Гаспра.
Шатландскі замачак графіні Панінай ператвораны рэвалюцыяй у санаторый для матак з маленькімі дзецьмі.
У вялікім пакоі гульняў — партрэты i фотаздымкі Талстога. Эліпсаваты столік, на якім ён калісьці пісаў, ужо трохі прыпсаваны немузейным доглядам; на ім ляжаць надзіманыя рыбы i лялькi. Вясёлая i ветлая дзяўчына, выхавацелька, пусціла нас у гэты пакой, балазе малыя ўжо кончылі гульні i разыходзіліся па палатах, дамам.
Прыкра i крыўдна, што ні ў тыя пакоі, дзе працаваў, хварэў і, хварэючы, працаваў Леў Мікалаевіч, ні на веранду, дзе ён гутарыў з Чэхавым, з Горкім,— не пройдзеш. Ніхто не пусціць, бо гэта ўсё санаторый, i ніхто не ведае толкам, дзе тут ды што тут калісьці было. Так нам прынамсі сказалл, ужо не першым i не апошнім з тых, каго да гэтых вежаў над морам вядзе не пустая цікавасць.
Таксама, зрэшты, было i ў Гурзуфе, дзе мы дарма намагаліся прайсці ў дом Раеўскага, асвечаны імем Пушкіна. Таксама хтосьці адпачывае.
Дзіўна, што ні для Пушкіна, ні для Талстога мы тут не можам зрабіць што належыцца...
Астаецца галоўнае — ix слова, слова наогул, якое не толькі было спачатку, але ж будзе i да канца. Яно тут, са мною — зноў свежае, зноў нібы новае, цяпер — па-крымску.
Крым я павінен паглядзець не так — хоць бы з-за Пушкіна (Бахчысарай) i Талстога (Севастопаль)...
Пішу гэта, а здалёк, мармытнула думачка: ат, усяго ўсё роўна не пабачыш... Можна сказаць, што правільная, аднак не мая. Хочацца бачыць найбольш. Хочацца верыць, i веру, што бачыць i чуць хачу я не так сабе, не толькі для сябе, а дзеля патрэбы, з адчуваннем якое, як з адчуваннем абавязку, хораша жыць.
Ішоў учора па мокрай прыморскай вуліцы пад імжой i на тралейбусным прыпынку, зазірнуўшы ў твар задуманай дзяўчынцы-падлетку, адчуў яе — здалося — роздум, адзіноту, яшчэ раз па-новаму часовасць i нялёгкасць нашага жыцця, з чым яна, відаць, ужо сутыкнулася, пра што яна, магчыма, думае...
Стала шкада яе, шкада i таго, што яна ніколі не даведаецца, што падумаў пра яе, што адчуў здаравенны ды стараваты дзядзька-прахожы, з выгляду — як мне i дзеці дома кажуць часамі — чагосьці злосны.
«Хто мне паверыць, калі запішу? — падумаў я, ідучы.— Дый сентыментальна будзе...» А сёння вось тая дзяўчынка зноў стаіць перад вачыма са сваёй задумай. I запісваю.
...Маладая кабыла, хоць i накрытая дзяругай, капрызна танцуе ў аглоблях — ад аваднёў. Колы самі, знарок шукаюць у каляінах глыбейшыя ямкі. Вялізны, шырачэзны воз шорсткага i гарачага мурагу калываецца вельмі пагрозліва. Трэба яго трымаць за граблі, убітыя ў тугое сена па самы валок. Правай рукой трымаеш воз, левай — лейцы, кіруючы гэты свой карабель па лукатках лугавое дарогі. А табе пятнаццаты год, ты ўжо, вядома, i зусім дарослы, i смелы, i вельмі стомлены, i хвалюешся, i баішся. Бо ты яшчэ ўсё... дзіця. Пра што гаворыць, праўда, толькі мама. Воз нарэшце трапляе ў тую самую патайную i найглыбейшую ямку, якой ты найбольш баяўся, i валіцца на цябе ўсёй сваёй аграмадзінай!.. Яшчэ адзін!.. Яшчэ!.. Той самы воз, але не раз, а некалькі разоў. Ты мужна падпіраеш яго плячом i галавой. Але дарма!.. I ты нарэшце прачынаешся ад свайго крыку: «Тпрру!..»
Ты — пад яблыняй, што клапатліва расставіла над табою шырокае, густое голле з буйным лісцем i церпка-няспелымі яблыкамі ў лісці. Табе гэта нават i смешна, што ты прачнуўся, ты рады, што ніхто не чуў, i ты зноў тулішся шчакой да падушкі, у свежым месцы — халаднаватай. «Пятрова ночка маленькая...» Высокі жаночы голас, прыемны i да адчаю стомлены, чуецца ў тваёй памяці ціхай i салодкай калыханкай. А воз усё калываецца, кабыла ўсё гізуе, ямка ў каляіне вось-воеь будзе, воз твой, хочаш не хочаш, абернецца, накрые цябе духмяным, шорсткім i няўмольным цяжарам. Адзін, другі... Таксама, як было з вечара, калі ты толькі лёг. Ты неўзабаве зноў заснеш, i хутчэй за ўсё будзеш сніць тое самае...
Я ўсміхаюся, за добрую тысячу кіламетраў ад дому, праз восем год пасля таго, як гэта было... не з возам сена, а з грыбамі. Усміхаюся, пачуўшы голас хлопчыка, што ўпершыню ў жыцці быў ca мною ў грыбах i не можа заснуць:
— Тата, яны ўсё стаяць ды стаяць. I ў траўцы пахаваліся, i так. Вялікія. Маленькія...
Дзівак малы! Таксама i ў мяне яны перад вачыма — i стаяць, i плывуць цудоўнымі кінакадрамі, яшчэ нікім не знятымі, жывымі. Плывуць не ўпершыню, ужо даўно не ўпершыню, амаладжаючы душу гэтым дзіцячым хваляваннем.
Так бывала.
I сёння я вось не магу заснуць.
Дагэтуль горы, што асланяюць горад з усходу, поўначы i захаду, былі жывой, спрадвечнай, велічнай дэкарацыяй, прыгожай ледзь не абстрактна, умоўна, здалёк.
А сёння мы дабраліся да адной з ix вяршыняў.
I я вось не магу заснуць. Ад горных сцежак.
Асабліва адна — i ў ясны дзень адгэтуль, з балкона, нябачная на выразным, голым абрыве вяршыні — асабліва яна дала нам страху ды хвалявання.
Скальны абрыў нахілены крута, увагнуты ўсярэдзіну. Шырыня сцежкі — на аднаго хадака. Налева — бездань, направа — высока над намі скала...
Я стомлены, як i ўсе мы, жанчына i двое мужчын, можа нават i больш за ix, маладзейшых. Да таго ж, яшчэ мне чортведама навошта ўспомніўся даўно бачаны кінафільм, ужо не толькі без назвы, але i без дзеяння. У памяці захавалася толькі такая во сцежка i многа неграў, што гужам ідуць па ёй над безданню, з вялікімі цюкамі на галовах. I захавалася гэта ў памяці нібы толькі дзеля таго, каб паказаць мне яшчэ раз, як негр ляціць у бяздонне разам са сваім грузам, нібы толькі таму захавалася, каб даць мне адчуць, як у душы маёй паўтараецца яго апошні, жудасны крык. Астатнія негры ідуць як ішлі...
I мы ідзём. У напружаным, асцярожным маўчанні, тройчы... якое там! — ужо дваццаты раз узмакрэлыя халодным ад нізкага туману потам. Улева, у бездань, я не гляджу. Іду з правым нахілам, да скалы, проста цягне ісці толькі так, каб «у выпадку чаго» — пуц на правае калена, i прытуліўся да сцяны. Мы нават i гаварылі так, дзяліліся такою асцярогай. А потым, зноў апынуўшыся ў лесе, смяяліся з саміх сябе, такіх, з дазволу сказаць, альпіністаў.
I вось я не магу заснуць — усё іду па сцяжыне, іду, i хочацца нават крыкнуць ад страху i трошкі — ад захаплення...
Быў ён, страх вышыні, зусім незнаемы мне ў самалёце. Было захапленне, калі хацелася нават, гледзячы зверху ўдалячынь — на схілы, пакрытыя лесам, белыя вужакі дарог i сцяжын, далей — дамы i вуліцы горада, яшчэ далей — шэры, уздыблены марскі прастор,— хацелася, нібы ў дзіцячым сне, узмахнуць рукамі-крыламі i паляцець!..
А больш за ўсё было стомленай i нястомнай радасці ад знаёмства з яшчэ адной красой. Гэта — горныя сосны. Магутныя шурпатыя ствалы. Няспынны, велічны, невытлумачальна прыгожы пошум ix верхавін. Часта ён спалучаўся з ледзь улоўным спачатку, а потым усё больш ды больш выразным шумам вады. Часамі гэты бойкі, энергічны шум уваходзіў у мяккі i на ўсё неба шырокі пошум ігліцы, нібыта распорваючы яго сваім імклівым, рэзкім гоманам. Пасля, калі мы спыніліся на скалах вадаспаду Яўзлар, а яшчэ праз гадзіну хады, над яшчэ больш адчайным спадам са скал паэтычнага Учан-Су, у шуме вады прападаў шум сасновы. Мы адыходзілі ў сваю даль па новай, крутой i пакручастай сцяжыне, шум вады спакваля аціхаў, расплываўся, i сосны ціха спявалі сваё — зноў на ўсё неба над намі, на ўсю зачараваную душу...
Там, на тых кручах ды схілах, нараджаецца свежасць, адтуль яна аплывае ў даліны, да мора, насустрач яго таксама невычэрпна шчодрай свежасці. Свежасць марское вады i свежасць сасновай жывіцы...