Hi фразеалагічны слоўнік Станіслава Скарупкі, ні «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча» мне тут не памаглі. Можа, само выскачыць з памяці — такая нейкая прыказка.
A з пісаннем некаторымі i фальклору ў савецкі час вольная воля была на палітычных прасторах. Патрыёты ляпалі сяк-так, гэта ўхвалялася навукоўцамі, узаконьвалася, станавілася абавязковым.
Нават i мудры Фёдар Янкоўскі не мог такое прадукцыі абысці. Пашанцавала, праўда, на Сталіна. I ў першым зборніку прыказак, які выйшаў у 1957-м, абышлося без «бацькі», i ў другім, дапоўненым выданні« Беларускіх прыказак, прымавак, фразеалагізмаў», што з'явілася ў 1962-м, першы раздзел называецца «Камуністычная партыя, вялікі Ленін» i стракаціць такімі ды падобнымі перламі: «Голас партыі — голас міру», «Камуністы — усюды актывісты», «Шлях нам Ленін паказаў»... I толькі рыхтуючы трэцяе выданне паважаны складальнік абтросся ад небяспечна-абавязковай палітычнай шалухі. Назва першага раздзела там: «Чалавек, яго духоўны свет, жыццёвы вопыт, месца ў грамадстве».
Кнігі гэтай Янкоўскі, на жаль, не пабачыў, яна выйшла ў1992-м.
А яшчэ праз тры гады — i мастацкая проза вучонага, аднатомнік «Радасць i боль», з якім цяпер мне захацелася пабыць даўжэй...
У 39-40 томе поўнага збору твораў Талстога, у зорным россыпе думак мудрых людзей усяго свету — два французы, асветнікі i маралісты з XVIII стагоддзя. Калісьці, гадоў сорак таму назад, я ix чытаў, пра што нагадалі паметкі алоўкам на кніжных палях. Цяпер, усцешанаму сустрэчай, захацелася выпісаць ix, пераклаўшы, нібыта ўзяць у дарогу, каб i яшчэ каму паказаць.
Вавенарг:
«Каб даведацца, ці думка новая, варта толькі выказаць яе прасцей».
«Нават найвялікшыя пісьменнікі гавораць лішне многа».
Мантэск'е:
«Любіць чытанне значыцца любіць мяняць гадзіны сумоты, якія бываюць у кожнага, на гадзіны вялікай асалоды».
«Звычайна баяцца адступлення ў прамове, а я думаю, што тыя, хто ўмела робіць адступленні, самі падобныя на даўгарукіх, — яны могуць больш ахопліваць».
Можна дадаць, што так бывае не толькі з прамоўцамі, — пішучы, я часамі таксама заношуся. Таму i спадабаўся гэты спрадвечны запіс.
Працавітая, мужная Зіна Мажэйка — бяру з энцыклапедыі: i тэарэтычны этнамузыказнавец, i практычны фалькларыст, i кандыдат мастацтвазнаўства, дадаю з памяці: a ў маладосці яшчэ i альпіністка — учора, па тэлефоне віншуючы мяне з Калядамі, між іншым, весела ажывіла ў дзедавай памяці даўні выпадак.
Незабыўная наша Верачка Палтаран, напісаўшы ці не найлепшы свой палескі нарыс, па добрай сяброўскай завядзёнцы папрасіла мяне пазнаёміцца з рукапісам — як яна, рэч, наогул i як загаловак — «Адамаў корань»? I я тады, аказваецца, сказаў ёй так:
— Ой, Вера, ёсць жа «адамава яблыка», а тут яшчэ i корань — ці не зашмат намёкаў?..
На ўвазе маючы славуты «першародны грэх».
I Вера назву змяніла — на «Дзівасіл». Спачатку пасмяяўшыся са мной, а потым з Зінай.
«Езу мой, Езу, не еўшы не ўлежу!..»
Наша загорскае, заходне-беларускае. Ці два радкі з нейкай песні, ці проста прымаўка — то маладая, весела-святочная, лянота ў цёплай пасцелі, то старэчая, з горкім падтэкстам беднасці, — як падумаць.
Мільганулася ў памяці, калі прачнуўся, як гэта часам, самахоць бывае.
Пажылая цётка ўспамінае пляменніцу, студэнтку, што жыла ў ix, пакуль перайшла ў інтэрнат:
— Клічу, клічу яе з кухні, а яна ca сталовае не адказвае. Спалохалася я, што не дай Бог... Заходжу туды, гляджу, а яна гэта на канапе ляжыць на жываце. Падумалася мне, што нябожчыкі ж на жыватах не ляжаць, давай будзіць. I кніга побач на падлозе. Сярод белага дня! А хлеба ж лягчэйшага хоча!..
Старыя бабы пра моладзь:
— Во як яны хораша паркуюцца!..
Нібы пра галубоў.
У царкве — званы загаманілі на вячэрнюю. I абое яны, кожнае сабе закахана падумалі: «А што каб пайсці ды абвянчацца?» У чым неўзабаве, здаецца, упершышо так па-сапраўднаму пацалаваўшыся, пырскнуўшы смехам, прызналіся.
Мілавідная, бойкая выкладчыца, якой ужо за пяцьдзесят:
— Ой, было б мне гадоў на дваццаць менш — я сабе спонсара знайшла б!..
Адна калісьці расказала мне, велічна ўздыхнуўшы: