Бывала так, што знаёмства нічога не дадало да твайго ведання яшчэ аднаго калегі, чалавека блізкага табе па яго самаадлюстраванні ў слове.
Бывала i найгорш — знаёмства расчароўвала, ты потым нават думаў, i неаднойчы, што лепш не ведаў бы яго ці яе асабіста, як чалавека.
Ёсць яшчэ адна патаемная горыч у дружбе, горыч, якая точыць цябе адчуваннем той няроўнасці, што ідзе не ад розніцы ва ўзросце ці ў значэнні, але ад розніцы ў веданні таго галоўнага, з чаго складаецца яго i твая пісьменніцкая сутнасць. Словам, ты яго больш чытаеш, ён цябе менш, а то, i такое бывае,— зусім не чытаў...
Калі такое ёсць паміж сваімі, людзьмі адной мовы, або тымі, каму ўзаемаразуменне аблягчае яшчэ адна, вядомая абодвум мова, тады пра дружбу, вядома, няма чаго гаварыць.
А вось у адносінах з прыязнымі чужаземцамі такая няроўнасць ва ўзаемным веданні здараецца даволі часта, i нават адчуванне яе часовасці не робіць горыч тваю лягчэйшай.
Такое бывае не толькі паміж людзьмі, але — яшчэ горш — i паміж літаратурамі. Такая няроўнасць ёсць у адносінах паміж літаратурамі нашай i польскай, i горыч ад гэтага добра знаёмая не толькі мне аднаму. Калі лічыць ад восені пяцьдзесят пятага года, ад майго наракання на такую ненармальнасць, выказаную ў нарысе «Вачыма друга»,— справа палепшылася. Прынамсі, у прозе. Перакладзены: Колас, Лынькоў, Шамякін, Мележ, Быкаў, прычым — два апошнія з арыгінала, i добра. Горш у паэзіі: толькі Купала i Танк, проста як на адчэпнае, ушанаваны маленькімі зборнічкамі, у якіх i падбор вершаў, i якасць перакладаў далёкія ад патрэбнага. Асабліва ў Купалы.
У нас за гэтыя пятнаццаць год выдадзены пабеларуску: Міцкевіч (другі раз), Славацкі, Канапніцкая, Сыракомля, Бранеўскі, Кручкоўскі, Корчак, Бжэхва, Дабравольскі, Путрамант, анталогія сучаснага апавядання i сёе-тое іншае. Многа вершаў i апавяданняў змяшчалі нашы часопісы i газеты. Некалькі кніг паэзіі i прозы плануецца на бліжэйшыя гады.
Ды я не наракаць хачу,— хачу сказаць пра Гушчу i пра лодзінскіх сяброў.
Выпадкова, праездам, i сціпла, амаль незаўважана ён пабываў у нас, Ян Гушча, увосень шэсцьдзесят восьмага года. Не любіць гэты чалавек ні гучных, ні салодкіх слоў, зусім абыдзены быў ён нашай увагай як паэт i празаік. Ды вось прайшло два гады i, дзякуючы ініцыятыве i, я сказаў бы, сяброўскаму подзвігу Яна Гушчы, у Лодзінскім (абласным!) выдавецтве выходзіць анталогія беларускай паэзіі, падрыхтавана да выдання кніга вершаў Багдановіча. Шмат беларускай паэзіі з'явілася апошнім часам на старонках польскай перыёдыкі, шмат прагучала па радыё. За два гады... Вядома ж, Гушча не адзін рабіў гэта, яму дапамагалі i перакладаць, i друкаваць у часопісах i газетах, знайшліся кіраўнікі выдавецтва, якія ўзяліся выдаваць. Не толькі выдаць анталогію i Багдановіча, а наогул выдаваць нашу беларускую літаратуру, побач з літоўскай, азербайджанскай, іншымі літаратурамі савецкіх народаў, выдаваць — з высакародным намерам давесці польскаму чытачу, што савецкае — гэта не толькі рускае, што ў СССР — вялікая сям'я народаў i літаратур. Дапамагалі Яну Гушчы перакладаць лодзінскія паэты Тадэвуш Хрусцялеўскі, Мацей Канановіч, Ігар Сікірыцкі; выдавецтва там узначальвае празаік i публіцыст Веслаў Яжджыньскі; шмат беларускага публікуе лодзінскі літаратурны штотыднёвік «Адглосы» («Водгулле»), які рэдагуе паэт Ян Капроўскі.
Сведчачы нашу ўдзячнасць i жаданне дружыць таксама па-дзелавому, беларускія часопісы даволі шчодра друкавалі сёлета паэзію i прозу Гушчы i яго сяброў-памочнікаў, а хутка будзе падрыхтавана кніга «Паэзія чырвонай Лодзі». Ад Тувіма i Бранеўскага — да нашых дзён, да самых маладых.
Няхай гэта стане добрым пачаткам!
Там, дзе гарэла ў горах на паляне высокае вогнішча, на пісьменніцкім з'ездзе ў Яшоўцы каля Катавіц, у чэрвені шэсцьдзесят восьмага года я пазнаёміўся з яшчэ адным польскім калегам. У канцы свайго выступлення я перадаў кіраўніцтву з'езда, як сціплы, але сімвалічны падарунак ад беларусаў, сігнальны экземпляр альбома «Між тых палёў», прысвечанага Адаму Міцкевічу. Потым, у перапынку, да мяне падышоў пажылы, сухашчавы таварыш у акулярах, назваўся Канановічам i земляком, папрасіў прыслаць такі альбом яму, са свайго боку, нібы руку на дружбу, прапануючы кнігу вершаў з аўтографам. Альбом я, вядома, потым паслаў, атрымаў, як i належыцца, пісьмовую падзяку. Здавалася — i ўсё, звычайная ветлівасць пры выпадковай сустрэчы.
Праз год я атрымаў ад Канановіча пісьмо, добрае слова пра маю кнігу «Птушкі i гнёзды», якую яму ўголас, па-беларуску прачытала савецкая госця, яго дваюрадная сястра, маладая настаўніца са Слонімшчыны. А праз месяц, у рэстаране цеплахода «Баторы», дзе мы сабраліся за столікам, неафіцыйныя прадстаўнікі трох літаратур,— Канановіч, Бартэльскі, Яжджыньскі, Алесь Ганчар i я,— звонам маленькіх польскіх кілішкаў, па прапанове гаспадароў, было замацавана пагадненне пра пераклад Канановічам i выданне Яжджыньскім зборніка маіх апавяданняў.
Гэтая радасць мая, звычайная, прывычная для многіх савецкіх пісьменнікаў, пераважна рускіх i не заўсёды нават «сярэдніх», была вялікай для мяне таму, што я чакаў яе даўгавата i з пэўнай горыччу ў сэрцы. Трэба сказаць, што мой радавы, салдацкі ўдзел у абароне польскага Узбярэжжа ў верасні трыццаць дзевятага года, мая, таксама сціплая, праца перакладчыка польскай літаратуры не абыдзены ўвагай: у кожны мой прыезд у ПНР пра гэта гаварылася ў той або іншай форме, прыватна ці афіцыйна. Бывала i прыемна, i няёмка часамі, а потым стала, нарэшце, i прыкра — толькі як быццам ад такой увагі з боку польскіх сяброў-пісьменнікаў, ад няроўнасці ў нашых адносінах з тымі, з кім я дружыў, каго я чытаў, а хто... у лепшым выпадку вельмі мала ведаў мяне як літаратара. Была ў мяне, праўда, выдадзена па-польску кніга, аднак пераклад яе быў зроблены з дрэннага рускага перакладу, i выхад гэтай кнігі не радаваў мяне.
Мацей Юзаф Канановіч узяўся перакладаць з арыгінала. Амаль адразу ён прызнаўся мне ў пісьме, што гэта для яго нялёгка i што ў працы яму дапамагае амаль дзевяностагадовая маці, якая доўга жыла на Беларусі i ганарыцца ix, Канановічаў, сямейнай дружбай з Міхалам Федароўскім. Нядаўна, у Варшаве, я ўдзячна пазнаёміўся ca старэнькай i працавіта-бадзёрай паняй Аннай. А перад гэтым, улетку, разам з Мацеем i трыма беларускімі калегамі пагасцяваў у светлай хаце над Шчарай, у якой нарадзіўся Мацеяў бацька, дзе жыве яго дваюрадны брат, адкуль пайшла на свой настаўніцкі хлеб мілая Ганначка Канановіч, тая, што падружыла нас, каму па праву належыцца адзін з трох першых аўтарскіх экземпляраў маёй будучай польскай кнігі, i складзенай, i перакладзенай ужо, як мне здаецца, па-сапраўднаму.
Над гэтай кнігай мы папрацавалі з Мацеем нямала i дружна.
Пішу гэта i зноў успамінаецца жнівеньская ноч, калі мы выйшлі з Дуброўкі, пасля вясёлага калгаснага застолля з беларускімі i польскімі песням!,— поўны барвовы месяц над ракою, хісткая пласкадонка, у якой мы сядзелі на кукішках i якой даволі бесшабашна кіраваў багром падвяселены брыгадзір. Мне толькі страшна было адно — што бултыхнуся ў быструю плынь не так сабе, не толькі пад гальштукам, але i з папяровым скруткам, які трымаю ў прыўзнятай на ўсякі выпадак руцэ. Гэта — наш с Мацеем рукапіс, апавяданні, перапісаныя ім пасля маёй, як мы дамаўляліся, прыдзірлівай аўтарызацыі, прывезеныя ім на яшчэ адзін сумесны прагляд.
Дзякую, дружа! Мне было добра працаваць з табой — i аўтарызуючы пераклад, i перакладаючы тваё, асабліва тое апавяданне, дзе ты так шчыра, цёпла ўспамінаеш дні сваёй наднёманскай маладосці.
Панна Гражына, дачка майго польскага сябра, трымае каліва сціплай кветкі, што называецца па-іхняму, здаецца, празаічна — дзюравец, а па нашаму святаяннік — куды прыгажэй. Мы ў ціхім, светлым настроі, нібы нават рады, што прыпомнілі, удакладнілі гэтыя назвы, больш, аднак, па той прычыне, што навокал нас — сонечны беларускі верасень, самы яго пачатак, а мы — талковая, сімпатычная панна, яе малодшы брат, студэнт Тадэвуш, іхні бацька i я — сядзім на ўзлеску, у цёплай траве, каля бярозак, толькі на палавіну нейкую пажаўцелых.
Ёсць i яшчэ адна прычына нашай ціхасці, нашага ўрачыстага настрою,— мы толькі што абышлі Хатынь.
Ад хаты да хаты, ад брамкі да брамкі... Не! — ад котлішча да котлішча, ад коміна да коміна... Хрумсцела пад нашымі нагамі дзындра, ціха вызвоньвалі бязладныя, трывожныя званы, з чорных табліц на комінах крычалі імёны спаленых...
Помнік ахвярам адной вёскі.
Могілкі мноства вёсак, спаленых разам з людзьмі.
Цяпер, адпачываючы на ўскраіне неіснуючай вёскі, не хочучы ісці адгэтуль, ад гэтых ціхіх хвілін, мы трохі гаворым пра штосьці простае, не вельмі абавязковае, нібы дзеля таго толькі, каб тлеў, перабягаў ад аднаго да другога агеньчык нашай супольнасці, у той час, калі над гэтай ціхай, нешматслоўнай знешнасцю, у душы ў кожнага з нас — свая спакойная ці растрывожаная глыбіня.
Пасля святаянніка i яшчэ чагосьці там я гавару пра тое, што адзін з маіх беларускіх сяброў правільна раіў на тую вунь ліпу, якая адзінока ўзвышаецца наводшыбе Хатыні, падняць барану або кола, каб тут загняздзіўся бусел. Яго прысутнасць яшчэ больш падкрэсліла б жалобную самотнасць вёскі-помніка, яе трагедыю і, калі хочаце, непераможнасць жыцця. Дзеці i кветкі, якіх тут так многа бывае, клёкат з буслянкі i белыя крылы над зелянінай вялізнай лясной паляны...
Гаворачы i слухаючы іншых, я ўспамінаю, як храбусціць пад падэшвамі буйны жвір, вельмі выразна чутны ў люднай цішыні. Ён храбусціць пад нетаропкімі нагамі мноства маўклівых людзей, што папарна, урачыста ідуць да абеліска — помніка савецкім салдатам, вызваліцелям Польшчы. Ціха, стрымана б'юць барабаны. Хрумсценне жвіру — як суровы гоман нейкай непарыўнай плыні, а вуркатанне салдацкіх «вэрбляў» — барабанны перастук — як нейкая трывожная перасцярога, заклік да нястомнай пільнасці. Жывыя кветкі, ix несмяротнае мноства, i дзеці на ганаровай варце, дзяўчынка i хлопчык, сімвал нявіннасці, чыстаты, з чаго накпіць, наздзекавацца — найбольшае злачынства.
Гэтыя словы Бранеўскага, вядомыя мне раней, але па-новаму пачутыя на ўрачыстым сходзе, напярэдадні, гучалі ў душы, як неадчэпны, хвалююча неадчэпны лейтматыў. Разам з хрумсценнем жвіру i вуркатаннем «вэрбляў».
Лістапад пяцьдзесят сёмага года, саракагоддзе Кастрычніка, якое мне давялося сустракаць у Варшаве,— ужо i тое далёкі ўспамін.
«Ужо i тое...» Летась я быў удзельнікам Гданьскага пісьменніцкага з'езда, прысвечанага трыццацігоддзю пачатку другой сусветнай вайны. A ўжо i гэты з'езд спакваля становіцца ўспамінам, займае... ужо заняў сваё месца ў гісторыі.
Успамінаю кветкі, якія мы — літаратары польскія, савецкія, румынскія, венгерскія, славацкія, балгарскія, нямецкія, сербалужыцкія, в'етнамскія — клалі каля помніка героям Вестарплятэ, велічна-гордага помніка народнай славе, які ўзвышаецца над недалёкімі хвалямі мірнай i працавітай польскай Балтыкі.