Ён умеў быць адзін.
Ён любіў быць з людзьмі.
Жыва помняцца нашы сяброўскія гутаркі ў дарозе i на прывалах, за рэстаранным сталом i каля ляснога вогнішча; з Максімам Танкам i Піменам Панчанкам мы часта ўспамінаем тое наша падарожжа.
Мы ўспаміналі яго з Пшыбасем удвух, хоць нашых сустрэч было пасля вельмі няшмат, толькi тры.
У чэрвені шэсцьдзесят восьмага года, перад ад'ездам з Варшавы ў Катавіцы, я пазваніў яму з Саюза польскіх літаратараў дахаты, толькі каб прывітацца. А ён прыехаў, мы пагутарылі, што называецца, толькі перакусілі перад наступнай, ужо сапраўднай сустрэчай, калі я вярнуся са службовай паездкі. I не змаглі сустрэцца. Наступным разам сустрэліся ў Шарамецьеўскім аэрапорце. З жонкай i малою дачкой,— той самай Утай, разам з якою (яе малюнкі, яго вершы) напісана Пшыбасева, здаецца, апошняя прыжыццёвая кніга,— ён вяртаўся з адпачынку з Ялты, а я з жонкай ехаў у Гданьск, на з'езд пісьменнікаў, прысвечаны трыццацігоддзю пачатку другой сусветнай вайны. Разам ляцелі, разам потым жылі ў каютах легендарнага цеплахода «Баторы», ветэрана вайны, што супачыў каля прычала Гдыньскага порта.
Светлы i мілы — асабліва цяпер, ва ўспаміне — быў ён, Юліян, на нашым развітальным снеданні, утрох за столікам, з лагодным морам за акном.
I — як кантраст, змрочны кантраст да тае светласці — наша апошняя сустрэча.
Другі міжнародны з'езд перакладчыкаў польскай мастацкай літаратуры пачаўся, па традыцыі, з «кактэйля знаёмстваў». Я ведаў, што Пшыбась моцна хварэў улетку, i таму, калі знайшоў яго ў нашым шумлівым ды мітуслівым інтэрнацыянальным натоўпе, благі i сумны выгляд Юліяна не спалохаў мяне нечаканасцю, хоць i засмуціў. Ды смутак гэты, загадзя прадбачаны, я, здаецца, не паказаў, а ён, здаецца, яго не заўважыў...
На дзвюх нашых папярэдніх сустрэчах у. Польшчы я адчуваў ix, так сказаць, уступнасць, спалучаную з надзеяй, што вось мы пасля, неўзабаве сустрэнемся ды пабудзем разам даўжэй, пагаворым ды памаўчым. На трэцяй сустрэчы, сёлетняй, я быў зусім,— як заўсёды або часцей за ўсё бывав,— далёкі ад думкі, што гэта — сустрэча апошняя...
Пісалі ўжо i я пішу, бо гэта ў літаральным сэнсе дакладна,— Пшыбась памёр на сваім паэтычным пасту. Быў вечар польскай паэзіі на мовах народаў свету. Чыталі перакладчыкі. Прагучала нямецкая мова, чэшская, руская, прагучала японская... Юліян вёў гэты вечар. З прыгожым тактам, з натуральнай шчырасцю. Сказаў некалькі слоў маладому японцу, слоў, якія таму, безумоўна, запомняцца. Папрасіў нас, хто ў зале, паслухаць, як прагучыць польскае паэтычнае слова на мове французскай... I ўпаў за сталом.
Яго — малога, бледнага — вынеслі на руках, панеслі з залы пасяджэнняў на вышэйшы паверх. Наш устрывожаны інтэрнацыянал прыцішана зашумеў i змоўк. Пасля пачуўся сігнал машыны хуткай дапамогі. Яго павезлі. Мы разышліся.
Амаль да поўначы была няўпэўненасць, тэлефонны перазвон, а потым — паведамленне па радыё і, уранні, партрэт у чорнай рамцы — трохі разгубленая, трохі нібы сарамлівая ўсмешка...
Паэзія Пшыбася, як справядліва гаворыць адзін з найлепшых гісторыкаў польскай літаратуры Ю. Кржыжаноўскі, «прычыняе многа цяжкасцей» яе чытачу,— яна перанасычана, загушчана, западтэкшчана. Сам ён быў значна прасцейшы за яе. Я больш люблю паэзію Бранеўскага.
Аднак...
Дзён праз некалькі, дома, чытаючы пра пахаванне Юліяна ў яго роднай вёсцы на Падкарпацці, мне сумна захацелася ў ёй пабываць, пахадзіць па тым полі, якое ён араў у маладосці i ў дні гітлераўскай акупацыі, там, на родным грунце, пераносячы найвялікшае гора, словам i справай прымаючы ўдзел ва ўсенародным супраціўленні захопнікам.
Днямі глядзеў яго кнігі, перачытваў пісьмы i аўтографы. За тры гады ix сабралася няшмат. Прыгадаю адзін, на тытульным лісце акадэмічнага выдання «Пана Тадэвуша»: «Дарагому... з гарачымі пачуццямі дружбы шлю гэта найнавейшае выданне са шчодрым прафеоарскім каментарыем, які свірэпы — аднак! — не выясніў!..»
Дата — снежань шэсцьдзесят сёмага года. Напісанае — згадка пра наш дарожны смех з той архаічнай, але i жывучай стараннасці, з якою некаторыя польекія даследчыкі творчасці Мідкевіча абыходзяць ды прыкрываюць беларусізмы ў яго мове. У заўвазе да слова świerzop — свірэпа, што побач з золатам пшаніцы, серабром жыта i снежнай беллю грэчкі янтарылася на палях наваградскага Наднямоння, вучоны каментатар на цэлай кніжнай старонцы блытаецца паміж тым жоўценькім пустазеллем i культурным рапсам, rzepakiem, ніяк не могучы асмеліцца прызнаць, што świerzop — гэта ўсё-такі наша свірэпа, па-польску ognicha, што на чужыне, у сумоце па родным, магла, як дым айчыны, быць салодкім успамінам.
Гэты аўтограф для мяне — яшчэ адна мудрая, мілая ўсмешка старэйшага сябра, цяпер — ужо вельмі здалёк...
Летняя ноч у Сілезскіх Бяскідах.
Каля вогнішча на міжгорнай паляне высокая, дужая красуня, узняўшы, як птушка, галаву — так хочуць горы — звонка выводзіць:
Паганская, шчырая i такая народная прыгажосць!..
А я сядзеў перад гэтым адзін, на мокрай лаве паміж чужога, мокрага лесу, i сумаваў, як малады — калісьці — вясковы таўкач. Пакуль не прыйшло вясёлае, патрэбнае — пакуль не пачуў, не ўсвядоміў, што я тут, для многіх польскіх сяброў-пісьменнікаў, свой. Што мне на гэтым свяце належыцца i чарачка гарачай медавухі, i гарачая каўбаса на ражончыку, i смех, i песні, i танцы з мясцовай моладдзю ў раскошных нацыянальных касцюмах.
Вакол высокага, вострага, гаманлівага вогнішча.
Для многіх свой... Так, у мяне ўжо нямала польскіх сяброў. З кожнай новай паездкай ix набіраецца больш. Праўда, i адсяюцца таксама. У тых выпадках, дзе не было сапраўднай узаемнай зацікаўленасці, дзе не дайшло да той шчырасці, якая патрэбна для дружбы. Аднак i засталіся многія. Што значыць — многія: колькі ix — дзесяць, дваццаць, сто? Ну, а навошта сто, нават i дваццаць? «Многія» тут у мяне не ад колькасці — гэта хутчэй не акрэсленне, а адчуванне, за якім не толькі ўсмешкі, словы, поціскі рук, брудэршафты, а за якім i шчырасць, што правяраецца часам i справамі, i веданне адзін аднаго, зацікаўленае пазнаванне таго свету, які пісьменнік i носіць у сабе, i паказвае ў сваіх творах. Багацце пісьменніцкіх светаў, ix населенасць жывымі вобразамі, напоўненасць думкамі i пачуццямі — гэта якраз i дае мне падставу лічыць, што польскіх сяброў у мяне, сяброў-пісьменнікаў — такое адчуванне — многа.
Былі на шмат старэйшыя,— пра трох я гаварыў вышэй. Ёсць такія i сёння: нястомны палярнік Чэслаў Цанткевіч; пясняр рабочай Варшавы, нечым падобны да Бранеўскага, Станіслаў Рышард Дабравольскі; аўтар выдатнай кнігі пра Шаўчэнку Ежы Енджэевіч. Ёсць аднагодкі, салдаты трагічнага верасня трыццаць дзевятага года, партызаны, удзельнікі варшаўскага паўстання, салдаты Войска Польскага, што разам з нашымі ішлі i дайшлі да Верліна. Войцех Жукроўскі, Мацей Канановіч, Леслаў Бартэльскі, Тадэвуш Ружэвіч, Ян Гушча...
З адным нямала, шчыра пагаворана, прозу другога ты чытаў, а сёе-тое i перакладаў. З прыемнасцю. Ёсць i моладзь, i дружба з імі — ужо не знізу ўверх, як са значна старэйшымі, i не на ўзроўні калі не аднаго для ўсіх, дык вельмі падобнага мінулага, але ж i не зверху, а проста з пачуццямі нашага ўзросту: як у намнога старэйшага брата. Тут згадаю крытыка i перакладчыка Фларыяна Няўважнага, шчырага хлопца i дзейснага друга ўкраінскай i нашай літаратуры; магутнага акіянскага рыбака, суровага i лірычнага навеліета Юрку Пахлёўскага; энергічнага Збігнева Жакевіча, які ў сваю паэтычную прозу нямала ўзяў успамінаў ваеннага i трохі пасляваеннага маленства на Беларусі...
Многа сяброў. З аднымі дружба даўняя, выразная, з другімі толькі пачынаецца, у адносінах з іншымі знаходзіцца недзе на мяжы прыязнага знаёмства, з ухілам да большага.
Зрэшты, таксама — i па ўзросту, i па блізкасці — сябры мае дзеляцца i дома, i ў некаторых іншых рэспубліках, перш за ўсё — рускія, украінцы, літоўцы, малдаване, латышы. I дружба з імі правяраецца таксама: шчырасцю, веданнем, справамі.
Часамі пачынаецца ад шчырасці. Ёсць жа людзі, толькі сустрэўшыся, пазнаёміўшыся з якімі, упершыню пагаварыўшы, амаль адразу здаецца, што ты яго ведаеш вельмі даўно, бадай, ад самага свайго пачатку. Потым ты пачынаеш чытаць напісанае ім i радасна пераконваешся, што ёсць прычыны, падставы для блізкасці, дружбы: вы з ім i думаеце i адчуваеце падобна. Толькі падобна, бо ў кожнага з нас — сваё, i адкрыванне гэтага свайго ў другім — кожнаму з нас патрэбна.
Бывае i наадварот. Спачатку ты яго ведаў па творах, там адчуў вашу блізкасць, а потым ужо пазнаёміўся, i знаёмства як быццам засведчыла, узаконіла, замацавала дружбу.