркі Піліп, з якім i мне, дагэтуль незнаёмаму, было i проста, i ўтульна. А як яны многа i смачна смяяліся! Сябры па колішнім рэвалюцыйным падполлі, па гродзенскай турме, па пісьменніцкай працы ў даваенным Беластоку.
Такое ўдзячна ўспаміналася мне над старонкамі Гіршавай кнігі.
Сяджу на дачным ганку.
За кветкамі, за бульбаю, за лясною сцяной — нечаканае ў канцы спякотнага дня — хмары, якія нібы толькі што з'явіліся. Нямнога ix i не вельмі густыя ды шырокія ў прасторы, але з маланкамі i грымотай. Я — на канцэрце свежасці.
Энергічны лівень наўскасяк. З перакатным торганем, бубненнем, цвёрдымі выбухамі грому. Маланкі зрэдку ды знянацку міргаюць, i я — міжволі — міргаю з імі.
Ужо на верандзе, за вялікімі шыбамі.
Раней усё я ёй званіў сяды-тады, ужо тым часам i шмат гадоў пасля нашай турысцкай Іспаніі i Партугаліі, а перад Новым годам яна мяне апярэдзіла, i мы даволі доўга ды прыемна пагаварылі. A днямі пазваніла ўжо без святочнай прычыны, ёй патрэбна была наша ўзаемная шчырасць.
Расказала пра свае цяжкія бараўлянскія справы, пра змрочную навіну. Зноў днямі да ix паступіла вялікая група «чарнобыльскіх» дзетак. Тысяча месцаў у інстытуце-бальніцы i — цеснавата. Для маленькіх, трох-чатырохгадовых пакутнікаў ды смяротнікаў трэба было знайсці палаты. А жанчыны, якія ляжалі, сядзелі, сноўдаліся ў тых палатах, узбунтаваліся: куды ж падзецца ім?..
Пры ўсім пры гэтым, ёй, адзінокай, ужо на палавіне шостага дзесятка, разумнай, мілай жанчыне, трэба амаль штодня рабіць па дзве-тры аперацыі, дый няпростых, i так з дня ў дзень, усё жыццё...
I быць Яшчэ ветла-вясёлай.
Так i цяпер, ад будзённага, страшнага перайшла да сваёй найбольшай радасці — нядаўняга наведання мамы ў іхнім ці то мястэчку, ці то вялікай, доўгай вёсцы з касцёлам i царквой, з чыгуначнай станцыяй, куды так зручна прыязджаць электрычкай з пакоўнай сумкай падарункаў. Маме ўжо неўзабаве дзевяноста, а яна ўсё такая ж нястомная. Жыве адна. Тата быў столяр, славуты ў наваколлі, дом у ix ладны, яшчэ як новы.
— Іду ад станцыі, а мая мамачка цёплай вадой з мылам мые веранду!..
Пасля вітання — снеданне.
— Засцелем чысценькай сурвэткай стол, заварым свежы чай...
— Возьмем па чарачцы, — у тон ёй дадаю.
— Ой, гэта не! У нас не так.
— A бутэлькі, казалі ж, таксама прывозіце.