I мы смяемся, тры супалатнікі, кожны на свой лад i размах забінтаваныя, сыны i ўнукі сваіх бацькоў i дзядоў. I нам ляжыцца, маўчыцца далей.
Максім Гарэцкі. Той зборнік, які ён склаў сам, як запаветнае, а выдаць не паспеў. «Мастацкай літаратуры» яго прапанавала талковая руплівіца Тэрэза Голуб, назваўшы кнігу «Прысадамі жыцця».
Перачытаў спачатку апавяданні. Удзячна думалася, што куды б яго лёс ні закінуў ён адразу схопліваў усё належным чынам, з глыбінёй і дэталямі. І такі ж малады!.. Пасля захацелася яшчэ i «Ціхую плынь» перачытаць. Не менш густа, чым у Чорнага, i не менш нова пры перачытванні. А мова?! «...Быў вялікім музыкаю, граючы на скрыпцы з лучынак i ca струнамі з нітак. I даўлела яму, быў змысел i была радасць». Жывучасць i даўгавечнасць нашай мовы — біблейская.
Пасля яшчэ не вытрымаў (і час бальнічны, як на тое, i кніжак іншых не было), перачытаў «На імперыялістычнай вайне». З былой i новай цікавасцю. Толькі пісанне артылерыйскім тэлефаністам дзённіка ўбачылася (не памятаю, ці так было ў мяне з гэтым i раней) літаратурным прыёмам, які выклікае сумненне, што таксама роўна, грунтоўна можна было i потым, здалёк, у мірных умовах пісаць, як яно было, a ў баявой куламесе, амаль на хаду занатоўваць намёкамі, як адбываецца... I зноў жа падумалася, што для такога твора назва залішне прасцецкая, растлумачальная для савецкіх рэдактараў ды цэнзараў ледзь не з просьбай пра выбачэнне, што не тым займаюся...
Ад пахавання даўгавечна-прававернага парторга прайшло блізу дваццаць гадоў, а чорны, неабношаны капялюш, адкрыта пастаўлены ў труне, у нагах таварыша, апошні раз апранутага па-святочнаму, стаяў узвышаўся, каб разам з ім, калі закончыцца службова-сямейнае развітанне, прымята накрыцца чырвоным векам i схавацца ў зямлі, застацца ў старых дрэвах гарадскіх «прэстыжных» могілкаў. I ў беспартыйнай памяці таксама.
«Город Вифлеем, где по преданию родился Иисус Христос...» — гаворыць маскоўскі тэледыктар на былой савецкай мове, з навуковым «по преданию».
Прасвітар пяцідзесятнікаў, выступаючы па радыё «Свабода», падмацоўваецца «навукай археалогіяй». Бо навіна — знойдзены ж парэшткі Ісусавага брата Якава, не папоўскія мошчы, а проста косці, што галоўнае ў тым падмацунку.
Словам: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму нявер'ю!»
Нехта з галоўных ідэолагаў з пацешнай прастатою аб'явіў нядаўна, што праваслаўная Царква замяніла цяпер у Беларусі камуністычную партыю. Гаварыў — нібы не памятаючы, што сталася з той партыяй, якая так нядаўна i для яго была пануючай, незаменнай рэлігіяй...
Той, у Наваградку, з газетнай інфармацыі, што згвалтаваў i задушыў малую дзяўчынку, якая гуляла з санкамі на вельмі адпаведным, як яму здалося, месцы. Але міліцыя так хутка выйшла на ягоны след, што застала злачынцу дома, калі ён мыўся, нібы вярнуўшыся з працы.
Зноў бачу тое стараннае ўмыванне...
Яшчэ ў далёкім лістападзе 1971 года, у пісьме да мяне, Калеснік напрарочыў — з Волечкі Іпатавай атрымалася салідная гістарычная пісьменніца. Проза яе — i «Вяшчун Гедзіміна», i «Альгердава дзіда», пасля раней прачытанай i пахваленай «Залатое жрыцы Ашвінаў» — добра чытаюцца. Не для пустой прыемнасці, але i з роздумам.
Гэта — ад сына ў далёкім ваенным паходзе.
A ў мяне яно — з далечы школьнага маленства, адкуль згадалася тое сказала...
Успамінаю ў Ахматавай, можа, i не зусім дакладна: «Из какого сора растут стихи». I хочацца дадаць: «А самі паэты?» Калі падумаць пра сябе. Асабліва ў начной адзіноце.
Ізноў бяда з паўторамі ў запісах. Чытаючы Біблію ў перакладзе Сёмухі, над жывымі старонкамі «Кнігі Рут» здалося даўно запісаным тое, як мы з Караткевічам хацелі падсунуць часопісу «Беларусь» гэтую рэч, пераклаўшы яе, перавёўшы ў сучаснасць, збеларушчыўшы імёны, прыдумаўшы маладога аўтара апавядання, з такім сімпатычным пачаткам: «Гэта было ў ячменнае жніво»... Аднак не вытрымалі свайго сакрэту i сюрпрызу не зрабілі. А задума была мая, хоць i намнога старэйшага.
«Кнігазбораўскі» том Дамэйкі.
Чакаў, спадзяваўся, што ён раскажа, як перапісваў «Пана Тадэвуша» з нялёгкага аўтарскага рукапісу, які я ў 1957-м бачыў ва Уроцлаве, напіша, як ён дапамагаў вялікаму сябру, назіраў перажываў яго натхненне, а ён, замест таго, што ведае, бачыў чуў адзін ва ўсім свеце, тлуміць мяне, чытача, эмігранцкай палітыкай, архітэктурнымі дзівосамі Парыжа, мітуснёй ды марнасцю свецкіх прыёмаў!..
Чылійскія гады i дзейнасць, пра што чытаў у Вуйціка, перачытваць не захацелася. Прачытаў часткова чытанае раней, зямляцкае, — з ціхай Вушай, ракою i маіх маленства i юнацтва, з родным або знаёмым наваколлем. Радаваўся стары бывалец, што над стрэхамі вясковых хатаў ужо ёсць каміны, а вось слоў «Беларусь», «беларускае» — аніразу не сказана.
«З адной старэнькай пагаварыў даўжэй, яна мне пакланілася i сказала: «Я пана маленькага помню», а што пасля гаварыла, добра не зразумеў i яна мяне не лепш, бо праз узрушанасць загаварыў з ёю па-іспанску».
«Ён выбраў месцам свайго вечнага спачынку невялікі хваёвы лясок на ўзгорку каля любімай вёскі Норцавічы, населенай католікамі, працавітымі людзьмі, што размаўляюць па-літвінску».
A якія былі песні на свяце дажынкаў якія Чачот «збіраў народныя песні» — няма нічога... Успамінаўся, вядома ж, другі яго сябар, выказванне таго пра мову землякоў з высокай еўрапейскай трыбуны...
Буйным цветам мяне сустрэла каля зялёнай брамкі алыча. На чарэшнях i вішнях цвет толькі намеціўся. Ноччу быў доўгачаканы дождж. I сліва да рання багата расцвіла, хоць не на сонцы, a ў мокрым цяпле. Учора адразу, толькі выбраўшыся з машыны, пачуў зязюлю, а сёння, выйшаўшы на ганак, прывітаў салаўя. Нават i божая кароўка ўчора, сонечным адвячоркам, шнуравала трухцікам па прыступцы ганку, на якім мы ўтраіх сядзелі. «Усё ажыло» — сказала жонка па праву гаспадыні, якая тут напрацавалася за тыдзень. Не адна, з дачкою.
Пазаўчора ў Мінску, а сёння ўжо тут, на дачы, чытаў «Аўтабіяграфічную прозу» Цвятаевай. Успомнілася, як недзе калісьці чытаў што Марына Іванаўна ў эміграцыі, у Празе i пасля, сябравала i перапісвалася з Валянцінам Фёдаравічам Булгакавым. Я ж таксама... добра знаёмы, а можа i ў дружбе быў з ім, i перапісваўся, i двойчы сустракаўся ў Яснай Паляне, з-за чаго i з ёю, Цвятаевай, адчулася нейкая блізкасць душэўная, цяпло прыхільнасці.
Сямейнае, святочнае:
Без двух няпоўных месяцаў мне восемдзесят шэсць, яму было ўчора сорак сем. Калі віншаваў яго раненька па тэлефоне, пакуль не выйдзе на працу, само неяк сказалася: сынок.
Лясное, не ў гушчары:
Наторкалі навокал соснаў ды бярозаў за кампанію таксама гонкіх, адна ў адну... Некалькі дзён так бачылася.
Надрэчны, прылясны закутак, прыгожы восеньскі адвячорак. Я любаваўся гэтым пазалетась. А цяпер у сонечна-зялёным чэрвені, таксама адвячоркам, мой у свой час апісаны пейзаж пакрыўся рухомым, чорна-пярэстым статкам каровячага маладняку. Гладкія, вясёлыя цялухі на супрацьлеглым беразе ракі, адхонным, як у бродзе, спусціліся напіцца, тоўпячыся мірна i задаволена смокчучы жывую, чыстую ваду. Адны, удосталь напіўшыся, a ўсё ж нібы й нехаця адыходзіліся зноў на траву другія замянялі ix, i так памалу, няспешна ўсе напіліся i пачалі спакваля разбрыдаццана пашы.
I тут, можна сказаць, прыйшло i незвычайнае, лепш — нечаканае для мяне, назіральніка з вышэйшага берагу пад маладымі дубамі. Каля статка, што варушыўся, на радчэйшым ускрайку яго, пачалі прызямляцца буслы — адзін, потым другі i трэці...