Успамінаю «апэль палёглых» — пераклічку тых, што загінулі ў змаганні з фашызмам. Зноў старадаўняя краса палаца i дамоў Доўгага Рынка, узнятых з руін да апошняй драбніцы дакладна. Жалезны, элегантны строй ганаровай варты. Белыя галубіныя крылы на фоне вячэрняй зары,— галубоў растрывожылі залпы салюта. А перад гэтым над плошчай урачыста, хутчэй — сардэчна гучалі словы пасівелага паэта, што прамаўляў i да прысутных, i да ўсіх, хто думае пра лес людзей, пра чалавечы сэнс жыцця.
«Людзі добрай волі! Не паддавайцеся падману, не дазваляйце заражаць вас прапагандай нянавісці, рэваншызму, захопніцтва! Сябры-пісьменнікі! Пільна распазнавайце атруту нацыяналізма, які прасочваецца ў людскія душы, дзякуючы намаганням ворагаў чалавечнасці!..»
Выступаў тады Юліян Пшыбась. I я ўжо словы яго памятаю не толькі з таго выступлення, але i з кнігі пра той з'езд, прысланай мне сёлета вясной.
Па гэтай кнізе я правяраў сваю памяць, чытаючы яшчэ адно выступление, якое год таму назад уразіла мяне сваёю, зрэшты, вельмі простай незвычайнасцю. Слова нямецкай пісьменніцы Ганны Гайдэ Крацэ, якая, апраўдваючыся перад калегамі з краін сацыялістычнай садружнасці, чаму яна толькі пад канец антываеннай дыскусіі далучылася да яе, сказала:
«Я зразумела, нібы ўпершыню так глыбока, што мушу выступаць тут на мове, якая для ўсяго свету была калісьці мовай жаху, мовай, якую ненавідзелі, бо ёю тады злоўжывалі гітлераўскія нелюдзі. Нам, пісьменнікам ГДР, нялёгка было вярнуць нашаму роднаму слову яго гуманістычны змест. Нам удалося гэта,— мы можам меркаваць так па тым, што вы вось палічылі нас вартымі запрашэння на гэтую дыскусію, вартымі ўдзелу ў ёй».
...Залатая беларуская вооень.
Мы ўжо любуемся ёю праз вокны «Волгі». Госці мае любуюцца, бо гэта новае для ix, а я — бо роднае, на што не наглядзішся.
I яшчэ адно адчуванне ў мяне: радасць гаспадара, якому ёсць што паказаць. Вось яна вам, Беларусь! Колькі яе ні тапталі — жыве i квітнее!
Сярод далёкіх i блізкіх замежных гасцей, якіх мне па службе i дружбе даводзіцца суправаджаць у паездках па нашай рэспубліцы, найбольш пакуль што бывае палякаў. I дзе б я з імі ні бываў, амаль усюды i амаль у любым настроі, у ранняй свежасці i ў вячэрняй стоме, у душы маёй не змаўкае ціхая, патаемная радасць гаспадара пры жаданых гасцях.
Самому госцем быць — таксама добра.
За сем паездак у Народную Польшчу я любаваўся ёю каля сотні дзён i начэй. Хадзіў па вуліцах многіх гарадоў, большых i меншых, зрэдку не кранутых вайной, часцей адбудаваных з руінаў, i новых, ва ўсёй раскошы сучаснага будаўніцтва. Снаваў у шумным натоўпе днём i ў любай адзіноце ноччу або раненька. Слухаў гоман карпацкіх рэк i пошум соснаў над лебядзінымі мазурскімі азёрамі. Сядзеў, часамі ў знаёмай з дому сумоце, у прэзідыумах высокіх сходаў. У родным доміку Шапэна ўсхвалявана слухаў яго сардэчную, мудрую музыку. Любаваўся размахам новабудоўляў над песеннай Віслай, над морам, у дымнай Сілезіі. Любаваўся i экзатычнай красою касцельнай i вясковай даўніны ў сонечным Ловічы, на славутым хрэсным ходзе, а потым на сялянскім кірмашы. Вываў на пышных банкетах у былых магнацкіх палацах. Піў сяброўскую чарку ў вясковай карчме. Спяваў i спрачаўся на сямейным застоллі. Зачаравана снаваў па залах музеяў, фотавыставак i праз акно машыны любаваўся васількамі i макамі ў густой i ціхай прыдарожнай збажыне...
Жыццё i сапраўды бяжыць. Чым далей жывеш, тым выразней адчуваеш, як хутка з'явы сённяшняга дня становяцца мінулым.
Што там казаць пра хатыньскі пачатак верасня, тым больш — пра леташні Гданьскі з'езд, калі ўжо i мой сёлетні кастрычнік, мая другая ў адным годзе залатая восень, польская, здаецца, толькі ўчарашняя, цяпер, калі пішу гэта, у снежні,— ужо таксама рэха перажытага.
Яно заўсёды са мною — водгулле фарбаў i гукаў, думак, пачуццяў i слоў.
Была яшчэ раз Варшава, у якой мне цяпер, як ніколі, пашанцавала на адзіноту. I ў ясны, ледзь не па-летняму цёплы поўдзень, калі я адзін хадзіў па завулачках, адкосах i плошчах Старога Мяста, на кожным кроку сутыкаючыся з гісторыяй, вядомай мне i новай. I на ўсходзе сонца над Віслай, у Чарнякоўскім парку, дзе велічная красуня рака, найпрыгажэйшае з усіх каханняў Бранеўскага, плыве i ў горадзе неяк па-палявому прывольна, у яснай ранішняй самотнасці. I ў дождж, заўчасна па-восеньску нудны i золкі, калі Варшава таксама прыгожая, калі яе, кажучы словамі песні, таксама можна любіць.
Была i Лодзь. I няхай мне даруюць лодзінцы-патрыёты, што я i цяпер, пасля няпершага наведання гэтага горада катаржных фабрык i чырвоных барыкад у мінулым, другога пасля сталіцы прамысловага цэнтра Польскай Народнай Рэспублікі, буйнога цэнтра навукі i культуры,— што я i цяпер не запомніў яе адметнага ды выразнага вобліка. Апошнім часам мне давялося многа чытаць паэзіі i прозы тых польскіх таварышаў, што не толькі жывуць у Лодзі, але i любяць яе, аднак, горад свой яны любяць, здаецца, больш не з-за знешнасці яго, а таму, што ён родны, што ў ім i людзі, i справы, i сённяшні дзень, i мінулае вартыя самай глыбокай пашаны.
З групаю лодзінскіх сяброў, на дзвюх машинах мы зрабілі незабыўны выпад на Кялеччыну, да Свентакшыскіх гор.
Залатая восень... Перад гэтай паездкай у Польшчу бываў я разоў колькі ў грыбах. На ўсход ад Мінска, на поўдзень, на захад — усюды сёлета баравікоў было няшмат, больш проста свежасці, паэзіі, ад якое i ў стоме не хутка заснеш. Колькі паклонаў — кожнай лісічцы, пакуль не напоўніцца кошык, колькі разоў пасля перакруціцца перад вачыма памяці каляровая плёнка чароўных мікрасветаў! Верас ці мох, a ў ім баравічок, а то, бог — бацька, i два. Распарасонены папаратнік, першае золата лісцянога насцілу i — падасінавік, а то i цэлая чародка. Так бывала не толькі сёлета. А вось лася ў грыбах бачыў я ўпершыню. Ён бег па полі, побач з той прылясной дарогай, па якой мы ехалі,— перабягаў з ляска ў лясок, спакойна, з годнасцю, з узнятаю каронай гордай галавы. Мы ў сваім «газіку» галёкалі ад радасці ўслед яму, а потым побач з ім, i не хочучы палохаць, i не могучы ўстрымацца. Увечары, дома, мне хацелася, як малому, гаварыць пра яго яшчэ i яшчэ, a ўранні, пасля маладога, амаль дзесяцігадзіннага сну,— адразу ўспомніўся ён. Як нейкая светлая, яркая радасць — новы, хоць i спрадвечны, сімвал нашых лясоў, акраса нашай залатой, грыбной ды яблычнай восені. З песні, з казкі, з расказаў старэнькай маці — жывы, рэальны, буры, з магутным перадам i паэтычнымі рагамі.
Польская залатая восень на Кялеччыне не здзівіла мяне, не здалася мне лепшай за нашу. Яна была проста польская. У прыгажосці, якую я ў тых мясцінах бачыў упершыню, сярод палёў, яшчэ з палосамі, дзе відаць былі людзі, коні, вазы, белы россып гусей i дымок бульбянога вогнішча, каля хат i ракітаў над грэблямі, добра, прыемна было размяшчаць у думках простых i вельмі няпростых герояў польскіх «вясковых» раманаў, аповесцей i навел, добра было здагадвацца, якія яны, тыя героі, сёння. Не яны, вядома, а ix нашчадкі з трохі вядомай i мне рэчаіснасці.
Прафесійная звычка ці можа комплекс такі? Ці гэта зразумела i законна — кожнаму глядзець на свет па-свойму? Скажам, які ні быў бы сход,— ці фізікаў, ці лірыкаў,— калі туды запросяць моднага або моцнага старшыню калгаса, ён заўсёды, абы ўзышоў на трыбуну, адразу пачне з дасягненняў i планаў свае гаспадаркі. Пацешна бывае часамі, аднак i думаеш: «Правільна, дружа, давай! Абы толькі мяса ды хлеб не былі папяровыя!..» Чаму ж тады нам, літаратарам, апраўдвацца, што нашы вочы бачаць па-свойму? Абы толькі добра глядзелі!
У нас была перад гэтым работа: мы абмяркоўвалі планы ўзаемных выданняў i публікацый. Раіліся i ў выдавецтве, i ў рэдакцыі «Адглосаў», i ў гарадскім камітэце ПАРП.
У нас было потым свята сустрэчы з зямлёй трох любімых пісьменнікаў. Веска, дзе нарадзіўся Жаромскі, касцёл, дзе яго ахрысцілі, гімназія, дзе ён вучыўся, пра якую напісаў аповесць «Сізіфава праца». Былы маёнтак, падараваны польскай грамадскасцю Сянкевічу, ужо старому ды славутаму, адноўлены палацык, у якім музей. Мемарыяльная дошка Дыгасіньскаму на сцяне той гімназіі, дзе ён вучыўся раней за Жаромскага, дзе цяпер некалькі класаў сталі музеем.
Мы святкавалі. Аднак i там, у дарагіх мясцінах i ў дарозе, раз-поразу вярталіся да спраў, абавязкаў i планаў. Як селянін, гаспадар, што i ў свята думае пра снапы ды барозны. Але гаварылі мы ўжо не так будзённа, як за сталамі дзелавых сустрэч. Быстры, сардэчны. Веслаў Яжджыньскі i спакойна, хітравата вясёлы Тадэвуш Папер абодва вучыліся ў гімназіі імя Жаромскага, «трохі пазней за яго», пра што расказвалі са зразумелай, крыху не па гадах маладою гордасцю i весела. Пяць літаратараў, людзей ужо, як гаворыцца, шаноўнага ўзросту, стаялі мы перад мемарыяльнай дошкай Дыгасіньскаму i, на мой пачын, ніяк не маглі ўспомніць,— i весела было, i сумнавата,— як жа ўсё-такі называўся той сабака, што гаўкаў нам з вокладкі яго, Дыгасіньскага, кнігі пра дружбу з жывымі істотамі, адной з любімых кніг нашага маленства. Не ўспомнілі, але радасць таго далёкага чытання яшчэ больш зблізіла нас. Скідаючыся па думцы, па кавалачку сэрца, гаварылі мы пра раскошную веліч Сянкевіча, пра глыбіню, чалавечнасць Жаромскага. I ў кожнага з нас, апроч агульных адносін, агульнай любові i пашаны да нашых вялікіх папярэднікаў, былі яшчэ i асабістыя адносіны да ix, пра што мы i гаварылі, i маўчалі — кожны па-свойму. Маўчалі — значна больш.
Мяркую па сабе.
Цяжка сказаць, дзе выпадковасць, а дзе заканамернасць у тым, што іменна сёлета, за некалькі тыдняў да паездкі ў Польшчу, я чытаў Гогаля... па-польску, a Сянкевіча — у рускім перакладзе. У першым выпадку пачалося з таго, што мяне чамусьці пацягнула да апісання саду Плюшкіна, а потым, ад арыгінала, захацелася перайсці да перакладу, зробленага Бранеўскім. Можа, часткова i таму, што на адной толькі, на жаль, гэтай кнізе, на «Мёртвых душах» па-польску, ёсць у мяне Уладзіславаў сяброўскі аўтограф. Я зачытаўся да поўначы, i гэты вечар не здаўся мне змарнаваным. Успомнілася, чытаючы, i тое, што i Дастаеўскага я пачаў калісьці па-польску,— з «Іграка», у перакладзе таксама Бранеўскага,— што i некаторыя рэчы Талстога («Хаджы Мурат», «За што?», «Малітва») прачытаны былі раней па-польску. Сянкевіча ў рускім перакладзе, яго апавяданні, я перачытваў не толькі таму, што ў бібліятэцы калгаснага дома адпачынку, дзе мы сумавалі ў абложна дажджлівыя дні, лепшых кніг не было. Мне захацелася праверыць, як яны, яго «Бартак-пераможца», «Вартаўнік маяка», «Па хлеб» i іншыя апавяданні, як яны гучаць на дарослае ўспрыманне, ці варта было захапляцца імі, уваходзячы ў жыццё. Варта было! I яшчэ за адно стала радасна — за ix агульналюдскае гучанне. Гогаль, Талстой, Дастаеўскі — па-польску, Сянкевіч — па-руску... Ці выпадковасць гэта, ці заканамернасць, такія інтымныя факты мае біяграфіі,— справа не ў гэтым. Справа іменна ў тым, што ў такім моўным перапляценні мне вельмі добра, хоць i па-свойму, асабіста, бачыцца наша агульнае, тое, што лучыць нас, што нам гаворыць пра наш ідэал, пра адзіна разумны сэнс існавання.
Што да Жаромскага, дык я яму ўдзячны не толькі за тое, што «Сізіфава праца» была калісьці, у школьныя гады, адной з маіх любімых кніг. На цэлую чвэртку стагоддзя пазней, перачытаўшы гэтую рэч, я жыва зацікавіўся адным маім юнацкім рукапісам i дапісаў, перапісаў яго, «Сірочы хлеб», з думкай пра тое самае, што i ў Жаромскага, але пайшоўшы, як мне здалося, далей. У яго быў гнеў, пратэст супраць нацыянальнага прыгнёту, a ў мяне было i вышэйшае: дружба паміж сумленнымі палякамі i намі, хто быў прыгнечаны, але вучыўся i ўмеў распазнаваць, дзе прыгнятальнік, а дзе друг — у адным i тым самым народзе. Тут ужо многа зрабіў i час, у якім мы жывём, які нам падказвае такія думкі. I сёння, калі мы дзейсна думаем пра неабходнасць дружбы паміж нашымі народамі, як жа зношана, анахранічна, пачварна выглядае ён, той вялікадзяржаўны, узброены грубай магутнасцю шавінізм, які мог лічыць разумнай, нібыта патрэбнай рускаму народу, мерай — вынішчэнне ўсяго польскага, асіміляцыю народа з вялікай гісторыяй, навукай, культурай, цудоўнымі рэвалюцыйнымі традыцыямі сусветнага гучання. Гэта мне, як ніколі раней, прадметна ясна стала ў Келецкім музеі школьных гадоў Стэфана Жаромскага, дзе я пад шклом вітрыны ўбачыў «Элементарь» i «Польскую хрестоматию» — рускія, замест польскіх, падручнікі для... польскіх дзяцей, у самым сэрцы польскай краіны. Не дзіва, што ўсе намаганні лепшых сыноў польскага народа былі ў той час скіраваны на адно — на барацьбу з царызмам за незалежнасць. I дзіва, пашана да гэтых лепшых людзей, якія маглі над горам, над трагедыяй свайго народа ўздымацца да агульналюдскага, працаваць для нашай агульнай будучыні. У гэтым сэнсе, вышэйшым, я думаў іменна пра Жаромскага, аўтара «Попелу» i «Прадвесня», які пайшоў далей i глыбей за Сянкевіча.
Ад гэтых думак зямля Жаромскага, Кялеччына, асенняй красой якое мы любаваліся, была яшчэ прыгажэйшая. Мы не толькі маўчалі пра гэта,— i гаварылі таксама. Няхай нібы ўскосна, намёкамі, аднак... Словам, мы адчувалі, што дружым, што ёсць нам у імя чаго дружыць, што дружбе гэтай не трэба гучных слоў, казённых дэкларацый.
Бо ў нас было яшчэ адно, што праясняла, паглыбляла наша свята. Мы гаварылі пра партызан, келецкіх i беларускіх, да слаўных спраў якіх мы мелі пэўнае дачыненне. Яжджыньскі i Папер паказвалі мясціны, звязаныя з перамогамі i пакутамі. А каля помніка партызанам, ужо на подступах да Свентакшыскіх гор, пакрытых вечнай зелянінай хвойніку i восеньскай стракатасцю золата i чырвані, мы пастаялі ў немнагаслоўнай задуме. Тры партызаны, лічачы i мяне: удзельнік варшаўскага паўстання, потым вязень канцлагера Мацей Канановіч; намеснік Веслава Яжджыньскага па выдавецтве — Тадэвуш Яскула, ардэнаносны, не раз паранены салдат дывізіі імя Касцюшкі; Ева Астроўская, жонка Веслава, пісьменніца i адзін з нашых спрытных, нястомных шафёраў; сціплая, мілая Гражына, сацыёлаг i любімая Мацеева дачка.
Веслаў меўся яшчэ раз дастаць сваю пукатую бутлю шатландскага віскі, якую мы пачалі ў росным ранішнім лесе, на мяжы цудоўнай Кялецкай зямлі, аднак у глыбінным Мацеевым партфелі, дзе жывуць звычайна рукапісы i кнігі, цудам знайшлася яго летняя знаёмая па Беларусі — наша «белавежская». Гэта таксама здалося нам маленькім, але значным сімвалам.
Дзякую, сонечны польскі дзень, што ты мне шчодра дазволіў глядзець з-пад гэтага помніка на поўнач, на размах неабсяжнай даліны, пяшчотна прыкрытай смугою, засеенай словам Жаромскага, народнай песняй непераможнасці!..