— Галава разбалелася. Зноў, відаць, недзе спутніка запусцілі...
А другая, яшчэ сучаснейшая, на застоллі ў яе кватэры, таямніча-даверлівым паўшэптам пераконвала, што яна — Шапэн, якім была ў ранейшым жыцці...
— Прабачце, — сказаў я ёй пазней, з дому, па телефоне, — мне няёмка, што я вам не прызнаўся пра сябе. Я ж... толькі ўжо, калі ласка, між намі... я — Дантэ.
Во заюрылі нашы бабы ў космас! — скажам па-вясковаму.
На мінскім тэлеэкране — ненайвышэйпастаўлены функцыянер, якому i ўежна i зацішней пры чужым удалым спрыце ды нахрапе. Сядзіць ссутулена над стадом чарговай парады, якую ён вяла вядзе, не ведаючы, куды падзець па-мужыцку дужыя жмені ад вялікага вострага носа.
Уяўляю яго вясёлага аднавяскоўца, даўно знаёмага мне, у якога добра было б спытацца, ці многа ў ix такіх чмыхалаў рашпіляў глюгаў ці толькі адзін быў выдзелены на ўсю вёску, а знатны зямляк, умеючы, захапіў яго сабе?..
Сціплы, сціплы, а потым, як раскілзаецца, так i панёс!..
Антыка ў вёсцы майго маленства — сабакі называліся то Рэкс, то Каніс. Адтуль i Када ў настаўніка Грушы, які закончыў рускую семінарыю ў Нясвіжы, прайшоў нейкія польскія курсы i на сабаку крычаў: «Kado, chodź siuda!»
Быў сабака i чыста польскі — Галас.
А больш усё свае, тутэйшыя: Шарык, Курта, Жук...
Боты ў каго былі «дудкі» з пруткімі халявамі, a ў каго пазней, па новай модзе, «факстроты», з высокімі заднікамі i спражкамі на халявах. Хромавыя, вядома. Ад свята да свята віселі над ложкам на «біле», а то i побач з ложкам, бліжэй да печы. Уступаючыся ў ix, як быццам стромка зверху, а не туга нацягваючы, як было ў сапраўднасці, з хаты выходзілася ўрачыста. На «гулянне», скокі ў сваёй вёсцы, на паход у вёску суседнюю або i далей, на спектакль які ці да дзеўкі свае, або ў мястэчка, нібыта ў царкву, а не проста ў такія, ледзь ужо не гарадскія, людзі.
Рабочыя ў электрычцы, едучы з Мінска ў Стоўбцы, на будаўніцтва завода, рэжуцца ў «дурня» з вясёлым перабрэхам на трох мовах: «Кто сказал мяу?» «Подальше от гроба!» «Польске войска Бэрлін брала — раз! А савецке памагала — два!» I роднае: «Што ты глядзіш мне ў вочы, як сабака?» (Аддана, значыцца.) «Ужо нам блізка, хлопцы, трэба канчаць!» «Якое там блізка? Яшчэ два дні лесам, а тады па полі!»
Прачытаўшы ў мяне: «Перабіў хвост сабаку, цяпер брашы сам», пакуль што знаёмы толькі па пісьмах лекар з далёкага райцэнтра піша, што ў ix гаворыцца крыху па-іншаму: «Забіў сучку — брашы сам».
Быў пасёлачак, потым хто куды пераехаў а хто памёр, i хатаў паменшала, як хутар нейкі стаў суседзі як падзічэлі.
Карова выпускаецца пустапасам, але з доўгай вяроўкай, што цягнецца за ёю па зямлі. Каб тады, калі яе хто-небудзь застане ў шкодзе, хітранькай гаспадыні можна было апраўдвацца, што гэта ж яна, падла, сарвалася.
I сваяцтва нібы не сваяцтва. Раненька сын удавы, гарадскі, з малымі, якіх прыехаў наведаць, зняў у дваюраднага брата ў Нёмане з «тэлевізара» ладнага шчупака i ўтрох з хлапчукамі, радыя, аж подбегам спяшаюцца дахаты. I павіталіся са мною, дачнікам на праходцы. А пазней мяне абагнаў на дарозе той дваюрадны на мапедзе. Праверыў злезшы на сваім месцы ў беразе, сказаў: «Парушана!» I вылаяўся, дадаўшы: «Ведаю, хто!..» A ўсё ж i спытаўся: «Вы, можа, бачылі, хто нёс?» Я не сказаў няхай разбіраюцца самі.
Трэба ж аднекуль даведацца! — чытаючы Чэстэртона па-руску, «Вечный человек», у гушчыні высокакультурнага тэксту — раптам кувада!.. Наша палеская, з мужавым пастогваннем на лаве, у дапамогу жойцы-парадзісе. Не сам жа я гэта прыдумаў што палескае, таксама недзе вычытаў. Толькі прыкідваў аднойчы, разбіваў тое слова на дзіцячае «ку-ва! кува!», як быццам клічучы малое з матчынага ўлоння. A ў томе англійскай славутасці — яшчэ i каментар пра «куванне» ўсясветнае. Яшчэ не позна было пазваніць нашмат маладзейшаму сябру, які ў фальклорных справах спeцыяліст, або, як сталі апошнім часам пісаць, адмысловец. I ён зачытаў мне яшчэ адзін каментар, па-нашаму. Што гэта ад французскага «кувад», выседжванне яек, народны абрад пры народзінах, усясветна вядомы, на ўсіх кантынентах.
I сапраўды, па прыказцы «век вучыся», або па Сакрату: «нічога не ведаю...»
Начное бяссоннае бачанне — аднаго за адным. Вялікае, гожае поле свежай раллі. Старонка таннай газеціны. Некралог памерам — запалкавы карабок. Скупымі, халоднымі словамі загматана жыццё аратага, які — я ведаю — любіў сваю святую справу. I з коньмі, i з трактарам. Зноў вялікае, гожае поле... Ужо даўно без яго... Зноў абрыс некралога... Зноў...
...Яна за вечнай прасніцай, а я, малы, над кнігай.
— Позна, сынок. Лажыся. I заўтраж будзе дзень!..
Верасень 2002 — студзень 2003.
ЛЯЦЕЛА ЗЯЗЮЛЯ...
Пад раніцу разышлася мая арытмія, задыхаўся на падушцы, а да таго яшчэ i сон-паўсон такі, ці так маракаванне вяла-цьмянае, што вось ажно ў пяці кніжках адразу хтосьці нябачны па-дурному хваліць мяне, не нахваліцца, i ад гэтага задышка мая — яшчэ большая. Ажно назусім прачнуўся.
Палатны сусед, колішні дырэктар завода, пенсіянер, адслужыўшы ў пачатку 50-х армію ў Бабруйску, прыжыўся ў нас, разанскі дзяцюк, i ў мове, i ў гумары нашым прыязна разбіраецца. Расказвае, як адна яго суседка па сціплай дачы выйшла з лазенкі, а другая пытаецца:« Нешта ж ты, Ягораўна, хутка справілася там?» A ў адказ: «Я ж толькі галаву памыла, — колькі ж тое галавы!..»
I такі яшчэ гумар бальнічны, калі я выплыў на свой беражок.
Нейкая светлая, спакойная лянота. Столькі трэба ляжаць, столькі думаць. Ажно ўспомнілася пачутае яшчэ ад бацькі, гадоў пад восемдзесят таму назад, такі жыдоўскі местачковы жарт.
Стары пытаецца ў сына падлетка:
— Што ты задумаўся, Зысалэ?
— Я думаю, татэ, куды ж гэта падзенуцца вераб'і, калі сінагога згарыць?..