Успомнілася перадваенная загорская касавіца. Як яны, буслы, хадзілі каля касцоў, якія выпуджвалі з травы пахаваных ад небяспекі жабаў што сваімі падскокамі на пакошы дапамагалі буслам заўважаць ix.
Так ім, буслам, тут пачаў памагаць i не галодны, спатолены Нёманам статак. Што ж, няхай сабе, думалася ў спакойным замілаванні ідыліяй, няхай... Ды вось адна з цялух, больш няўрымслівая, можа, якраз тая, што на падыходзе статка да вадапою адбілася была ад гурту ўбок, i пастухоў памочнік аўчар службовым брэхам заганяў яе да ўсіх, а яна ўцякала ад яго з падбрыкваннем i задраным хвастом, цяпер знайшла сабе забаву іншую — пайшла ў наступ на аднаго з буслоў. Ён спачатку не надта ўцякаў ад яе «ўрожкаў» спешна цыбатай пехатою, а потым замахаў крыллем i мусіў такі ўзняцца i адляцець, каб неўзабаве зноў далей ад гладкай дуроніцы прызямліцца... Ён жа на працы, у яго ж сям'я!..
Добра спяваецца ў адзіноце, самому сабе. Каля сёмай гадзіны раніцы, на глухой лясной дарозе, крыху стаміўшыся, прысядаю на даўно знаёмым пяньку бярозавага вываратня. А тут, нібы спецыяльна падляцеўшы, зусім поблізу закукавала зязюля. I я таксама азваўся рэшткамі былога голасу, заспяваў адну з любімых, палтаўскіх:
Малады, бязвыходны сум дзяўчыны, закаханай у сямейнага.
Паўторы не запавольваюць песню, аўзмацняюць яе:
Апошнія два радкі хвалююць найбольш, колькі б разоў я ні спяваў ix, пачуўшы песню на кактэбельскім узмор'і, ад украінак, пісьменніцкіх жонак i дачок-падлеткаў у жніўні 1949-га.
Сёння гэтую песню мне нагадала, дзякуй ёй, зязюла наша. Песня ў мяне яшчэ не закончылася, a ўжо выклікала з даўняй памяці другія. Зноў убачыўся калодзеж на роднай сядзібе, вакол якога пара падзяўбсці калуном ды ітрыбраць лішйюю наледзь, саснова чысценькае карыта, з яісога празрыста сцюдзёную ваду няспешна п'юць дзве спраўныя кабыліцы, а я, юнак, не ім жа, а сабе спяваю волжска-ямшчыцкую, таксама адну з любімых:
Тут ужо блізка да роднай «Рэчанькі», з яе чароўнай мелодыяй i заключнымі, глыбока паэтычнымі радкамі:
Колькі вып'е разумны сябар конік, колькі можна начэрпаць шчасця двума вёдрамі!..
У маім, так сказаць, «хутаранскім» рэпертуары ёсць i здаўна, ca школы любімая «Za mgłami, za górami», туга паляка-выгнанніка па родных мясцінах, што так нагадваюць некаторыя нашы:
Па маскоўскім тэлебачанні — канцэрт, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Добры канцэрт, без удзелу модных безгалосых крыкуноў, сіламі па-сапраўднаму таленавітых спявачак i спевакоў, аднак жа нейкі, калі не чыста рускі, дык нібы насцярожаны палітычна. Толькі адзін з маладзейшых, «колокольно-барабанный» Г., ад каго я найменш спадзяваўся пачуць патрэбнае, вымавіў слова «белорусский» — адно за ўвесь гадзінны канцэрт!.. I жалю ў нас, i ў Маскве, i ў Мінску, многа, шчырага жалю па сапраўды заслужаным арганізатары i кіраўніку славутых «Песняроў», ужо i помнік спешна рыхтуецца, аднак найменш, дый зусім не гаворыцца пра яго высакародны прыклад любові рускага чалавека да беларускага слова i музыкі, да нашай багатай народнай творчасці, адкуль пачалася i вырасла яго сусветная слава.
У апошняй «Літаратурнай газеце» добры артыкул пра Івана Яўсеенку з выпадку яго шасцідзесяцігоддзя. Прыемна ўспомнілася, як у 1982-м я вітаў ягоны дэбют запісам у « Сваіх старонках», у размовах з Верачкай Палтаран, якая першая прачытала аповесць «Крик коростеля», i з Гаўрыілам Траяпольскім пры выпадковай сустрэчы на маскоўскай вуліцы, калі стары назваў свайго земляка-варонежца «хорошим парнем» ці то, здаецца, нават «хорошим мальчиком».
Праз дзесяць гадоў, на літаратурным з'ездзе, дзе масквічам не ўдалася спроба далучыць да аднаго са сваіх пісьменніцкіх саюзаў i нас, беларусаў, варонежскі паэт Уладзімір Гардзейчаў які помніцца прыемным хлапчынай, сказаў мне, што Яўсеенка ведае пра мае адносіны да яго, хацеў бы пазнаёміцца, аднак яго пакуль што няма, ці нават наогул не будзе ў Маскве, — ужо i не памятаю, чаму мы не сустрэліся...
Як i з Траяпольскім, які не прыехаў з усёй дэлегацыяй, a «дабіраецца самастойна, за рулём свайго бывалага легкавіка». Таксама ж не памятаю, чаму ён спазніўся на той з'езд, ці яшчэ з Варонежа, ці ад дачкі-масквічкі, i сустрэча ў нас, на жаль, не адбылася. А была б яна, як пазней аказалася, апошняй...
«Біма» свайго ён дараваў мне двойчы, другі раз у малафарматным выданні, раскошна аформленым, 14.ІІІ.84-га, «в знак дружбы, искренне и сердечно на добрую память». Тады мы ў маскоўскай гасцініцы «Россия» паснедалі ўтрох, з Даніілам Граніным, па прапанове нашага старэйшага таварыша. Аднак гэта не была мая апошняя сустрэча з Гаўрыілам Мікалаевічам, бо быў яшчэ пісьменніцкі з'езд у 1986-м, якога зноў не памятаю ў гэтым сэнсе.
Такі старэчы сум.
Бо i з Яўсеенкам, хутчэй за ўсё, сустрэчы не адбудзецца.
Колькі маўчання ў самоце!..
I што ж я ўжо такое вымаўчу?..
Раптам у памяці весела засмяяўся Міхась Петрыкевіч, i падумалася, як гэта кожны з сяброў свой смех — яго энергію, успышкі радасці жыцця — панёс у беззваротнае кудысьці...
Днямі, шукаючы, што пачытаць, спыніўся на аднатомніку Беранжэ. Амаль адразу ад песняў перайшоў да прозы, «Моя биография». Пасля яе вярнуўся да песняў ужо не выбарачна, а падрад, ды з большим задавальненнем. Тады — «Предисловие к сборнику 1833 года», проза не менш цікавая, змястоўная за біяграфію. А замест прадмовы невядомага мне аўтара, можа, i не зусім справядліва падумаўшы, што i гэты яшчэ стараецца, каб я ж хаця правільна па-сучаснаму, па-савецку (год выдання кнігі 1957) зразумеў французскага класіка, узяў чатырохтомнік «Яснополянских записок» Душана Макавіцкага, каб пацікавіцца, як да Беранжэ ставіўся Леў Мікалаевіч.
У гутарцы з блізкімі ён (кніга IV, старонка 45) сказаў пра любімага ім Гюго, а тады нібы загадку загадаў: «Есть еще другой поэт французский, которого я люблю». I потым, калi ніхто з прысутных не ўгадаў растлумачыў: «Беранже. За даровитость. Ничего безнравственного у него нет. Склад народный, благородный, нравственный и бодрый». I болыи не трэба.
Бо i сам такое думаў, адчуваў, чытаючы.
I ніколі гэта не позна — пазнаваць сапраўднае. Хоць i лепш было б пабагацець раней.
Прыдачына, падгалосак у хоры Цітовіча. Колькі б ні чуў яе — заўсёды захоплена... Пасля ўрачыстага канцэрта, перад банкетам сутыкнуўся з ёю ў вясёлым, расквечаным гурце спявачак, сказаў: «Ой, Валя, на вас не хапае слоў!..» I штосьці яшчэ. Другая, можа, i разгубілася б, а яна з прастадушным какецтвам шчасліва замужня й спыталася: «А сама бабёнка як?..»
Рана ўстаўшы, у добрым настроі, нечакана згадалася гэта — i голас, i ўсмешка — ажно з Ташкента, праз трыццаць сем гадоў...
«Сабака i на Бога брэша».
Не проста прыказка, а сродак з народнай медыцыны. Ад незаслужана крыўднага абгавору.
Вялікае інтэрв'ю ў часопісе стракаціць ад скарачэнняў нецэнзуршчыны. Толькі першая літара i мудрае шматкроп'е. Ведаючы ўдзельнікаў гэтага пуставата-піжонскага дыялогу, думаецца, што праўка зроблена ў рэдакцыі.
А можа, яно яшчэ лепш было б — за кожным разам даваць у дужках: (лаянка), (лаянка), (лаянка)?.. I гэтак далей, пакуль аж зусім не агоркне.